Вы тут

У Магілёўскай вобласці рэалізуецца пілотны праект па мадэрнізацыі шматкватэрных дамоў


Сёння рэдка ад каго пачуеш, што ў яго кватэры холадна. Часцей расказваюць пра тое, што дыхаць няма чым і даводзіцца адкрываць фортачкі. А што яшчэ рабіць, калі іншага спосабу панізіць градус у кватэры няма? Вашы нараканні пачутыя. Указ № 327 «Аб павышэнні энергаэфектыўнасці шматкватэрных дамоў», які нядаўна ўступіў у дзеянне, якраз і накіраваны на тое, каб вырашыць гэтую праблему. А Сусветны банк нават гатовы выдзеліць на мадэрнізацыю грошы: на працягу пяці гадоў плануецца зрабіць энергаэфектыўнымі некалькі сотняў дамоў.


Навошта нам гэта трэба?

Тэма энергаэфектыўнасці на фоне паступовага павышэння цэн на камунальныя паслугі да ўзроўню іх акупнасці асабліва актуальная. Сёння, напрыклад, мы аплачваем цяпло ўсяго толькі на 20 % ад яго поўнага кошту. І лічба будзе павялічвацца. Праблема ў тым, што 80 % жылля Беларусі (тое, што пабудавана да 1996 года) спажывае амаль у два разы болей цяпла, чым сучаснае. Пераважная колькасць такіх кватэр, як мы ўжо казалі, не абсталяваная тэрмарэгулятарамі. Нічога іншага не застаецца рабіць, як «грэць вуліцу». Але ж за гэта таксама даводзіцца плаціць.

Указ № 327 дае магчымасць вырашыць гэтую праблему з дапамогай мадэрнізацыі. Прапануецца некалькі варыянтаў — ад уцяплення сцен да замены вокнаў, уваходных груп і ўстаноўкі тых самых тэрмарэгулятараў. Палову выдаткаў гатова ўзяць на сябе дзяржава, а вось другую павінен будзе кампенсаваць сам жылец. Прычым усю суму за адзін раз яму выплачваць не давядзецца. Гэта можна зрабіць з растэрміноўкай на 10 гадоў. Указ агаворвае, што цеплавая мадэрнізацыя будзе магчыма толькі ў тым выпадку, калі за яе прагаласуе дзве трэці жыхароў дома. Сёння камунальнікі актыўна інфармуюць насельніцтва аб перавагах мадэрнізацыі.

Паводле інфармацыі спецыялістаў Магілёўскага і Бабруйскага гарвыканкамаў, яшчэ да ўступлення Указа ў дзеянне былі праведзены сустрэчы з жыхарамі больш чым 160 дамоў. Па некаторых дамах ужо прапрацоўваецца магчымасць іх удзелу ў мадэрнізацыі. У першую чаргу гэта датычыцца тых будынкаў, дзе плануецца правесці капрамонт. У гэтым выпадку ёсць магчымасць сэканоміць на праектных работах — іншымі словамі, для мадэрнізацыі не спатрэбіцца рабіць асобны праект і праводзіць дадатковыя пошукі.

У чым розніца?

Нядаўна ў Магілёве прайшоў семінар для работнікаў сістэмы ЖКГ, арганізаваны Дэпартаментам па энергаэфектыўнасці сумесна з прадстаўніцтвам Сусветнага банка. Былі дэталёва разгледжаны патрабаванні, палажэнні і нормы Указа, неабходнасць яго прыняцця, моманты, якія датычыліся яго падрыхтоўкі. Агаворваліся таксама нюансы правядзення сходаў з жыхарамі, варыянты адказаў на найбольш частыя пытанні.

— Пачынаючы з 2016 года, мадэрнізацыя за дзяржаўны кошт у краіне не праводзіцца — толькі капрамонты, — адзначае начальнік Магілёўскага абласнога ўпраўлення па наглядзе за рацыянальным выкарыстаннем паліўна-энергетычных рэсурсаў Аляксандр Баргацін. — Капрамонт — гэта ўсяго толькі аднаўленне спажывецкіх, тэхнічных параметраў будынка да першапачатковых, якія былі прадугледжаны ў праекце. Калі там ішла гаворка пра драўляныя вокны, то на пластыкавыя іх ужо не заменяць. І сцены не зробяць таўсцейшыя, чым было запраектавана. Проста ўсё прывядуць у першапачатковы стан. А вось мадэрнізацыя можа зрабіць дом сапраўды сучасным і энергаэфектыўным. Дастаткова рэканструяваць сістэму ацяплення, зрабіць добры якасны цеплапункт і арганізаваць пакватэрны ўлік цяпла. Па Мінску гэта ўжо адпрацавана. Як толькі дом пераходзіць на разлік па індывідуальных лічыльніках, спажыванне цяпла памяншаецца на 10—15 %. А ўсё таму, што жыхарам далі магчымасць рэгуляваць цяпло пад сябе.

Па прыкладзе суседзяў

Некалькі гадоў таму «хрушчоўкі» ў Магілёве мадэрнізаваліся выключна за кошт дзяржавы. У дамах дабудоўваліся балконы, уцяпляліся сцены. А цяпер за гэта давядзецца плаціць? А як жа адлічэнні жыхароў на капрамонт?

— Тыя жыхары, якія нядаўна памянялі ў сваіх кватэрах вокны, напэўна, разумеюць, што толькі на адно акно давялося б адлічваць грошы на капрамонт не адзін год, — аргументуе Аляксандр Баргацін. — Трэба цвяроза глядзець на рэчы. Нашы адлічэнні на капрамонт не пакрываюць выдаткаў на мадэрнізацыю. У дзяржавы няма рэсурсаў так глыбока мадэрнізаваць жыллё, як гэта пачыналася. Да таго ж фонд адлічэнняў на капрамонт мы фарміруем з 1999 года. А рамантуем будынкі, якія ўзводзіліся яшчэ ў савецкі час.

Спецыяліст звяртае ўвагу на тое, што капрамонт ніякіх адносін да мадэрнізацыі не мае. Ён будзе праводзіцца, як і раней, па графіку і абсалютна бясплатна, то-бок за кошт адлічэнняў насельніцтва на капрамонт. І ўсё ж такі калі фарбуюць сцены і кладуць уцяпляльнік — гэта капрамонт або мадэрнізацыя? Як наогул разабрацца, дзе мяжа паміж першым і другім?

— Калі фасад абветрыўся і на ім утварыліся нейкія расколіны, яго затынкуюць і пафарбуюць — адновяць першапачатковы выгляд дома, — тлумачыць суразмоўца. — Калі ж будуць праводзіцца дадатковыя работы па ўцяпленні, напрыклад павялічаць таўшчыню сцен з выкарыстаннем спецыяльнага матэрыялу, то гэтыя выдаткі аднясуць ужо на рахунак мадэрнізацыі.

У аснову правядзення мадэрнізацыі жылога фонду пакладзены прыклад Літвы. Там гэтую работу пачалі праводзіць яшчэ шэсць гадоў таму. Як паказваюць вынікі, поўная мадэрнізацыя будынка дазваляе знізіць спажыванне цеплавой энергіі да 50 % і больш.

— Сёння, па розных ацэнках, шматкватэрны жылы фонд спажывае ад 30 да 33 % цеплавой энергіі, а жыхары плацяць толькі 20 % ад фактычнага кошту гэтай паслугі. Астатнія 80 % субсідзіруе дзяржава, — нагадвае Аляксандр Баргацін. — Таму вельмі важна знізіць расход цеплавой энергіі і, адпаведна, нагрузку на бюджэт у выглядзе субсідзіравання паслуг. А для жыхара — гэта магчымасць атрымаць больш камфортныя ўмовы існавання. Гродзенская і Магілёўская вобласці выбраны ў якасці пілотных на правядзенне мадэрнізацыі, сродкі на рэалізацыю гэтай праграмы выдзяляе Сусветны банк, а вось іншым абласцям трэба будзе сфарміраваць спецыяльны фонд. Як агаворваецца ва Указе, на гэтыя мэты пойдзе 10 % адлічэнняў на капрамонт, сродкі ад продажу камунальнай уласнасці пры прыватызацыі, а таксама будуць задзейнічаны іншыя крыніцы фінансавання.

Нэлі ЗІГУЛЯ, фота аўтара

Загаловак у газеце: Не блытаць з капрамонтам!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.