Вы тут

Пра творчую свабоду беларускіх літаратараў... І не толькі


Стан сучаснай беларускай літаратуры ўяўляе сабой гарманічнае суіснаванне прадстаўнікоў розных узростаў, прыхільнасцяў, школ, традыцый, пісьменніцкіх арганізацый, творцаў з рознымі светапоглядамі, аўтарскімі праграмамі, пазіцыямі, сярод якіх цяжка вылучыць адзінага «аўтарытэта», ды і, улічваючы наяўнасць такой самай размаітай чытацкай аўдыторыі, рабіць гэтага не варта. Сёння «выстраліць» цікавым творам адзін аўтар, а заўтра іншы. Інфармацыйная нагода майго артыкула — абмеркаванне на сайце Фэйсбук пісьменнікамі і крытыкамі розных літаратурных, і не толькі, пытанняў, якое ўскалыхнула комплекс застарэлых праблем, што дрэйфавалі на спакойных хвалях літаратурных плыняў і напрамкаў.


Здавалася б, найбольш рашуча настроенымі пісьменнікамі пад уздзеяннем пасылаў траўміраванай свядомасці ўжо былі ўшчэнт растаптаны ўстаялыя традыцыі, каштоўнасці, што закладваліся стагоддзямі, законы мастацтва, а сёння ізноў з імпэтам «маладнякоўцаў» абвяшчаюцца праграмы «вольных мастакоў», вольных як ад літаратурнага канона, так і ад усяго падцэнзурнага, у тым ліку і ад абавязку трымаць марку адукаванага і выхаванага суразмоўцы і дыскутанта. Дзіву даюся, што сярод сучасных аўтараў ёсць такія  ж ахвяры часу і грамадскага рэжыму, як і сто гадоў таму. У ХХІ стагоддзі з яго магутным патэнцыялам мастац­ кай літаратуры ў канцэптуалізацыі, філа­ сафізацыі, сімвалізацыі, гіпербалізацыі і іншых «-зацыях», якія дазваляюць агу­ чыць любую думку, абы яна была! Сучас­ ны аўтар, нават самы «пісучы», мае маг­ чымасць публікавацца ў шматлікіх выда­ вецтвах, распаўсюджваць апублікаваныя кнігі праз вялікую сетку кніжных крам і інтэрнэт-магазінаў, ды і прыватным чы­ нам  — сярод патэнцыяльных чытачоў, падпісчыкаў на яго старонку, калег па літаратурным цэху і інш. І пры такіх магчымасцях для самавыяўлення ізноў актуальна руйнаванне традыцыі, з’яўляюцца мані­ фесты пакрыўджаных нашым часам аўтараў з галоўным пасылам — стаць вольнымі… але ад чаго? На гэтым ад­ маўленні нацыянальнага, утоптванні ў бруд класічнай літаратуры ці можна пабудаваць новую традыцыю? Ды нават не традыцыю, ад наяўнасці якой адхрышчваюцца некаторыя пісьменнікі, хаця б абазначыць перспекты­ вы — куды разбурэнне можа прывесці і на чым спыніц­ ца. Стварыць ачышчаную ад літаратурнага мінулага пляцоўку для іншага віду творчасці, свабодную для чаго? Відаць, гэтая пазіцыя для беларускіх пісьменнікаў не вычарпала свой патэнцыял, бо эксплуатуецца вель­ мі актыўна, не змяншаецца колькасць яе прыхільнікаў. Відаць, быць і заставацца ахвярай, пазбаўленай нейкіх свабод у літаратуры (хутчэй, у кожнага пісьменніка сваё ўяўленне пра тое, ад чаго яго адлучылі) — гэта той ан­ дэграўнд, які трымае на хвалі папулярнасці і дазваляе трапіць у лік літаратурнай эліты.

Сваё? Чужое?

Пра гэтую ж праблему сучаснай беларускай літаратуры, якая, відаць, зацягнулася па часе, гаварыла Л. Сінькова ў артыкуле, апублікаваным у яе кнізе «Паміж тэкстам і дыскурсам: беларуская літаратура ХХ—ХХІ стст.» (2013): «Бясспрэчна, заўсёды было месца пад сонцам для літаратуры моладзевага пратэсту, максімалісцкага непрыняцця жыцця філістараў-старэйшых, для так званай контркультуры са сваёй багатай разнамоўнай, рознанацыянальнай, разначасавай традыцыяй (дзесьці ў свеце яна складае цэлыя плыні і напрамкі ), аднак жа паўсюль з’явы гэтыя маюць хрэстаматыйнапэўны статус контркультурных і зусім не ўзносяцца на пасад літаратурнага “мэйнстрыму”, на месца вызначальнікаў і, галоўнае, прэзентантаў усёй нацыянальнай літаратурнай традыцыі. А менавіта апошняе ёсць сур’ёзнай прэтэнзіяй маладой беларускай літаратуры». Гэтая пра­ блема застаецца актуальнай і сёння. “Маладым паўсюль у нас дарога” — не пусты лозунг: нароўні са старэйшымі пісьменнікамі яны выступаюць на старонках літаратур­ ных зборнікаў і перыядычных выданняў, сталі ўдзель­ нікамі шматлікіх прэстыжных літаратурных конкурсаў, дзе спецыяльна для маладых утвораны асобныя намінацыі, як і пры ўзнагароджванні літаратурнымі прэміямі, пры атрыманні спецыяльных грантаў і г. д. Але, як трапна заўважыла Л. Сінькова, творчасць маладых не літаратурны «мейнстрым», хоць многім з іх так падаецца. Безумоўна, жывы літаратурны працэс уносіць свае папраўкі ў суадносіны «мэйнстрыму» і контркультуры, традыцыйнага цэнтра і маргінальнай перыферыі, у складаных узаемадзеяннях і зменах пазіцый якіх карэктуецца сістэма ўзораў, норм і правілаў у традыцыі не як застылай, а дынамічнай з’явы. Аднак у аснове гэтых працэсаў арыентацыя менавіта на традыцыю як грунт пад нагамі ў літаратурным працэсе. Як адзначала Л. Сінькова, праблема адносін многіх маладых пісьменнікаў краіны да традыцыі, класікі і беларушчыны як да субкультуры, маргіналіі актуалізавана не сёння. Але ж літаратурны працэс не НЛА, што прыляцеў з космасу і туды ж можа паляцець без карэляцыі з традыцыяй, як бы гэтага ні хацелася найбольш прасунутым пісьменнікам-авангардыстам нашага часу, бо ў большасці выпадкаў іх уласны мастацкі працэс будуецца на адмаўленні традыцыі, а адмаўляючы, усё роўна даводзіцца апеляваць да яе парадыгм. А што ўзамен? Будаўніцтва вымагае новага погляду на свет, альтэрнатыўнага асэнсавання змены існуючага стану спраў, а ў літаратуры — яшчэ і абсалютна новых творчых падыходаў, метадаў і прыёмаў. Ці гатовы беларускія пісьменнікі без запазычвання заходнееўрапейскіх, амерыканскіх і іншых традыцый гэта здзейсніць на нацыянальнай глебе? Не падумайце: запазычваць не забараняецца, але каб гэта не стала самамэтай… Многія аўтары сцвярджаюць, што беларуская паэзія набыла ўзровень заходнееўрапейскай ці яшчэ якой культуры. Чаму яна павінна набываць гэтыя ўзроўні, а не нараджаць, дэманстраваць, ганарыцца сваімі, нацыянальнымі сэнсамі быцця, адлюстраванымі ў формах, якія падпарадкоўваюцца гэтым сэнсам і іх эфектыўна прадстаўляюць? Ці арыентуюцца тыя ж літаратуры еўрапейскіх краін на беларускую як узорную… Што за адвечная гонка за чужымі стандартамі пры адсутнасці ўласных пошукаў беларускага матэрыялу і адпаведных яму форм (не абагульняю, усё ж есць у беларускай літаратуры пісьменнікі, і іх нямала, якія сваім жыццём і творчасцю даказвалі іншае, але ж абазначаная тэндэнцыя пульсуе ў літаратурным працэсе ўжо больш за стагоддзе і яе варта ўзнімаць).

Верлібр у паэзіі нечакана паўстаў паратункам, той самай разняволенай формай, але ўжо для свабод не духу, а хутчэй цела. Форма верлібра, як і рыфмаваныя формы, дае свабоду там, дзе прысутнічае змест: яны былі і застаюцца абалонкай для зместу. Але раптам для некаторых аўтараў усе свабоды для самавыяўлення сканцэнтраваліся ў верлібры, астатнія формы і жанры, відаць, ужо не здольныя гэтыя свабоды ўтрымаць у сваіх «жорсткіх» межах і пэўных структурах. Даўно, яшчэ ў 1930-я гады, Максім Танк знайшоў у верлібры свабоду для грамадзянскага гучання, публіцыстычнага напалу, задзейнічаў яго ў якасці так званай трыбуны для абвяшчэння сацыяльных і палітычных пазіцый. І тады Максім Танк не займаў высокіх пасад, не меў ганаровых званняў, каб яны маглі абараніць яго ад рэпрэсій і карных мер, а задзейнічаў шырокія мастацкія магчымасці верлібра дзеля раскрыцця пратэсту супраць гвалтоўнай, якая прыніжае годнасць чалавека, сістэмы. Любоў да верлібра пранёс праз усё жыццё, давяраючы гэтай форме самыя патаемныя думкі і рухі душы. Не час вызначае выбар формы, а пісьменнік, які можа гэтую форму памастацку адушавіць, ажывіць глыбокім зместам, і тады форма аддзячыць магчымасцямі раскрываць самыя розныя сэнсы.

Сам сабе творца

Яшчэ адзін момант сучаснага літаратурнага працэсу варты ўвагі. Пісьменнік з філалагічнай адука­ цыяй сам выступае ў адносінах да ўласнай творчасці і як вытворца прадукцыі, і як асноўны «ацэншчык». Патлумачу, чаму. Як паказвае практыка, большасць аўтараў, якія пачалі публікавацца ў 1980—90-я гады, скончылі філалагічны факультэт ці атрымалі гуманітарную адукацыю, што было немалаважным аргументам у іх падрыхтаванасці да ўласнай творчасці, у  з’яўленні навыку прафесійна ацэньваць свае і чужыя творы, вызначаць іх месца ў літаратурным працэсе. Інтэлектуалізацыя літаратуры  — даўні працэс, пра яго гаварылі ў сваіх даследаваннях А. Лойка, Р. Семашкевіч, В. Бечык і іншыя даследчыкі яшчэ ў 1970-я гады. І гэты працэс набыў новыя формы і віды ў літаратуры. Аднак працэс інтэлектуалізацыі ў літаратуры выліўся ў  яшчэ адну тэндэнцыю: пісьменнікі-інтэлектуалы не маюць патрэбы ў крытычнай ацэнцы іх творчасці, часта самі выступаюць у абарону ўласных твораў і адбіваюць нападкі з боку «заўзятых» знаўцаў. Нават рэцэнзіі часта піша не даследчык літаратуры, а калега сярод літаратараў ці аўтар сам на сябе. Наяўнасць уласных старонак на розных сайтах у інтэрнэце дазваляе аўтару быць «анлайн», мабільным, аператыўна рэагаваць на водгукі чытача. На гэтых жа старонках аўтары дэманструюць не толькі ўласныя творы, але і прадстаўляюць праграмы творчасці, разважаюць пра шляхі развіцця літаратуры, даюць ацэнку бягучаму літаратурнаму працэсу і асобным яго прадстаўнікам і г. д. Гэта значыць, у асобе пісьменніка сумяшчаюцца дзве ролі — аўтара-стваральніка і крытыка-інтэрпрэтатара, і падобная інтэграцыя дзвюх розных роляў дазваляе яму стаць і вытворцам, і актыўным прапагандыстам уласнай творчасці, прычым на прафесійным узроўні.

На праблему ўзаемаадносін аўтар — крытык варта паглядзець і з такога ракурсу: ці гатовы сучасныя аўтары ўспрыняць розныя ацэнкі іх творчасці, пры­ няць іншыя думкі калі не з павагай, то хаця б без прыніжэння асобы, якая выказалася, і неабавязко­ ва крытычна? (Не абагульняю, гавару пра найбольш агрэсіўных і катэгарычных аўтараў.) Адстойваючы еўрапейскі ўзровень сваёй паэзіі, ці паводзяць сябе як еўрапейцы, уступаючы ў дыскусіі і дыялогі? Ці могуць яны дазволіць чытачу сказаць: «Мне ваш твор не спадабаўся, таму што…»? Усё выслухоўван­ не спыняецца на месцы «не спадабаўся…», а «таму што…» — гэта ўжо лішняя інфармацыя. Адстойваючы ўласныя свабоды ў творчасці, зноў жа не ўсе, але многія і маладыя, і прызнаныя аўтары не лічацца са свабодамі чытачоў. Чытач, як і аўтар, мае права любіць тую літаратуру, у той форме і з тымі зместамі і сэнсамі, якія яму асабіста нешта даюць, у ім штосьці ўскалыхваюць, яго ўзбагачаюць ці, наадварот, у ім многае адмаўляюць і яго ж густы аспрэчваюць. Кожнаму чытачу — свая цукерка-твор: аднаму — загорнутая ў форму верлібра, другому — у рыфмаваную форму... Спрэчкі аб перавагах аднаго ці другога смаку я лічу бессэнсоўнымі.

Што чытач?

Ці павінен чытач выказвацца толькі станоўча? Пра кампліментарную крытыку сказана ўжо нямала, яе роля зводзіцца да ўхвалення аўтара і рэкламы яго твораў як адкрыццяў у літаратуры — і ніяк інакш. Мне падаецца, што любое выказванне крытычнага характару пісьмен­ нікамі ўспрымаецца як інфармацыйная нагода падыску­ таваць, яшчэ раз прадэманстраваць свае аўтарскія пазі­ цыі, ну і як без гэтага — заявіць аб уласнай перавазе над дыскутантам, што «дробна плавае». І, безумоўна, любы інфармацыйны бум вакол асобы пісьменніка альбо яго твораў — усяго толькі чарговая сітуацыя ў пашырэнні папулярнасці, у выхадзе на большую аўдыторыю. Ці чакае сучасны аўтар крытыкі, якой нібы ўсім і паўсюль не хапае… не ў тым, прасавецкім варыянце, а ў форме свабоднага выказвання чытача-крытыка на набалелыя тэмы, ды проста ў форме адкрытага, дыскусійнага вод­ гуку на прачытанае? Хутчэй, яму патрэбны толькі хва­ лебныя оды. «Неадукаваны, нічога не чытаеш і нічога не разумееш у тонкай матэрыі мастацкага слова, кара­ цей — дурны ты сам», — нярэдкі адказ нашых аўтараў на крытычныя заўвагі ці выказаныя думкі адносна роз­ ных літаратурных пытанняў.

Аднак сітуацыя ў літаратуры можа і павінна быць ін­ шай... Я ў гэта веру.

Святлана КАЛЯДКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».