Вы тут

У Мінску плануюць рэалізаваць праект па энергетычнай утылізацыі цвёрдых бытавых адходаў


У сталіцы штогод утвараецца звыш 880 тысяч тон смецця. Прыблізна 500 тысяч тон з іх у далейшым трэба кампаставаць, захаваць альбо выкарыстоўваць у энергетыцы. Магутнасць дзеючых цяпер сартавальных ліній дазваляе перапрацаваць не больш за 150 тысяч тон адходаў. А як выкарыстаць астатнія? Можа, мэтазгодна іх спальваць? Пра гэта ішла гаворка ў грамадскім прэс-цэнтры Дома прэсы, у якой узялі ўдзел спецыялісты розных ведамстваў.


Нетрадыцыйны энерганосьбіт

«Кіраўніком дзяржавы было дадзена даручэнне аб тым, каб Мінэнергетыкі сумесна з усімі зацікаўленымі, у тым ліку гарадскімі ўладамі, Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Міністэрствам жыллёва-камунальнай гаспадаркі і іншымі, прапрацавала пытанне рэалізацыі пілотнага праекта па энергетычным выкарыстанні цвёрдых камунальных адходаў, — паведаміла намеснік міністра энергетыкі Вольга ПРУДНІКАВА. — Пытанне складанае, шматграннае. Патрабуе пэўнага часу для таго, каб яго комплексна вывучыць і прыняць абгрунтаваныя рашэнні».

Цяпер створана рабочая група, у якую ўвайшлі прадстаўнікі названых ведамстваў. Па словах Вольгі Пруднікавай, адным з асноўных кірункаў работы па абыходжанні з адходамі з'яўляецца рэцыклінг. У прыватнасці, адходы можна разглядаць як «не зусім традыцыйныя віды энерганосьбітаў для нашай энергетыкі». Гэта значыць, плануецца выкарыстоўваць іх для вытворчасці цеплавой энергіі. Спальванне цвёрдых бытавых адходаў на ЦЭЦ — вядомы сусветны вопыт. Такі спосаб здабычы энерганосьбітаў не залежыць ад прыродных умоў, у адрозненне ад ветракоў.

Пляцоўкай для такога пілотнага праекта папярэдне абрана Мінская ЦЭЦ-4. Цяпер распрацоўваецца перадпраектная дакументацыя, якая прадугледжвае тры схемы работы на ЦЭЦ з улікам ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе. Да таго ж у нашай краіне ёсць вопыт выкарыстання адходаў вытворчасці ў якасці энерганосьбіта.

«На Бабруйскай ЦЭЦ-1 быў рэалізаваны праект па выкарыстанні ў якасці паліва адходаў гідролізнай вытворчасці, — нагадала намеснік міністра. — Мы маем вопыт, бачым тыя праблемы, якія могуць узнікнуць. Мы ўжо падрыхтавалі дакументы для грамадскіх абмеркаванняў, цяпер праводзяцца працэдуры па падрыхтоўцы гэтых мерапрыемстваў». Дату грамадскага абмеркавання праекта павінны вызначыць гарадскія ўлады. Тэрытарыяльна ЦЭЦ-4 знаходзіцца ў Фрунзенскім раёне сталіцы.

Абнавіць традыцыйныя схемы

Па словах намесніка генеральнага дырэктара па эксплуатацыі жыллёвага фонду і вытворчых пытаннях ГА «Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка» Цімафея КРЭМЕЗА, цяпер распрацоўваецца схема абыходжання з адходамі, якая дазволіць вызначыць правільную лагістыку: як лепш ажыццяўляць збор, перавозку і сартаванне адходаў, як размясціць кантэйнерныя пляцоўкі з мэтай забеспячэння максімальнага сартавання.

Акрамя таго, заключаны дагавор з «Белжылпраектам» для правядзення аналізу марфалагічнага складу ЦБА: колькі ў іх пластыку, шкла, металу і іншых матэрыялаў, як склад адходаў адрозніваецца ў залежнасці ад часу года. Апошні раз такое даследаванне праводзілі ў 2010 годзе.

Цяпер па ўсёй краіне ідзе ліквідацыя міні-палігонаў. Як паведаміў начальнік аддзела водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі і добраўпарадкавання Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Аляксей ФІЛАНОВІЧ, да 2023 года іх наогул не павінна застацца, а плошчы павінны быць рэкультываваны. У некаторых населеных пунктах ужо дзейнічаюць, у іншых яшчэ трэба будзе пабудаваць рэгіянальныя комплексы па абыходжанні з адходамі. Нагадаем, што цяпер ва ўсіх абласных цэнтрах, акрамя Віцебска, працуюць заводы па сартыроўцы смецця. Плануецца, што ў Віцебску такое прадпрыемства ўвядуць у эксплуатацыю ў 2020 годзе. Акрамя таго, працягваецца будаўніцтва біягазавых комплексаў, рыхтуецца ўвядзенне дэпазітна-закладнай сістэмы абыходжання з тарай, развіваецца кампаставанне адходаў. Гэта значыць, задзейнічаны ўсе спосабы і метады максімальнай перапрацоўкі адходаў.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Як ператварыць адходы ў энергію

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Першая дапамога дзецям пры траўмах. Што трэба ведаць?

Першая дапамога дзецям пры траўмах. Што трэба ведаць?

​Дастаткова часта дзецi трапляюць у крытычныя сiтуацыi праз сваю цiкаўнасць i павышаную актыўнасць.

Культура

Распавядаем, што паглядзець на сёлетнім «Славянскiм базары ў Вiцебску»

Распавядаем, што паглядзець на сёлетнім «Славянскiм базары ў Вiцебску»

Сёлета ён пройдзе ўпершыню выключна пад адкрытым небам.

Культура

На якія раскопкі чакаюць валанцёраў?

На якія раскопкі чакаюць валанцёраў?

Увесь лiпень працуе археалагiчны летнiк «Наўры-2020».