Вы тут

Увасобленае хараство


З чаго пачынаецца паэт? З той першай нечакана-імгненнай асацыяцыі, збянтэжанасці перад веліччу і загадкавасцю светабудовы, з раптоўнага ўсведамлення сваёй нікчэмнасці і адначасова значнасці, непаўторнасці, здольнасці сказаць толькі тое і толькі так, як гэта можаш ты, — і больш ніхто… З той таямнічай гісторыі, якую паўшэптам расказваў тата ў змроку соннай хаціны… З першых пахаў, гукаў, сонечных промняў, бруення вады, вечаровага вогнішча, месяцовага ззяння, вандровак па гушчарах, першых знойдзеных грыбоў...


Так, паэт пачынаецца са свайго дзяцінства, вырастае з яго і ў той жа час застаецца ў ім на ўсё жыццё: здзіўлены, агаломшаны дзіцёнак, які аднойчы зразумеў, што часу і смерці няма, але ёсць Слова, і ў ім — вечны жыццятворны Дух.

Прадстаўнік «старой паэтычнай гвардыі» Ігар Шклярэўскі зрабіўся класікам яшчэ ў мінулым стагоддзі, але, тым не менш, без яго твораў немагчыма ўявіць сучасную паэзію. Нягледзячы на тое, што піша ён па-руску і з 1965 года жыве ў Маскве, па светавычуванні ўсё-ткі застаецца абсалютна беларускім творцам. Радзіма заўсёды займала ў  яго жыцці надзвычай важнае месца: за ўласныя сродкі пасадзіў цэлы лес на Прыпяці, збіраў грошы, каб дапамагчы чарнобыльскім перасяленцам займець новае жытло. І ніхто так, як ён, не змог перадаць непаўторную, стыхійную энергетыку Айчыны, паказаць нам «…могилёвское лето, полустанки, грибные дожди, окна, полные тёплого света». І толькі ён меў права роспачна-радасна ўсклікнуць у адным са сваіх вершаў: «Руки болять! Ноги болять!», агучыўшы адным характэрным радком эмацыянальны стан свайго земляка, які пражыў сваё жыццё ў непарыўнай сувязі з прыродай і, наракаючы на цяжкую сялянскую долю, тым не менш, не ўяўляў інакшага лёсу.

Летась у выдавецтве «Кнігазбор» у серыі «Бібліятэчка часопіса “Дзеяслоў”» пабачыла свет кніга вершаў, паэм і эсэ Ігара Шклярэўскага «Ожерелье сушёных грибов». Адкуль жа такая незвычайная паэтычная назва? Адказ — у нізцы зацемак «Неопалимое»: «Дмитрий Сергеевич Лихачев… склонил свою серебряную седину, и я надел на него ожерелье сушёных грибов». Гэтак ураджэнец Беларусі, перакладчык «Слова пра паход Ігара» і «Песні пра зубра» засведчыў сваю павагу і ўдзячнасць слыннаму філолагу-даследчыку, які, між іншым, лічыў перастварэнне «Слова..» Шклярэўскім на рускую мову адным з найлепшых. А пасля знаёмства з перакладам знакамітага твора Гусоўскага ў слыннага акадэміка «…ажно вочы засвяціліся ад радасці». Абодва пераклады змешчаны ў гэтым зборніку. А ў сваіх эсэ Шклярэўскі таксама паэтычна і адначасова лагічна выбудоўвае гіпотэзу, што аўтар «Слова…» — беларус («…человек с  ястребом или соколом на плече, но крыло птицы закрывает его лицо»). Падобнай думкі, дарэчы, прытрымліваліся акадэмік Ліхачоў і гісторык Салаўёў. Як адзін з доказаў Шклярэўскі прыводзіць выключна беларускае слова «цвелить» (злаваць, дражніць). Зрэшты, хто, як не сам паэт, лепш за ўсё зразумее і адчуе іншага паэта, няхай нават той жыў за шмат стагоддзяў раней?

Лірычная медытацыя Шклярэўскага пры ўсёй сваёй знешняй прастаце глыбінная і натуральная, але не рафінаваная, чым выгадна вылучаецца на тле ўсёй сучаснай паэзіі. Яна пазачасавая, рэдка калі ў ёй можна знайсці нейкія канкрэтныя прывязкі да гістарычных падзей, магчыма, толькі ў вершах-прысвячэннях альбо ў такіх творах, дзе прарываецца вонкі бязмежная любоў аўтара да Радзімы: «За Оршей», «Воспоминание о Кричеве», «Белорусская Библия», «…У брата на Березине»… У гэтым сэнсе яна найбольш блізкая да эстэтыкі Райнера Марыя Рыльке альбо Федэрыка Гарсія Лоркі, калі малазначнае на першы погляд робіцца галоўным, няўлоўнае лунае ў паветры, а час і падзеі разгаліноўваюцца, каб сысціся ў сэрцы паэта:

Земляника сомлела от зноя,

оставляет на пальцах следы.

Изнывают поля и сады

и не движется время земное.

Шклярэўскі — майстар мастацкай асацыяцыі. Напрыклад, калі ён адлюстроўвае рэфлексіі закаханага падлетка:

Деревянные руки и ноги,

деревянный казённый язык

да еще этот шарфик убогий,

а под ним словно камень, — кадык.

Здаецца, усё проста і зразумела: тыповая сітуацыя, калі хлопец ці не ўпершыню ў жыцці прыйшоў на спатканне з дзяўчынай, усведамляючы сваю нязграбнасць, няздольнасць вымавіць ці зрабіць нешта ўцямнае. Матыў, які сустракаецца ў літаратуры шматкроць, напрыклад, у Барадуліна, калі ў адным з вершаў ён сам сябе называе «…чубатым і насатым, няўклюдным, вінаватым»…

І раптам — вобраз, які пры ўсёй сваёй нібыта штучнасці, амаль каламбурнасці дазваляе не толькі зазірнуць наўпрост у  душу аўтара, але і прыадчыняе дзверы ў яго творчую майстэрню:

Я — убожество! Ты — божество!

Вядома, можна ўспрыняць гэтыя словы літаральна — як эмацыянальны выбух, спантанны і непасрэдны. Але паэт не быў бы паэтам, калі б не пакідаў у сваіх вершах прасцягу для інтэрпрэтацый. А што калі ён насамрэч звяртаецца не да зямной дзяўчыны, а да Паэзіі, Музы? У такім выпадку мастацкае абагульненне набывае завершаны выгляд, аўтар тут «здымае капялюш» перад увасобленым хараством.

Лірычны герой Шклярэўскага — гэта чалавек прыроды, адэпт прыгажосці, абаронца традыцый і звычаяў продкаў. Паэма «Летописец реки..» — таму сведчанне. У гэтым творы паэт сапраўды прамаўляе ва ўнісон з вібрацыямі роднага краю, пільна ўзіраецца ў Сусвет «вачыма вады»:

Оцепенев, он смутно вспоминал себя —

еще до своего рожденья,

смотрел на убегающую воду

и радостно ее не понимал.

Змешчана ў кнізе і гутарка паэта з Міхасём Скоблам, у якой Шклярэўскі прызнаецца, што хацеў бы вярнуцца ў Беларусь, туды, дзе «…з’яднаюцца пачатак і канец, — на родную Магілёўшчыну ці ў Мінск». Падаецца, што зборнік «Ожерелье сушёных грибов» — гэта і ёсць своеасаблівае метафарычнае «вяртанне» Паэта на Радзіму, на родную бялыніцкую зямлю, да вытокаў свайго сапраўднага, прыроднага, стыхійнага таленту.

Янка ЛАЙКОЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?