Вы тут

Лёгкаатлеты падвялі вынікі сезона


Ужо традыцыйным мерапрыемствам у спартыўнай супольнасці ў пачатку года стала цырымонія ўзнагароджання найлепшых лёгкаатлетаў і трэнераў краіны «Атлетыка». У першыя студзеньскія дні ўсе прыкметныя асобы беларускай лёгкай атлетыкі збіраюцца ў адным месцы, каб падвесці вынікі, павіншаваць адно аднаго з завяршэннем сезона і натхніцца на новыя здзяйсненні ў наступным. А на цяперашняй цырымоніі абмеркаваць сапраўды было што, бо сезон выдаўся вельмі насычаны — гэта і дамашнія Еўрапейскія гульні, і камандны чэмпіянат Еўропы, і матчавая сустрэча Еўропа — ЗША, і чэмпіянат свету, які завяршыў сезон лёгкаатлетаў. 2020 год стане яшчэ больш напружаным, бо спартсменаў чакае галоўнае выпрабаванне — Алімпіяда. Многія з іх ужо ў прадчуванні.


Карына Дзямідзік.

Старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Вадзім Дзевятоўскі адзначыў, што сезон-2019 сапраўды быў доўгі і ў нейкім сэнсе нават стамляючы, але спартсмены гэта вытрымалі і прайшлі яго з годнасцю. Таксама ён падзякаваў усім, хто падтрымлівае гэтыя віды спорту ў Беларусі, і адзначыў, што выбраць найлепшых спартсменаў было вельмі складана. «Для мяне заўсёды было прынцыповым момантам зрабіць галасаванне і выбар лаўрэатаў «Атлетыкі» максімальна сумленнымі. Гэта як на Алімпіядзе — удзельнічаюць найлепшыя, самыя моцныя, але чэмпіёнам у выніку становіцца толькі адзін з іх. Астатнім застаецца толькі павіншаваць яго і спытаць сябе: «Што я магу зрабіць, каб наступны раз быць першым?»

Перад абвяшчэннем імён пераможцаў арганізатары ўспомнілі самыя яркія моманты года, гучныя перамогі і крыху засумавалі, ушанаваўшы памяць тых, каго ў 2019 годзе з намі не стала.

Сапраўдным трыумфатарам «Атлетыкі» сёлета прызнаны скакун у вышыню Максім Недасекаў, які выйграў адразу дзве статуэткі, стаўшы найлепшым і сярод дарослых, і сярод маладых спартсменаў. «Я марыў пра гэта!» — адзначыў Максім і, каб падзякаваць, запрасіў на сцэну сваіх трэнераў Таццяну Нарэйку і Уладзіміра Полагава.

Максім Недасекаў з міністрам спорту і турызму краіны Сяргеем Кавальчуком.

Сярод жанчын найлепшай спартсменкай года стала кідальніца кап'я Таццяна Халадовіч. Нагадаем, на ІІ Еўрапейскіх гульнях яна адправіла снарад на 67,22 м, гэта другі вынік мінулага сезона сярод спартсменак з Еўропы і чацвёрты ў свеце. Найлепшай сярод жанчын у намінацыі «Моладзь» была прызнана Карына Дзямідзік (скачкі ў вышыню).

Анастасія Мірончык-Іванова з мужам і трэнерам.

У катэгорыі «Юніёры» найлепшымі сталі Аліна Лучшава (бег на 400 м) і Мікіта Каляда (спартыўная хадзьба), у катэгорыі «Юнакі» — Лізавета Грышкевіч (спартыўная хадзьба) і Раман Хартановіч (кіданне дыска). Намінацыяй «Характар года» адзначана Аліна Лучшава, якая гераічным спуртам прынесла беларускай эстафеце 4х400 метраў «серабро» юніёрскага чэмпіянату Еўропы і абнавіла рэкорд краіны ў катэгорыі U-20. Пераможцам намінацыі «Учынак года» стаў Віталь Жук, які падчас спаборніцтваў шматборцаў на чэмпіянаце свету аддаў свой шост Ілью Шкуранёву, што выступаў пад нейтральным сцягам. «Адкрыццём года» сталі скакун у вышыню Ягор Гуптар і бягуння Кацярына Масюк. У намінацыі «Прарыў года» адзначаныя Карына Дзямідзік і кідальнік кап'я Аляксей Каткавец, які прабіўся ў фінал чэмпіянату свету ў Досе.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: Рэкордны, медальны, насычаны


Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».