Вы тут

Уладзімір Пернікаў. Жыццёвінкі


Сцерва

Мой тралейбусны маршрут у той дзень пралягаў ад чыгуначнага вакзала да гасцініцы «Турыст». Прымасціўся я каля акна, а побач сеў мужчына сярэдняга ўзросту. У салоне было некалькі свабодных месцаў, якія былі заняты на ўжо першым прыпынку, і некаторыя пасажыры стаялі ў праходзе. Раптам чую жаночы голас, патрабавальны такі:

— Уступі месца.

Звернуты ён быў да майго суседа. А той:

— Каму?

— Віцьку майму. Не бачыш, ці што?

Гляджу: побач з той кабетай стаіць хлапчук гадоў, можа, васьмі-дзевяці. Рослы такі мацак.

— Хворы? — пытаю.

— Барані божа. Яшчэ што выдумайце. Па рынку пахадзілі — стаміўся...

Мужчына паслухмяна падняўся і, прыпадаючы на левую нагу, пасунуўся па праходзе. А там з пярэдняга сядзення ўскочыў, напэўна, дзетсадавец і запрасіў майго нядаўняга суседа на сваё месца. Віця тым часам апынуўся побач са мной і ўтаропіўся ў гаджэт. Яго мама, трымаючы ў руках пакет і сумку з прадуктамі, стаяла каля яго. Сын на яе — нуль увагі. Нават не прапанаваў узяць той груз сабе на каленкі. Ды і мама яго ні аб чым не папрасіла.

Мне захацелася пачаць гаворку з Віцем, ды дзе там. Бо — пачалося! Усё апісанае вышэй рабілася на вачах многіх пасажыраў, і хто-ніхто з іх абурыўся. Першая была бабулька:

— Жанчына, як вам не сорамна было прагнаць кульгавага чалавека з месца?! — запытала яна.

— Не твая справа! — адрэзала кабета.

— І табе, Віця, як не сорамна, здараўцу такому? — перапыніў яе малады хлопец. — Усеўся як пан-барон і нават пра маму не думаеш. Уступі месца ёй.

Хлопчык памкнуўся ўстаць, але мама загадала:

— Сядзі. І нікога не слухай.

— Бач, стаміўся, па рынку ходзячы, — уставіла сваё слова яшчэ адна жанчына. — Я ж таксама там была і следам за вамі ішла да прыпынку. Дык Віця, як малады козлік, скакаў наперадзе цябе, маладзічка. А ты ледзь ногі цягнула з такім грузам. Не шкада сябе?

— Не шкада, — агрызнулася мама Віці. — Ён у мяне адзін. Няхай сіл набіраецца. У яго яшчэ ўсё наперадзе.

У салоне пасля гэтых слоў загуло на ўсе лады. І пра тое, што прыйдзе час і пры такім выхаванні-патуранні Віця сядзе маці на галаву, што яна яшчэ пралье нямала слёз ад яго. Што няўжо ў школе цяпер не вучаць дзяцей павазе да старэйшых? Што раней, у савецкія часы, усё было інакш. Напрыклад, бацька мог адмуздаць неслуха-сына папружкай, і нічога. А цяпер сынок можа паскардзіцца на яго, і той сам атрымае па першае чысло ад міліцыі ці яшчэ ад якойсьці камісіі.

Адным словам, дыскусія гамяльчан працягвалася. Да таго часу, пакуль на шостым прыпынку тралейбус не пакінулі хлапчук Віця і яго мама, якая напаследак дала «адлуп» усім пасажырам:

— Не вучыце вучонага, а з'ешце дзярма пячонага.

Народ ад абурэння праглынуў языкі. На некалькі хвілін. І ў гэтай цішыні раздаўся голас на выгляд вясковай бабулі:

— Ой, сорам мне, людзі, сорам. Век не бачыць бы і не чуць падобнага. То ж была Верка, мая пляменніца. А мужчына, якога яна сагнала з месца, яе былы муж Іван. Казала ж яму, добраму хлопцу, калі толькі сабраўся ажаніцца з ёй: трымай у абцугах. Бо жыцця не будзе: вельмі нахабная яна. Па адной масніцы прымусіць цябе хадзіць. А ён: у нашай сям'і раўнапраўе будзе. І вось дачакаўся дэмакратыі: знявагі, скандалы ўчыняла, поедам ела. У гулькі потым пусцілася, развод. Цяпер мужыка якога зацугляць хоча. Ды дурняў няма. Відаць, таму і жоўць з яе прэ. Ці праўду кажу, Іван?

Мужчына сядзеў з панурай галавой. І зацята маўчаў...


А каб цябе рак убрыкнуў...

Гэта гісторыя хоць ужо і ўдаўнілася, але і цяпер калі ў якой-небудзь кампаніі заходзіць размова аб рыбалцы, прыгадваю яе. Праўда, яна ў адрозненне ад іншых рыбацкіх быліц і небыліц (накшталт тых, што спайманы лешч заважыў цэлы пуд, а вочы ў акуня памерамі былі з кулак, і з гэтым усім кампанія весела і ахвотна згаджалася), нязменна выклікала сумненне ці нават адкрыты недавер. Маўляў, не магло быць такога! Каб крыгай не паймаць ніводнай рыбіны? І каб рак напалохаў рыбака да смерці? Не магло, і ўсё тут!

Асабіста ж я адразу паверыў у праўдзівасць гісторыі, пра якую гадоў сорак таму пачуў ад свайго земляка. Хоць бы па той прычыне, што быў ён не хвалько, не манюка, не фантазёр. І не прыхарошваў той браканьерскі паход, удзельнікам якога з'яўляўся.

— Дык вось, — расказваў Мікола, — я пазнаёміўся з Андрэем Пятровічам у Алушце, дзе разам адпачывалі і пралечваліся ў санаторыі. Вядома ж, хадзілі на танцы, гулялі ў карты і нават два разы на лодцы мясцовага рыбака выходзілі ў мора. Бычкоў нацягалі столькі, што таранку зрабілі і ў ахвоту з півам іх спажывалі. Іншым разам і чарку кулялі.

Адным словам, знаёмства чачараніна і гамяльчаніна, якія жылі ў адным нумары санаторыя, зблізіла абодвух да такой ступені, што размовы ў іх ішлі на любыя тэмы і, галоўнае, разуменне розных жыццёвых пытанняў і праблем было сугучным. Андрэй Пятровіч, напрыклад, пахваліўся, што хай сабе ў горадзе на Сожы ён на не надта высокай начальніцкай пасадзе, але пэўны аўтарытэт мае, з патрэбнымі людзьмі стасуецца. Нездарма ж у яго кішэні пасведчанні пазаштатнага інспектара ДАІ і рыбінспекцыі.

— Калі трэба, Мікола, — сказаў, — дык і табе ў гэтых справах паспрыяць магу.

Апошні, вядома, адмаўляцца не стаў і прапанову кампаньёна, як гаворыцца, прыняў з «тоўстым» задавальненнем. І яе, безумоўна, трэба было замачыць каньячком. Што і зрабілі. Заключным пасля выпіўкі акордам будучай здзелкі стала прызнанне Андрэя Пятровіча ў тым, што ў яго ёсць крыга і іншым разам, калі ўзнікае пільная патрэба ў рыбе, ён смела пускае яе ў ход. Пачуўшы гэта, Мікола тут жа запрасіў прыехаць да яго на рыбалку.

У маі, калі рэкі яшчэ не ўвайшлі ў свае берагі, гамяльчанін надвячоркам прыбыў у Чачэрск на асабістай «Волзе», у якой знаходзілася крыга і з якой вылез памочнік Андрэя Пятровіча Самуіл Львовіч. Калі сцямнела, напрамак быў узяты ўверх па Сожы, у бок Ворнаўкі. Надвор'е — лепш не прыдумаеш. Цяплынь. У кустах на ўсе лады шчоўкаюць-заліваюцца салаўі. Лагодны паўднёвы ветрык і няспешная плынь ракі — па якой то разыдуцца кругі, то ўзаўецца серабрыстая драбяза, то нешта моцна плясне па вадзе.

— Будзе рыба. Можа, нават сом утлуміцца, ці з дзясятак судакоў падцупорым, — задаволена прамовіў Мікола і падаў Самуілу Львовічу, які намерыўся лезці ў ваду ў трусах, апранаху: штаны з шырокімі калашынамі, сарочку і пінжак.

А Андрэю Пятровічу, як «неабстрэленаму» ў рыбацкіх справах навічку, выдаў патрэбныя інструкцыі, назваў яго месца пры крызе:

— Ты самы высокі з нас, значыць, пойдзеш па глыбіні.

І вось тройка з прыўзнятым настроем рушыла ў ваду. Першая зацяжка. Пуста, бо рыба, напэўна, яшчэ на подступах да берага. Другая спроба. Мужыкі прайшлі ўсяго нейкіх пяць-шэсць метраў, як начную цішыню раптам разарваў такі рэзкі віск, што ў Андрэя Пятровіча і Міколы валасы дуба сталі. Ён, гэты віск, вылецеў з горла Самуіла Львовіча, які вокамгненна выскачыў з вады, упаў на траву і пачаў качацца па ёй, хапаючыся рукамі за прарэх і яшчэ мацней галосячы.

Кампаньёны, здагадаўшыся, у чым справа, кінуліся да яго на дапамогу. Сцягнулі штаны і намацалі вялікага, нібы лапаць, рака, які, здаецца, мёртвай хваткай учапіўся сваімі магутнымі клюшнямі ў пікантнае месца ахвяры і ніяк не хацеў адпускаць.

Збавенне прыйшло толькі праз тры-чатыры хвіліны, калі ратавальнікі прымянілі самыя эфектыўныя ў падобнай сітуацыі меры: пачалі, прабачце, абрушваць на «агрэсара» цёпла-саланаватыя струмені са сваіх «чайнікаў». І колькі потым яны ні ўпрошвалі Самуіла Львовіча працягнуць рыбалку, той упёрся, нібы той бык:

— Не палезу ў ваду! Нізавошта!

Так вось і закончылася тая браканьерская вылазка. Праўда, госці паехалі ў Гомель не з пустымі рукамі, бо назаўтра Мікола купіў ім рыбы за свае грошы ў калгаснай рыбацкай брыгадзе. А Самуіл Львовіч вусатага гіганта-крыўдзіцеля дома засушыў і як памяць аб той майскай прыгодзе павёз яго ў Ізраіль, куды пераехаў са сваёй сям'ёй.


Эх, прыгажуні-харашухі...

— Дык куды ж накіруемся? — з гэтым пытаннем Коля Швайцаў агледзеў кампанію сваіх равеснікаў: Грышку Міхаля, Колю Лібіна, Валодзьку Чайнікава і майго старэйшага брата Івана.

Некалькі хвілін адказу не было, відавочна, па той прычыне, што кожны з хлопцаў даваў волю сваім думкам наконт дзяўчат, з якімі яны надоечы пазнаёміліся ў Селяніне і Захарполлі і з якімі карцела сустрэцца. Не паспеў яшчэ ніхто з іх выказацца, як ад завадатара кампаніі тут жа вылецела рашучае:

— Прапаную — у Залессе. Дзевак-харашух там цэлае мора. Усім хопіць.

Пярэчыць Міколу ніхто не стаў. Бо кожны добра ведаў, што ў яго ў названай вёсцы прысуха Марына, якой ён хваліўся хлопцам так: хоць яна і старэйшая за яго па ўзросце і ўжо «крыху падношаная», але ж такая ласкавая «цукер-бубачка», што ён ад яе вар'яцее.

Што «вар'яцее», дык кампаньёнам не трэба было і казаць. Бо Мікола адбіў Марыну ад мацака Петруся з Падасоўя, і той аднойчы ўзяў яго загрудкі. Ды ён не адступіў, і пачалася бойка, у якую былі ўцягнуты як яны, яго сябры, так і група падасоўцаў, якія за Петруся былі гарой. Абодвум бакам потым давялося залізваць свае раны.

— Не нарвацца б зноў на мардабой, — нервова прамовіў Грышка Міхаль.

— Адаб'ёмся, — рашуча заявіў Мікола. — Наган з сабой вазьму. Разоў колькі ў выпадку чаго смаляну з яго, дык штаны не адмыюць.

Што ў Швайцава была самапал-прыпяканка, якую ён называў наганам, дык гэта факт. Я сам бачыў яе і ведаў, што Мікола іншым разам страляў з яе па вераб'ях.

То былі, памятаю, 1945—1947 гады, калі наш чачэрскі люд, як і ва ўсёй зруйнаванай у час вайны Беларусі, працаваў, нібы тыя мурашы, наладжваў свой быт. Адны туліліся тады ў зямлянках ці буданах, другія будаваліся на скорую жывую нітку, трэція (такіх было мала) жылі ў ацалелых хатах. Наша сям'я адносілася да апошняй катэгорыі. Ёй дасталося незакончанае і даведзенае да ладу ўжо ў год Перамогі жытло бацькавага брата Конана, які загінуў на вайне. Заўважу пры гэтым, што адтуль не вярнуліся ба́цькі амаль усіх названых хлапцоў,  можа, таму яны мелі патрэбу параіцца па мужчынскіх гаспадарчых справах з маім — Рыгорам Андрэевічам, можна сказаць, кучкаваліся ў нас.

Вельмі цяжка тады жылося не толькі матэрыяльна. Радыё ў шмат якіх населеных пунктах яшчэ не было, аб тым, што недзе ўжо існавала тэлебачанне, ніхто і не марыў, газеты мала хто чытаў. Але ў такім вось інфармацыйным голадзе народ усё ж знаходзіў час, каб адвесці душу. Вяскоўцы, асабліва ў асенне-зімовы перыяд, збіраліся кампаніямі ў ацалелых хатах, баялі на розныя тэмы, спявалі, гулялі ў карты. Моладзь жа на вечар ці два наймала хату якога гаспадара ці гаспадыні і наладжвала там танцы. Летам такой патрэбы не было: пасядзелкі з танцамі праходзілі пад зорным небам, на прыволлі, пад зялёнымі прысадамі, каля жытла. Рыпалі гармонікі, у далёкую прастору ляцелі песні, у якія ўпляталіся галасы і дзятвы, і сталага ўзросту людзей.

Паўсюдна ў вялікіх вёсках было такое. А з малых населеных пунктаў моладзь ішла на гулянні ў тыя вялікія вёскі. Былі і выключэнні. Напрыклад, кампанія «варагаў» Міколы Швайцава пехатой ці на лодцы-«дубе» пракладвала маршрут з нашага Ганнаполля ў блізкія і далекаватыя Залессе, Селянін, Чырвоны Бераг, Іпалітаўку, Захарполле, Малынічы. Ды зусім не таму, што ім не падабаліся танцы пад гармонік кульгавага Сяргея Батрака. А па той прычыне, што хлопцы лічылі, у тых вёсках дзевак-харашух болей, што і тлумачылі майму бацьку, які дапытваўся, што іх туды цягне? Няўжо сваіх дзевак не хапае?

— Такія там прыгажуні, свет не бачыў! — быў адказ. — За тую красу не грэх і пабіцца з мясцовымі кавалерамі.

Што, вядома ж, і здаралася. Добра яшчэ, што не даходзіла да панажоўшчыны. Самае цікавае, што ніводзін з тых ганнапольскіх «варагаў-сэрцаедаў» тых вясковых красунь замуж не ўзяў. Толькі, як кажуць, пабаламуцілі ваду.

Уладзімір ПЕРНІКАЎ

Загаловак у газеце: Любілі... а замуж не ўзялі, або Пра дзевак, баб і рыбалку

Выбар рэдакцыі

Грамадства

З першых вуснаў: ад чаго трэба абараняць дзяцей? Адказваюць самі малыя

З першых вуснаў: ад чаго трэба абараняць дзяцей? Адказваюць самі малыя

Дзеці «звяздоўцаў» адказалі вусна, пісьмова, друкавана і нават у малюнках.

Грамадства

Арэнда жылля. Хоць «мядзведжы кут», абы з выгодамі і пральнай машынай

Арэнда жылля. Хоць «мядзведжы кут», абы з выгодамі і пральнай машынай

Гэтая вясной многія хацелі самаізалявацца на прыродзе.