Вы тут

Прэзідэнт: Падрыхтоўка да чэмпіянату-2021 у Мінску ідзе поўным ходам


На «Чыжоўка-Арэне» надышлі гарачыя дні. Ад напалу спартыўнай барацьбы, здаецца, лёд трэсне. Так першымі матчамі яшчэ да цырымоніі адкрыцця пачаўся ХVІ Калядны турнір аматараў хакея на прыз Прэзідэнта Беларусі. Прыхільнікі спаборніцтва называюць яго чэмпіянатам свету сярод аматараў. І па колькасці зорак ён сапраўды можа канкурыраваць з прафесіянальным турнірам. Адначасова распачаліся і рэспубліканскія спаборніцтвы сярод дзяцей і падлеткаў па хакеі «Залатая шайба».


Турнір, які яднае кантыненты

На лёд Каляднага турніру, які будзе доўжыцца да 7 студзеня, выйдуць 12 камандаў — зборныя Балкан, Балтыі і Міжнароднай федэрацыі хакея, спартсмены з Германіі, Кітая, ААЭ, Расіі, ЗША, Украіны, Фінляндыі, Швейцарыі і каманда Прэзідэнта Беларусі. Каб настроіць герояў лёду на асаблівую атмасферу падзеі, Калядны міжнародны турнір аматараў хакея і 24-я рэспубліканскія спаборніцтвы «Залатая шайба» адкрыў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка.

«У гэтыя навагоднія, святочныя дні Мінск літаральна жыве і дыхае зорным хакеем. Нас зноў сабраў Калядны міжнародны турнір аматараў хакея на прызы Прэзідэнта. Гэтыя спаборніцтвы верных рыцараў народнай лядовай гульні даўно называюць неафіцыйным аматарскім чэмпіянатам свету. Сёння ён папулярны і вядомы ва ўсім свеце, у яго свае традыцыі і свае сімвалы. І зноў перад пачаткам турніру нам прыйшлося вырашаць ужо звыклую праблему: як змясціць у кампактны фармат спаборніцтваў усіх жадаючых выступаць на гэтай пляцоўцы?» — сказаў Прэзідэнт.

Фанфары ўрачыста гучаць у гонар даўніх сяброў турніру з Расіі, Германіі, Кітая, Фінляндыі, Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў, Швейцарыі, зборных Балкан і Балтыі, без якіх немагчыма ўявіць гэтыя спаборніцтвы.

Асаблівая радасць, адзначыў Аляксандр Лукашэнка, што ў Мінск пасля перапынку вярнулася каманда брацкай Украіны. Самыя цёплыя прывітанні і дэбютанту — камандзе Злучаных Штатаў Амерыкі.

Пацверджанне высокага статусу каляднага мінскага турніру і вялікай цікавасці да яго — удзел у спаборніцтвах лядовай дружыны Міжнароднай федэрацыі хакея.

Паралельна з гульнямі ветэранаў на лёдзе «Чыжоўка-Арэны» праходзяць гарачыя паядынкі фіналу рэспубліканскіх спаборніцтваў «Залатая шайба».

«Зусім няшмат часу застаецца да старту ў Мінску чэмпіянату свету па хакеі ў 2021 годзе. Падрыхтоўка ідзе поўным ходам. Беларусь мае намер падарыць усім такое ж грандыёзнае спартыўнае свята, якім запомніўся нам чэмпіянат свету ў 2014-м», — падкрэсліў кіраўнік краіны.

Ён падзякаваў камандам за цеплыню вялікіх сэрцаў і ўдзел у дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці».

«Яшчэ адна асаблівасць нашага турніру: разам з пераможцамі і прызёрамі спаборніцтваў у выйгрышы заўсёды застаюцца ўсе ўдзельнікі і галоўныя, для каго мы выходзім на гэтую пляцоўку, — нашы балельшчыкі, таму што галоўны герой на гэтай лядовай арэне — наш любімы спорт», — адзначыў Прэзідэнт.

Распачаўся першы дзень турніру ўчора матчам Украіна — Швейцарыя, пасля згулялі зборныя Кітая і ААЭ. Пасля ўрачыстай цырымоніі адкрыцця на «Чыжоўка-Арэне» адбыўся матч паміж камандай Прэзідэнта Беларусі і зборнай Міжнароднай федэрацыі хакея. А ў заключным паядынку першага гульнявога дня на малой арэне згулялі хакеісты Германіі і зборнай Балтыі.

Марыя ДАДАЛКА

Фота БелТА

Загаловак у газеце: Турнір, які яднае кантыненты

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.