Вы тут

Карэспандэнт «Звязды» высвятляла, чым могуць прывабіць турыста Клімавічы


Ад чыгуначнага вакзала да цэнтра сталіцы міжнароднага дзіцячага фестывалю «Залатая пчолка» ехаць як у вялікім горадзе — прыкладна 20 хвілін. Я наогул аматар прагуляцца пешшу, але ў гэтым выпадку села ў маршрутку, заплаціла 60 капеек і ні разу не пашкадавала. Бо зусім не зімовае надвор'е ды і касір на вакзале не ўнушылі аптымізму. Жанчына на маё пытанне, што можна паглядзець у горадзе, толькі сумна паціснула плячыма і пазбавіла ўсякай надзеі: маўляў, нічога такога вы ў нас не знойдзеце — звычайная вёска. Але пакуль ехала ў маршрутцы, кіроўца і пасажыры хуценька назвалі мне некалькі месцаў, дзе я проста абавязана была пабываць: раённы краязнаўчы музей; былы маёнтак пана Камінскага, а цяпер тэрыторыя клімавіцкага лікёра-гарэлачнага завода; Дом рамёстваў, дзе працуюць мясцовыя майстры.


Княгіня Мяшчэрская запрашае.

Смех і слёзы каля дома на Свірэльскай

Не шукайце вуліцу Свірэльскую на карце горада, вы яе не знойдзеце. Цяпер гэта вуліца Савецкая. Менавіта тут знаходзіцца музей. Існуе ён параўнальна нядаўна — з 1984 года, а вось дом, дзе размясціліся яго экспазіцыйныя залы, да рэвалюцыі належаў княжацкай сям'і Мяшчэрскіх. Летась каля яго з'явілася кампазіцыя апошняй гаспадыні — княгіні Марыі Мікалаеўны. Зрабіў яе беларускі скульптар, ураджэнец Клімавіч Леанід Ячнеў. Паводле задумкі аўтара, сядзіць сабе такая рамантычная асоба на лаўцы і трымае на каленях кнігу. Дырэктар музея Дар'я Эверс расказвае, што яшчэ ні адна скульптура ў горадзе не карысталася такой папулярнасцю ў насельніцтва. Некаторыя бачаць у ёй зусім не нейкую міфічную княгіню, якой, па сутнасці, нават фота не захавалася, а пэўны тыпаж. А яшчэ перажываюць, што скульптуру забыліся пафарбаваць: мясцовая славутасць мае колер бетону, а народ гэта чамусьці бянтэжыць. Дар'я расказвае, што шмат хто прыходзіць сюды для фотасесій, а потым выкладвае сваё мастацтва ў інтэрнэце. Нехта пазіруе на каленях у Марыі Мікалаеўны, нехта па-панібрацку сядзіць з ёй у абдымку, а хлопцы могуць і пінжак на плечы накінуць. З другога боку — гэта ўсё рэклама музея. Людзі ўбачаць такое фота і, магчыма, таксама прыйдуць сфатаграфавацца, а там і ў музей зойдуць пацікавіцца, што там новага прыдумала нястомная дырэктар. Яна як вечны рухавік — у галаве сотні праектаў. Вядзе старонку ў інтэрнэце, адшуквае найцікавейшую інфармацыю пра родныя мясціны, натхняе насельніцтва на збор экспанатаў (быў год, калі людзі прынеслі ажно 365 рэчаў!), сама ездзіць у экспедыцыі, арганізоўвае цікавыя музейныя мерапрыемствы. Але калі я ішла ў музей, спадзявалася, што ў Дар'і выхадны. З ёй жа любы турыст-адзіночка зробіць столькі адкрыццяў, што, магчыма, нават пажадае затрымацца ў Клімавічах не на адзін дзень. А трэба, каб не ўсё адразу на талерачцы з блакітным беражком прынеслі, а была магчымасць праявіць турысцкую дапытлівасць. Тым больш што будучым вандроўшчыкам на Дар'ю разлічваць не выпадае — яна пераязджае следам за мужам на новае месца жыхарства, пакідае свой родны горад і любімую работу. Калі я пра гэта даведалася, нават уздыхнула са шкадаваннем. Як жа цяпер княгіня Мяшчэрская будзе без Дар'і? Дарэчы, чаяпіцці ў княжацкіх апартаментах (самыя сапраўдныя, дарэчы, і каштуе гэта ўсяго два рублі), як і сам чайны пакой Марыі Мікалаеўны, — гэта цалкам ідэі Дар'і Эверс.

Як жа ўтульна тут, у былым панскім асабняку! Вось толькі стан будынка... Дому тэрмінова патрэбны рамонт. І на аднаўленне гэтага помніка архітэктуры неабходна столькі грошай, што яго лягчэй знесці і пабудаваць падобны. Сродкі, на жаль, ад аднаго жадання не з'явяцца, але ж трэба нешта рабіць. Будынак, якому ўжо болей за 150 гадоў, сапраўды ўнікальны. Падобных помнікаў драўлянага дойлідства ў Беларусі больш не знайсці, ім можна бясконца любавацца і фатаграфаваць. Заклікаю ўсіх турыстаў-патрыётаў у найбліжэйшы час наведаць гэты ўнікальны аб'ект. Бо, як казаў паравозік з Рамашкава, заўтра можа ўжо быць позна.

Падземная бібліятэка і зніклы Ленін

Музей чакае рамонту.

«Фішка» раённага музея — пешыя прагулкі. На такіх экскурсіях ніколі сумна не бывае. Кошт — усяго некалькі рублёў. Супрацоўнікі сведчаць, што ахвотных прагуляцца па гістарычных мясцінах асабліва шмат летам. І найбольш папулярная экскурсія — «Ад Свірэльскай да Савецкай» — гэта як мы ўжо казалі, старая і новая назвы адной і той жа вуліцы.

— Вуліца Савецкая самая доўгая ў нашым горадзе — каля чатырох кіламетраў, — пачынае знаёміць з горадам Дар'я Эверс. — Яна стала такая яшчэ ў ХVІІІ стагоддзі дзякуючы таму, што да Клімавіч быў далучаны пасёлак Міхалін. Тут дарэчы, шмат старых будынкаў: наш музей, Дэпартамент аховы, які будавалі яшчэ да вайны для праваахоўных органаў, раённы Цэнтр культуры — прыгожы будынак з калонамі ў стылі савецкага ампіру. Бачыце побач помнік Леніну? У 90-я гады нашага Леніна ноччу... скралі. На жаль, так і не знайшлі, паставілі новага. Вельмі шкада, што першы помнік не знайшлі. Ён быў з бронзы, прычым работы славутага беларускага скульптара Заіра Азгура.

Некалькі крокаў убок, і мы каля не менш загадкавай пабудовы — рэдакцыі раённай газеты «Родная ніва», аднаго са старадаўніх клімавіцкіх будынкаў. Менавіта пад ёй знаходзіцца тая таямнічая бібліятэка, пра якую шмат хто пісаў, у тым ліку і наша газета. У ХVІІ стагоддзі на гэтым месцы быў манастырскі будынак, а ў ХІХ на яго падмурку пабудавалі турму. Перад рэвалюцыяй тут распачалі рамонт, падчас якога абрынулася падлога, і нехта ўбачыў унізе дубовыя стэлажы з фаліянтамі. Але займацца раскопкамі забаранілі, і ўсё зноў было засыпана, прычым надзейна — камянямі. У савецкі час былі спробы мясцовых краязнаўцаў дакапацца да ісціны, але скончыліся безвынікова. Захавалася частка вінтавой лесвіцы, але ўвайсці ў падвал перашкаджалі тыя самыя камяні.

— А яшчэ расказваюць, што тут быў падземны ход, — інтрыгуе Дар'я. — Ён злучаў гэты будынак з царквой Іаана Прадвесніка, якая знаходзілася насупраць, у парку, — яе разбурылі ў 1960-я гады. Падчас вайны ў будынку знаходзілася нямецкая турма, і, як расказваюць старажылы, па падземным ходзе немцы вадзілі ў царкву палонных, якія жадалі прыкласціся да крыжа перад пакараннем.

На тым месцы, дзе была царква, цяпер мемарыяльны комплекс. А сам парк — тое самае месца, дзе з размахам адзначаецца міжнароднае дзіцячае свята «Залатая пчолка». Парку, дарэчы, 150 гадоў. У гістарычных крыніцах апісваецца, што да рэвалюцыі яго алеі былі высаджаны ў выглядзе слова «Кацярына».

Сучасны парк цікавы тым, што тут знаходзяцца дзіцячыя атракцыёны, адкрытая летняя сцэна і... самалёт Су-9. Гэта напамін пра тое, што калісьці на тэрыторыі раёна размяшчалася эскадрылля 28-га гвардзейскага знішчальнага авіяцыйнага палка. Гісторыя данесла да нашчадкаў, што самалёт быў устаноўлены тут у пачатку 80-х. Дрэвы былі зусім маладыя, ім завязвалі макушкі, расцягнулі ў бакі і кацілі ўглыб парка лятальную машыну. Сёння, калі дрэвы сталі вялікія і моцныя, гэты нумар не прайшоў бы.

Дар'я Эверс — жывая энцыклапедыя горада, можа расказаць пра любую лаўку, ліхтар, нават пень. У парку некаторыя з іх стылізавалі пад малыя архітэктурныя формы. Наведалі мы нават стары кінатэатр «Беларусь». Раней ён быў галоўным культурным цэнтрам Клімавіч, але даўно не працуе і цяпер уяўляе сабой непрыгляднае відовішча. А вунь будынак цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі — у мінулым земская ўправа. Дому таксама болей за 100 гадоў.

Ікона з Афона

Цудадзейная Іверская ікона Прасвятой Багародзіцы.

Старадаўняя Свята-Міхайлаўская царква — адна з галоўных мясцовых славутасцяў. Ёй больш за 150 гадоў, пабудавалі яе для Клімавіч па распараджэнні графа Міхаіла Мураўёва. Першапачатковы праект да Клімавіч так і не даехаў, яго перакупілі прадпрымальныя хоцімскія купцы. Каб уявіць сабе, што ён з сябе ўяўляў, дастаткова з'ездзіць у Хоцімск: тамтэйшы храм у гонар Святой Троіцы — сапраўднае ўпрыгажэнне райцэнтра. У Клімавічах рэалізавалі іншы праект, таксама цікавы. У савецкі час чаго толькі не было ў сценах царквы — ДТСААФ, малочная крама, крама з кармамі для хатніх жывёл. Некалькі гадоў таму культавы будынак вярнулі вернікам. У краязнаўчым музеі захоўваецца тэлеграма ад Сталіна, які выказвае ў ёй падзяку святару храма за мужнасць, праяўленую падчас вайны. Немцы, калі захапілі Клімавічы, аднавілі царкоўныя службы і адначасова трымалі ў храме ваеннапалонных. Айцец Пётр Макараў, які тут служыў, пад выглядам вянчання з дапамогай мясцовых жанчын ратаваў ваеннапалонных. Пары выходзілі з храма, і мужчын тайна адпраўлялі ў партызаны. Вось за гэты подзвіг Сталін і адзначыў свяшчэнніка.

Сёння настаяцелем храма з'яўляецца айцец Інакенцій. Яго я, на жаль, не заспела на месцы, падрабязнасці гісторыі расказала мне памочнік благачыннага па катэхізацыі Наталля Герасімава. Яна ж правяла экскурсію па храме. Ёсць тут і некалькі цудадзейных ікон. Адну з іх пазнаю па залатых ланцужках з крыжыкамі пад яе аправай — сведчанне нечых ацаленняў. «Гэта наша Іверская ікона Прасвятой Багародзіцы, — з гонарам адзначае Наталля. — На ёй пазначана, што яна была напісана і асвечана на Афонскай гары ў 1899 годзе».

Раней акрамя ікон на сценах храма быў яшчэ і роспіс на біблейскія тэмы. Цяпер гэтую прыгажосць можна ўбачыць толькі на фота. Некалькі гадоў таму гэтыя здымкі трапілі ў музей, а храм зрабіў сабе копіі. Наталля дэманструе вялікі альбом, дзе захоўваюцца тыя здымкі. А разам з імі — шмат іншых з цікавымі момантамі з царкоўнага жыцця. Пры храме існуе праваслаўны клуб, які наведваюць 30 дзяцей ад 7 да 15 гадоў. Яны вывучаюць Божы закон, жыціі святых, асновы праваслаўя, а таксама займаюцца ў тэатральным і мастацкім гуртках. З імі працуюць таленавітыя настаўнікі, дзякуючы якім дзеці займаюць прызавыя месцы не толькі ў раённых, але і ў абласных, рэспубліканскіх і нават міжнародных конкурсах. Клуб з'яўляецца ініцыятарам міжнароднага фестывалю праваслаўнай музыкі, на які прыязджаюць свяшчэннікі і калектывы з найбліжэйшых абласцей Расіі.

Горад, куды хочацца вяртацца

І на тое ёсць шмат прычын. Я, напрыклад, за два дні не паспела наведаць усе прыгожыя мясціны, якія ёсць у раёне. Цікава будзе з'ездзіць у вёску Судзілы да краязнаўца Аляксандра Галкоўскага, дарэчы, бацькі Дар'і Эверс. Экскурсіі ён праводзіць не менш цікавыя, чым яго дачка. У вёсцы Лазовіца можна паглядзець рэшткі царквы, зробленай без ніводнага цвіка, яны, дарэчы, занесены ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі. У вёсцы Ціманава цікавы школьны музей са стагадовай гісторыяй, які дастаўся ўстанове ў спадчыну ад мясцовага калгаса. У саміх Клімавічах знаходзяцца вялікія яўрэйскія могілкі — супрацоўнікі налічылі там 400 розных мацэў (надмагілляў).

Калі зацікавіліся, запісвайце назву гасцініцы — «Дружба». У райцэнтрах знайсці нешта камфортнае цяжка, але гэтая сапраўды ўтульная. Да вашых паслуг гарачая вада, тэлевізар, халадзільнік, цэлы набор мяккай мэблі, ёсць нават набор посуду — што яшчэ трэба вандроўнай душы? Цана, праўда, кусаецца — 33 рублі за аднамесны нумар. Але мясціны гістарычныя. Гасцініца знаходзіцца якраз побач з музеем. Раней на яе месцы размяшчаліся княжацкія гаспадарчыя пабудовы.

Гасцініца Сары Соркінай, дзе спыняўся вядомы расійскі скульптар Сяргей Канёнкаў, пустуе ўжо некалькі гадоў.

Знайсці, дзе паснедаць, таксама не праблема. Кавярня «Смак» ад клімавіцкай райспажыўкааперацыі — адна з самых папулярных устаноў у горадзе. Кубак кавы са смятаннікам будзе каштаваць да двух рублёў. А якія тут смачныя піражкі! На рубель можна купіць цэлых два. Заходзьце, не пашкадуеце. У непасрэднай блізкасці ад аўтастанцыі ёсць рэстаран і кавярня. Але не трэба забываць, што ўсе гэтыя ўстановы працуюць строга па раскладзе, некаторыя з перапынкам у дзве гадзіны. Паснедаць можна і ў гасцініцы, у нумары ёсць электрычны чайнік. А крам, дзе можна купіць любыя прысмакі і сур'ёзную ежу, у горадзе хапае. У крайнім выпадку папіць духмянай гарбаты можна, як мы ўжо казалі, і ў музеі — у княгіні Мяшчэрскай.

Цяпер запамінайце, куды ісці па сувеніры. Іх вельмі шмат у Доме рамёстваў. Там жа можна набыць карціны вядомага мастака Леаніда Ячнева, аўтара кампазіцыі з княгіняй Мяшчэрскай. Вялікі тут выбар вырабаў з дрэва і гліны. Напрыклад, драўляная ружачка каштуе пяць рублёў. Сімвалы года — сімпатычных мышэй з гліны — прадавалі ўсяго па тры рублі. Я купіла некалькі на ўдачу. А яшчэ гліняную падкову — таксама за траячку.

Яшчэ адно месца для набыцця сувеніраў — дзіцячая школа выяўленчых мастацтваў. Шматлікія дыпломы, якія сведчаць пра поспехі тутэйшых выхаванцаў, ледзь умяшчаюцца на сцяне. Прыгожыя вырабы з саломкі, гліны, жгута каштуюць прыкладна 10-15 рублёў.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: У госці да княгіні Мяшчэрскай

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.