Вы тут

Равеснікі стагоддзя: чаго дасягнулі маладыя людзі, якія нарадзіліся 20 год таму?


Якія яны, народжаныя ў новым стагоддзі, больш за тое — у новым тысячагоддзі? Мы, старэйшыя, насцярожана назіраючы, як яны становяцца дарослыя, стараемся іх зразумець, прыдумляем ім вобразныя назвы кшталту «пакаленне вялікага пальца», «пакаленне Z». Зайздросцім іх уменню прыстасавацца да ўсяго новага, спрабуем спасцігнуць іх «кліпавае мысленне». Нярэдка наракаем: яны не такія, як мы!

Так, яны не такія, як мы. Хоць бы таму, што яны не мы, яны нашы дзеці і ўнукі. І растуць яны добрымі людзьмі, за якіх не будзе сорамна, якімі можна ганарыцца. Узяць, напрыклад, ужо дарослых — тых, каму ў 2020-м спаўняецца дваццаць, чый узрост заўжды будзе супадаць з парадкавым нумарам года. Яны ўжо сказалі пра сябе не толькі ў краіне, але і ў свеце. У гэтай падборцы мы раскажам менавіта пра іх, равеснікаў ХХІ стагоддзя. Упэўненыя: толькі пра некаторых з многіх.


Галоўнае — верыць у цуды і сілу думкі

Праз некалькі месяцаў пасля Новага года лічбу ў сваім узросце з 19 зменіць на 20 і студэнтка сталічнага факультэта журналістыкі і карэспандэнт Белтэлерадыёкампаніі Анастасія Рудзкая. За гэты час яна мела нямала асабістых дасягненняў, знайшла прэстыжную, а галоўнае, любімую работу. А за апошні год стала «Чалавекам года журфака», «Вядучай года БДУ» і выйграла конкурс «Фестываль эстрады БДУ» ў намінацыі «канферанс».

Бацькі заўсёды казалі дачцэ: «Калі штосьці не зробіш, будзе горш не іншым, а табе». І Насця старалася іх не падводзіць. Падчас вучобы ў школе былі думкі паступаць і ў медыцынскі, і на юрыдычны... Але, у рэшце рэшт, дзяўчына выбрала журналістыку.

З усмешкай яна згадвае свой першы матэрыял: «Патэлефанавала ў рэдакцыю газеты, дзе далі заданне зрабіць апытанку мінакоў аб рабоце дворнікаў. Я з радасцю яго прыняла, але потым... забыла! Як зараз помню, што была зіма, катаюся на санках — і раптам успамінаю: «Матэрыял! Так і пайшла, з гэтай лядзянкай, у гарналыжным касцюме, распытваць баравічан. Пасля — за камп'ютар...»

Яе плённая праца і ўпэўненасць у сабе спачатку дазволілі стаць трэцяй сярод абітурыентаў пры паступленні. А ўжо ў канцы першага курса прывялі на кастынг у перадачу «ПІН_КОД», куды заўсёды шукаюць маладых і крэатыўных, і паспяхова прайшла яго. «Нам задавалі пытанні, накшталт «А як бы вы паводзілі сябе ў гэтай сітуацыі», «Якое выйсце знайшлі б з гэтай праблемы».., — успамінае студэнтка. Так яна пачала сумяшчаць вучобу з работай. Трошкі пазней стала рыхтаваць сюжэты і для перадачы «Добрай раніцы, Беларусь». Каб даведацца пра шматлікія прафесіі, пабывала ў розных амплуа: хакеісткі, снаўбардысткі, пажарнай...

Пра гэта карэспандэнтка расказвае з радасцю і бляскам у вачах. Бо яшчэ з дзяцінства, гледзячы тэлевізар, уяўляла сябе па той бок экрана і верыла, што будзе скараць самыя высокія вяршыні. Аднак сказаць, што работа даецца ёй лёгка, дзяўчына не можа. «За сюжэтам на тры-чатыры хвіліны стаіць вялізная работа, — адзначае яна. — Мы шукаем тэму, дамаўляемся з людзьмі, пішам сцэнарый. Потым трэба зманціраваць адзнятае разам з тэхнічным рэдактарам, паставіць у эфір. А яшчэ ж трэба памятаць, што ў кожнай машыны, камеры — пэўны графік. І пад іх трэба падладжвацца...»

На мяжы дзесяцігоддзяў Насця можа падвесці вынік: за свае 19 было шмат нагод для гонару. І ва ўяўным спісе насупраць задач «вучоба» і «работа» пакуль можна паставіць тлустую птушачку. А вось загадваць на наступныя 20 гадоў яна не можа. Лепш убачыць, што атрымаецца на самай справе. Адзінае ведае дакладна: будзе свая сям'я, шчыра пабудаваная кар'ера, справа, якая прынясе задавальненне. «Самае галоўнае для мяне, — кажа студэнтка, — быць у моманце. На тым месцы, дзе адчуваеш сябе камфортна, і з тымі людзьмі, якія і павінны быць побач».

А вось планы на Навагоднюю ноч былі даўно. Яе, па традыцыі, правядзе з самымі блізкімі — мамай, татам, бабулямі і дзядулямі. У сям'і заўсёды пануе самая ўтульная і святочная атмасфера. 31 яны збіраюцца і разам гатуюць, накрываюць на стол, на якім ніколі не застаецца месца. А ў 12 пад бой курантаў ціха стаяць, а Анастасія думае пра самае лепшае, што абавязкова павінна спраўдзіцца ў новым годзе. Бо верыць у цуды і сілу думкі.

Навагодні бліц:

— Што прыемней, дарыць, ці атрымліваць падарункі?

— Дарыць, канешне. Хоць і атрымліваць прыемна. Выберу абодва варыянты.

— Тры словы, з чым асацыіруецца Новы год?

— Яркасць. Ежа. Шчасце.

— А як жа мандарыны?

— А ў мяне на іх алергія! І на цукеркі таксама. Гэта нават не сумна, я ўжо прывыкла.

— Некалькі слоў, якім будзе 2020-ы.

— Такім, якім я захачу; напоўненым толькі пазітыўнымі эмоцыямі; паспяховым; здаровым. Ой, не! Давайце здароўе паставім на першае месца. Бо без яго не будзе нічога.

Юлія АДАМОВІЧ

Фота з сацсетак гераіні


«Так проста я са спортам не развітаюся»

Не сакрэт, што падчас пажару адлік часу зачастую ідзе на секунды. А жыцці людзей залежаць ад таго, наколькі ўмела і зладжана спрацуе ў экстрэмальнай сітуацыі разлік пажарных. Таму асаблівую ўвагу яны ўдзяляюць фізічнай падрыхтоўцы і спорту. Прычым незвычайнаму — пажарна-выратавальнаму.

Даніілу Ламейку 20 гадоў споўніцца ў 2020-м. Але ў паслужным спісе юнака ўжо значыцца работа прафесійным пажарным і вельмі паспяховыя выступленні на спартыўных спаборніцтвах. Але пра ўсё па парадку.

— Я пачаў займацца гэтым спортам, калі мне было шэсць год. Сур'ёзна ўцягнуўся, калі споўнілася дзесяць. Праўда, у дзяцінстве не думаў, што стану пажарным. Паступіў у машынабудаўнічы каледж, але пасля неяк перагарэў да гэтай справы. А вось цяга да прафесіі ратавальнікаў засталася.

Першыя крокі ў спорт Данііл зрабіў дзякуючы свайму бацьку Дзмітрыю. Ён трэніруе юнацкую зборную Беларусі па пажарна-выратавальным спорце.

— Да шэрагаў ратавальнікаў я далучыўся год таму. Спачатку шэсць месяцаў працаваў дыспетчарам, пасля перавёўся ў баявы разлік. Ці складана было спачатку? Насамрэч работа дыспетчара не такая простая, як гэта можа здацца. Пастаянны псіхалагічны ціск, калі ты разумееш, што ў любы момант можа зазваніць тэлефон, а на тым канцы дрота адбываецца бяда. А табе трэба быць заўжды напагатове, каб усё правільна пачуць, запісаць і зразумець. Але лічу, што такі досвед вельмі добры. Цяпер жа ў мяне графік просты — дзень я працую, на наступны некалькі гадзін прысвячаю трэніроўкам і пасля дзень адпачываю. На зборы нас, вядома, адпускаюць. Яны бываюць чатыры-пяць разоў на год.

— Але менавіта як сумяшчаецца спорт са службай?

— Усяго ў пажарна-выратавальным спорце існуюць чатыры віды. Гэта стаметровая паласа з перашкодамі, пераадоленне штурмавой лесвіцы, баявое разгортванне і эстафета. Больш за ўсё мне падабаецца штурмавая лесвіца. З самага дзяцінства любіў па ёй лазіць. Узняцца па ёй можна на першы паверх, а калі трэба вышэй — проста перакідваць уручную. Выкарыстоўваецца яна і на баявых выездах.

Юнак яшчэ некалькі гадоў таму стаў майстрам спорту. У яго паслужным спісе — і ўзнагароды міжнародных спаборніцтваў.

— Наша каманда ўпершыню выйграла чэмпіянат свету ў 2014 годзе ў Чэхіі ва ўзроставай катэгорыі малодшай групы. Але памятаю, што на штурмавой лесвіцы заняў толькі дзясятае месца. Што і казаць, быў слабаваты фізічна. Пры гэтым істотная канкурэнцыя ніякіх шанцаў не давала. Я не здаваўся, працягваў трэніравацца. І вось у 2018-м у балгарскай Варне, дзе праходзіў чарговы чэмпіянат свету, я здабыў перамогу ў гэтай намінацыі.

Прычым адметна, што гэтая вяршыня скарылася Даніілу Ламейку не першая. За два гады да таго шаснаццацігадовы юнак лепш за ўсіх на планетарным спаборніцтве прабег стаметроўку з перашкодамі. Прычым бар'еры ў вышыню дасягалі двух метраў, а яшчэ трэба было прабегчы па бервяне і спусціцца з яго па нязручнай лесвіцы.

— Мой рэкорд — 16,05 секунды. Але сусветны — 14,85. Ёсць да чаго імкнуцца! Тым больш што ў нашай справе трэба сябраваць з кожным відам спорту.

Але ці ўсім можна займацца пажарна-выратавальным спортам?

— Паспрабаваць свае сілы можа кожны. Галоўнае — мець жаданне, цярпенне, імкненне. І тады пры наяўнасці фізічных даных можна будзе дасягнуць вынікаў. У звычайным жыцці гэта цудоўнае хобі, дзякуючы якому вы падцягнеце фізічную падрыхтоўку, выпрацуеце дысцыпліну. Тут можна знайсці новых сяброў. Але і траўму можна атрымаць вельмі лёгка — дастаткова ўсяго аднаго памылковага руху.

На пытанне, якім юнак бачыць сябе праз пяць гадоў, Данііл адказаў не адразу. Але ён цвёрда ведае, што так проста з пажарна-выратавальным спортам развітвацца не будзе. А пакуль што ён у свой вольны час рыхтуецца да чарговых рэспубліканскіх спаборніцтваў, якія пройдуць у сакавіку ў Барысаўскім раёне.

Валяр'ян ШКЛЕННІК


«Важны не вынік, а сам працэс»

Вікторыя Коўчык — курсантка чацвёртага курса крымінальна-выканаўчага факультэта Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў.

«Мой тата міліцыянер — для мяне прыклад. Ён хацеў, каб я працягнула дынастыю ў пагонах. Сама служба мяне таксама вабіла. Я па натуры рамантык, наглядзелася фільмаў аб праваахоўніках і захацела змагацца са злачыннасцю. Мары спраўджваюцца».

«Старанна вучылася ў школе, імкнулася паступіць у Акадэмію МУС. Дзяўчыне дастаткова цяжка трапіць сюды — высокі прахадны бал. У год майго паступлення ён складаў 346, у мяне быў 381. Я сярэбраны прызёр Рэспубліканскай алімпіяды па грамадазнаўстве».

«Спорт можа выратаваць ад дрэннага настрою, дапамагае забыцца на няўдачы. Спачатку фізічна мне было цяжка ў Акадэміі. Не прывыкла да такіх нагрузак. Але з часам настолькі палюбіла бег, трэнажорную залу, што сама здзіўляюся. Цікаўлюся таксама правільным харчаваннем».

«Прэзідэнцкую стыпендыю двойчы атрымлівала ў школе і ў Акадэміі. Па выніках 2018/2019 навучальнага года стала «Найлепшым курсантам». Мэты такой не ставіла, неяк само выйшла (усміхаецца). Галоўнае — заўсёды нешта рабіць. Не сядзець на месцы, развівацца. Працаздольнасць і ўменне канцэнтравацца на галоўным — адны са складнікаў поспеху. Удача таксама патрэбна! Таму не крыўдзіце яе».

«Усе мае ўзнагароды ў асобнай папцы захоўвае тата. Ён вельмі беражліва ставіцца да падобных дакументаў. Любіць заслугі дачкі паказваць гасцям. Для мяне ж важны не вынік, а сам працэс».

«Спяваю, скончыла курсы па вакале. Шмат чытаю, хаджу ў тэатр. Граю на фартэпіяна. Займаюся навуковай дзейнасцю. Навука — важная частка майго жыцця. Творчасць — справа выключна для душы. Я рэальна гляджу на рэчы. Другой Селін Дыён мне наўрад ці стаць» (усміхаецца).

«Мне падабаецца камунікаваць з людзьмі. З нецярпеннем чакаю першага рабочага дня. На здзіўленне многіх, планую паехаць у невялічкі горад. Лічу, што менавіта там можна атрымаць бясцэнны прафесійны вопыт. Служыць буду ў структуры папраўчых устаноў».

«Дзяўчыне не месца ў міліцыі — састарэлы стэрэатып. Усё залежыць ад самога чалавека. Галоўнае, каб унутраныя задаткі дазвалялі і, вядома, было б жаданне. Я ведаю шмат жанчын, якія дабіліся вялікіх вынікаў па службе».

«Хацелася б, каб моладзь актыўней удзельнічала ў жыцці краіны. Іх ідэі, свежыя погляды, рашучасць і энтузіязм могуць многае! Добра, што дзяржава шмат увагі аддае рабоце з будучым пакаленнем, стварае неабходныя ўмовы для развіцця. Фінансавая падтрымка таксама важная».

«Каханне. Вось адно з маіх галоўных дасягненняў за дваццаць гадоў. Разважаю зараз выключна як дзяўчынка (бянтэжыцца). У сучасным свеце цяжка знайсці свайго чалавека. Мне пашчасціла. Усё пачынаецца з сям'і. Будзе родны чалавек побач, будзе і работа, і кар'ера. Удваіх любыя горы скарыць можна! Упэўненая, усё самае цікавае яшчэ наперадзе».

Кацярына АСМЫКОВІЧ

Фота з асабістага архіва гераіні


Ромавы мары пра робатаў

— Колькі сябе памятаю, заўсёды цягнула да праграмавання, — расказвае дваццацігадовы студэнт матэматычнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны Раман МІСАЧЭНКА. Трэцякурснік вучыцца па спецыяльнасці «Інфарматыка і тэхналогіі праграмавання», прадстаўляе праекты на рэспубліканскім узроўні і жадае быць карысным сваёй краіне. Але пра ўсё па парадку.

Яшчэ ў дзявятым класе, калі астатнія школьнікі сыходзілі пасля ўрокаў дадому, Рома «завісаў» у кабінеце інфарматыкі і паглыбляўся ў цікавы сусвет сімвалаў і лічбаў. Нават стварыў з аднакласнікам лакальную гульню...

— Аднак амбіцый для яе маштабавання не хапіла: адпачынак у бабулі аказаўся ў прыярытэце (усміхаецца). Пазней, у дзясятым класе, стварыў анлайнавы складальнік тэстаў для настаўніка па матэматыцы, выступіў з ім на рэспубліканскім конкурсе «Камп'ютар. Адукацыя. Інтэрнэт». Тады і задумаўся ўсур'ёз над тым, каб стаць праграмістам, як старэйшы брат Ігар. Паступіў у ВНУ, адразу ж сабраў вакол сябе аднакурснікаў і сказаў: трэба ствараць нешта грандыёзнае. Спрачацца хлопцы не сталі, тым больш што ў мяне былі назапашаны пэўныя веды, каб падзяліцца імі з іншымі, — расказвае хлопец.

Сёлета разам з двума аднагрупнікамі Рома распрацаваў мабільны сэрвіс «Адукацыя».

— Лічу, што гэтая сфера — аснова развіцця нацыі, і добра, калі паняцце пра тое, што яна павінна змяшчаць і як выглядаць, трансфармуецца. У краіне ўжо выкарыстоўваюцца электронныя журналы і дзённікі, аднак наша прылада ўключае ў сябе штосьці большае: гэта і адзіны чат для абмеркавання розных тэм карыстальнікамі, і база адукацыйных навін горада (апавяшчэнні аб алімпіядах, конкурсах, канферэнцыях і іншым).

Зону адказнасці пры распрацоўцы праекта сябры падзялілі па магчымасцях і жаданні. Рома як аўтар займаўся большасцю працэсаў. Рэалізацыю пачалі ў рамках свайго факультэта. Зрабілі мабільныя версіі як на Аndrоіd, так і на іОS, атрымалі станоўчыя водгукі ад студэнтаў і выкладчыкаў, а таксама пералік таго, што тым хацелася б дадаць. «Адукацыя» ўжо высока заявіла пра сябе на рэспубліканскім конкурсе «100 ідэй для Беларусі» і цяпер тэсціруецца ў адной з гомельскіх школ.

Нашаму герою ўдаецца быць лідарам па жыцці, падабаецца аб'ядноўваць кагосьці дзеля адной мэты і несці адказнасць за кожны свой крок.

— Пасля першага курса я пачаў зарабляць свае грошы, стаў незалежны ад бацькоў. Цяпер увесь вольны час імкнуся заняць чымсьці карысным, у асноўным ён сыходзіць на вывучэнне новых тэхналогій, моў праграмавання.

Дарэчы, сярод апошніх ідэй, якія плануе рэалізаваць у хуткім часе Рома, — аўтаматычны прыбіральшчык снегу. А галоўная мэта на найбліжэйшую будучыню — атрымаць месца ў паспяховай кампаніі ў якасці распрацоўшчыка робататэхнікі.

— Мяне цікавяць робаты, якія вызваляюць людзей ад руціннай працы або могуць рабіць нейкія цікавыя, незвычайныя рэчы. Напрыклад, ратаваць людзей або лётаць у космас. Трапіць у парк высокіх тэхналогій таксама крута. Увогуле адчуваю сябе ў сваім узросце выдатна. Ёсць шмат магчымасцяў, і ўсё хочацца паспрабаваць рэалізаваць. Спадзяюся, што рухаюся ў правільным кірунку. Мару пра тое, што праз дзесяць, дваццаць гадоў я абавязкова буду ствараць штосьці крэатыўнае. Хачу быць наватарам, хачу быць карысным роднай зямлі.

Дар'я ШЛАПАКОВА


Узлятаць і перамагаць

Пра Карыну Дзямідзік аматары спорту даведаліся і ўжо паспелі палюбіць яе пад дзявочым прозвішчам — Таранда. Беларуская скакуха ў вышыню, якая нарадзілася ў Баранавічах, у літаральным сэнсе слова ўварвалася ў сусветную эліту лёгкай атлетыкі. За свае 20 гадоў яна паспела «засвяціцца» на сусветных і еўрапейскіх п'едэсталах і некалькі разоў абнаўляла асабістыя і нацыянальныя рэкорды ў скачках у вышыню ў юніёрскай, маладзёжнай і дарослай катэгорыях. А ў 2020 годзе спартсменку чакае першая ў жыцці Алімпіяда.

Спорт Карына палюбіла з самага дзяцінства, аднак знайшла сябе ў лёгкай атлетыцы не адразу, перад ёй паспрабаваўшы акрабатыку, плаванне і валейбол.

— Трэнер па лёгкай атлетыцы хадзіла за мной некалькі гадоў, усё запрашала да сябе, а я не згаджалася, — расказвае Карына. — Потым прыйшла сама. У нас з ёй было вельмі шмат рознагалоссяў, было цяжка, нават не ведаю, чаму я засталася ў спорце. Было такое, што мяне выганялі. Былі і сур'ёзныя праблемы са здароўем — урачы казалі, што, калі буду займацца далей, стану інвалідам. А я ўсё роўна працягнула: трэніравалася сама — тады не разумела, дзеля чаго, але трэніравалася.

Такая ўпартасць не толькі захавала дзяўчыне здароўе, але і хутка прынесла поспех. Спачатку Карына стала сярэбраным прызёрам чэмпіянату Еўропы сярод юніёраў, затым чэмпіёнкай свету сярод юніёраў. А далей адкрыла перад сабой дзверы ў дарослы вялікі спорт, стаўшы фіналісткай кантынентальнага чэмпіянату ў Берліне ў 2018 годзе, чэмпіянату Еўропы ў памяшканнях у Глазга ў 2019 годзе і маладзёжнага чэмпіянату Еўропы. Сёлета на этапе Брыльянтавай лігі ў Лазане 20-гадовая Карына стала сярэбраным прызёрам, паўтарыўшы пры гэтым рэкорд Беларусі сярод дарослых, устаноўлены ў далёкім 1993 годзе, — 2,00 м. Акрамя таго, выканаўшы алімпійскі нарматыў, Дзямідзік заваявала ліцэнзію ў Токіа-2020 — гэта будзе першая Алімпіяда для Карыны.

Трэнер скакухі Валянцін Курдзюк, які стаў для спартсменкі амаль бацькам, запэўнівае, што два метры — гэта не мяжа для яго падапечнай. «Не магу сказаць, што ў Карыны звышданыя ад прыроды, але яна добра сфармаваная для скачкоў у вышыню і ў яе моцны характар. Карына вельмі прафесійна ставіцца да сваёй справы і цалкам дакладна ведае, да чаго імкнецца, таму дамагаецца выніку дзякуючы сплаву працавітасці і здольнасцяў».

Сама ж Карына адзначае, што вялікую ролю ў паспяховым выніку спартсмена адыгрывае псіхалогія.

— Чалавек сам не ведае, на што ён здольны. Яго магчымасці неабмежаваныя. Усе нашы абмежаванні — у галаве. Як ты псіхалагічна працуеш над сабой, як выхоўваеш свае думкі — так гэта адаб'ецца на тваіх поспехах у спорце.

Карына расказвае, што самае класнае ў яе відзе спорту — пачуццё палёту.

— Калі адрываешся ад зямлі, усё роўна як тэлепартуешся ў космас. А калі планка застаецца на месцы, то цябе ахоплівае неверагоднае захапленне. Гэта цяжка апісаць, гэта трэба паспрабаваць.

Аднак наколькі б каштоўны ні быў для Карыны спорт, яна адзначае, што гэта не адзінае, на чым засяроджана яе ўвага.

— Я стаўлюся да яго як да работы і хобі, цяпер ім жыву, але не скажу, што спорт — сэнс майго жыцця. У мяне і сям'я прысутнічае — калі раптам я скончу са спортам ці ў мяне не атрымаецца, не буду пакутаваць, таму што ёсць зусім іншае жыццё.

Сёлета, акрамя спартыўных поспехаў, у жыцці Карыны адбылася яшчэ адна значная падзея — дзяўчына выйшла замуж. Яе выбраннік часта бывае на спаборніцтвах разам з Карынай і падтрымлівае ва ўсіх жыццёвых сітуацыях. «Я шчаслівая, што нашы дарогі перапляліся ў адзін шлях, і, ідучы па ім крок за крокам, я атрымліваю асалоду ад жыцця!» — піша спартсменка пад здымкам з мужам у сваіх сацыяльных сетках.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Адным з першых у вобласцi пачалi рэстаўрыраваць велiчны палац Сапег у Ружанах.

Грамадства

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Наша краiна займае трэцяе месца ў сваiм рэгiёне па колькасцi бескантактавых транзакцый.

Грамадства

Неспадзяваныя падарожжы. Як не згубiцца ў лесе?

Неспадзяваныя падарожжы. Як не згубiцца ў лесе?

Цёплае i вiльготнае надвор'е, якое вось ужо чацвёрты тыдзень з невялiкiмi перапынкамi пануе ў Беларусi, штурхае да таго, каб пайсцi ў лес.