Вы тут

Дзе атрымаць хуткую псіхалагічную дапамогу дзецям


У іх ёсць спецыяльныя псеўданімы, бо ім нельга называць свае імёны. Гэта правіла яны выконваюць дзеля сваёй бяспекі. Іх работа — размаўляць з дзецьмі і падлеткамі. Праз гады некаторыя дзеці, якія тэлефанавалі раней, зноў набіраюць знаёмы нумар, але толькі каб падзякаваць, каб упэўніцца, што на тым канцы провада ўсё яшчэ ёсць людзі, гатовыя выслухаць і дапамагчы. Тэлефон даверу 263-03-03 працуе больш за 20 гадоў. За апаратамі сядзяць прафесійныя клінічныя псіхолагі, якія за гады сваёй работы назапасілі велізарны досвед. Паліна Андрэеўна (прозвішча па ўказаных вышэй прычынах не называю) працуе амаль столькі ж, колькі існуе служба.


— Раней асноўнай крыніцай інфармацыі было тэлебачанне, і калі ў эфіры рэкламавалі наш нумар тэлефона, колькасць званкоў павялічвалася ў разы, — успамінае Паліна Андрэеўна. — Сёння ўсё па-іншаму. Аб нашай службе даведваюцца праз інтэрнэт, даведачныя службы, праз інфармацыю ў школах і паліклініках. Наша задача — аказаць экстранную псіхалагічную дапамогу. Упершыню дзецям лягчэй звярнуцца па дапамогу менавіта па тэлефоне, бо гэта стварае ў іх адчуванне бяспекі, яны самі могуць перапыніць размову ў любую хвіліну, проста паклаўшы трубку. Да таго ж, наша дапамога даступная кругласутачна, ехаць нікуды не трэба: набраў нумар і ўсё.

— Магчыма, за гэтыя гады ў вас з'явіліся пастаянныя абаненты?

— У тэлефонных службах усяго свету ёсць рэгулярныя абаненты, і нас вучаць, як з імі працаваць. Але ў нашай краіне я назвала б гэта больш выключэннем, чым правілам. Мы для людзей своеасаблівы першы крок на шляху да дапамогі. Думаю, што ў нашых традыцыях увогуле не звяртацца да псіхолага, асабліва дзецям. Бывае, яны тэлефануюць першапачаткова, не заяўляючы сапраўдную прычыну свайго званка, а нібыта прыдумваюць нейкую праблему. Бываюць і маўклівыя званкі — калі тэлефануюць і маўчаць. Тэлефануюць і кампаніямі. Мы стараемся размаўляць так, каб у нас склаліся даверлівыя адносіны, каб, калі ў чалавека і сапраўды ёсць праблема, ён без страху набраў наш нумар у любы час сутак, з вуліцы, з дома, па мабільніку...

— Вы сказалі, што звяртацца да псіхолага не ў нашых «традыцыях». З чым гэта звязана?

— Мы часта чуем ад дзяцей, што «ты псіх, калі наведваеш псіхолага», і нават ад педагогаў, якія працуюць у школах, можна пачуць: маўляў, калі будзеш сябе дрэнна паводзіць, то да псіхолага накіруем. У савецкі час было вельмі мала псіхолагаў, і па сённяшні дзень ходзяць легенды пра «карную псіхіятрыю».

— Ваша служба створана для дзяцей і падлеткаў. З якімі праблемамі вам тэлефануюць дзеці да пераходнага ўзросту?

— Да нас звяртаюцца і зусім маленькія дзеці. І ў гэтым ім дапамагаюць дарослыя. Часцей за ўсё яны набіраюць нумар нашай службы і даюць трубку сваім малым. Ну і мы выслухоўваем дзіця, напрыклад, калі яно плача ці чымсьці засмучана, стараемся агучыць яго пачуцці і пагаварыць. Вядома, у такім выпадку мы і бацькоў кансультуем. Бывае, гэта маленькая праблема, напрыклад, у малога зламалася цацка, але ёсць вельмі сур'ёзныя выпадкі, калі памёр блізкі чалавек. Дарослы сам у такі час мае патрэбу ў дапамозе, і, натуральна, яму патрэбна кансультацыя, як пра гэта сказаць дзіцяці. Тэлефануюць дзеці, у якіх узніклі праблемы ў адносінах з аднакласнікамі, братамі, сёстрамі, бацькамі. Часам малыя тэлефануюць і просяць нас угаварыць іх бацькоў купіць ім хатняга гадаванца. Але мы ніколі нічога не раім. Мы разам з дзіцем разважаем, і малы сам шукае выйсце ці тых дарослых, якія могуць яму дапамагчы ў пэўны момант.

— А ці тэлефануюць вам выхаванцы дзіцячых дамоў і інтэрнатаў?

— Такое адбываецца вельмі рэдка, і то калі дзіця аказваецца ў лагеры ці бальніцы. Гэтыя дзеці менш давяраюць чужым, у іх, хутчэй за ўсё, ёсць свая служба псіхолагаў. Канешне, здараюцца неадназначныя, складаныя сітуацыі ў жыцці. Так, нядаўна пазваніла дзяўчынка, у якой пачалі піць бацькі. Дзяўчынка вельмі хвалявалася. Яна расказвала, што бацькі не даглядаюць яе малодшую сястрычку, была вельмі занепакоена. Ёй і самой не хацелася апынуцца ў прытулку... Мы шукаем выйсце разам і стараемся настроіць дзіця на тое, каб яно нам ператэлефанавала зноў, калі не спрацуе адзін з абгавораных варыянтаў, напрыклад, звяртанне па дапамогу да блізкіх родных — як правіла, гэта бабулі, дзядулі і цёткі з дзядзькамі.

— Наколькі часта да вас звяртаюцца падлеткі?

— Вядома, часцей тэлефануюць яны, чым дзеці малодшага ўзросту. Ім цікава, яны ведаюць, хто такія псіхолагі. У нас ёсць абаненты, якія вочна наведваюць псіхатэрапеўта. Вось, напрыклад, выхадны дзень, але яны адчуваюць, што ім патрэбна падтрымка, і карыстаюцца ёй. Тэлефануюць маладыя людзі, знаёмыя з панічнымі атакамі. Канешне, самая вялікая праблема падлеткаў — гэта праблема адносін. І прычына — не толькі неўзаемнае каханне. Паступаюць званкі на тэму аднаполых адносін. Дзеці нешта незвычайнае адчуваюць, і ім хочацца пра гэта пагаварыць. Для нас такія тэмы не забароненыя, і мы спакойна пра гэта гаворым. Але самы распаўсюджаны запыт — канфліктныя адносіны. З бацькамі, сябрамі, аднакласнікамі.

— Вы настройваеце дзяцей на «правільныя» думкі?

— Не. Ніколі. Псіхолагам важна, каб дзіця само разабралася, што з ім адбываецца, і само прыняло рашэнне, і, канешне, каб было гатовае несці адказнасць за свае ўчынкі і выбар. Тыя ж канфлікты з бацькамі. Дзецям часта незразумелыя паводзіны дарослых, і мы разам разбіраем, чаму, напрыклад, яны не адпускаюць начаваць да сяброў ці на вечарынку. Былі выпадкі, калі падлеткі набіралі наш нумар і спрабавалі пераканаць нас пагаварыць з іх бацькамі, каб мы растлумачылі дарослым, што тыя паводзяць сябе няправільна. Падлеткі часта ўпэўнены, што іх правы ўшчамляюцца.

Сталеючым дзецям вельмі цяжка стаць на месца сваіх бацькоў, таму званкі на тэлефон даверу дапамагаюць ім трошкі зразумець матывы сваіх родных
і настаўнікаў. Да нас часцей сталі звяртацца і самі бацькі падлеткаў.

— А з якім запытам звяртаюцца бацькі?

— О, многія бацькі заклапочаныя не толькі паводзінамі, але пачуццямі сваіх дзяцей. І гэта вельмі добра! Бывае, што бацькі не могуць пакласці малое спаць і просяць нас пракансультаваць іх у гэтым кірунку. Тэлефануюць стомленыя да немагчымасці матулі, якім неабходна разабрацца ў сабе і ў пачуццях да сваіх дзяцей. Таты падлеткаў таксама часта звяртаюцца да нас. Тэлефануюць мужчыны ў роспачы, бо надыходзіць момант, калі яны ўжо не могуць паўплываць на дзяцей, на іх не дзейнічаюць разважанні дарослых і запалохванні. Таты, напрыклад, не ведаюць, як навучыць падлеткаў прыходзіць дадому своечасова... Дарэчы, звяртаюцца да нас не толькі бацькі, але і школьныя псіхолагі і педагогі — па кансультацыю. Самы распаўсюджаны запыт ад іх — як прадухіліць цкаванне ў класе.

— А дзіцячыя суіцыды? Ці часта тэлефануюць дзеці з такімі думкамі?

— Наша служба стваралася для прафілактыкі суіцыдаў. Вядома, такія званкі ёсць, і яны для нас вельмі важныя. Тэлефануюць падлеткі ў крызіснай сітуа-
цыі, з якой не бачаць выйсця. Яны адчуваюць невыносны псіхалагічны боль і неабходнасць у жывой чалавечай падтрымцы. Кансультант, даючы падлетку магчымасць выказаць свае пачуцці, аказвае крызісную падтрымку. Бывае, тэлефануюць блізкія такіх людзей, кансультуюцца, як сябе паводзіць. Гэта самая важная частка нашай работы — выратаваць жыццё.

— Ці ёсць тэлефонны званок, які вам вельмі моцна запомніўся?

— Так. Быў такі выпадак. Тэлефанаваў 17-гадовы хлопец, які ўжо заканчваў школу. У яго памерла бабуля, а да гэтага ў яго памерлі бацькі, а яшчэ да гэтага ён расстаўся з дзяўчынай, да якой у яго яшчэ заставаліся пачуцці. Мне тады здавалася, што настолькі ўсё дрэнна, што хлопцу рэальна ўжо проста няма да каго звярнуцца. Але пакуль мы з ім размаўлялі, ён раптам сам вырашыў, што, мабыць, паспрабуе патэлефанаваць сваёй былой дзяўчыне. Ён потым ператэлефанаваў і расказаў, што добра пагаварыў з ёй, адчуў ад яе падтрымку і яму стала лягчэй. Успамінаю гэты выпадак і разумею, як неабходна чалавеку
ведаць, што ён для кагосьці важны і патрэбны.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Загаловак у газеце: Я цябе слухаю!

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.