Вы тут

Чароўны эліксір для Дзеда Мароза


“Прыехала Каляда на белым вазочку” — на гэты раз і ў Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры


У Каляднай Казы добры кантакт з юнымі гасцямі свята

У музеі цікава спраўляюць беларускія Каляды й Новы год. Больш за два тыдні ладзяцца ў будынку, што ў Траецкім прадмесці Мінска, прадстаўленні для дзяцей, якіх ужо з парога сустракае “хатняя гаспадыня” ў нацыянальным касцюме: кіраўніца навукова-асветніцкага аддзела Эліна Свірыдовіч. Яна расказвае юным гасцям, што беларусы не сядзяць склаўшы рукі, чакаючы Каляд: рыхтуюцца да іх. Трэба ж падворак падмесці, хату прыбраць, ежу згатаваць, стол накрыць… І дзетвары даводзіцца брацца за працу. Але ж раней калі падворак расчышчалі, то і ў снежкі гулялі. А як хату прыбіралі, то ёлку ўпрыгожвалі: гуртам рабілі доўгія гірлянды на яе. А калі стол накрывалі, то й абрус абавязкова засцілалі, пад яго сенца клалі: этнографы кажуць — гэта згадка пра нараджэнне Ісуса ў загоне для авечак. А на стол розныя стравы з клеці даставалі, хлеб і Калядную куццю на яго ставілі. Эліна Карлаўна расказала, што куццю павінны абавязкова пакаштаваць усе сваякі. Бо яны збіраюцца за сталом менавіта для таго, каб успомніць добрым словам сваіх продкаў ды ўсім родам — бачным і нябачным — Каляды сустракаць.

Галоўнымі героямі святочнай дзеі ў музеі сталі Каза, Зорканоша, Механоша, а яшчэ Цыганка, Мядзведзь, Буслік і Пеўнік. У казачных персанажаў пераапранаюцца самі дзеці — як толькі зойдуць у музей. Яны ж і ўтвараюць гурт калядоўшчыкаў: штораз — новы. І звычайна з ролямі спраўляюцца вельмі добра. Калядную зорку выносіць старац-Зорканоша, сам жа ён сімвалізуе ў Каляднай містэрыі сонечны колазварот — хаджэнне Сонца па крузе. Каза ў народных абрадах — гэта як само Жыццё. На Каляды яна нібыта памірае, а калядоўшчыкі яе падымаюць, прыгаворваючы: “Гаспадынька ідзе, каўбасу нясе і шмат сала, каб Каза наша ўстала”…

Прыходзяць на святочныя імпрэзы ў Музей літаратуры міфалагічныя й казачныя героі: напрыклад, Нячысцік, які забраў голас у Дзеда Мароза. Дзецям трэба пастарацца, каб адабраць у яго чароўны эліксір, даць яго Дзеду Марозу — і тады ён зноў зможа гаварыць. Так і становяцца госці музея не проста гледачамі на свяце, а выратавальнікамі Калядаў і Новага года. На Калядных імпрэзах у музеі сустракаюцца традыцыі з сучаснасцю, нават Казе з народных абрадаў камфортна быць побач са Снягуркай. Дзеці водзяць карагоды разам з імі, нават Нячысціка ўзялі ў сваё кола, калі той аддаў ім чароўны эліксір. Дамоў з прадстаўленняў дзеці вяртаюцца з Каляднымі зорачкамі, падарункамі ад Дзеда Мароза. І з перакананнем, што без іх непасрэднага ўдзелу свята не адбылося б.

Тонка, без павучанняў тыя, хто зладзіў святочна-казачную дзею, падводзяць гасцей да думкі, што да кожнага свята трэба рыхтавацца, і што народныя святы маюць багатую, шматзначную сімволіку. Скажам, у святкаванні Калядаў, Новага года шмат рытуальных дзеяў, скіраваных на дапамогу добрым сілам Сусвету, якія “адказныя” — разам з самімі намі — за здароўе, доўгія гады жыцця, дабрабыт. А добрае тады бярэцца ў сілу, і абавязкова здарыцца, калі мы зычым адзін аднаму добрых адзнак у школе, добрага здароўя, добрых учынкаў.

У Музеі літаратуры маюць намер ладзіць імпрэзы-прадстаўленні й да іншых народных святаў. Яго супрацоўнікі ўжо распрацавалі тры праграмы: “Прыехала Каляда на белым вазочку”, “Зазвінелі жаўранкаў свірэлі” (на свята Гуканне Вясны) і “Пойдзем разам з намі святкаваць Купалле”. У планах яшчэ правесці й свята Багач. Прычым святкаваць запрашаюць музейшчыкі ўсіх, хто мае такое жаданне.

Ганна Лагун

Нумар у фармаце ПДФ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.