Вы тут

Як снег на Каляды


Цяпер лёгка павіншаваць са святам: не трэба купляць паштоўку ці канверт, званіць па тэлефоне, нават пісаць віншавальныя лісты па электроннай пошце некаторыя развучыліся. Скінуў у нейкай адмысловай групе ці па «Вайберы» патрэбную карцінку, часта нават з тэкстам, з добрымі, але чужымі словамі — і гатова. Ёсць у гэтых навацыях, вядома, свае плюсы і мінусы. Мы перасталі абменьвацца жывымі словамі — ці то вымаўленымі голасам па тэлефоне, ці напісанымі ўласнай рукой. Такім чынам часткова страцілі энергетыку асабістых стасункаў — электроннымі носьбітамі яна, на жаль, не перадаецца.


koidart.by2

Але разам з тым набылі новыя магчымасці неабмежаванага абмену інфармацыяй. І ў якасці віншавання можам цяпер атрымаць песню, кліп, а то і цэлы фільм. Вось і мне каляжанка ранкам святочнага дня даслала ролік з песняй «На Каляды» Зміцера Вайцюшкевіча. Такая мілая кампазіцыя, скажу вам, варта паслухаць. Ёсць там словы: «На Каляды снегапады, не праехаць, не прайсці — падымайся і ляці!» Пра снегапад цяпер, відаць, толькі спяваць можна. І калі вы там у Мінску, на Віцебшчыне, нават часткова пад Магілёвам той снег хоць успомнілі, то мы ў Брэсце гэтай зімой яго, можна сказаць, не бачылі. Калі пакружыць у паветры пара сняжынак, дык і яны растануць на шляху да зямлі. У нас трава на газонах зялёная, пупышкі на кустах бэзу ды на іншых дрэвах набрынялыя, здаецца, крыху сонца — і выбухнуць, распусцяцца зялёнымі лістамі. Летась, напрыклад, у гэты дзень былі мароз і сонца, снег пад нагамі рыпеў, а цяпер спрэс паўзмрок стаіць.

Але ж свята ніхто не адмяняў, яно не залежыць ад тэмпературы паветра і ападкаў. Свята — нагода пасядзець за сталом усёй сям'ёй, сустрэцца з роднымі, пагаварыць пра жыццё і справы. Вось і да мяне заехалі ў госці сястра з мужам. Дарэчы, калі здараецца снегапад з завеяй, то яны і не рызыкуюць выпраўляцца ў дарогу за дзвесце з гакам кіламетраў. А так дарога добрая, сухая, на машыне як быццам і не адлегласць. Муж сястры Сцяпан шмат гадоў таму, калі памяняў «жыгулька» на іншамарку, апошняй даў назву-мянушку «пуля», у сэнсе куля, з-за хуткасці, значыць.

Але Сцяпанава машына можа ляцець куляй хіба толькі на зваротным шляху, калі яна пустая. Да нас жа яна рухаецца па трасе М1 нібы цяжкая танкетка, нагружаная мяхамі бульбы, капусты, морквы, сумкамі з кансерваванымі памідорамі, агуркамі, салатамі, іншымі прадуктамі. А прывозяць сястра з мужам прадукцыі на дзве сям'і — сваёй дачкі і нашу, таму, калі збіраюцца ў госці, машына загружаецца, як той казаў, пад завязку. Ну а каб было чым грузіць, гаспадары ўсё лета шчыруюць на двух агародах — у сваім прыгарадным пасёлку і побач з нашым бацькоўскім домам. Яны і пакуль працавалі, паспявалі трымаць ладны агарод, а калі выйшлі на пенсію, то ўвесь сельскагаспадарчы сезон прападаюць на сваіх сотках. І калі на маёй дачы нешта сохне, то падобныя страты я з разумным выглядам тлумачу асаблівасцямі нашых шырот як зоны рызыкоўнага земляробства. Яны ж тым часам у спёку цягаюць ваду з рэчкі, паспяхова змагаюцца са шкоднікамі і пустазеллем, і такім чынам рызыка зводзіцца да мінімуму. І ў цяпліцы чырванеюць розныя сарты памідораў, а перцы растуць на градах аж да глыбокай восені. Таму і прывозіцца некалькі разоў на год экалагічна чыстая прадукцыя ў якасці падарунка ў горад.

А горад, хоць і без снегу, святкуе Каляды. Праўда, перасталі апошнія гады званіць у кватэры малыя калядоўшчыкі — перасталі, бо амаль ніхто не адчыняў. Але заўважаю іншае: як навагоднім днём, так і на Каляды больш людзей стала выходзіць на вуліцу. Шпацыруюць цэлымі сем'ямі — насядзеліся ўжо, здаецца, за камп'ютарамі. Вось і мы, пасядзеўшы крыху за святочным сталом, выходзім на вуліцу з дзецьмі, унукамі. І не толькі дыхаць паветрам — хочацца часам глянуць у неба, дзе тая самая калядная зорка ўзыходзіць. Бо яна, кажуць, сімвал святла, любові, таго, на чым трымаецца свет. А сапраўдныя калядоўшчыкі, дарэчы, насілі не зорку, а звязду, і называліся яны звездары. Можа, і на нашых вуліцах дзе-небудзь, хай сабе праз дзясяткі гадоў, зноў пройдуцца тыя самыя калядоўшчыкі са спрадвечнымі песнямі. І тады ў гэтую пару абавязкова будзе снег, мароз. А прымаўка пра скупога, у якога толькі снег на Каляды прасіць, зноў стане актуальная. Цяпер і ў самага шчодрага не выпрасіш.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

З першых вуснаў: ад чаго трэба абараняць дзяцей? Адказваюць самі малыя

З першых вуснаў: ад чаго трэба абараняць дзяцей? Адказваюць самі малыя

Дзеці «звяздоўцаў» адказалі вусна, пісьмова, друкавана і нават у малюнках.

Грамадства

Арэнда жылля. Хоць «мядзведжы кут», абы з выгодамі і пральнай машынай

Арэнда жылля. Хоць «мядзведжы кут», абы з выгодамі і пральнай машынай

Гэтая вясной многія хацелі самаізалявацца на прыродзе.