Вы тут

Пачаўся зімова-вясенні прызыў у праект «Настаўнік для Беларусі»


Праграма «Настаўнік для Беларусі» аб’явіла старт новаму набору ініцыятыўных педагогаў на наступны навучальны год.


Падчас летняга інтэнсіву

Размова ідзе пра сумесны праект БПС-Ашчадбанка і Міністэрства адукацыі, мэта якога — прыцягнуць у школы ў невялікіх гарадах і населеных пунктах крэатыўных і неабыякавых настаўнікаў, якія хочуць і могуць прыўнесці ў сваю прафесію новыя цікавыя ідэі, умеюць спраўляцца з цяжкасцямі, захоўваючы аптымізм, імкнуцца да самаразвіцця, гатовыя да змен (у тым ліку і да пераезду на новае месца) і вераць у свае сілы.

Жорсткіх абмежаванняў для ўдзелу ў праграме не існуе: гэта могуць быць як новаспечаныя выпускнікі педагагічных спецыяльнасцяў, так і вопытныя настаўнікі ці нават сям’я педагогаў. Ключавой з’яўляецца наяўнасць профільнай педагагічнай адукацыі або кваліфікацыя педагога.

Праграма адкрывае перад педагогамі ўнікальныя магчымасці для асабістага і прафесійнага росту праз удзел у Летнім інтэнсіве і падтрымліваючыя метадычныя мерапрыемствы. Кожны з іх становіцца часткай прагрэсіўнай настаўніцкай супольнасці.

Немалаважнай з’яўляецца і матэрыяльная падтрымка. Акрамя заработнай платы, удзельнікі праграмы атрымліваюць таксама стыпендыю за дадатковую нагрузку па рэалізацыі праектаў плюс кожны з іх будзе забяспечаны для зручнасці работы ноўтбукам.

Удзельнік сам выбірае і прапрацоўвае праект, які ён будзе рэалізоўваць. Гэта можа быць любая ініцыятыва — ад стварэння дэндрапарку на прылеглай да школы тэрыторыі да адкрыцця на яе базе курсаў па праграмаванні для дзяцей і дарослых. Абавязковая ўмова — ініцыятыва павінна арыентавацца на развіццё мясцовай супольнасці. Маштабны праект можа рэалізоўвацца некалькімі ўдзельнікамі.

Летась для ўдзелу у праграме «Настаўнік для Беларусі» былі абраныя дзевяць настаўнікаў, якія на два гады адправіліся працаваць у школы ў Кобрынскім (аграгарадок Павіцце), Бярэзінскім (Паплаўскі дзіцячы сад—сярэдняя школа), Чэрвеньскім (Лядзенскі дзіцячы сад — сярэдняя школа) раёнах, у гімназію ў Дзяржынску і Негарэльскую сярэднюю школу №1.

— Як вы думаеце, што прасцей: знайсці апантаных настаўнікаў ці школы, гатовыя іх прыняць? — разважае адзін з каардынатараў праграмы Алена МЕЛЬЧАНКА. — Для школ удзел у праекце можа стаць выдатнай інфармацыйнай нагодай, каб прыцягнуць да сябе ўвагу, і дадатковым імпульсам для развіцця ўстановы. Але сумясціць інтарэсы школ і профіль адабраных у выніку конкурсу педагогаў — задачка няпростая. Летась для ўдзелу ў праекце падало заяўкі каля 20 школ. Іх геаграфія ахоплівала ўсе рэгіёны Беларусі. У самым вострым дэфіцыце былі настаўнікі матэматыкі. Таксама прасілі даслаць да іх фізікаў, настаўнікаў інфарматыкі, геаграфіі, фізічнай культуры, беларускай, рускай і нават кітайскай мовы.

Удзельнікі і каардынатары праграмы "Настаўнік для Беларусі" падчас урачыстай цырымоніі завяршэння летняга інтэнсіву ў БПС-Ашчадбанку.

Першы крок для ўдзелу ў праграме — запаўненне анкеты на сайце tеасh4.bу. Прыём анкет першай хвалі заканчваецца 10 лютага, другой — 4 мая. Пасля разгляду анкеты пры ўмове яе адпаведнасці крытэрыям удзелу ў Праграме з суіскальнікам звяжацца прадстаўнік каманды «Настаўнік для Беларусі» для правядзення дыстанцыйнага інтэрв’ю. Пры паспяховым яго праходжанні педагог атрымлівае запрашэнне на ўдзел у вочным туры адбору ў Мінску. Для таго каб найбольш аб’ектыўна падысці да выбару будучых удзельнікаў «Настаўніка для Беларусі», камандай праекта з прыцягненнем спецыялістаў па падборы персаналу была распрацавана «Мадэль кампетэнцый», якая грунтуецца на місіі і каштоўнасцях праекта і акумулюе ў сабе вопыт аналагічных праграм па ўсім свеце.

— Мы настроены вельмі аптымістычна, — падкрэслівае Алена Мельчанка. — Спадзяёмся, што другі набор будзе ўдвая большы за папярэдні. Чакаем людзей нераўнадушных, з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, разуменнем уласных магчымасцяў, здольных захапіць сваёй ідэяй і павесці за сабой. І мы вельмі чакаем, што геаграфія школ — удзельніц праекта таксама ў наступным навучальным годзе пашырыцца...

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота дадзена каардынатарамі праграмы «Настаўнік для Беларусі».

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.