Вы тут

У неюбілейным тоне



На хвалі часу, у плыні жыцця

Праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, часопіса «Маладосць»


У неюбілейным тоне

27 снежня, пятніца, вечар, пачатак на сёмую. У музеі гісторыі беларускай літаратуры збіраюцца розныя людзі, але большасць — жанчыны пенсійнага ўзросту. Многія з іх равесніц глядзяць цяпер тэлевізар, нехта гатуе вячэру, той-сёй заглыбіўся ў “Аднакласнікі”, той-сёй заблытаўся ва ўзорах вязання ці гафтавання, а гэтыя жанчыны выбралі лекцыю па літаратуры. Пасля яе завяршэння яны не разыдуцца адразу, а саставяць крэслы, сядуць кружком вакол адной, якую завуць Лідзіяй Маркаўнай, і будуць яшчэ доўга размаўляць. Лідзія Маркаўна – пляменніца паэта Алеся Дудара, якому 27 снежня споўнілася 115 гадоў. Гэтую дату і адзначалі ў музеі “лекцыяй у неюбілейным тоне і неюбілярнай стылістыцы”, і гэта, насуперак магчымым бачанням і меркаванням, дадало вечару той сапраўднасці, якой юбілейным мерпрыемствам звычайна якраз не хапае.

Эліна Свірыдовіч, адкрываючы вечар, прадставіла Дудара як аднаго з буйнейшых і яскравейшых паэтаў, крытыкаў, публіцыстаў і празаікаў міжваеннага часу, а прадстаўляючы лектара, даследчыцу літаратуры Ганну Севярынец, анансавала расповед пра такога Дудара, “якім яго бачыць яна і якім ён насамрэч і быў”. Гэтыя словы  не камплімент даследчыцкай сур’ёзнасці, упартасці, ахайнасці, скрупулёзнасці, заглыбленасці і ўсяму таму шматлікаму іншаму, без чаго бачанне не можа супасці з сапраўднасцю, а самая звычайная канстатацыя не самага звычайнага факта: ёсць у нас даследчыкі літаратуры, заангажаваныя нечым большым, нашмат большым, чым пасада выкладчыка літаратуры, абумоўленая навуковай ступенню. І гэта вельмі добрая прыкмета для нашай культуры.

Аднак пяройдзем да зместу – з тым, каб наступным разам да музея на лекцыю па літаратуры дайшлі і тыя, каму гэтым разам нешта ды перашкодзіла, але з той жа прычыны не будзем яго пераказваць, а прадставім тут яркія эпізоды.

***

“Калі мы пачынаем размаўляць пра гэтых паэтаў як пра паэтаў, мы страчваем для саміх сябе самае галоўнае, што ў іх насамрэч было. Калі прыходзіць час пра іх успамінаць, мы пачынаем адкрываць ім помнікі, вешаць мемарыяльныя дошкі, выдаваць зборы твораў і праз гэта да іх саміх пачынаем ставіцца як да помнікаў, мемарыяльных дошак і твораў”.

***

“Даследчыкі, ствараючы летапісы жыцця і творчасці, складаюць іх як летапісы жыцця і творчасці менавіта паэтаў, але не людзей. І мы чытаем, што такога-та чысла такога-та месяц такі-та паэт апублікааў такі-та верш там-та, або выступіў там-та, або прачытаў тое ці тое. То бок, дакранаемся да іх жыцця як да помніка. Яны жылі жыцці, але ніхто не напіша, што, напрыклад, 15 студзеня ў Алеся Дудара ўвесь дзень ныла душа і ён праваляўся на канапе, нікуды не ўстаўшы, а ўвечары пайшоў у шашлычную і піў там з сябрамі да раніцы. Іх, паэтаў, жыццё, як і наша, як жыццё любога чалавека, складалася з чалавечага”.

***

“Наша бяда ў тым, што пра творчасць мы мяркуем без разумення таго, што яе аўтары – людзі. Гэтыя вершы, якія мы бяромся судзіць так і гэтак, пісаліся людзьмі, і ў невыносных умовах. У такіх умовах людзі не павінны не тое што пісаць – у такіх умовах людзі жыць не павінны. А яны жылі і пісалі…”

***

 “Яны былі вымушаны шукаць нейкія тэмы – якія можна, нейкі настрой – як можна, яны былі вымушаны падбіраць нейкія рытмы, якімі можна пісаць. Уявіце сабе, гэта страшна. І пры гэтым у іх нараджаліся лірычныя радкі неверагоднай моцы”.

***

 “Яны ж ніхто не збіраліся паміраць. Яны ж не ведалі, што іх расстраляюць, і не верылі ў гэта да апошняга моманту, таму што як у такое можна паверыць... Калі зачыталі прысуд – вышэйшая мера пакарання, -- яны і тады не паверылі. Гэта відавочна”.

***

 “Яны былі спадчыннікамі паўстання Каліноўскага, чыстымі і сапраўднымі. Дудар цудоўны версіфікатар, яму не праблема напісаць гладзенькі верш, ён заўсёды гладзенька піша, і ён адзін з самых густоўных беларускміх паэтаў, але рваным рытмам, недакладнымі рыфмамі, нібы ствараючы эфект перарывістага дыхання і шуму натоўпу на Лукішках, піша пра Каліноўскага вельмі ламаны, ірваны верш”.

***

Застаецца дадаць, што лекцыя Ганны Севярынец, прысвечаная падрабязнасцям жыцця і акалічнасцям творчасці Алеся Дудара, была часткай праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця”, прымеркаванага да 100-годдзя “Маладняка” і арганізаванага… Мы так многа пішам пра гэты праект, і арганізатараў у сувязі з гэтым называем так часта, што трэба зразумець вось што: некаторыя выразы, патрэбныя і абавязковыя, у некаторых сітуацыях здаюцца лішнімі, калі іх называюць, але не становяцца, калі іх не назваць, прапушчанымі, праігнараванымі. Скажам толькі, што лекцыя чыталася ў адмысловай атмасферы часовай літаратурна-дакументальнай экспазіцыі “Залатая раніца беларускага адраджэння” (з аднаіменным праектам Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры ўвайшоў у праект “На хвалі часу, у плыні жыцця”), а ў зале сядзелі прадстаўнікі іншых арганізатараў, у прыватнасці, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і часопіса “Маладосць”.

 

Святлана ВОЦІНАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».