Вы тут

Апавяданне Андрэя Сідарэйкі. Па згодзе


Паліна і Антон сядзелі на канапе. Пасярод залы стаяў яго чамадан з асабістымі рэчамі.

— Можа, кавы на дарогу? — запыталася яна.

— Не, не трэба, — адказаў ён.

Яны пражылі грамадзянскім шлюбам пяць гадоў. Для абаіх гэта быў найлепшы варыянт. Лічылі, што так лепш зразумеюць адно аднаго і, калі што, не зробяць неабдуманага кроку.

Пазнаёміліся ранняй вясной, у канцы сакавіка. Па-сучаснаму — на адным з сайтаў. Пры першым спатканні спадабаліся адно аднаму. Маладыя: яму — дваццаць сем, высокі брунет, яна — на год маладзейшая, з доўгімі русымі валасамі, нават на абцасах даставала яму толькі да плячэй.

Гулялі па горадзе больш за дзве гадзіны. «Здаецца, не сцерва, — падумаў тады Антон. — Спакойная, разважлівая». «Не птушка-гаварун, удумлівы», — заключыла Паліна.

Сустракаліся паўгода: хадзілі ў кіно, па музеях, наведвалі выстаўкі. І толькі пасля сталі жыць разам у кватэры, што засталася ёй у спадчыну ад бабулі. Напачатку ўсё падабалася. Кожны з іх думаў, што сустрэў сваё. Сварак не было. Толькі згода.

Потым менавіта гэты спакой стаў на яго ціснуць. Антон чуў, як на рабоце калегі нібы жартам расказвалі, што ўчора вечарам высвятлілі адносіны: хто з мужам, хто з жонкай. Часам, як яму здавалася, з-за рознай лухты: напрыклад, выбіралі новы электрачайнік і не сышліся ў поглядах, які ў яго павінен быць колер.

«Добра, што ў нас з Палінай такога няма. Заўсёды погляды супадаюць на ўсё», — думаў ён.

А ўжо праз год, вяртаючыся дадому, злаваўся: «Няўжо ў яе няма ніякіх эмоцый? Рыбкі ў акварыуме, і тыя, здаецца, часам злуюцца, пагрозліва глядзяць праз шкло».

Аднойчы ад такіх думак ён прыйшоў накручаны. «Штосьці здарылася на рабоце? — запыталася Паліна. — Не хвалюйся. Гэта дрэнна для здароўя. Давай я зраблю гарбату, яна супакойвае».

І хуценька пабегла на кухню.

...Яна працавала медсястрой-лабарантам. Яе бацькі — дактарамі: тата хірургам, маці неўрапатолагам. Стан здароўя для яе быў святой тэмай. Яшчэ школьніцай, калі вырашыла прысвяціць сваё жыццё медыцыне, прачытала шмат кніг. Дома такой літаратуры хапала. Па тэмпераменце флегматык, яна ўсё рабіла абдумана, без праяў розных эмоцый.

— Любы, ты захварэў? Можа, малачка з мёдам? — клапацілася яна, калі заўважала ў яго першыя прыкметы прастуды.

«І так усё жыццё? — думаў ён часам. — Не, гэта немагчыма».

Ён пачаў лічыць, што памыліўся. Што яму патрэбна зусім іншая — няхай сабе і сцерва. Няхай час ад часу заводзіць яго, казыча нервы. Так будзе цікавей.

Дзіцяці за гэтыя сумесныя пяць гадоў не нарадзілася. Не спяшаліся. Збіраліся падумаць пра гэта пазней, калі афіцыйна распішуцца. Можа, патрэбна было зрабіць інакш? Але было ўжо позна.

Яны працягвалі сядзець на канапе.

— Ты хоць трохі кахала мяне? — запытаўся ён.

— Ну, а што я рабіла ўсе гэтыя гады? — адказала яна.

— Табе ўсё роўна, што ў нас так усё скончылася?

— Не. Але гэта твой выбар.

Яму здалося, што гэтыя словы былі прамоўленыя з поўным раўнадушшам. Ён прыгадаў, што на вяселлях маладым заўсёды жадаюць жыць у згодзе. Злавіў сябе на думцы, што не хацеў бы, каб яму пажадалі такое ж. У згодзе ён ужо пажыў.

— Ну, калі ты кахаеш, то падніміся і скажы: «Куды ты сабраўся?! Да іншай? Нягоднік! Ашуканец!»

Для сябе ён вырашыў: калі яна так зробіць, то ён застанецца.

Паліна не паднялася. І сварку не ўчыніла.

— Навошта? Гэта лішнія хваляванні. Ад іх можа здарыцца інсульт. Інфаркт. Урачы сцвярджаюць, што і рак — вынік перажыванняў.

— Хіба гэта жыццё?!

— Ты проста не ведаеш, як бывае інакш.

— Так, я, пэўна, сапраўды не ведаю, як бывае інакш, — крыху раззлавана адказаў ён.

У яго зазвінеў тэлефон. Гэта быў кіроўца таксі. Ён пачаў збірацца. На парозе сказаў:

— Ну, да пабачэння. Няхай усё ў цябе будзе добра. Калі што, тэлефануй. Дапамагу, чым магу.

— І табе ўсяго найлепшага, — адказала яна.

Зірнула ў акно, паназірала за тым, як ён садзіцца ў машыну.

Напэўна, упершыню за апошнія гады на яе вочы набеглі слёзы. Спачатку хацелася пабегчы і вярнуць яго. А потым падумала: «Не, не трэба гэтых лішніх эмоцый. Пайду накапаю валяр'янкі».

Праз гадзіну яна глядзела па тэлевізары меладраму і думала аб тым, што адносіны паміж жанчынай і мужчынам бываюць розныя. А гады ідуць. «Наступны раз нараджу для сябе. А яны няхай сыходзяць, калі не падабаецца ўтульнае і спакойнае жыццё з выхаванай і далікатнай жанчынай».

Андрэй СІДАРЭЙКА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.