Вы тут

Расцвітаюць зімой васількі


Беларусы крымскага горада Еўпаторыя штогод адзначаюць дзень нараджэння паэта-­супляменніка Максіма Багдановіча — з кветкамі


Дзіна Шаўчэнка з сябрамі ў час імпрэзы “Вакол мяне кветкі прыгожа красуюць”

Самы малады класік беларускай літаратуры быў, як вядома, і празаікам, публіцыстам, крытыкам, перакладчыкам. А найбольш яскрава талент ягоны раскрыўся ў паэтычнай творчасці. Памятаючы, што ў свой час (1915 год) Максім Багдановіч падарожнічаў па Крыме, пісаў пра тое ў нарысе, мы, сябры беларускай суполкі г. Еўпаторыя “Крым — Беларусь”, штогод ушаноўваем памяць пра супляменніка.

Згадвалі мы пра Максіма, калі позняй восенню паехалі ў Ялту, у Нікіцкі батанічны сад: на баль хрызантэм. Паэт чыстае красы, ён жа вельмі любіў кветкі, таму па дарозе гучалі й багдановіцкія вершы. Ехалі мы ў тураўтобусе з Еўпаторыі са слухачамі Універсітэта трэцяга ўзросту. А кіраўніца суполкі “Крым — Беларусь” Дзіна Шаўчэнка шмат распавядала пра цікавыя факты з жыцця паэта. Пазней і на беразе Чорнага мора, дзе месціцца Батанічны сад, у маляўнічым месцы чыталі мы ўслых вершы Максіма Багдановіча са зборніка “Вянок”. І так тое было прыгожа! Прадстаўнікі адміністрацыі ўніверсітэта запрасілі спадарыню Дзіну выступіць у студзені перад яго слухачамі з падрабязным аповедам пра творчасць Максіма Багдановіча, ягоныя повязі з Крымам, Ялтаю.

7 снежня сябры беларускай суполкі правялі ў Зале дружбы Еўпаторыйскай бібліятэкі імя Лесі Украінкі святочную імпрэзу “Вакол мяне кветкі прыгожа красуюць”. Мы чыталі казку “Вежа міру”, выдатныя вершы паэта на беларускай мове. Сваімі думкамі пра ягоную творчасць дзяліліся Уладзімір Васільеў, Наталля Смірнова, Сяргей Коршыкаў. А наш сябар-паэт Рыгор Кашанскі цяпер у Мінску, дык спецыяльна даслаў да імпрэзы свой верш, прысвечаны Максіму Багдановічу. Былая мінчанка Любоў Макіна згадала, як раней насіла жывыя кветкі да помніка Максіму Багдановічу ў Мінску. Люба запрасіла землякоў на свой 80‑гадовы юбілей: адзначым яго ўжо хутка, у сярэдзіне студзеня. Мастачка Алена Прынь паказала нам свае новыя эскізы, сярод якіх вылучаецца малюнак “Дзве сястры”: дзяўчаты ў нацыянальных касцюмах сімвалізуюць Расію і Беларусь. Алена падзялілася творчымі планамі: хоча стварыць цыкл малюнкаў па творах Максіма Багдановіча.

Па ініцыятыве Дзіны Шаўчэнкі ўжо другі год напярэдадні дня нараджэння паэта мы самі робім рукамі вялікія кветкі-васількі з паперы. Потым перадаем букет ад беларусаў Еўпаторыі на магілу паэта ў Ялту.

Тыя васількі потым усклалі там нашы сябры 9 снежня: у дзен нараджэння Максіма Багдановіча. Цяпер, як вядома, паэт “вярнуўся” ў Ялту ў шэрым граніце: прыгожы надмагільны помнік яму зрабілі скульптары, бацька і сын Леў і Сяргей Гумілеўскія з Мінска. Помнік быў устаноўлены ў 2003 годзе.

Зінаіда Здараўцова, г. Еўпаторыя

Нумар у фармаце ПДФ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.