Вы тут

Што рабіць пасля таго, як дзеці сталі самастойныя


«Ёсць дзве рэчы, якія бацькі павінны даць сваім дзецям: карані і крылы».

І. В. Гётэ.

Колькі разоў бацькі думалі-марылі, пакуль дзеці былі маленькія, што, як толькі яны вырастуць, жыццё шчаслівае пачнецца — столькі магчымасцяў адкрыецца, часу вольнага з'явіцца, задуманае рэалізуецца!

Выраслі. А бацькі разгубіліся: што далей рабіць, як жыць? А іншыя і зусім сэнс жыцця страцілі... Бацькі, вядома, рады, што дзеці рухаюцца наперад, набываюць новы досвед, але і адзінота, спустошанасць для іх жыцця зараз цалкам рэальныя. Псіхолагі феномен пустаты ў бацькоўскіх сэрцах, калі дзеці выраслі і пакінулі дом, назвалі паэтычна — «сіндромам апусцелага гнязда». Сутнасць яго сумная і часта апісваецца як дэпрэсія. Суправаджаецца такімі сімптомамі, як сум, істэрыкі, бяссонніца, бессэнсоўнасць жыцця, цяжкасці з канцэнтрацыяй увагі, нежаданне ўставаць раніцай, раздражняльнасць.

Здаецца, зусім нядаўна ваша жыццё мела сэнс і было распісана па хвілінах, і ўсё ішло так зразумела: прыгатаваць, адвесці-прывесці, вывучыць, свята арганізаваць, вылечыць, на мора звазіць... Адчуванне патрэбнасці, карыснасці, нават незаменнасці жыло ў вас пастаянна. І раптам нечакана-негадана — парад не трэба, пытанні пра асабістае жыццё не задаваць, а «лепш дапамажы грашыма».

Вядома, гэта страта. І пражывання пяці стадый гора не пазбегнуць. Таму: 1) адмаўляем сітуацыю (нагуляецца, грошы скончацца, вернецца); 2) злуемся на ўсіх і ўся (гадавала, начэй не спала, хоць бы кроплю падзякі); 3) таргуемся (ты са мной на лецішча, а я вас у выхадныя адпушчу, унукаў пагляджу); 4) упадаем у дэп-
рэсію (не гатуем ежу, «няма для каго», праводзім у трывозе бяссонныя ночы, не выходзім з дому, гіпнатызуючы тэлефон); 5) прымаем сітуацыю (нарэшце, разумеем, што былое не вернецца ніколі).

Застаецца толькі прыдумаць, як жыць па-новаму. Але надзейных звестак, правераных сцэнарыяў, як жыць тым, хто застаецца ў гняздзе, няма. Таму што раней хваробы і войны не дазвалялі многім дажыць да сівізны, сем'і былі вялікія, шматдзетныя, асабліва не засумуеш са старымі і немаўлятамі ў адной хаце. Як сёння запаўняць дзень, асабліва калі ўжо на пенсіі? Інструкцый няма.

Што рабіць?

Шукаць іншыя пацвярджэнні сваёй каштоўнасці! Спачатку адказаць на пытанні: хто я, як хачу жыць далей? Трэба разабрацца са сваімі пачуццямі пасля перажытых хваляванняў. Прыслухайцеся да сябе, даведайцеся, чаго вы ў гэты перыяд хочаце і ў чым маеце патрэбу. Успомніце, чым вам падабалася займацца раней, калі ў вас не хапала часу. Многія жанчыны накіроўваюць свае сілы на развіццё творчасці або прафесійных навыкаў, або нават на пошук «другой паловы». Аддавайце ўвагу свайму здароўю: наведайце лекара, з'ездзіце ў санаторый, дазвольце сабе больш адпачываць і атрымліваць асалоду ад жыцця.

Рэкамендацыі сямейным парам

Пасля ад'езду дзіцяці з хаты праявіце памяркоўнасць і мудрасць адно да аднаго. Старайцеся ўбачыць у партнёры добрае і паменш звяртаць увагу на недахопы. Больш размаўляйце адно з адным, дзяліцеся дэталямі свайго жыцця. Завядзіце сабе хатняга гадаванца. Пашырце кола сваіх знаёмых і вобласць агульных інтарэсаў. Калі ж у сям'і няма адзінства інтарэсаў, то самы час іх пашукаць.

Адзінокім у дапамогу

Адзінокім маці ці тату перажыць ад'езд дзіцяці нашмат цяжэй. У такіх бацькоў асабліва моцная патрэба ў кампенсацыі. Патрэбны немалыя воля, любоў да дзіцяці і самакантроль, каб не стварыць сабе з дачкі або сына «псіхалагічнага сужэнца», «развод» з якім будзе не пад сілу. Лягчэй з праблемай спраўляюцца тыя, хто вёў і вядзе актыўнае сацыяльнае жыццё, мае сяброў і сябровак, захапленні.

Углядаемся ў будучыню

Глядзіце на будучыню не як на пусты, нічым не запоўнены час, а як на нязведаны, не адкрыты да гэтага шлях. Можаце лічыць, што вы пражылі адну частку жыцця і наперадзе яшчэ адна, не менш цікавая. «Сіндром апусцелага гнязда» — гэта толькі часовая рэакцыя на змены ў жыцці. Акрамя таго, ваша бацькоўская місія не завершаная. Каб дзіцяці ўзляцець, яму трэба ад чагосьці адштурхнуцца. Вы і з'яўляецеся гэтай апорай. А калі вы будзеце трансляваць «што ж я без цябе буду рабіць, на каго ты мяне пакінуў», то, хутчэй за ўсё, пабудаваць сваё шчаслівае жыццё ў вашага дарослага дзіцяці не атрымаецца. Таму самае правільнае рашэнне — разбірацца з душэўным дыскамфортам самастойна. І заўсёды мець на кухні што-небудзь смачнае: нават дарослыя птушаняты маюць звычку залятаць да мамы «на агеньчык»:)

Раздзел вядзе Таццяна Левіна, дзіцячы, падлеткавы і сямейны псіхолаг, гештальт-тэрапеўт

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.