Вы тут

Сяброўскі карагод пад Новы год


У чарговы раз у Самары прайшоў вялікі гала-канцэрт “Свята разам з сябрамі” лаўрэатаў XV Міжнароднага беларускага дзіцяча-юнацкага фестывалю-конкурсу мастацтваў “Беларусь — мая песня!”


На сцэне — харэаграфічны ансамбль “Мозаика”

Ладзіць фестываль-конкурс штогод Самарская абласная грамадская арганізацыя беларусаў і выхадцаў з Беларусі “Руска-Беларускае Братэрства 2000”, а месца творчых сустрэч — Дом дружбы народаў Самарскай вобласці: гэта шматгадовы партнёр суполкі. 17 лістапада прайшоў адборачны тур конкурсу, а 1 снежня — фінальная імпрэза. На ёй былі прадстаўлены самыя адметныя нумары лаўрэатаў.

Хто на гэты раз вядзе ў нашым карагодзе сяброў? Дарэчы, у ролі вядучай конкурснай праграмы адборачнага тура выдатна дэбютавала Крысціна Сухачэўская, салістка беларускага гурта “Каданс”. Гран-пры ў намінацыі “харэаграфічнае мастацтва, народна-стылізаваны танец” атрымаў гурт “Мозаика” з Цэнтра пазашкольнай адукацыі “Творчество” — журы фестывалю, гледачоў у зале ўразілі сцэнічныя касцюмы, прыгожа выкананы беларускі танец “Дажынкі” з элементамі народных абрадаў. Макар Даброў з 176‑й школы атрымаў Гран-пры ў намінацыі “мастацкае слова, паэзія, сола” — ён цудоўна прачытаў верш Пімена Панчанкі “Падбіты танк”. Аліна Чаркіна, салістка ўзорнага вакальнага калектыву “Очарование” (таго ж цэнтра “Творчество”) — уладальніца Гран-пры ў намінацыі “вакальнае мастацтва, эстрадны вакал, сола”: за песню “Слуцкія ткачыхі”.

Кіраўніца суполкі “Руска-Беларускае Братэрства 2000” Ірына Глуская нагадвала гасцям свята, што ўпершыню фестываль прайшоў у 2005 годзе ў статусе абласнога, з 2016‑га ён — міжнародны. Сёлета фэст-імпрэзы, як і заўсёды, тэматычна спалучаны з беларускім святам Дажынкі. Цэлы блок канцэртнай праграмы прысвячаўся і 75‑годдзю Вызвалення Беларусі, 90‑м угодкам паэта Алеся Ставера, якому належаць радкі: “Каб любіць Беларусь нашу мілую,/ Трэба ў розных краях пабываць./ Зразумееш тады, чаму з выраю/ Жураўлі на Палессе ляцяць”.

Свае вітанні арганізатарам, удзельнікам, гасцям гала-канцэрта даслалі кіраўнік аддзялення Пасольства Беларусі ў Расіі ва Уфе, дарадца Пётр Балтруковіч і Міністр культуры Самарскай вобласці Барыс Іларыёнаў. З юбілейнай імпрэзай беларусаў вобласці павіншавалі прадстаўнік гарадскіх уладаў, дырэктар Дома дружбы народаў Ігар Бураў, кіраўнікі нацыянальных суполак як вобласці, так і Расіі, замежжа.

Крысціна Сухачэўская

Перад пачаткам канцэртнай праграмы ў зале дэманстраваўся відэаролік пра Беларусь, а гала-канцэрт пачаўся фрагментам з паэмы “Сымон-музыка” Якуба Коласа: “О, край родны, край прыгожы!/ Мілы кут маіх дзядоў!/ Што мілей у свеце Божым/ Гэтых светлых берагоў…”. Чытала кранальныя словы Яна Стрынакова, студэнтка Самарскага абласнога вучылішча культуры й мастацтваў. Далей песню “Куточак Беларусі” выканаў заслужаны вакальны ансамбль “Каданс” (мастацкая кіраўніца Іна Сухачэўская). Зала сустрэла выступленне бурнымі апладысментамі, як і згаданы раней харэаграфічны гурт “Мозаика” (педагог Наталля Меліхава, канцэртмайстар Галіна Мінзуліна). У танцы “Дажынкі”, арыгінальна пастаўленым з элементамі беларускіх народных абрадаў, занята 35 дзяцей і падлеткаў: ад 5 да 16 гадоў.

На фэсце дэбютаваў сямейны вакальны ансамбль “Творчыя сваякі”: у ім спяваюць тата-Ілья Кірылашаў, мама-Алена ды іх сынок Ванечка (яму чатыры з паловай гады). Гурт стаў лаўрэатам спецыяльнай намінацыі “крокі да Перамогі”. Актывісты беларускай суполкі, удзельнікі яе вакальнай студыі “Крокі” зрабілі невялічкае прадстаўленне, выконваючы вядомую беларускую народную песню “Саўка ды Грышка”.

Далей на сцэне выступалі Юлія Мельнік (песня “Помнят люди”), даўно знаёмы гледачам вакальны гурт “Сузор’е” (кіруе ім Алена Кірылашава) з беларускай суполкі, салісты й творчыя гурты з пасёлка Безанчук, сёлаў Багатае й Борскае (яны прыгожа прадстаўляюць беларускую нацыянальную культуру). А ўсяго на гала-канцэрце было больш за 20 розных нумароў. Вялі ж канцэртную праграму актывісткі беларускай суполкі Арына Дунаева і Наталля Ганчарова.

Пасля гала-канцэрта пераможцы, прызёры фестывалю-конкурсу “Беларусь — мая песня!” атрымалі дыпломы, памятныя статуэткі ды ўжо традыцыйныя ў фармаце фэсту прысмакі ад беларускіх вытворцаў.

Адзначаны праўленнем суполкі “Руска-Беларускае Братэрства 2000”, аргкамітэтам фестывалю й беларускія арганізацыі з замежжа — за ўдзел, па завочнай форме, у конкурснай праграме. Дыплом І ступені атрымаў харэаграфічны калектыў “Спадчына” з Неапаля: у намінацыі “харэаграфічная творчасць”. У складзе гурта 8 танцорак, мастацкая кіраўніца — Роза Мантана, педагог — Таццяна Леусік. Танец “Купалінка” на конкурс прадставіла Культурная асацыяцыя “BELLARUS” (Італія), кіраўніца Таццяна Пумпулева. Сама ж Таццяна Іванаўна і ў намінацыі “мастацкае слова” вызначылася: атрымала дыплом І ступені за верш Ірыны Касянковай “Матулі”. Дыпломам І ступені адзначаны дуэт Алёны і Эліны Абызавых (сяброўкі суполкі беларусаў у Казані “Спадчына”) у намінацыі “вакальнае мастацтва, народны вакал”. На конкурс яны падалі беларускую народную песню “Ружа-кветка”. Суполка дзейнічае пры Доме дружбы народаў Татарстана. Дыпломы ІІ ступені — у Міланы Курылавай з Магілёва: намінацыя “вакальнае мастацтва, эстрадны вакал”, песня “Земляныя яблыкі”.

Самарскія беларусы ўдзячныя ўсім удзельнікам, іх настаўнікам-педагогам, бацькам — за цікавасць да беларускай культуры, Дому дружбы народаў вобласці — за дапамогу ў арганізацыі ды правядзенні фестывалю-конкурсу.

Мікалай Бойка

Нумар у фармаце ПДФ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?