Вы тут

Што паглядзець у Музеі ваеннай гісторыі?


Фонды Дзяржаўнага музея ваеннай гісторыі Беларусі пастаянна папаўняюцца новымі экспанатамі. Сярод іх ёсць унікальныя для нашай краіны рэчы. Але і сам музей ладзіць перасоўныя інтэрактыўныя выстаўкі, якія не падобны на класічны фармат. Як жа гэта робіцца? Аб гэтым — наша гутарка з дырэктарам музея Сяргеем АЗАРОНКАМ.


«Усе выстаўкі мы ладзім на бясплатнай аснове»

— 2019-ы прайшоў пад знакам 75-годдзя вызвалення Беларусі. Наступны год — таксама знакавы. Будзе святкавацца тры чвэрці стагоддзя ад даты перамогі над нацысцкай Германіяй. Што падрыхтаваў музей да гэтых дат?

— Не магу не згадаць праект «Беларусь памятае». Вось ужо чатыры гады мы праводзім акцыю «Памятаем. Ганарымся». 95 % выставак, арганізаваных у яе межах, прайшлі ва ўсіх буйных краязнаўчых музеях краіны, апрача сталіцы. Прычым асноўны ўпор быў зроблены на Мінскую вобласць. Самі выстаўкі ў нас інтэрактыўныя і падзелены на дзве часткі. Спярша перад школьнікамі выступаюць колішнія сыны палкоў, остарбайтары і тыя, хто ацалеў, будучы дзіцем падчас халакосту. А другую палову выстаўкі ствараюць самі дзеці. Хтосьці прыносіць баявыя фатаграфіі, узнагароды сваіх прадзедаў і прабабуль. Іншыя дзеляцца ўспамінамі, якія гучалі ў сям'і, ствараюць малюнкі са сваёй інтэрпрэтацыяй тых падзей. І такім чынам, мы адыходзім ад класічнага фармату, калі экскурсавод чытае лекцыю па экспазіцыі. Так у нас ужо пабывала больш за 30 тысяч школьнікаў. І ўсе выстаўкі мы ладзім на бясплатнай аснове. Інакш гэта было б мінімум неэтычна. Уявіце сабе сітуацыю — школьнік за грошы сваіх бацькоў расказвае пра подзвіг свайго прадзеда. У галаве такое не ўкладваецца!

Акцыя «Памятаем. Ганарымся» была намінавана на Магілёўскім нацыянальным музейным форуме на найлепшы экспазіцыйна-выставачны музейны праект. Сярод 80 іншых імпрэз яна заняла першае месца. Прадстаўнікі музея праводзілі яе і ў Маскве — на ВДНГ і ў Маскоўскім дзяржаўным універсітэце.

На гадзінніку — час пачатку аперацыі

— Перш чым прэзентаваць любы экспанат, яго трэба займець і ўнесці ў адпаведныя каталогі. Якімі цікавымі прадметамі папаўняюцца фонды музея?

— За апошнія два гады да нас паступілі сапраўды ўнікальныя рэчы. Напрыклад, Ніна Сычова, дачка Сцяпана Манковіча, які быў камісарам партызанскай брыгады «Жалязняк» у Бягомльска-Барысаўскай партызанскай зоне, прынесла да нас... сцяг гэтага фарміравання народных ваяроў. Сімволіка, якая доўгія гады лічылася страчанай, вярнулася назад дзякуючы выпадку. Неяк дачка вырашыла перабраць стары чамадан з рэчамі свайго бацькі. І вось сярод мноства іншых рэчаў, сёе-тое з якіх таксама пасля патрапіла ў музей, і знайшоўся беражліва загорнуты сцяг. Вось толькі час яго не пашкадаваў — амаль 70 гадоў прывялі палатно ў вельмі кепскі стан. З-за сырасці амаль цалкам згніло мулінэ — гэтымі ніткамі ўручную вышывалі надпісы. Ды і краі баявога сцяга таксама моцна абтрапаліся. Два рэстаўратары працавалі амаль чатыры месяцы над бясцэннай рэліквіяй. Спонсарам работы выступіла адна з вядомых беларускіх ІТ-кампаній, якая займаецца распрацоўкай камп'ютарных гульняў на тэму Другой сусветнай вайны. І сёлета на парадзе да Дня Незалежнасці сцяг быў урачыста пранесены перад трыбунамі.

Даведка «Звязды». Брыгада «Жалязняк» адметная тым, што толькі гэтае партызанскае злучэнне мела ўласны аэрадром, які мог прымаць на пасадку цяжкую авіяцыю. Калі ўлічыць, што тая мясцовасць вельмі балоцістая, а побач знаходзіцца Бярэзінскі біясферны запаведнік, то трэба прызнаць, што месца для аэрадрома было выбрана надзвычай удала. Туды прыляталі самыя буйныя тагачасныя савецкія ваенна-транспартныя самалёты Лі-2. У памяць пра гэта на ўездзе ў Бягомль усталяваны самалёт.

На падкантрольнай «Жалязняку» тэрыторыі амаль увесь час вайны віселі чырвоныя сцягі на будынках мясцовых сельсаветаў. Знікалі яны літаральна на некалькі гадзін, калі падчас чарговай аблавы атрады нямецкіх захопнікаў займалі паселішчы. А калі нацысты здымаліся з месцаў, то са схованак зноў даставалі чырвоныя сцягі. Так Бягомльскі раён і заставаўся невялічкай савецкай рэспублікай.

А вось у пачатку года да нас завітаў кіраўнік Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі Сяргей Кандыбовіч. Ён нам перадаў рарытэт, якога ў краіне больш няма — сапраўдны кіцель Сталіна. Праўда, ланцужок, якім гэты кіцель да нас дайшоў, вельмі пакручасты. Вядома толькі, што гэты кіцель спярша захоўваўся ў сям'і асабістага шафёра Сталіна. Затым нейкім чынам ён трапіў у прыватную калекцыю былога камандуючага Прыкарпацкай ваеннай акругай...

Летась мы ладзілі выстаўку на Віцебшчыне. Туды прыйшлі ўнукі маршала Баграмяна і перадалі нам гадзіннік свайго славутага дзеда, з якім ён прайшоў праз ваеннае ліхалецце. Гэты гадзіннік сваімі габарытамі нагадвае кішэнны, але выкананы ён як наручны. Прычым надзейнасць яго вельмі вялікая. Цікава, што ў той час афіцэры ўласных гадзіннікаў не мелі. Яны каштавалі вельмі дорага. Таму іх выдавалі ў якасці аднаго з кампанентаў ваеннай формы — як, напрыклад, боты або гімнасцёрку. І так атрымалася, што гадзіннік маршала Баграмяна паказвае якраз час, калі пачалася артылерыйская падрыхтоўка падчас вызвалення Гарадка, што знаходзіцца ў Віцебскай вобласці.

У пошуках экіпажа самалёта

— Наколькі вялікую дапамогу аказваюць музею ваенныя пошукавікі?

— Пад Столінам у балоце яны знайшлі аскепкі ад самалёта Іл-4. Звярнуліся да нас з просьбай высветліць, што ж за экіпаж быў у апошнім рэйсе... Зрабілі запыт у Цэнтральны архіў Міністэрства абароны Расіі, паколькі там сабраны ўсе звесткі пра дзейнасць воінскіх фарміраванняў і злучэнняў падчас Вялікай Айчыннай вайны. Перадапошняя лічба нумара матора захавалася дрэнна. Мы так і не зразумелі — ці адзінка гэта, ці нулік. Аказалася, што гэта быў не класічны Іл-4, а адна з яго эксперыментальных разнавіднасцяў, якіх выпусцілі ўсяго 20 штук. Самалёт, нумар матора якога заканчваўся на «19», быў у страі да чэрвеня 1945 года. А вось машына, у якой дзве апошнія лічбы на маторы значыліся як «09», з задання не вярнулася. Засталіся звесткі пра экіпаж, які 2 ліпеня 1944 года паляцеў цераз лінію фронту. Два пілоты — Жуган і Кураедаў, стралок-радыст Асмачка і бортінжынер Ергін. Але зноў жа, гэтыя прозвішчы ўнесены ў дакументы, але ці менавіта гэтыя людзі адправіліся ў рэйс? Тым больш што не ўсё зразумела і па палётным заданні — да пункта прызначэння той Іл-4 не даляцеў прыкладна з паўсотні кіламетраў. І вось толькі журнал аднаго з гвардзейскіх фарміраванняў дапамог крыху праліць святло на гэтую гісторыю. Самалёт даў апошнюю радыяграму, прайшоўшы Пінск у 23.02. Пасля гэтага яго атакавалі два нямецкія «Месершміты». Стралок-радыст Асмачка ўступіў у няроўны бой, але неўзабаве быў смяротна паранены нямецкай куляй. Іншыя лётчыкі ўсе трое катапультаваліся. Жуган і Кураедаў у рэшце рэшт трапілі ў адзін з партызанскіх атрадаў, а вось куды падзеўся Ергін, так і невядома. Вось такую гісторыю хаваюць за сабой кавалкі перакручанага ад удараў металу, якія калісьці складалі фюзеляж самалёта...

Аскепкі яшчэ аднаго самалёта — Ла-5 — былі падняты з балота пад Светлагорскам. Пакуль што высвятляецца, хто менавіта адправіўся на ім у апошні рэйс. Сяргей Азаронак паказвае на тэлефоне фотаздымкі перакручанай бронеспінкі сядзення камандзіра экіпажа, якую выбуховая хваля перакруціла да непазнавальнасці. А што ж было з чалавекам, якога гэтая спінка мусіла прыкрываць?

* * *

Музей ваеннай гісторыі неўзабаве зменіць сваю назву. Цяпер яна будзе гучаць як «Музей гісторыі Узброеных Сіл Беларусі». Што ж хаваецца за гэтай рэформай? Сутнасць музея не зменіцца — яго профілем як была ваенная гісторыя, так і застанецца. Але больш пільная работа будзе праводзіцца менавіта з усім тым, што звязана з найноўшай гісторыяй Беларусі.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Загаловак у газеце: Сцяг брыгады і гадзіннік маршала Баграмяна

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.