Вы тут

Наталля Качанава акрэсліла прыярытэты ў працы сенатараў ад Мінска


Сустрэчы з парламентарыямі ў такім фармаце (па рэгіёнах) адбываюцца ўпершыню. Да гэтага часу ўжо праведзены нарады з сенатарамі Гомельскай, Віцебскай абласцей. Учора на парадку дня былі задачы для прадстаўнікоў сенатарскага корпуса Мінска.


«Важная работа, таму што гэта фармат, калі мы звяраем гадзіннікі ў сваёй рабоце. Пэўныя пытанні мы хочам давесці да сенатараў і ў той жа час слухаем іх пытанні, тыя задачы, якія стаяць перад імі на месцах. У прыватнасці, у горадзе Мінску пры адміністрацыях. Такая форма работы будзе працягнута», — сказала Наталля Качанава, адзначыўшы, што ў найбліжэйшы час адбудуцца сустрэчы са старшынямі абласных Саветаў дэпутатаў у сталіцы, а потым пачнецца работа ў рэгіёнах.

Бягучы год, як ужо неаднойчы гучала ад прадстаўнікоў улады, — значны. Завяршаецца пяцігодка, ствараецца база, фарміруецца праграма для работы на наступную. Плюс 2020-ы — год электаральны. Таму кіраўніцтва верхняй палаты парламента нацэлена на актыўнае ўзаемадзеянне з усімі прадстаўнікамі дэпутацкага корпусу, які ёсць у краіне — ад раённых Саветаў да Савета Рэспублікі.

«Дэпутаты — гэта тыя, каго абірае народ, каму ён давярае ў поўнай меры, — нагадала спікер Савета Рэспублікі. — Трэба паглядзець, як дэпутацкія наказы выконваюцца на месцах. Калі цябе выбралі і ты ўжо працуеш, не павінен забывацца пра тыя абяцанні, якія даваў людзям падчас выбараў».

На нарадзе для сенатараў гучала задача часцей размаўляць і сустракацца з грамадзянамі — на прадпрыемствах, сацыяльных аб'ектах, закранаючы праблемы адукацыі, аховы здароўя і іншыя сацыяльныя тэмы. «Дакладна ўпэўнена ў тым, што калі людзі інфармаваныя, ведаюць пытанні, якія іх хвалююць, яны больш спакойна адносяцца да ўсяго, што адбываецца», — падкрэсліла Наталля Качанава.

У сталіцы, дзе па афіцыйных звестках пражывае амаль два мільёны мінчан, дэпутацкі корпус прадстаўлены 60 членамі гарадскога Савета дэпутатаў, 20 чалавекамі, што працуюць у ніжняй палаце парламента, і васьмю сенатарамі. Як паказвае практыка, найбольш актыўнае насельніцтва — гэта жыхары гарадоў. Не толькі сталіцы, але і гарадоў абласнога падпарадкавання, абласных цэнтраў.

«Аналізуючы сітуацыю, якая адбываецца вакол нас ці ў цэлым у краіне, мы адкуль бяром інфармацыю пра тое, што хвалюе нашых грамадзян? Канешне, гэта прыёмы па асабістых пытаннях, звароты, якія паступаюць да нас», — адзначыла спікер Савета Рэспублікі.

Абмяркоўваючы на сустрэчы з членамі верхняй палаты праблемы горада Мінска, Наталля Качанава зрабіла акцэнт на выроўніванні заробкаў на прадпрыемствах. «Ёсць дакладна вызначаныя задачы па заробках. Нягледзячы на тое што даходы ў жыхароў сталіцы сёння самыя высокія ў краіне, сапраўды тут горад Мінск — лідар па гэтых паказчыках, ёсць прадпрыемствы, дзе заробкі сёння не дацягваюць на пэўнага ўзроўню. Таму трэба глядзець на эфектыўную работу кожнага прадпрыемства, арганізацыі», — паведаміла яна.

З месяца ў месяц каля пяці ці больш арганізацый не выплачваюць своечасова заробкі. «У найбліжэйшы час я буду на адным з прадпрыемстваў, дзе правяду інфармацыйную сустрэчу ў калектыве. Таму нам трэба глядзець, каб заробкі выплачваліся своечасова. Так, можна сказаць, што гэта не нашая задача, мы працуем над законапраектамі. Але як не наша? — задала пытанне Наталля Качанава. — Людзей гэта хвалюе, яны звяртаюцца да нас, і мы будзем хадзіць у калектывы і бачыць гэта. Значыць, трэба дакладна ўказваць на гэта органам улады. Не павінна быць такая сітуацыя ў Мінску».

Указам Прэзідэнт зацвердзіў законапраекты, над якімі дэпутатам і сенатарам неабходна працаваць у перспектыве. Па словах Наталлі Качанавай, у найбліжэйшыя дні адбудзецца сумесная сустрэча старшынь пастаянных профільных камісій Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі. На ёй будуць вызначаны падыходы ў агульнай заканатворчай дзейнасці.

«Мы дакладна для сябе вызначылі, што не можам далучацца да законапраектаў тады, калі яны выходзяць на фінішную стадыю. Мы будзем дамаўляцца пра тое, што павінны далучацца да распрацоўкі законапраектаў на самай пачатковай стадыі. Па меры магчымасцяў», — заўважыла спікер верхняй палаты парламента.

Асаблівую ўвагу накіравала яна на гэтую дзейнасць старшынь камісій, якія працуюць у Савеце Рэспублікі на прафесійнай аснове.

На парадку дня ў Мінску пытанні развіцця горада як сталіцы, жамчужыны Беларусі, эстэтызацыя навакольнага асяроддзя, добраўпарадкаванне гарадскіх тэрыторый, завяршэнне будаўніцтва шматлікіх аб'ектаў, забеспячэнне транспартнай інфраструктурай, якая звяжа мегаполіс з гарадамі-спадарожнікамі, наладка работы хуткасных экалагічных гарадскіх трамваяў.

«Гэтыя пытанні вельмі важныя для горада. Перспектывы развіцця яго неабходна бачыць: не толькі, як ён будзе жыць сёння ці заўтра, а і на дзесяцігоддзе наперад, каб быў камфортны, зручны для жыхароў», — падкрэсліла старшыня верхняй палаты парламента.

Наконт выканання прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2020-ы гораду прыйдзецца сур'ёзна папрацаваць, бо летась шэраг з іх не быў дасягнуты. Экспарт тавараў, паслуг, прыцягненне прамых замежных інвестыцый — гэтыя задачы неабходна вырашаць. Дарэчы, такія эканамічныя недахопы характэрныя для ўсіх рэгіёнаў краіны. Значная станоўчая рыса адрознення ў сталіцы ўсё ж такі ёсць. У Мінску засяроджана самая вялікая колькасць жыхароў, таму няма праблем з працоўнымі рэсурсамі.

На 15 студзеня запланавана сустрэча з членамі Саветы Рэспублікі ад Мінскай вобласці.

Гэта адзін з найбуйнейшых рэгіёнаў краіны, таму пэўныя праблемныя моманты ёсць. Першасная ўвага аддаецца пытанням, якія датычацца зямельных участкаў, добраўпарадкавання тэрыторый. Крыху менш турбуе працаўладкаванне, бо рэгіён прысталічны. Важныя задачы — развіццё гарадоў-спадарожнікаў, будаўніцтва жылля. «Такімі пытаннямі сёння павінны займацца і парламентарыі ў тым ліку. Гэта тэмы, якія хвалююць нашых грамадзян», — канстатавала Наталля Качанава.

Яна адзначыла, што, працуючы яшчэ ў Адміністрацыі Прэзідэнта, заўважала, што зваротаў ад жыхароў прысталічнага рэгіёна паступае значна больш, чым з іншых абласцей. «Таму тут трэба асаблівую ўвагу звяртаць на развіццё Мінскай вобласці. Але, калі сёння глядзець па выкананні прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2019 год, — гэта вобласць у лідарах», — падкрэсліла старшыня Савета Рэспублікі.

Марыя ДАДАЛКА

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.