Вы тут

Новы дзіцячы спектакль лялечнага тэатра расказвае пра патрыярхальны свет


Упершыню за сваю 81-гадовую гісторыю Беларускі дзяржаўны тэатр лялек займеў у рэпертуары пастаноўку па казцы Андэрсэна «Дзюймовачка», і ўбачыць яе мы рэкамендуем усім узростам. Спектакль па бяскрыўдным, якім ён здаваўся ў дзяцінстве, сюжэце разлічаны на дзяцей ад чатырох гадоў, але апавядае пра вельмі дарослы свет. У агранцы беларускі з Санкт-Пецярбурга Кацярыны Ложкінай-Бялевіч, якая ўжо прашумела пастаноўкай «Тута Карлсан Першая і адзіная» ў гэтым жа тэатры, «Дзюймовачка» становіцца ўцямным фемінісцкім выказваннем пра патрыярхальны свет. Персанажы, падзеі і, галоўнае, крылы, якія можна ўспрымаць з дзіцячай непасрэднасцю літаральна, у той жа час чытаюцца метафарамі і будуюць у казцы цэлы другі паверх.


Для тых, у каго сюжэт «Дзюймовачкі» затуманіўся, нагадаю, што дзяўчынка з'явілася з падвяночка кветкі, якую вырасціла адна жанчына, і прайшла поўны прыгод шлях да таго, як сустрэць свайго прынца і знайсці спакой.

З дому ў пару для свайго сына яе хутка выкрала жаба; з воднай лілеі, на якую змясцілі Дзюймовачку, яе выратаваў матыль; ад матылька малышку перахапіў хрушч; урэшце жукам не спадабалася яе знешнасць, і яны пакінулі дзяўчынку ў лесе; з надыходам халадоў Дзюймовачка знайшла мышыную норку, а мыш вырашыла выдаць яе замуж за багатага крата. Пакуль ішлі прыгатаванні да вяселля, дзяўчынка выхадзіла аслабленую ластаўку, якая ў выніку забрала яе ў цёплыя мясціны, а ў цёплых мясцінах галоўная гераіня сустрэла караля эльфаў і стала каралевай эльфаў.

Пад пэўным ракурсам і з пэўнымі акцэнтамі казка Ханса Крысціяна Андэрсэна і пастаноўка Кацярыны Ложкінай-Бялевіч сапраўды расказваюць не толькі пра тое нявіннае, як гераіня знаходзіць сваё месца на зямлі, пра што згадана ў анатацыі тэатра, і што шлях гэты цярністы. Бо «знайсці сваё месца на зямлі» — агульны выраз, а вось «прадрацца праз сацыяльнае ўпарадкаванне і знайсці сваё месца на зямлі» — ужо зусім іншая справа.

Пакуль мы бачым, як не самыя прыемныя ў нашай традыцыі ўспрымання жывёлы падыходзяць да маленькай дзяўчынкі з пазіцый карыстання і валодання і вырашаюць яе далейшы лёс, на сцэне выбудоўваецца вобраз сучаснасці з яе надзённым пытаннем мужчынскага дамінавання, якое, можа быць, было больш відавочнае ў часы Андэрсэна, але так актыўна, як сёння, не прысутнічала ў парадку дня яшчэ ніколі. (Калі ласка, непрыемнасць жывёл выклікана толькі мастацкай неабходнасцю наглядна паказаць адмоўнасць пэўных персанажаў, а не дакладнасцю паралелі з дамінуючай часткай патрыярхальнага свету.)

Сюды ж падыходзяць, на жаль, актуальная тэма рабства, бодзішэймінг альбо шлюбы па дамоўленасці, якія дзе-нідзе ў свеце ўсё яшчэ маюць месца быць, — тое, што ў казцы ХІХ стагоддзя калі і праглядалася, то гучала, напэўна, лёгка і далікатна, а сёння ўжо суадносіцца з рыторыкай і загалоўкамі галоўных сусветных медыя, праз што набывае дадатковую вагу.

Усё гэта, паўтаруся, увасоблена ў дзіцячым, чыстым, нявінным спектаклі, дзе наіўная, дабрадушная і, у адрозненне ад казкі, знешне звычайная дзяўчынка можа лёгка паверыць, што непрыгожая, бо не мае вусікаў, але падсвядома разумее несправядлівасць, калі нехта кажа ёй: «Мая». Прыгоды дзяўчынкі да таго ж паказаныя ў мілым мастацкім выкананні (мастаком-пастаноўшчыкам стала Марына Заўялава) і з вынаходлівымі рэжысёрскімі рашэннямі. «Дзюймовачка» Кацярыны Ложкінай-Бялевіч — гэта лірычна-драйвовы спектакль, дзеянне якога пераскоквае з адной скрыні на другую, а тыя мімікруюць то пад прыроду, то пад горад, то пад падземнае царства мышэй і кратоў. Яны лёгка перасоўваюцца па сцэне, акцёры, калі трэба, упісваюцца ў музычныя ўстаўкі і пад дынамічную музыку (кампазітарам выступіў Леанід Паўлёнак) танцуюць жукоў і круцяць павукамі так, што толькі глядзі, каб адзін не паляцеў у твой бок.

Трэба заўважыць, што спектакль нават праз кароткія эпізоды, бо «ўласнікі» Дзюймовачкі мяняюць адзін другога з вялікай хуткасцю, вельмі даступна «намаляваў» даволі пазнавальных тыпажоў кшталту мамчынага сынка (жаба), пагардлівай цацы (цвыркун) альбо агіднага багацея з вялікім пузам (крот). Гэтыя лялечныя вобразы будуць зразумелыя і дзецям, але ва ўспрыманні дарослых упішуцца ў добра знаёмы сучасны свет, дзе арудуюць свае жабы, жукі і краты, а таму спектакль зноў жа падыходзіць і нашым, і вашым.

І ёсць у гэтай іерархіі адна прыгожая метафара: два разы дзяўчынка аказваецца выратаванай тым, хто мае крылы, і ўрэшце знаходзіць сваё месца побач з каралём эльфаў, у якога, зразумела, таксама ёсць крылы, і сама атрымлівае крылы. Што дакладна з рэальнага свету можа быць аналагам казачнай здольнасці лётаць, не так і важна, але гэты атрыбут, відавочна, азначае пэўную цывілізаванасць і папросту ўменне жыць у грамадстве.

Пасля рэйду па выпрабаваннях, дзе кожны жадае назваць малую сваёй і не бачыць у гэтым нечага недарэчнага, Дзюймовачка трапляе туды, дзе слова «мая» нават не разумеюць, і нарэшце атрымлівае ўласнае імя, а чуллівы момант вызвалення становіцца адной з самых эмацыянальных сцэн пастаноўкі. Так дзіцячы спектакль, чатыры плюс, паказвае сістэму мужчынскага дамінавання праз жаб і мышэй, а збалансаваны свет — праз ластаўку і эльфаў. Выбірайце бліжэйшае вам.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Фота Ганны ШАРКО

Загаловак у газеце: Дзюймовачка ў патрыярхальным свеце

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?