Вы тут

«Будоўля — наша жыццё...»


Два асноўныя складнікі паэзіі Алеся Камоцкага ў зборніку выбранага «Не як так», які пабачыў свет да 60-гадовага юбілею творцы, — гэта сузіранне і (сама)іронія. Каго больш у асобах аўтара і лірычнага героя — лірыка ці філосафа, — пытанне невырашальнае. Гэтыя два пачаткі, як вада ў злучаных паміж сабой сасудах, перацякаюць адзін у другі амаль незаўважна:


Я супраць узнятых рук,

Бо зведаў ад іх пакут.

Хто супраць узнятых рук?

Я першы падняў руку.

Лірычны герой, нават закаханы, не можа аддацца на ўсе сто гэтаму найсвятлейшаму пачуццю — ён глядзіць на аб’ект жарсці (дакладней, сузірае яго) скрозь прызму іроніі, ведаючы з уласнага багатага досведу, што чаго насамрэч варта:

Калі ласка, будзь сама сабою,

Не гуляй у лепшы варыянт,

Бо яно не надае спакою

І не можа нечаму спрыяць.

Самае істотнае адкрыццё, да якога прыйшоў аўтар метадам пакутных спроб і бясконцых памылак, — няновае, але кожны мусіць прыйсці да адпаведнай высновы сваім шляхам. Самы цікавы чалавек, які заўжды будзе для цябе значны і актуальны, які ніколі не кіне і не здрадзіць, — гэта ты сам. Таму толькі сябе і варта даследаваць, вывучаць, удасканальваць. Пошукі і вандроўкі ў мікракосмасе лірычнага героя — лейтматыў зборніка. Імпануе, што аўтар не баіцца нікога расчараваць, галоўнае, сам у сабе ён ніколі не расчаруецца. Хіба што канстатуе чарговае пытанне, адсутнасць адказу на якое зусім не замінае пачувацца гарманічным ды шчаслівым:

Мы ведаем, дзе дрэнна

З таго, што перажылі,

Але ж чаму нязменна

Зноў на памылкі хіліць?

Для шматлікіх твораў Алеся Камоцкага характэрны тыповы прыём: лірычны пачатак настройвае на высокае пранізлівае гучанне, сур’ёзнае ўспрыманне і адпаведнае ўзвышанае завяршэнне. Але аўтар ідзе зусім Дзе знайсці багацце? «Будоўля — наша жыццё...» не тым шляхам, які «прадбачыцца» чытачу, і ў гэтай нечаканасці свая асалода, сваё замілаванне і ўсмешка:

Старая плошча. Дрэвы. Брук.

Дамы абапал з мокрай цэглы.

З аднаго боку процьма мух.

Смярдзіць карболкай процілеглы.

Побач з асобай лірычнага героя ў творах Алеся Камоцкага ёсць і іншыя значныя вобразы. Самы галоўны з іх — шлях і ўсё, з чым спалучана падарожжа: вецер, крокі, сцюжа, лужыны, дождж, пачуцці, жаданні, дзверы, сэнс, памяць, сляды. Поры года выступаюць як душэўныя ці эмацыянальныя станы лірычнага героя. Сярод іх вылучаецца восень: у ёй найбольш утульна і цёпла. Зіма ў творах сведчыць пра замірэнне з сабою і лёсам, лета — сінонім бессэнсоўнай мітусні, вясна — хлусні ды падману і пустых надзей...

А найбольш удалымі, дасканалымі і лагічнымі бачацца лаканічныя чатырохрадкоўі, дзе найлепш раскрываецца асоба аўтара: без складаных канструкцый, нагрувашчванняў сэнсаў, да сутнасці якіх яшчэ трэба дакопвацца, блукаючы ў слоўных лабірынтах. Яны ясныя і яркія, як зоркі ў чорным бяздонні неба. І хоць аўтарскія высновы не дадаюць аптымізму і ад цяпла тых «зорак» нельга сагрэцца, усё ж радуе, што агульначалавечая «праблема» знайшла сваё слоўнае адлюстраванне, па-мастацку ўвасобіўшыся ў зразумелым канкрэтным вобразе:

Будоўля — наша жыццё.

І ў жорсткім рытме стварэння

мы робім вышэй за ўсё

сцяну непаразумення.

Хай будзе якой заўгодна высокай сцяна непаразумення, але творчасць, вобразы і метафары — той мост, які злучае людзей, ідзе ад сэрца да сэрца. Ён пройдзе скрозь любыя муры, пераможа самыя бяздонныя прорвы і перасягне найвысачэзнейшыя хмарачосы...

Яна БУДОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».