Вы тут

Што хвалюе жыхароў Міншчыны?


Уважліва выслухала кожнага заяўніка падчас прамой тэлефоннай лініі старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Наталля Якубіцкая. Званкоў, як заўсёды, было даволі шмат. Некаторыя пытанні вырашыліся на месцы, іншыя будуць вывучаны з удзелам профільных спецыялістаў, з выездам на месца, а людзі атрымаюць адказы. Дадам, што людзей хвалявалі самыя розныя жыццёвыя праблемы: яны датычыліся сацыяльных, камунальных аспектаў, камфортнага пражывання, развіцця інфраструктуры, транспартных зносін, здароўя.


Аляксандр Віктаравіч з вёскі Карсакавічы Барысаўскага раёна — інвалід ІІ групы. Здароўе, вядома, і так, мякка кажучы, не волатаўскае. А апошнім часам самаадчуванне значна пагоршылася. Мужчына прасіў пасадзейнічаць яму ў лячэнні.

Наталля Віктараўна патэлефанавала галоўнаму ўрачу цэнтральнай раённай бальніцы Аляксандру Дразду і растлумачыла сітуацыю: чалавек скардзіцца на моцны галаўны боль, недамаганне.

— Я лічу, што пра яго трэба паклапаціцца, магчыма, яму неабходная шпіталізацыя, — параіла яна.

— Мы добра ведаем нашага пацыента, неаднаразова прапаноўвалі такі варыянт, але ён адмаўляўся, — канстатаваў Аляксандр Анатолевіч.

— Вы гатовы ехаць у бальніцу? — запыталася старшыня аблсавета ў заяўніка. — Сёння зможаце за ім адправіць «хуткую»? — пацікавілася яна ў галоўнага ўрача.

Спецыяліст даў сцвярджальны адказ.

— У такім разе не пярэчце, збірайцеся на лячэнне, — параіла Наталля Якубіцкая пенсіянеру.

З Салігорскага раёна патэлефанавала Таццяна Якаўлеўна, інвалід ІІ групы. Жанчына прасіла паратунку ад суседзяў, якія не даюць спакойна жыць. Яе кватэра знаходзіцца на другім паверсе, а на першым жыве маці з адзінаццацігадовым сынам. Хлопчык, як сцвярджае Таццяна Якаўлеўна, увесь час крычыць, тупае, бегае, аж люстра на столі трасецца. І так можа працягвацца суткамі. «У мяне цэлы букет хвароб, мне патрэбны адпачынак. Сёння заснула толькі а пятай гадзіне раніцы, калі падлетак супакоіўся. Скардзілася неаднойчы ў домаўпраўленне, міліцыю. Прыязджаюць на выклікі, але ніхто не можа нічога зрабіць з агрэсіўным хлапчуком. Куды можна звярнуцца, каб уціхамірылі падлетка?» — ледзьве не плакала ў трубку жанчына.

— Мы будзем шукаць нейкія варыянты, каб дапамагчы вам, — паабяцала Наталля Віктараўна. Яна адразу ж патэлефанавала старшыні раённага Савета дэпутатаў Але Калеевай і кіраўніку раёна Андрэю Жайловічу і растлумачыла ім сутнасць справы.

— Магчыма, ёсць неабходнасць стварыць камісію з ліку спецыялістаў сістэмы адукацыі, аховы здароўя, якія б абследавалі дзіця, падлячылі, — прапанавала яна.

— Думаю, з гэтым не будзе праблем, — запэўніў старшыня райвыканкама.

Тамара Сцяпанаўна жыве ў вёсцы Чурылава Уздзенскага раёна. У населеным пункце закрылі стацыянарную краму. А аўтакрама, якая павінна прыходзіць сюды два разы на тыдзень — у сераду і суботу, — не вытрымлівае графік, можа і наогул аб'ехаць Чурылава бокам. Рэч у тым, што Уздзенскі райспажыўсаюз далучылі да Дзяржынскага, і, магчыма, таму склалася такая сітуацыя. Наталля Віктараўна набрала нумар тэлефона намесніка старшыні па эканоміцы Уздзенскага райвыканкама Веры Барысевіч і папрасіла разабрацца ў сітуацыі. Пры гэтым абавязкова паведаміць Тамары Сцяпанаўне, калі чакаць «краму на колах» у вёсцы.

У Таццяны Сяргееўны са Смалявіч у адным з пакояў не грэюць батарэі. А ў яе на руках малое дзіця. Вядома, маці хвалюецца, каб немаўля не захварэла. Жанчына звярталася ў мясцовую ЖКГ, райвыканкам, прыходзілі майстры, але прычыну выявіць не могуць.

Гаспадыня расказала, што ў гэтым доме жыве два гады. Летась з ацяпленнем усё было нармальна, сёлета пры яго падключэнні — таксама. Наталля Віктараўна звязалася з выканаўцам абавязкаў старшыні райвыканкама Мікалаем Парамонавым, які курыруе сферу ЖКГ, і папрасіла ўзяць пытанне пад асабісты кантроль і неадкладна выправіць становішча.

Віктар Віталевіч са Смалявіч звярнуўся да старшыні абласнога Савета дэпутатаў ад імя бацькоў студэнтаў. Апошнім часам дабрацца да месца вучобы дзецям стала праблематычна, бо адмянілі цягнікі эканомкласа. А хуткія цягнікі ў бок Віцебска і ў адваротным напрамку спыняюцца толькі ў Барысаве, пралятаючы Смалявічы і Жодзіна. Наталля Якубіцкая паабяцала накіраваць запыт у Мінскае аддзяленне Беларускай чыгункі.

Адразу трое членаў жыллёва-будаўнічага вытворчага кааператыва «Дружны—2011» з Мінскага раёна паскардзіліся, што дом здадзены з недапрацоўкамі.

— Мне тэлефанаваў старшыня вашага кааператыва Сяргей Грыдзін. Мы гэтым пытаннем займаемся, быў у мяне і старшыня Мінскага райвыканкама Іван Крупко. Перад заказчыкам — Упраўленнем капітальнага будаўніцтва — пастаўлена задача па вашым доме. Яны будуць выходзіць на Салігорскі домабудаўнічы камбінат, які з'яўляўся падрадчыкам. Гэтая праблема агучана на ўсіх узроўнях. Таму мы яшчэ раз пралангуем гэтае рашэнне, — запэўніла Наталля Якубіцкая.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота з архіва "МС"

Загаловак у газеце: Шпіталізацыя, аўтакрама і паводзіны суседзяў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прыёмная кампанія: да чаго рыхтавацца?

Прыёмная кампанія: да чаго рыхтавацца?

Зроблены першы крок да аб'яднання экзаменаў.

Культура

Гурт Іrdorath: Наш пасыл - быць сапраўднымі і свабоднымі

Гурт Іrdorath: Наш пасыл - быць сапраўднымі і свабоднымі

Прыклад гісторыі, калі талент сам прабівае сабе месца пад сонцам.

Палітыка

Топ-5 дасягненняў Беларусі ў міжнародных адносінах

Топ-5 дасягненняў Беларусі ў міжнародных адносінах

Гэта не пачатак кнігі-антыўтопіі або фантастычнага фільма пра будучыню нашай планеты.

Грамадства

Міністр аховы здароўя расказаў пра стан медыцыны ў краіне

Міністр аховы здароўя расказаў пра стан медыцыны ў краіне

У 2019 годзе медыцынскую дапамогу ў Беларусі аказвалі на належным узроўні.