Вы тут

Летась у Мінску прадалі дзяржаўных аб'ектаў амаль на 4 мільёны рублёў


Самым паспяховым аўкцыёнам мінулага года па продажы невыкарыстоўваемай сталічнай дзяржуласнасці  стала рэалізацыя крытага гаража ў адным з завулкаў горада

Усяго, як паведамілі ў камітэце «Мінскгармаёмасць», летась у галоўным мегаполісе было прададзена дзяржаўных аб'ектаў на агульную суму 3 млн 997 тысяч рублёў.


Фота БЕЛТА

Камітэт таксама склаў рэйтынг выніковасці праведзеных аўкцыёнаў. У выніку была вызначана пяцёрка лідзіруючых продажаў з арганізаваных 52 аўкцыёнаў па рэалізацыі 23 дзяржаб'ектаў нерухомасці.

  • Самым паспяховым аказаўся адзін з апошніх, праведзены 24 снежня мінулага года. У гэты дзень за 1 млн 431 тысячу 141 рубель 39 капеек быў прададзены будынак крытага гаража на 350 аўтамабіляў у завулку Альшэўскага, агульнай плошчай 13 659,3 квадратнага метра. Новы гаспадар павінен будзе захаваць на працягу года функцыянальнае прызначэнне аб'екта як спецыялізаванага будынка аўтамабільнага транспарту.
  • На другім месцы — аб'екты рэспубліканскай уласнасці, размешчаныя на вуліцы Каржанеўскага (агульная плошча — звыш 13 тысяч квадратных метраў). На ліпеньскім аўкцыёне пачатковы кошт незавершаных незакансерваваных капітальных будынкаў быў роўны шасці базавым велічыням. А ў выніку таргоў канчатковая цана ўзрасла больш чым у шэсць тысяч (!) разоў. Такім чынам маёмасць была прададзеная юрыдычнай асобе за 1,02 млн рублёў. Дарэчы, у адпаведнасці з горадабудаўнічым праектам дэталёвага планавання тэрыторыя зямельнага ўчастка (1,8573 га), на якім размешчана нерухомасць, прадугледжана пад інвестыцыйную пляцоўку вытворчага прызначэння.
  • Трэцяе месца — у неэфектыўна выкарыстоўваемай вытворчай базы ДВА «Мінскбуд» на вуліцы Казінца. 17 снежня мінулага года комплекс з пяці будынкаў агульнай плошчай 718,4 квадратнага метра сышоў з малатка з першай жа спробы за 400 тысяч 8 рублёў. Функцыянальнае прызначэнне нерухомасці самае шырокае: тут можна размясціць аб'екты грамадскага, адміністрацыйна-дзелавога прызначэння, сферы абслугоўвання насельніцтва, навучальныя і праектныя арганізацыі, прадпрыемствы гандлю і грамадскага харчавання, установы навукі, культуры, аховы здароўя і спорту.
  • Чацвёртае месца сярод самых удалых аўкцыёнаў заняў продаж аб'екта рэспубліканскай уласнасці на вуліцы Аўтамабілістаў. У верасні адзіны ўдзельнік таргоў заплаціў за яго больш за 312 тысяч рублёў.

Замыкае пяцёрку самай дарагой нерухомасці былы дзіцячы сад на вуліцы Амельянюка. У кастрычніку ён таксама быў прададзены адзінаму ўдзельніку аўкцыёну за 196 тысяч 893 рублі 88 капеек. Галоўная ўмова, якую павінен выканаць пакупнік, гэта тое, што ў будучыні ў будынку павінна працаваць установа адукацыі.

Што датычыцца ізаляваных памяшканняў, то ў 2019 годзе было прададзена 11 такіх аб'ектаў нерухомасці. Самым дарагім стала буйное падвальнае памяшканне на вуліцы Сувязістаў агульнай плошчай 433 квадратныя метры. Памяшканне было прададзена ў кастрычніку за 157 тысяч 920 рублёў. Сапраўды — кожнаму сваё. Каму гараж за 715 тысяч долараў, а камусьці падвал за 80 тысяч «зялёных». Дробязь, праўда?

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Даведаліся, колькі каштуе букет на 8 Сакавіка

Даведаліся, колькі каштуе букет на 8 Сакавіка

Ці прынята ў нас дарыць «мільён алых руж» каханай?

Грамадства

Чым прыцягвае чытачоў часопіс «Алеся»?

Чым прыцягвае чытачоў часопіс «Алеся»?

Размова з галоўным рэдактарам Ларысай Ракоўскай.

Грамадства

Анатомія мезальянсу. Чаму няроўныя шлюбы былі, ёсць, будуць?

Анатомія мезальянсу. Чаму няроўныя шлюбы былі, ёсць, будуць?

Любоўных гісторый, якія прыцягваюць павышаную ўвагу грамадства, нямала.

У свеце

Каменданцкія часы. Чым падаграецца глабальная пратэсная хваля?

Каменданцкія часы. Чым падаграецца глабальная пратэсная хваля?

Людзі стаміліся ад лакдаўну і беспрацоўя і выходзяць на пратэсты, а надзея перамагчы пандэмію ўсеагульнай вакцынацыяй, падобна, растае на вачах: прэпараты па-ранейшаму недаступныя ўсім ахвотным і ў найбліжэйшы час сітуацыя наўрад ці зменіцца.