Вы тут

Лукашэнка: Уручэнне прэміі «За духоўнае адраджэнне» — выдатная традыцыя, якая надае калядным святам асаблівы сэнс


Вялікія справы складаюцца з безлічы малых, дробных, штодзённых спраў і клопатаў. Калі, як гэтыя нашы неспакойныя дні і ночы перарастаюць у трывалы плён, які дае спакой і ўпэўненасць не аднаму чалавеку, а многім людзям, цэламу народу, трываласць цэлай краіне? Напэўна гэта ведаюць тыя, хто ўчора з рук кіраўніка дзяржавы атрымалі дыпломы лаўрэатаў прэміі Прэзідэнта Беларусі «За духоўнае адраджэнне», спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Беларусі дзеячам культуры і мастацтва і спецыяльнай прэміі Прэзідэнта «Беларускі спартыўны Алімп».

 


Ідэя служэння грамадству

«Уручэнне прэміі «За духоўнае адраджэнне» — выдатная традыцыя, якая надае калядным святам асаблівы сэнс, — сказаў ён. — Гэты вечар мы прысвячаем нашым суайчыннікам — тым, хто зберагае і ўзбагачае нацыянальную культуру Беларусі, штогод здзіўляе нас неверагоднымі дасягненнямі. Высокія імкненні людзей, якія зараз падымуцца на гэтую сцэну, не суадносяцца з канонамі сучаснага прагматычнага свету, дзе ўсё прадаецца і купляецца, а мараль і справядлівасць не каштуюць нічога».

Прэзідэнт адзначыў, што вялікую ідэю служэння грамадству і дзяржаве намінанты прэміі «За духоўнае адраджэнне» ставяць вышэй за матэрыяльныя выгоды. Сваімі справамі і ўчынкамі яны замацоўваюць у нашых сэрцах веру ў дабро і чысціню думак.

«Такі прыклад выклікае пачуццё гордасці за наш народ, які захаваў найлепшыя нацыянальныя рысы: спагадлівасць і велікадушнасць, працавітасць і мэтанакіраванасць, сапраўдны патрыятызм, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Дзякуючы героям гэтага святочнага вечара цеплыню і пяшчоту адчулі многія беларускія дзеці, якія засталіся без бацькоўскага клопату і любові. Знайшлі спачуванне і падтрымку людзі, якія сутыкнуліся з цяжкай хваробай, апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі».

«Сімвалічна, што напярэдадні 75-годдзя Вялікай Перамогі мы ўручым прэмію «За духоўнае адраджэнне» Беларускаму грамадскаму аб'яднанню ветэранаў, — дадаў Прэзідэнт. — Адзначым іх унёсак у захаванне памяці аб подзвігу народа і актыўную гуманітарную дзейнасць».

Беларускі лідар выказаў пажаданне, каб традыцыйная прэмія «Беларускі спартыўны Алімп» натхніла айчынных спартсменаў на новыя здзяйсненні на будучых Гульнях у алімпійскім Токіа.

Памяць і вернасць

Прэзідэнт перакананы, што наша незалежная дзяржава створана ў тым ліку дзякуючы памяці аб сваіх вытоках і вернасці зямлі сваіх продкаў. «Мы і надалей будзем падтрымліваць і заахвочваць усіх, хто ўзбагачае культурную спадчыну Беларусі, беражэ маральныя і духоўныя арыенціры, адраджае і напаўняе новым сэнсам нацыянальныя традыцыі», — адзначыў беларускі лідар і назваў такіх творцаў якарам, які дапаможа ўтрымацца на хвалі глабалізацыі, нацэленай на разбурэнне дзяржаўных асноў.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што мы адкрытыя для дружбы і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва, але наш традыцыйны сацыяльна арыентаваны ўклад непахісны. «Толькі так, памятаючы, хто мы і ў чым наша ўнікальнасць, захоўваючы сваю ідэнтычнасць і самабытнасць, мы зможам супрацьстаяць ідэі ўніфікацыі свету пад адзіны, чужы нашаму менталітэту ўзор ці стандарт. Ствараючы духоўную, маральную і культурную асновы для жыцця будучых пакаленняў беларусаў, мы таксама забяспечваем нацыянальную бяспеку і ўмацоўваем суверэнітэт краіны», — сказаў ён.

Стварэнне моцнай, незалежнай дзяржавы — заслуга ўсяго беларускага народа, але асаблівая роля належыць тым, хто прысвяціў сябе бескарысліваму служэнню сваёй Айчыне.

 

Краіну стварае народ

Аляксандр Лукашэнка закрануў і надзённыя тэмы жыцця краіны. Ён нагадаў, што зараз вельмі часта кажа аб суверэнітэце і незалежнасці. У тым ліку і таму, што яшчэ ніколі наш народ не меў магчымасці без крыві, з нуля, на рэштках вялікай краіны пабудаваць незалежную дзяржаву. І мы не маем права не скарыстацца гэтай унікальнай магчымасцю.

Ён адзначыў, што нашу дзяржаву сёння мы будуем не толькі для сябе, але для сваіх дзяцей. Аднак час сёння няпросты. «Я не апраўдваюся і тым больш нікога не баюся. Я проста хачу папярэдзіць вас усіх — зараз вельмі востры перыяд існавання нашай дзяржавы. Мы ідзём не проста па тонкім лёдзе ці па лязе. Мы ідзём і хістаемся злева направа. І не дай бог, недакладны ці няправільны крок — і мы страцім усё», — сказаў кіраўнік краіны.

Каб пазбегнуць непапраўнага, неабходна супыніць «блуканне па мірных, спакойных, чыстых вуліцах» і размовы аб здрадах, аб здачы Беларусі. «Можа, хтосьці гэтага (здачы. — Зв.) і хоча, але не першы Прэзідэнт, які гэту краіну будаваў», — удакладніў лідар дзяржавы.

 

Не нафтай адзінай

Кіраўнік дзяржавы папрасіў нацэліцца на будучыню і падкрэсліў, што не нафта або газ — галоўнае ў сённяшніх адносінах Беларусі і Расіі.

«Чаму мы да гэтага часу з Прэзідэнтам Расіі не дамовіліся па нафце? Ды таму, што Расія хоча, каб мы купілі ў яе нафту па цане вышэй за сусветную. Дзе такое бачна? Таму я і адмовіўся ад такой нафты і шчыра заявіў, калі не будзе паставак па сусветнай цане з Расіі нафты, мы знойдзем гэту нафту ў іншым месцы, што мы і робім», — расказаў Прэзідэнт.

Простая пазіцыя кіраўніка краіны і па газе. Па словах Аляксандра Лукашэнкі, «Газпрам» сёння зарабляе на Беларусі ў тры разы больш, чым на Германіі. «Мы дамовіліся на сёння, што гэтыя два месяцы, пакуль мы не дамовімся, гэта была прапанова Прэзідэнта Пуціна, будзем працаваць па газе на ўмовах 2019 года. Але я нагадаў, калі мы ішлі на продаж «Белтрансгаза» (гэта было ў 2011 годзе), была жорсткая дамоўленасць, што за пяць гадоў мы выйдзем на расійскую цану па газе. Хтосьці гэта забыў, я помню. І я настойваю, каб гэта было рэалізавана», — паведаміў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў: у больш зручны час падрабязна раскажа грамадскасці пра тое, што адбываецца ў свеце, і ў прыватнасці, пра адносіны з Расіяй.

«Але вы павінны памятаць: няма больш у свеце народа, які б з такой павагай і хваляваннем адносіўся да беларусаў, як расіяне. Па-рознаму могуць устройвацца скокі, свістапляскі і ісці перагаворы паміж кіраўніцтвам краін і элітай, але трэба глядзець глыбей. Расіяне — нашы браты, якія заўсёды гатовыя падставіць нам плячо ў складаную хвіліну», — звярнуў увагу Прэзідэнт Беларусі і запэўніў, што няма катастрофы, калі мы не дамовімся з Расіяй.

Але нават у гэтай сітуацыі жыць будзем не горш, чым летась. «Мы сталі на ногі дзякуючы сваёй працы», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Сусветныя спецыялісты і аналітыкі ацэньваюць беларусаў як адукаваных, працавітых людзей. Сёння, па словах Прэзідэнта, пэўныя сілы жадаюць сутыкнуць беларусаў і расіян, але нашы адносіны — паказчык таго, як павінны развівацца сувязі.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Марыя ДАДАЛКА

Фота БЕЛТА і Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

РІSА-2018: зваротная сувязь. Якія праблемныя пункты ў адукацыі выявіла міжнароднае даследаванне

РІSА-2018: зваротная сувязь. Якія праблемныя пункты ў адукацыі выявіла міжнароднае даследаванне

Наколькі беларуская сістэма адукацыі канкурэнтаздольная і ці адпавядае яна сусветным трэндам?

Грамадства

Чаму наяўнасць бацькі ў сям'і такая важная для дзіцяці

Чаму наяўнасць бацькі ў сям'і такая важная для дзіцяці

Дзеці, якія вырастаюць у сем'ях, дзе няма таты або ён ёсць, але амаль не ўдзельнічае ў жыцці малога, па ўсіх паказчыках прайграюць і ў дзяцінстве, і ў дарослым жыцці.

Грамадства

Іван і Алена: Мы цікавыя адно аднаму ва ўсіх праявах

Іван і Алена: Мы цікавыя адно аднаму ва ўсіх праявах

І праз дзесяць гадоў пасля знаёмства яны любяць шпацыраваць па горадзе, узяўшыся за рукі.

Спорт

Як жыве адзіная школа коннага спорту ў Мінскай вобласці

Як жыве адзіная школа коннага спорту ў Мінскай вобласці

Да свайго юбілею школа атрымала выдатны падарунак — капітальны рамонт.