Вы тут

«Вяртаешся на папялішча, нічога ў цябе там няма...»


Мы жывём па суседстве з чалавекам-святам. Што толькі не адзначалі з Галінай Фёдараўнай Рамановіч — і свята першага агурка, і нараджэнне яе доўгачаканай праўнучкі Міраславы, і дзень настаўніка (суседка, да таго як выйсці на пенсію, працавала ў беларускамоўнай гімназіі). Але найбольш мне запомніўся сёлетні Макавей. Фёдараўна за тыдзень папярэдзіла, каб мы на сераду нічога не планавалі. Маўляў, ёсць важная нагода для сустрэчы! Аказваецца, 76 гадоў таму менавіта на Мядовы Спас немцы спалілі яе родную вёсачку — Малую Вусу (разам з суседняй Вялікай Вусай). А 9-месячную Галінку разам з маці, бабуляй, дзядулем ды астатнімі вуслянамі пагналі ў Германію. Дзякуй богу, дзяўчынка выжыла, і мы маем шчасце сядзець за яе гасцінным сталом.


Галіна Фёдараўна разам з малодшым праўнукам Міронам паказвае дарогу, па якой мама несла яе, 9-месячную, на руках у 1943 годзе.

Пасля вайны Макавей у Малой ды Вялікай Вусах адзначалі ў кожнай сям'і. Сёння гэта цяжка ўявіць, але жыхарам абедзвюх вёсак дазвалялася нават на работу не выходзіць 14 жніўня. Гэта было не тое каб свята — хутчэй дзень журбы, памяці. Не ўсе ж вусляне вярнуліся з палону: хтосьці загінуў, кагосьці лёс закінуў у іншую краіну... Сёння сведкаў таго часу тут засталося ўсяго толькі два: Уладзімір Паўлавіч, якога на вёсцы клічуць Кавалём, ды наша Галіна Фёдараўна...

«У маёй сям'і гэты дзень ведаюць. Дзеці, унукі тэлефануюць, віншуюць, што жывая засталася. Вось якраз Алеська, лёгкая на ўспамін», — Галіна Фёдараўна падымае слухаўку і кажа ўнучцы, што абедае з суседзямі. Потым дастае з канверта пажоўклыя карткі. «Вось гэта я з мамай. Немцы, відаць, усіх палонных фатаграфавалі ў фотаатэлье, бачыце, нават пячатка стаіць. А вось сям'я «нашых гаспадароў», гэты здымак фрау Гэлена дала маме на памяць, калі мы ад'язджалі з Германіі пасля вызвалення».

Сама Галіна Фёдараўна, вядома, вайны не памятае. Пра жахі, што адбываліся ў 43-м, ведае выключна са слоў маці.

«Мама расказвала, што немцы наляцелі на вёску зранку. Было вельмі цёпла, сонечна, ніхто не чакаў ніякай бяды. Бабуля ў гэты час корпалася ў агародзе. Ёй ды іншым вяскоўцам сказалі, каб пераапрануліся ў чыстае, узялі з сабой самае неабходнае і выйшлі на вуліцу. Вядома, пачалася паніка, слёзы. Людзі хапалі самыя дарагія рэчы. Мама ўзяла мяне на рукі. А бабуля, мусіць з перапуду, схапіла падушку».

«Калі мы ад'язджалі, фрау Гэлена дала нам на памяць фотакартку сваёй сям'і. Мама берагла яе і ўвесь час казала: «Дачушка, як здарыцца нейкім чынам трапіць у Германію, знайдзі магілу гэтых людзей і пакладзі кветкі. Яны выратавалі нам жыццё».

Затым людзей пастроілі ў калону і пешшу пагналі па гравійцы ў бок лесу. Калі вусляне азірнуліся, убачылі, як запалалі іх хаты.

«Дзве вёскі згарэлі дашчэнту. Толькі адна хата на ўездзе ў Вялікую Вусу цудам уцалела. І цяпер вунь стаіць, — паказвае на блакітны драўляны дамок, што відаць з нашага ўчастка, Галіна Фёдараўна. — А ўсё таму, што стаяла адасоблена, дык полымя на яе не перакінулася».

...У той жнівеньскі дзень была несусветная спёка. «Мама казала: «Іду, і здаецца, яшчэ крыху, і выпушчу цябе з рук, так прытамілася», — апавядае Галіна Фёдараўна. — Канваір, пажылы немец, пашкадаваў яе. Пасадзіў мяне, немаўля, на аўтамат, працягнуў кавалак цукру і нейкі час нёс. Такім чынам даў маме крыху адпачыць».

І вось вуслян прыгналі ў Станькава. Там без тлумачэння пачалі штурхаць у хлеў. Людзі залямантавалі — думалі, што спаляць жыўцом, бо былі ўжо такія выпадкі ў акрузе. Але ў немцаў на іх былі іншыя планы. У хляўчук вяскоўцаў загналі проста на начлег. Назаўтра ж павялі на чыгуначную станцыю Негарэлае. Там усіх уціснулі ў так званыя цялятнікі — вагоны, у якіх перавозілі жывёлу. І прывезлі ў Магдэбург, дзе зноў-такі пастроілі ў калону і пагналі ў невядомым напрамку.

На вуліцы горада з крыкамі «русіш швайн» высыпалі старыя, жанчыны, дзеці. А адна немка падбегла да матулі Галіны Фёдараўны і працягнула кубачак малака. «Мама ўсё жыццё згадвала гэтую чуллівую жанчыну ды немца, што мяне крыху паднёс на аўтамаце».

Як аказалася, вуслян гналі ў фільтрацыйны лагер, куды неўзабаве па рабочую сілу сталі прыязджаць фабрыканты ды памешчыкі.

«Мяне з мамай ды дзядулю ўзяў да сябе фермер Вілі Фішэнбек. Бабулю ж, паколькі яна была вельмі хворая, пакінуў. Мама ўсю дарогу плакала, што бабуля там засталася адна. Па прыездзе гаспадар не вытрымаў — пачаў на яе сварыцца: маўляў, чаго прыехала ў чужую краіну з маленькім дзіцем. Яна, як змагла, растлумачыла, што ў яе таксама была хата і гаспадарка, але немцы гвалтоўна пагналі сям'ю ў Германію, а ўсю маёмасць спалілі. Фермер паклікаў жонку: «Гэлена, ідзі сюды. Чула? Вось як, аказваецца, яны сюды трапілі». Мама плача. Гэлена плача разам з ёй. Назаўтра здарыўся цуд — Вілі вярнуўся ў фільтрацыйны лагер і забраў бабулю».

У абавязкі маці Галіны Фёдараўны ўваходзіла пакарміць курэй, падаіць кароў ды прыбраць у гаспадарскіх пакоях. З каровамі ды курамі яна лёгка спраўлялася, гэта было звыкла. А вось нямецкія пакоі яна і пасля вайны часта згадвала...

«Кожную раніцу ёй трэба было ўзбіць пярыны, на якіх спалі гаспадары ды іх дзеці. Мама ж была маленькая ды худзенькая. Пакуль паўзбівае тыя пярыны, ужо ніякіх сіл няма. Дзядуля мой працаваў на скотным двары. Бабуля глядзела мяне, бо рабіць нічога не магла. Наогул да нас там ставіліся па-людску. Неяк я, вядома ж, дзіця, пабіла гусіныя яйкі, дык мама вельмі спалохалася. Але фрау Гэлена толькі жартам пасварылася на мяне. Яна нашу сям'ю чамусьці шкадавала. І яе сыны — Буня ды Георг — любілі гуляць са мной».

Дарэчы, з Георгам Галіна Фёдараўна паспела пабачыцца праз 60 гадоў пасля вызвалення. «А з Буням толькі па тэлефоне пагаварылі, бо пакуль я даехала, ён памёр».

Галіна Фёдараўна з сынам гаспадароў Георгам. Цёплая сустрэча праз 60 гадоў.

У палоне Галіна Фёдараўна і яе сваякі пражылі год і сем месяцаў. «Калі з'язджалі, фрау Гэлена ўгаворвала маму пакінуць мяне там. «Ты ж вяртаешся на папялішча, нічога ў цябе там няма... Хочаш, вазьмі пярыну, толькі пакінь нам Галю, мы яе ўдачарым». Рэч у тым, што ў іх родзе не было дзяўчынак, толькі хлопчыкі нараджаліся. Вядома, мама мяне не прамяняла на пярыну... Мы вярнуліся ў родную вёску восенню. І тут нас чакаў тата. Дакладней, ён наймаў пакойчык у Негарэлым. І штодзень спадзяваўся, што хтосьці вернецца з Малой Вусы і паведаміць, дзе мы».

Незадоўга да таго, як спалілі вёску, тата Галіны Фёдараўны пайшоў на сенакос у Таўстуху (так цяпер называюць самае грыбное месца ў акрузе), дзе сустрэў партызанаў. Не доўга думаючы, сышоў з імі. «Ваяваў у атрадзе «Буравеснік», біў нямецкія абозы на Слуцкай шашы. Пасля вызвалення краіны тату як спрактыкаванага чыгуначніка пакінулі аднаўляць беларускую чыгунку».

...Калі мае ды мужавы бацькі пачынаюць перажываць, што мы пакуль жывём з непафарбаванымі сценамі, я прыводжу ім словы Галіны Фёдараўны. «Пасля вайны тата зняў з рэек разбіты нямецкі пасажырскі вагон, уцяпліў і абсталяваў пад жыллё. У адной палове жылі мы, а ў другой дзядзька Коля з жонкай. Цэлы пасёлак у Мінску быў з такіх вагонаў. І ведаеце, менавіта гэты час бацькі згадвалі з асаблівай цеплынёй». Бо выжылі ды мелі шчасце быць разам. А ўсё астатняе — справа нажыўная.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Загаловак у газеце: Непафарбаваныя сцены, або Гісторыя адной жанчыны

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.