Вы тут

«З лялькай да Бога». Як праходзіў калядны фестываль батлеечных і лялечных тэатраў «Нябёсы»


Без Гран-пры, затое з падарункамі ўсім удзельнікам і насамрэч святочным, светлым, добрым і сентыментальным настроем. Днямі ў Мінску па блаславенні Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, прайшоў 6-ы калядны фестываль батлеечных і лялечных тэатраў «Нябёсы». Самадзейныя і аматарскія тэатральныя калектывы з розных рэгіёнаў Беларусі дарылі сваё добрае мастацтва дарослым і маленькім гледачам. Што адметна, трапіць на батлеечныя і лялечныя спектаклі кожны ахвотны мог цалкам бясплатна — трэба было толькі прыйсці загадзя ў сталічны Палац мастацтваў і атрымаць запрашальнік у адміністрацыі.


За два дні гледачы ўбачылі дзевяць пастановак у конкурснай праграме і яшчэ чатыры дадаткова па-за конкурсам. А напрыканцы фэсту па традыцыі адбылося ўшанаванне лаўрэатаў. Дарэчы, сёлета ў іх лік трапілі практычна ўсе тэатры, бо арганізатары «Нябёсаў» вырашылі не прысуджаць галоўны прыз, а адзначыць найлепшыя якасці кожнага калектыву.

«Калі казаць пра самыя ўдалыя моманты, якія найбольш уразілі, то ва ўсіх пастаноўках выйгравалі тыя лялькі, якія не проста рухаюцца і прамаўляюць свае словы, а думаюць, — рэзюмавала старшыня журы, мастак-рэстаўратар Ганна Выгонная. — Таксама вялікім плюсам сталі тыя пастаноўкі, дзе выкарыстоўвалася жывая музыка, — яна дапамагала перадаваць асаблівы дух батлейкі, яе камернасць, сямейнасць. І ў мяне пажаданне да ўсіх удзельнікаў — давайце разам захоўваць гэту атмасферу і вонкавую прастату батлейкі, якая пры блізкім разглядзе заварожвае сваёй выразнасцю і прыгажосцю».

Дыпломы і сімвалы фестывалю — шкляных анёлаў — за плённае супрацоўніцтва і вернасць ідэалам «Нябёсаў» атрымалі сталічныя тэатры «Дом Сонца» і «Адраджэнне батлейкі» (БДПУ), а таксама сямейны тэатр Аляксандра і Ларысы Быцко з амаль пакінутай вёскі Стойлы Пружанскага раёна. «Мы ўжо трэці год удзельнічаем у фэсце, і кожны прыезд — вялікае свята і ўзрушэнне, — расказвае гаспадыня аграсядзібы «Стулы» і стваральніца ўнікальнай культурнай прасторы для адраджэння вёскі Ларыса Быцко. — Мы вельмі шчаслівыя адчуваць такую ўвагу і павагу да таго, што робім».

Кіраўнік гуртка «Жаронцы» з Ракава Хрысціна Лямбовіч, атрымаўшы дыплом за раскрыццё духоўна-маральнага зместу спектакля юнымі выканаўцамі ў «Народнай драме «Цар Ірад», пакінула «Нябёсам» падарунак у адказ — саламяную калядную зорку, каб тая захоўвала не толькі сонечную цеплыню, але і добрую памяць.

Таксама атрымалі прызы і дыпломы фэсту народны тэатр «Батлейка» з Міра і ягоны рэжысёр, вядомы батлеечнік Канстанцін Петрыман — за працяг традыцый батлейкі, узорны тэатр лялек «Сонейка» з Мінска — за найлепшае афармленне батлеечнай скрыні, сямейны тэатр Быцко са спектаклем «Прытулак памяці» — за глыбіню і працяг традыцый, узорны дзіцяча-юнацкі тэатр «Мара» з Віцебска — за найлепшы дэбют, брэсцкі тэатр «Насупраць» — за лепшае акцёрскае выкананне, тэатр «Адраджэнне батлейкі» — за вопыт асваення батлеечнага жанру. Спецыяльны прыз памяці адной з заснавальніц «Нябёсаў» актрысы Людмілы Ждановіч за самы гарэзлівы і вясёлы спектакль адправіўся ў Віцебск разам з новымі гаспадарамі — маладым сямейным тэатрам «УхТышка», у які дыпламаваныя лялечнікі Дар'я і Валерый Зімніцкія ўцягнулі свайго маленькага «ўхтышонка» і паставілі разам вельмі кранальны «Церамок». Партнёр фестывалю прадстаўніцтва Рассупрацоўніцтва ў Беларусі прысудзіла некалькі адмысловых узнагарод, якія адправіліся ў Мінск, Гродна, Віцебск, Магілёў і Бабруйск. (Ці трэба тлумачыць, які важны стаў дыплом «За імпэт і шчырасць у засваенні батлеечнага жанру» для падапечных рэжысёра Ангеліны Крупновай — тэатра батлейкі «Блік» мінскага псіханеўралагічнага інтэрната № 3?)

Зрэшты, усё самае галоўнае пра фестываль змяшчае яго дэвіз — «З лялькай да Бога». Менавіта гэтая скіраванасць дазваляе стварыць асаблівую, камерна-ўтульную і цёплую атмасферу нават пасярод вялікага мітуслівага каляднага кірмаша. Менавіта таму шэсць гадоў запар ніводны тэатр, нават самы славуты і заняты, не адмаўляецца ад дадатковых дабрачынных выступленняў у дамах-інтэрнатах для людзей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, шпіталях і дамах састарэлых. Менавіта гэты настрой чытаецца на тварах гледачоў і акцёраў пасля кожнага спектаклю, нават калі той доўжыцца ўсяго 15 хвілін. Бо батлейка — гэта нешта большае, чым скрыня з «нябесным» і «зямным» ярусамі, лялькі на палачках-«шпенях», наіўная драматургія і акцёры-«батлеі», галасамі якіх размаўляюць персанажы. Гэта ўнікальны пласт народнай культуры, мадэль свету ў мініяцюры, дзе ёсць месца радасці, міласэрнасці, мудрасці і ўсім тым эмоцыям-каменьчыкам, з якіх складаецца вялікая мазаіка чалавечага лёсу... «Месцы, прызы і намінацыі — не гэта галоўнае ў нашым зямным жыцці, — перакананы мастацкі кіраўнік фестывалю, акцёр Рускага тэатра Аляксандр Ждановіч. — Галоўнае — помніць пра нябёсы і пастарацца хоць крыху стаць небам, радасцю і цудам для іншага».

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота арганізатараў фестывалю

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».