Вы тут

Хатняя энцыклапедыя


Салата з селядца «Калядная»

Спатрэбіцца: філе селядца — 2 шт., бульба 1-2 шт., цыбуля — 1 шт., маянэз — 3 ст. л., смятана — 3 ст. л., буракі — 1 шт., ігруша — 1 шт., журавіны — 50 г, алей — 2 ст. л., цукар — 2 ст. л., соль, белы перац — на смак,
лімон, зеляніна пятрушкі.

Буракі і бульбу запячы ў духоўцы, загарнуўшы ў фольгу. Бульбу нарэзаць маленькімі кубікамі. Буракі надзерці на буйную тарку. Цыбулю нарэзаць дробна і заліць кіпенем. Праз некалькі хвілін ваду зліць. Ігрушу ачысціць ад лупіны і насення і нарэзаць дробнымі кубікамі. Філе селядца дробненька нарэзаць і дадаць дзве сталовыя лыжкі лімоннага соку, змяшаць. У міску пакласці селядзец, палову нарэзанай ігрушы, палову цыбулі, бульбу. Дадаць маянэз і смятану, змяшаць і паставіць у халадзільнік.

Журавіны, астатнюю грушу і цукар пакласці ў каструльку. Паставіць на агонь і на невялікім агні карамелізаваць, пакуль ігруша не стане мяккай. Пры гэтым увесь час трэба памешваць. Зняць з агню і дадаць да бурака. Пасаліць, уліць алей, дадаць цыбулю і змяшаць. Паставіць у халадзільнік і даць настаяцца дзве гадзіны. Выкладваць на блюда часткамі, чаргуючы селядзец — буракі. Упрыгожыць белую частку пятрушкай.


Брэтанскі фар

У Брэтані, на паўночным захадзе Францыі прыдумалі гэты цудоўны дэсерт. Чарнасліў — самая традыцыйная начынка, але часам дадаюць і разынкі.

Хоць Far Breton носіць назву «пірог», гэты найдалікатны дэсерт па сваёй кансістэнцыі хутчэй нагадвае застылы крэм з чарнаслівам. Гатуецца ён з вадкага цеста, падобнага на бліннае.

Спатрэбіцца: мука — 125 г, малако — 750 мл, яйкі — 4 шт., соль — дробка, чарнасліў — 250 г, цукар — 100 г, ванільны цукар — 2 пакуначкі, масла.

Чарнасліў заліць гарачай вадой і дадаць адзін пакецік ванільнага цукру. Прасеяную муку змяшаць з дробкай солі, дадаць узбітыя яйкі, цукар і рэшту ванільнага цукру. Уліць тонкім струменьчыкам малако і змяшаць да атрымання цеста. Туды ж,
адціснуўшы, дадаць чарнасліў. Форму абмазаць маслам і ўліць цеста. Адправіць у духоўку, нагрэтую да 200 °С, і выпякаць прыкладна 40 хвілін. Астудзіць пірог у форме.


Падушка на падлогу

Падушкі на падлогу, якія цяпер увайшлі ў моду, спадабаюцца ўсім! Гэты выдатны падарунак унясе весялосць і радасць у ваш дом, а таксама дапаможа з'яднаць паміж сабой пакаленні. Такую падушку можна зрабіць практычна з любога матэрыялу, а праявіўшы фантазію, стварыць сапраўдны «падушачны» шэдэўр! Са зручнай і вельмі ўтульнай падушкай-пірамідай справяцца нават пачаткоўцы!

Падушка складваецца з роўнабаковых трохкутнікаў. А напаўняльнікам для яе з'яўляецца звычайны полістырол у выглядзе маленькіх беленькіх шарыкаў. Ён пластычны, добра прымае любую форму ў падушцы, мяккі і лёгкі, што таксама немалаважна!

Тканіна неабходна шчыльная, абівачная. Калі вы збіраецеся пашыць падушку-«пірамідку» вялікага памеру (з бакамі 117 см), то вам спатрэбіцца кавалак тканіны 240х120 см. Для маленькай падушачкі з бакамі 87 см — 180х90 см. Полістырол крупчасты ў якасці напаўняльніка (для падушкі сярэдняга памеру дастаткова будзе ўсяго 3 кг гэтага напаўняльніка).

Пачынаем з разметкі бакоў падушкі. Для гэтага складваем тканіну ўдвая і крэйдай пазначаем цэнтральную кропку, якая будзе знаходзіцца якраз на лініі згібу тканіны.

Для таго каб намеціць яшчэ два «пункты адліку», неабходна загарнуць бакавіны так, каб іх бакі сышліся на ўжо адзначанай кропцы ў цэнтры тканіны. Намячаем гэтыя кропкі мелам. Пераносім усе кропкі і літарныя абазначэнні ў адпаведнасці з выкрайкай на тканіну са сподняга боку.

Сумяшчаем і сколваем шпількамі з левага боку А і А1 так, каб не было перакосаў, і прашываем на машынцы шчыльнымі ніткамі. Для падстрахоўкі прашыйце яшчэ адзін радок, для надання большай трываласці вырабу. Пры гэтым ад краю тканіны мы павінны адступіць 1,5 см. Краі можна апрацаваць зігзагам.

Наступнымі трэба акуратна сумясціць і прастрачыць бакі Б і Б1. Далей злучаем цэлы бок В з паловай боку В1.

Выварочваем нашу нарыхтоўку падушкі на добры бок. Няшчыльна набіваем пашыты чахол з тканіны крупчастым полістыролам. Застаўся адзін нясшыты бок падушкі, які прыпадае якраз на бок В2 і палову боку В1. Падгінаем краі гэтых бакоў бакавымі зрэзамі ўнутр і сшываем патаемнымі шыўкамі. Наша «пірамідка» гатовая да выкарыстання!

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Дзясятае месца — гэта наша памылка». Беларускія гандбалісты не выйшлі ў алімпійскі кваліфікацыйны турнір

«Дзясятае месца — гэта наша памылка». Беларускія гандбалісты не выйшлі ў алімпійскі кваліфікацыйны турнір

У заключным матчы ЧЕ па гандболе зборная Беларусі згуляла ўнічыю з камандай Аўстрыі — 36:36

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

«Звязда» неяк правільна пісала, што ёсць такое месца, дзе чалавеку добра аднаму. Гэта — прыбіральня.

Грамадства

РІSА-2018: зваротная сувязь. Якія праблемныя пункты ў адукацыі выявіла міжнароднае даследаванне

РІSА-2018: зваротная сувязь. Якія праблемныя пункты ў адукацыі выявіла міжнароднае даследаванне

Наколькі беларуская сістэма адукацыі канкурэнтаздольная і ці адпавядае яна сусветным трэндам?