Вы тут

У свеце нараджаецца Любоў


Вялікі праваслаўны фестываль “Рождественская Радость”, які доўжыцца на пераходзе гадоў ажно 16 дзён, сабраў у Мінску вернікаў з 11 краін


Сувеніры да святаў на фестывалі-кірмашы знойдзе кожны. Фота obitel-minsk.ru

Каляды, Новы год, Раство Хрыстова… У розных культурах, традыцыях па-рознаму называюць гэтую таямнічую пару. Бо ці ж не цуд: калі ў зімовым свеце ў адну з найдоўгіх начэй зноў адбываецца паварот Сонца на вясну. Кажуць, Каляды беларусы адзначалі спрадвеку ў адзіны пэўны час: якраз у пару зімовага сонцастаяння. Ніхто з людзей бо не здольны нешта перамяніць, падкруціць-падправіць у ходзе нябеснага свяціла. Новы ж год, мы ведаем, у календарах нашых продкаў-земляробаў калісьці прыпадаў і на пару вясновага раўнадзенства: тады “ход часу” пачынаўся з абуджэння, новага цыкла ў жыцці Зямлі-Маці. Што да Раства Хрыстовага, то ў нашым часе на Беларусі прадстаўнікі розных хрысціянскіх канфесій адзначаюць яго як 25 снежня, так і 6 студзеня. Прычым абодва дні гэтыя — святочныя, выхадныя. І цалкам лагічна, што праваслаўны фестываль “Рождественская Радость” убірае ў сябе ўсю мазаіку святаў, доўжыцца цяпер на памежжы 2019 і 2020 гадоў больш за два тыдні.

Шматаблічны, шматлюдны, напоўнены ўзвышаным чаканнем свята Божага Нараджэння праваслаўны фестываль праходзіць у прасторным Палацы мастацтва з 21 снежня 2019‑га па 6 студзеня 2020 года. Ладзяць яго, як сведчыць дасланы ў рэдакцыю прэс-рэліз, сёстры й браты з Свята-Елісавецінскага манастыра. Шмат сілаў прыкладаюць яны, каб зрабіць адметным, незабыўным кожны дзень фестывалю. Тое бачна па яго афішы. Яшчэ з мінулых падобных фестываляў-кірмашоў мы ведаем: на іх можна выбраць для сваіх блізкіх і любімых вытанчаныя падарункі: упрыгажэнні, сувеніры, розныя прысмакі ды лекавыя зборы з траў, кнігі, а таксама царкоўныя рэчы, зробленыя манастырскімі майстрамі ды таленавітымі рамеснікамі. На гэты ж раз удзельнічаюць у фестывалі вернікі з 11 краін: Беларусі, Расіі, Украіны, Малдовы, Сербіі, Босніі ды Герцагавіны, Чарнагорыі, Грэцыі, Узбекістана, Палестыны й Сірыі.

Пачаліся ўжо і доўжацца сустрэчы з цікавымі людзьмі, запланаваны таксама розныя тэматычныя канцэрты. Кожны, мяркуюць арганізатары, зможа знайсці на 16‑дзённым фэстывалі тое, што яму найбольш па душы. Скажам, у Палацы мастацтва ўжо працуе майстэрня саломапляцення (урокі рамяства дае Ала Сідарава), ёсць майстар-класы па пескаграфіі (ад мастачкі Ганны Каштальян), цестапластыцы (ад педагога Алены Мамыкінай), па вырабе ёлачных цацак, лялек, рознага салодкага смакоцця. Даваў прадстаўленне “Цар Ірад” Дамашні тэатр “Батлейка”.

Фестываль — гэта й магчымасць пазнаёміцца з тымі, хто служыць, жыве, працуе ў Свята-Елісавецінскім манастыры.

Іван Іванаў

Нумар у фармаце ПДФ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?