20 кастрычніка, аўторак

Вы тут

Спецыялісты расказалі, як праглынутая невялікая батарэйка выклікае электрахімічны апёк


Спецыялісты РНПЦ дзіцячай хірургіі сабралі ўнікальную калекцыю таго, што праглынаюць малыя, і «дабрацца» потым да гэтага прадмета часам пад сілу толькі хірургам. Ледзь не штотыднёва тут праводзяцца такія аперацыі. Часцей за ўсё дзеці глытаюць яркія прадметы, якія выклікаюць цікавасць, а таксама іголкі, пацеркі, манеты, дэталі канструктара і іншае. Але самымі небяспечнымі з'яўляюцца батарэйкі. Праз зусім кароткі час яны выклікаюць электрахімічны апёк страўнікава-кішачнага тракта, у прыватнасці, стрававода. Напрыклад, праз чатыры гадзіны знаходжання ў арганізме акумулятар «прыварваецца» да тканак, а праз яшчэ чатыры гадзіны ўтвараецца дзірка. Пасля гэтага патрабуецца складаная аперацыя — пластыка стрававода. Штогод у РНПЦ дзіцячай хірургіі выконваецца некалькі дзясяткаў такіх аперацый. Таму, набываючы малому машынку на пульце, праверце, наколькі лёгка дзіця можа адкрыць адсек для акумулятараў.


— Калі малое праглынае батарэйку, яно атрымлівае апёк. Так па недаглядзе бацькоў дзіця становіцца інвалідам. Дагэтуль статыстыка па іншародных целах не змяншаецца, бо многія бацькі легкадумна мяркуюць: маўляў, гэта са мной і маім дзіцем не адбудзецца, — кажа намеснік дырэктара РНПЦ дзіцячай хірургіі, кандыдат медыцынскіх навук Аляксандр Свірскі.

— Батарэйкі, асабліва плоскія дыяметрам 2 см, наносяць вялікую шкоду здароўю за лічаныя гадзіны, і адзіная ахова ад іх — увага дарослых, — дадае ўрач-эндаскапіст, загадчык дыягнастычнага аддзялення РНПЦ дзіцячай хірургіі, кандыдат медыцынскіх навук Кірыл Марахоўскі.

Акцыя па прафілактыцы выпадкаў праглынання дробных прадметаў дашкольнікамі «Скарбонка здароўя» прайшла на базе 6-й гарадской дзіцячай клінічнай паліклінікі Мінска. Мерапрыемства адбылося падчас прыёму педыятраў, дзе бацькам і дзецям расказалі пра зоны даступнасці дробных прадметаў і спосабы выяўлення таго, што малыя могуць праглынуць. Урачы падчас прыёму растлумачылі, куды лепш пакласці дробныя прадметы, батарэйкі, манеты, а таксама падарылі «свінкі-скарбонкі» і плакаты з рэкамендацыямі. Акцыя прайшла ў межах праекта «Прафілактыка неінфекцыйных захворванняў, прасоўванне здаровага ладу жыцця і падтрымка мадэрнізацыі сістэмы аховы здароўя ў Беларусі» (БЕЛМЕД).

— Самы просты спосаб вызначэння дробнага прадмета — пры дапамозе звычайнай утулкі ад туалетнай паперы, — расказала галоўны ўрач 6-й гарадской дзіцячай клінічнай паліклінікі Мінска Ганна Котава. — Варта разумець, што ўсё, што праходзіць праз утулку, катэгарычна небяспечнае для дзіцяці. Каб візуальна ацаніць, ці няма нейкіх дробных прадметаў у зоне даступнасці малога, даросламу трэба «апусціцца» на ўзровень вачэй дзіцяці.

Нягледзячы на тое, што колькасць выпадкаў праглынання іншародных прадметаў не змяншаецца, прафілактычныя мерапрыемствы ўсё ж прыносяць свой плён. Паводле даных Міністэрства аховы здароўя, за восем гадоў работы ўсіх зацікаўленых дзяржаўных органаў і грамадскіх арганізацый агульная колькасць дзяцей, якія загінулі ад знешніх прычын, знізілася. Так, у 2010 годзе ад знешніх прычын загінула 345 дзяцей, а ў 2018-м — 136. Падчас прафілактычнай работы медыкі пры патранажы дзяцей звяртаюць увагу бацькоў на расстаноўку мэблі ў кватэры, размяшчэнне прадметаў каля вокнаў, а таксама на дробныя прадметы, якія знаходзяцца ў зоне доступу дзяцей.

— Асаблівую ўвагу трэба ўдзяляць дзецям ранняга ўзросту, бо гэта самая ўразлівая катэгорыя. Яны больш за ўсё залежаць ад дарослых, ад іх увагі і клопату, — адзначыла галоўны педыятр аддзела меддапамогі маці і дзецям галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Валянціна Валчок. — Штогод у сярэднім гіне ад 20 да 24 дзяцей ва ўзросце да года.

Па выніках 2018 года, ад іншародных целаў, якія былі праглынуты ці трапілі ў дыхальныя шляхі, выратаваць не ўдалося 9 % ад агульнай колькасці загінулых дзяцей (ад 0 да 17 гадоў), і на жаль, апошняя лічба з году ў год не змяншаецца.

Паводле даных ЮНІСЕФ, Беларусь знаходзіцца на 8-м месцы ў свеце па ўзроўні неанатальнай смяротнасці, разам з Паўднёвай Карэяй і Нарвегіяй. З 2011 да 2017 года дзіцячая смяротнасць ад знешніх прычын знізілася на 48 %.

— Даследаванне «Веды, адносіны, практыкі», якое нядаўна правёў ЮНІСЕФ, каб вывучыць паводзіны, адносіны і досвед бацькоў да дзяцей ранняга ўзросту, паказала, што нават калі бацькі валодаюць неабходнымі ведамі па бяспецы дзяцей, то не заўсёды іх прымяняюць на практыцы, — расказала старшы каардынатар па здароўі і развіцці падлеткаў і моладзі Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Беларусі Вікторыя Лазюк. — І зараз важна прыцягнуць увагу да праблемы глытання дробных прадметаў дзецьмі дашкольнага ўзросту.

Дарэчы, перыяд прыкладна з 2016 года, калі ў грашовым абароце з'явіліся манеты, стаў сапраўдным выклікам для супрацоўнікаў РНПЦ дзіцячай хірургіі: дзеці актыўна пачалі іх каштаваць. Дзякуючы таму, што медыцынская ўстанова мае ўсё сучаснае абсталяванне, якое толькі ёсць у свеце, малога можна цалкам абследаваць: паглядзець стрававод, страўнік, кішэчнік і хутка выявіць, дзе знаходзіцца небяспечная рэч. І з дапамогай эндаскапічнай аперацыі, якая менш траўматычная, чым звычайная паласная, яе дастаць.

У межах праекта БЕЛМЕД вялікая ўвага аддаецца і агульнай праблеме дзіцячага траўматызму. Паводле даных Міністэрства аховы здароўя, штогод беларусы атрымліваюць каля 750 тысяч розных траўмаў, з іх 150 тысяч — дзеці. І ва ўзросце ад 0 да 1 года траўмы адбываюцца з-за недагляду дарослых.

— Гэта падзенні з ложкаў і крэслаў для кармлення, спатыканні аб парог, — кажа ўрач-траўматолаг-артапед, малодшы навуковы супрацоўнік лабараторыі артапедыі і траўматалогіі дзяцячага і падлеткавага ўзросту РНПЦ траўматалогіі і артапедыі Рустам Айзатулін. — Траўмы ў дзяцей ад 1 да 6 гадоў маюць вулічны і бытавы характар у сувязі з фарміраваннем пэўных інтарэсаў і рухальных навыкаў. Часта дзеці траўмуюцца на дрэвах, агароджах, незакрытых будаўнічых пляцоўках, няправільна ўстаноўленых дзіцячых горках і арэлях. У больш старэйшым узросце расце колькасць спартыўных траўмаў і ДТЗ, дзе таксама вялікую ролю адыгрывае недагляд дарослых.

У сваю чаргу начальнік аддзела медыцынскай дапамогі маці і дзецям камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама Святлана
Манышава
адзначыла, што дзякуючы інфармацыйнай рабоце ў Мінску з 2017 да 2018 года ўзровень дзіцячых бытавых траўмаў знізіўся з 46 % да 34 %.

— Мы праводзім прафілактычную работу з будучымі мамамі на базе дзіцячых паліклінік і жаночых кансультацый. Створаны спецыяльныя школы для цяжарных, дзе іх вучаць догляду дзіцяці, арганізацыі бытавой бяспекі. Мы расказваем, магчыма, і банальныя для дарослых рэчы, напрыклад, дзе паставіць прас, патэльню, але гэта тое, што дапаможа папярэдзіць траўматызм дзяцей. У найбліжэйшы час на базе 7-й гарадской паліклінікі адкрыецца новы мадэльны цэнтр, дзе бацькоў будуць навучаць стварэнню бяспечных умоў для дзяцей дома. Гэта нешта падобнае на міні-кватэру, на прыкладзе якой дарослыя даведаюцца, якія небяспекі падпільноўваюць дзяцей у побыце, — праінфармавала Святлана Манышава.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Гузік — гэта... смачна?

Выбар рэдакцыі

Культура

Франтавiк Мiхаiл Чэпiк эксперыментаваў з аэражывапiсам

Франтавiк Мiхаiл Чэпiк эксперыментаваў з аэражывапiсам

Як хлапчук з беларускай глыбiнкi здолеў паступiць у Маскоўскае мастацкае вучылiшча iмя Калiнiна?

Грамадства

Экс вiцэ-прэм'ер Уладзiмiр Дражын: Галоўнае — не разбурыць, а захаваць i працягнуць работу

Экс вiцэ-прэм'ер Уладзiмiр Дражын: Галоўнае — не разбурыць, а захаваць i працягнуць работу

Аб альтэрнатыве клайпедскаму порту, рэканструкцыi Нясвiжскага палаца i роднай мове падчас сямейных сустрэч.

Грамадства

Заразіцца прафесіяналізмам. Чаму трапіць на неканферэнцыю настаўнікаў EdCamp лічыцца вялікай удачай?

Заразіцца прафесіяналізмам. Чаму трапіць на неканферэнцыю настаўнікаў EdCamp лічыцца вялікай удачай?

Чацвёртая педагагічная неканферэнцыя прайшла ў мінулыя выхадныя з нязменным аншлагам і сабрала больш як тры сотні педагогаў з розных куткоў нашай краіны.