Вы тут

Першыя 25 гадоў БССР на старонках газеты «Звязда»


Калі зазірнуць у снежаньскія і студзеньскія нумары «Звязды» мінулага стагоддзя, можна даведацца, чым жыла маладая Беларусь, як пераадольвала няпростыя часы і як аднаўлялася пасля складаных выпрабаванняў. БССР была створана 1 студзеня 1919-га, і з гэтага часу кожны год у зімовых нумарах газеты падводзяцца вынікі, што зроблена, і ставяцца планы на наступны год.


Мінус сто

Перыяд узрушэнняў і змен, сутыкненне розных ідэй і планаў наконт беларускіх тэрыторый, пастаянная змена ўлад. Чырвоныя, белыя, савецка-польская вайна, грамадзянская, выгнанне паноў, іх вяртанне... Каму верыць? Што прымаць? Такі быў першы год Беларускай рэспублікі. Савецкая ўлада пратрымалася ў Мінску ўсяго восем месяцаў, а пасля беларускія землі сталі арэнай ваенных дзеянняў «Ці стала зразумелай сялянскім і рабочым масам на працягу гэтага года пралетарская рэвалюцыя і прынцыпы савецкай улады?» Такое пытанне было ўзнята ў «Звяздзе» ў студзені 1920 года: «Калі год таму ідэя Савецкай Беларусі была ідэяй чужой для большасці сялян і рабочых, калі перад сыходам немцаў іх цікавіла толькі змена ўлады, не разбіраючыся ў тым, што гэтая змена можа прынесці, як будзе дзейнічаць тая ці іншая ўлада, якая прыйдзе на змену той, што сыходзіць, то зараз сяляне і рабочыя сталі свядома за савецкую ўладу... Год таму нам лёгка далася савецкая заваёва Беларусі. Без кроплі крыві былі заняты велічэзныя абшары. Зараз становішча змянілася. Цяпер толькі крывёй мы можам купіць савецкі лад у Беларусі. Перад намі стаіць магутная армія легіянераў, гатовая рынуцца далей на Магілёў, Віцебск і Смаленск, якая ўтрымліваецца толькі моцнымі штыкамі Чырвонай Арміі».

Ідзе савецка-польская вайна, насельніцтва ў прыфрантавой зоне бяднее. У канцы 1919-га — 1920-м годзе «Звязда» выходзіць у Смаленску, перыядычна яна друкуе лісты, якія прыходзяць з акупаваных земляў. З занятага палякамі Мінска скардзяцца, што няма ніякай работы, нават на самых буйных гарбарнях працуе ўсяго па 20—30 чалавек, многія майстэрні наогул зачынены. Беспрацоўныя даведзены да галечы. Моцна растуць цэны на хлеб і іншыя прадукты. Нават дровы купіць праблема і многія гараджане мерзнуць. Вядзецца спекуляцыя грашыма.

Мінскія настаўнікі пяць месяцаў не атрымлівалі заробку. «Яны ўжо прадалі ўсю вопратку. Панарабілі даўгоў. Даўно ўжо не ўжывалі тлушчаў, ды і бульбы ўжо не ў стане дабіцца. Некаторыя ўжо не выносяць такіх пакут і накладюць на сябе рукі ці кідаюць настаўніцкую працу, шукаюць чорнай работы. Не лепшы стан саміх школ: няма дроў для паліва».

Населеныя пункты ў прыфрантавой паласе некалькі разоў пераходзяць з рук у рукі, і кожная змена ўлад суправаджаецца рабаваннем і разбоем. У «Звязду» ідуць скаргі на пагромы ў акупаваных гарадах: «...дэлегацыя яўрэйскай абшчыны звярнулася да начальніка штаба капітана Вінчэўскага са скаргай наконт пагромаў, што мелі месца ў Мінску ў апошнія дні. Капітан Вінчэўскі сказаў, што, сапраўды, у горадзе маюцца «некаторыя недысцыплінаваныя часці»; ён паабяцаў іх вывесці з горада». «Дазваляецца хадзіць па вуліцах Бабруйска толькі да 6 вечара, але і днём вуліцы пустыя. Жыхары пазбягаюць лішні раз выходзіць са свайго дома, баючыся здзекаў з боку п'яных легіянераў, якія натоўпамі шнараць па горадзе. Мужчыны зусім не паказваюцца на вуліцы, бо іх збіваюць і зводзяць на розныя работы... У першыя дні ў Бабруйску ішло пагалоўнае рабаванне, бо горад быў аддадзены на тры дні ў распараджэнне салдат... Часта ў дом уваходзяць банды легіянераў, забіраюць электрычныя лямпачкі, мэблю, вопратку ды іншыя больш каштоўныя рэчы. Пры найменшым супрацьдзеянні бязлітасна збіваюць...

Але калі ў горадзе творацца жахі, то ў вёсках сапраўдны кашмар. У занятых палякамі валасцях амаль няма незгвалтаваных маладых дзяўчат і нязбітых хлопцаў (выратаваліся ад гвалту толькі тыя, хто збег у лясы падчас набліжэння войска). Нідзе ў сялян няма ні коней, ні кароў. Ва ўсіх забралі хлеб і бульбу... Па дарозе ў горад у сялян забіраюць і коней, і паклажу. Таму сяляне спынілі ўсялякі падвоз у Бабруйск, ад чаго ў горадзе страшэнная дарагоўля».

Паны, якія вярнуліся на занятыя польскімі войскамі землі, патрабуюць ад бліжэйшых вёсак пакрыць страты, якія яны мелі за час савецкай улады і войнаў. «У выпадку адмовы селяніна ўнесці патрабуемую колькасць сена ці хлеба памешчык пасылае да яго жандараў, якія па-зверску збіваюць сялян, некаторыя сяляне так былі пабітыя, што пазбавіліся працаздольнасці. Такі выпадак, напрыклад, быў у вёсцы Сугвазды Валожынскай воласці Ашмянскага павета Віленскай губ. Падасланыя памешчыкам жандары пры збіванні аднаго тамтэйшага
селяніна паламалі яму ногі».

Часам сяляне самі становяцца на абарону сваіх земляў, нападаюць на легіянераў, утвараюцца партызанскія атрады: «У адарваных і далёкіх кутках Беларусі па рацэ Пціч (мяжа Бабруйскага і Мазырскага паветаў) упершыню ў такой вострай форме разгарэлася Грамадзянская вайна... Павялася самімі сялянамі агітацыя. Моладзь стала бесстрашнай» — пісала «Звязда» 19 кастрычніка 1919 года. Супраць вёсак, што «правініліся», напраўляюцца тры конныя эскадроны з кулямётамі і аўтаматычнымі вінтоўкамі. «На шчасце асуджаных вёсак (Рудо-белка, Рудня, Шкава, Вуглы, Качай-Балота), у гэтую ноч падаспелі чырвонаармейцы, якіх гэты глухі куток бачыў упершыню»...

Зазірнём у 20-я?

Здавалася, аднавіцца пасля такіх узрушэнняў нашы землі змогуць не хутка. 6 снежня 1921 года пасля паездкі па беларускіх вёсках т. Адамовіч пісаў у «Звяздзе: «Імперыялістычная і грамадзянская вайна моцна адбіліся на вёсцы. І тая паласа, якая зараз з'яўляецца памежнай і якая перанесла ўвесь цяжар баявых аперацый, рэвізій і мабілізацый, мае вялікую патрэбу ў скаціне... У выніку войнаў і пажараў бедната мае патрэбу ў адбудове сваіх гаспадарак... І толькі зараз, з наступленнем мірнага часу, з вяртаннем дамоў звольненых у запас чырвонаармейцаў, з умацаваннем упэўненасці ў тым, што можна заняцца без перашкод мірнай працай, — зараз, калі селянін хоча будавацца, ён сустракае на сваім шляху шмат перашкод... Няважная справа і са школамі. У іх будынках размяшчаліся вайсковыя часці, і ўсе яны разрабаваныя». Газета б'е трывогу, што катастрафічна не хапае сродкаў на ўтрыманне школ, колькасць іх скарачаецца, жахлівае становішча з дзіцячымі дамамі. Адзін з іх знаходзіцца ў Самахвалавічах. «Памяшканне дома не ацяпляецца, паўсюль бруд, пасцелі складаюцца з цюфяка і коўдры, па якіх разгульваюць паразіты. На адным ложку спяць па 2-3 дзіцяці. Дзеці амаль усе босыя. Басанож ходзяць у школу, у многіх няма нацельнай бялізны... Харчаванне дрэннае. Вучэбных дапаможнікаў, сшыткаў, алоўкаў няма...» У снежні 1922 года ў Мінску праводзіцца дзесяцідзённік дапамогі дзецям. Быў арганізаваны так званы «кубкавы збор» — па горадзе было пушчана 92 кубкі, а таксама ладзіліся спектакль, латарэя і размяркоўваліся налепкі на вокны, прадпрыемствы дапамагалі прадуктамі і грашыма.

У снежні 1922-га — студзені 1923-га года газета паведамляе пра павелічэнне пасяўных плошчаў, нарастанне і пад'ём дробнай прамысловасці, аднаўленне і рамонт школ, бальніц, камунальных дамоў, «...па звестках Статбюро, колькасць разбураных дамоў у Мінску лічыцца тысячамі. У 1923 годзе чакае складаная работа па будаўніцтве і рамонтах, а таксама ў галіне гарадскога добраўпарадкавання, па аднаўленні маставых, мастоў, масткоў... Распрацоўваецца план аднаўлення цэлага шэрагу разбураных, а таксама недабудаваных дамоў. Адначасова абмяркоўваецца пытанне аб увядзенні ў берагі рэчышча Нямігі, якое штогод выходзіць з берагоў і запаўняе брудам усё наваколле...»

А першае дзесяцігодзе БССР ужо сустракала буйнымі будоўлямі. Так 31 снежня 1929 года «Звязда» паведамляла, што ў наступным годзе ў рэспубліцы будзе будавацца 55 новых фабрык і заводаў, сярод якіх адна з найбуйнейшых фабрык Саюза — сельмаш у Гомелі. «Там, дзе былі пусткі і балоты... растуць новыя прадпрыемствы, новыя галіны вытворчасці. Калі паглядзець зараз на гаспадарчую карту Беларусі, дык убачым лес заводзкіх і фабрычных комінаў, буйныя прамысловыя камбінаты, раскінутыя ў плянавым парадку вялікія электрастанцыі, якія павінны адзець Савецкую Беларусь у густую сетку электрычных правадоў, забясьпечыць старыя і новыя прадпрыемствы электрычнай энэргіяй, даць магчымасць саўгасам і калгасам электрыфікаваць свае гаспадаркі. Даць магчымасць нават адсталаму бедняку-селяніну, выпадкова непапаўшаму ў калгас, павесіць у сваёй дымнай хаце лямпачку Ільіча.

Савецкая Беларусь набывае такія галіны прамысловасьці, да якіх пры царскай уладзе яна б ня прыйшла мо і за сотні год. Мэталяпрацоўчая прамысловасьць, побач з разьвіцьцём існуючых вытворчасьцяў, узяла напрамак на арганізацыю буйнога машынабудаўніцтва і шырокага разьвіцьця вырабу сельскагаспадарчых машын і прылад. Швэйная прамысловасьць, якая ў даваенны час у межах БССР знаходзілася на вельмі нізкім тэхнічным узроўні, зараз набывае буйныя індустрыяльныя формы. У гарбарнай прамысловасьці, калі ў даваенны час прыходзілася на кожнае прадпрыемства не больш 20-ці чалавек, дык у сучасны момант БССР мае буйныя заводы, на якіх у сярэднім лічыцца 500—600 чалавек. Панчошна-трыкатажная прамысловасьць, якая ў даваенны час была выключна прадстаўлена саматужнікамі, зараз абсталявана па апошнім слове тэхнікі».

У гарадах выраслі рабочыя пасёлкі і камунальныя дамы, павялічыліся заробкі. Беларусь займае першае месца сярод саюзных рэспублік у справе ўвядзення ўсеагульнага навучання. У гэты час пачатковай школай ахоплена 75 працэнтаў дзяцей малодшага ўзросту. Уводзяцца прапановы зрабіць Мінск экскурсійным горадам, куды будуць вазіць замежныя дэлегацыі, каб паказваць сучасныя формы забудовы і гаспадарання. Плануецца будаваць рабочыя дамы на новы лад, улічыўшы недахопы: «Дзе ў нашых новых дамох агульныя кухні, агульныя сталовыя, дзіцячыя пакоі, пральні з сушылкамі, чырвоныя куткі-чытальні, залі для спорту. Іх няма. Але мала таго, мы часта-густа будуем дамы бяз самых элемэнтарных санітарна-гігіенічных выгад — бяз ванны і душу. Без цэнтральнага ацяпленьня і вэнтэляцыі. Гэта дамы-мяшкі, дамы-клеткі, без паветра і бяз сонца, без прасторных задніх двароў з зялёнымі насаджэньнямі, бяз дзіцячых пляцовак...

«Новы Менск» пачынае вырастаць на акраіне, па Барысаўскім тракце — у раёне, які мяжуецца з хваёвымі лясамі і зялёнымі палямі, іменна там будуюцца, або пачынаюць будавацца акадэмія навук, новы ВТНУ, клінічны гарадок, інстытут санітарыі і гігіены, інстытут прамысловасьці, палітэхнікум, розныя ўстановы НДІ і г. д. Там жа будзе пабудавана кольца трамваю. У гэтым раёне мы скора ўбачым спартыўны стадыён (ужо будуецца), універмаг МЦРК, кіно-тэатр і многае іншае».

Тосты 1940-га

«Падымем самы шчыры тост за хараство Радзімы, за Новы год, за новы рост, за наш народ любімы!» Пад такой шапкай друкуюцца святочныя палосы навагодняга нумара «Звязды» за 1940 год. Пасля ўз'яднання тэрыторыя Беларусі складае 234 тысячы квадратных кіламетраў, насельніцтва павялічылася з 6 мільёнаў да 11. Сярод дасягненняў папярэдняга года — стварэнне беларускай савецкай оперы і беларускага балета, «вырасла прадукцыйнасць працы, краіна дабілася значнага ўздыму працоўнай дысцыпліны, зменшылася колькасць прагулаў і спазненняў, стаханаўскі рух падняўся на новую ступень. Перадавыя рабочыя пераходзяць на мнагастаночнае абслугоўванне, усё шырэй практыкуецца сумяшчэнне прафесій. У планах на бліжэйшы час — аднаўленне і перабудова фабрык і заводаў заходніх абласцей БССР, ліквідацыя прымітыўнай поўсаматужнай тэхнікі. Месцы дробных прадпрыемстваў зоймуць буйныя механізаваныя прадпрыемствы...»

Але ўсе гэтыя здабыткі забярэ вайна...

З руін і папялішчаў

Новы 1945 год прышоў «у грукаце гармат, у гарачым полымі ўсенароднай творчай працы, у арэоле бліскучых перамог, у ззянні новай славы....

Пераможныя сцягі совецкіх палкоў развяваюцца каля сцен Будапешта і Варшавы, у гарах Чэхаславакіі і Югаславіі. Воіны арміі-вызваліцельніцы, завяршыўшы выгнанне нямецка-фашысцкіх захопнікаў з межаў совецкай зямлі, дапамагаюць зараз народам Еўропы скінуць ярмо гітлераўскай няволі». «За 6 месяцаў пасля вызвалення Беларусі аднавіліся сотні фабрык і заводаў. Даў прадукцыю Гомельскі завод сельскагаспадарчага машынабудаўніцтва, Мінская абутковая фабрыка, засвоіў выпуск удасканаленых прыёмнікаў і рэпрадуктараў Мінскі завод імя Молатава, працуе Мінская абутковая фабрыка і многія другія прадпрыемствы. Разгарнулася ўсебеларускае соцыялістычнае спаборніцтва, рабочыя змагаюцца за перавыкананне плана, павышэнне прадукцыйнасці працы і засваенне выпуску новых відаў прадукцыі. У гарадах і сёлах адноўлена 440 больніц, 831 амбулаторыя, сотні тысяч фельчарска-акушэрскіх пунктаў...»

У рэспубліцы працуюць ужо больш за 10 тысяч школ. Пачаліся заняткі ў БДУ, медыцынскім, педагагічным універсітэтах і іншых вышэйшых навучальных установах. П'есай «Жыццё вучыць» адкрыў сезон Беларускі дзяржаўны драматычны тэатр імя Янкі Купалы. Адкрыты Беларускі дзяржаўны тэатр оперы і балета, філармонія, дзяржаўны драматычны тэатр у Віцебску.

«Калі да вайны ў горадзе налічвалася звыш 15000 дамоў, то пасля нямецкай акупацыі асталося каля 2500 пераважна драўляных аднапавярховых дамоў, і то напалавіну разбураных... Па прыкладу мінчан працоўныя Віцебска актыўна ўключыліся ў аднаўленне свайго горада. Зараз на аднаўленні працуе 636 брыгад». Падшыўкі расказваюць пра тое, як адбудоўваюцца розныя беларускія гарады і вёскі, сведчаць аб працоўных подзвігах...

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Вытрымаць і аднавіцца

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.