Вы тут

Павел Харланчук: «Тэатральным трэндам сябе не адчуваю»


Як быць сапраўдным чалавекам і паважаць свет вакол сябе? Як быць таленавітым акцёрам і не хлусіць гледачам? Як стаць добрым бацькам, клапатлівым мужам і імкнуцца толькі наперад? Пра любоў да Бога, прафесіі і сям’і, пра неверагодную працу над сабой і адказнасць за блізкіх чытачам «ЛіМа» расказаў акцёр тэатра і кіно, рэжысёр Павел Харланчук.


— У многіх выданнях пішуць і на тэлебачанні гавораць, што Павел Харланчук — трэнд сучаснага беларускага тэатра. Вы адчуваеце сябе трэндам?

— Я, можа, трэнд пэўнай часткі тэатра, бо тэатр жа розны. Ёсць, напрыклад, пластычны тэатр, а я не магу быць трэндам пластычнага тэатра. Мне ўвогуле складана казаць, што я трэнд, бо гэта вялікая адказнасць. Я проста чалавек, які пэўны час працуе ў тэатры. Мне ўжо за сорак гадоў, з сямнаццаці працую ў тэатры. Магчыма, проста ўжо прымільгаўся і ўсе ведаюць, што ёсць такі Харланчук, які працуе ў рэпертуарным тэатры, але ж сам тэатральным трэндам сябе не адчуваю. Я проста працую ў тэатры, выконваю сваю работу сумленна.

 — Якім вы любіце тэатр? Вам падабаюцца сучасныя тэатральныя карціны?

— Сёння тэатр перажывае не самыя лепшыя часы. Для мяне наогул зараз не час тэатра. Тэатральны сінтэз пачынае панаваць на гэтай прасторы — сумяшчэнне розных жанраў, пошукі нейкіх нестандартных шляхоў. Не ўпэўнены, што мог бы ўзяць у гэтым удзел. Можа быць, я крыху старамодны, але мне падаецца, што той тэатр, які я любіў і люблю сёння, — гэта ўсё ж такі тэатр маіх успамінаў і першых уражанняў. Памятаю, калі быў маленькі, прыходзіў глядзець пастаноўкі з жоўтымі лямпачкамі, старымі касцюмамі, і менавіта гэтыя складнікі былі маёй тэатральнай падзеяй. Сёння ў тэатры ўсё часцей можна сустрэць праўдападобную акцёрскую гульню, і гэта дзіўна. Той тэатр моцна адрозніваў­ ся ад жыцця, і нават тэмы былі высокія па сваіх паняццях, і акцёры ігралі з узды­ мам. Зараз усё ж такі пераважаюць жор­ сткія тэмы, бо гэта спосаб ускалыхнуць чалавечы мозг. А я які тэатр упершыню убачыў, такі люблю і цяпер, але ж, як ужо казаў, гэта пытанне ўспамінаў.

— Гэта значыць, што да роляў, якія выконваеце сёння, у вас вялікія патрабаванні? Не будзеце іграць тое, што не адчуваеце?

— Мне вельмі цяжка сказаць «не», але было некалькі выпадкаў, калі я не мог сябе перасіліць. Я бачыў, што нічога не магу зрабіць з гэтай роллю, каб яна выглядала для мяне не так пошла. Некалькі разоў адмаўляўся ад такіх прапаноў, таму што разумеў, што не змагу, буду хлусіць, я не веру ў тое, што там адбываецца, і нічога не магу з гэтым зрабіць. Ва ўсіх сваіх героях шукаю частку сябе, успамінаю, што хоць калісьці пражываў з прапанаванага сцэнарыя. Калі вобраз для мяне зусім непраўдзівы — не змагу яго іграць, проста не ўмею так. Ёсць акцёры, якія могуць адарвацца ад сябе і іграць зусім іншага чалавека, а ў мяне асабістае жыццё і вобраз заўсёды перамяжоўваюцца. Балюча перажываю хлусню ад самога сябе.

Многія гады, калі мне прапаноўвалі працу, не мог адмовіць, у тым ліку на шкоду сям’і і сабе самому. Бліжэй да сарака аналізаваў, калі ўжо назапасілася эмацыянальная стомленасць, і зразумеў, што гэта ад няўпэўненасці. Раней нават ледзь не мёртвы ўсё роўна ляцеў — зда­ валася, я павінен дапамагчы.

 — Часта гэта вяло да ўнутранага зня­ сілення?

— У прынцыпе, пасля кожнай прэм’еры ў тэатры накрывае адчуванне, што даць больш няма чаго, што мяне прачыталі, што ўсё сто разоў ужо было.

Памятаю, як рэпеціравалі «Дон Жуана»: раніцай рэпетыцыя, затым — днём, вечарам калі не спектакль — зноў рэпетыцыя. Я ў тэатры ў тапачках хадзіў, як дома. І новая прэм’ера «Сон у Купальскую ноч» — тое ж самае. Высмактана вельмі шмат энергіі, але арганізм ужо разумее, што неабавязкова паміраць на кожнай рэпетыцыі. Адзін час назапашаная стомленасць правакавала пастаянную трывогу, даходзіла да панічных нападаў. Стан, калі ты ўвесь час заняты, прыводзіць да таго, што, калі застаешся адзін, у цябе толькі адно жаданне: нікога не бачыць і не чуць. Цяжэй стала слухаць людзей. З табой усе размаўляюць толькі пра сябе і свае праблемы. Людзям трэба выгаварыцца. У мяне такі чалавек — толькі я. Разумею, што гэтая заціснутасць, няўпэўненасць — з  дзяцінства. Савецкім дзецям навязвалі, што памыляцца дрэнна, у школе каля дошкі мы чулі што заўгодна: ад «абібокгультай» да «ідыёт». Калі цяпер беларускаму артысту рэжысёр скажа: «Нешта ты пераігрываеш!» — гэта як нож у сэрца. Гэта водгалас з дзяцінства — як тая настаўніца каля дошкі. Віктар Сяргеевіч Манаеў называе мяне смелым артыстам, але для мяне гэта таксама момант роспачы.

— У вас не ўзнікала адчування, што вы круціцеся як вавёрка ў коле — муж, бацька, акцёр — і не разумееце, чаго ж трэба самому?

— Так, за мітуснёй часта здаецца, што ўсё супер, што ўсе жаданні рэалізаваныя. Памятаю, у школьным сачыненні пісаў, што хачу быць артыстам або футбалістам. А наогул у дзяцінстве асаблівых жаданняў не было. Мама нават крыўдзілася, калі мне купілі ровар, а я яго на наступны дзень падарыў суседу: «Бяры назаўсёды!» Прытым што заўсёды любіў ехаць, куды вочы глядзяць. Я б хацеў вось так удзельнічаць у гэтым жыцці: ехаць па ім і за ўсім назіраць. Я такі ўдзячны глядач. Вядома, хацеў бы зарабіць, але рваць жылы — ехаць у Маскву, хадзіць на ўсе кастынгі, прарывацца — наўрад ці змагу. Магчыма, трэба трапіць у добры праект, але спачатку важна аднавіцца. Самая вялікая праблема любога чалавека — разабрацца са сваёй галавой. Тое ж самае — і з жаданнямі, яны ў мяне вельмі прымітыўныя: хачу памяняць машыну жонцы. З глабальнага — я б хацеў, каб праца артыстаў лепш аплачвалася, хацеў бы працаваць на адной працы і каб гэта забяспечвала маю сям’ю. Разумею, што менш за ўсё часу ўдзяляю сваёй жонцы, і гэта праблема. У планах — з’ездзіць удваіх у падарожжа. Дзеці — гэта выдатна, але мы таксама ёсць, і важна берагчы адно аднаго.

— Дастаткова складана сумяшчаць некалькі відаў дзейнасці, а ў вас атрымліваецца. Вы аднолькава любіце тэатр і кіно альбо нешта з гэтага з’яўляецца проста сродкам для заробку грошай, а  штосьці — сапраўдным прызваннем?

— Ведаеце, кіно для мяне — больш ірваны рытм. Я не так прывык да яго. Тэатр жа — гэта першае каханне. Тут неадрыўнасць дзеяння на сцэне: гадзіна, дзве альбо тры прымушаюць паглядзець на сітуацыю інакш, лепш зразумець яе. У кіно больш, чым сама праца, мне падабаецца калектыў, бо часта сустракаеш цікавых людзей. Бывае, за дзень з табой здымуць дзве хвіліны, і ты чакаеш наступных кадраў. У гэтым чаканні знаходзяцца новыя сябры альбо цікавыя суразмоўцы.

— У адным са сваіх інтэрв’ю вы казалі пра каханне да жонкі. Гаварылі, што любое каханне мае розныя перыяды, і вы не хацелі б паўтарыць перыяд заляцанняў, рамантычнасці — перыяд вашага кахання сёння найбольш камфортны для вас…

— Вядома, я не магу кахаць яе сёння так, як напачатку, бо пачуццё прахо­дзіць пэўныя этапы. Яно заўсёды рознае. Я  дарослы чалавек і не магу быць студэнтам, якому дваццаць два, і з такімі вачыма, з  такім хваляваннем чакаць сустрэч. Я  расту, і каханне маё таксама расце, пераходзіць у іншыя формы: гартуецца, выпрабоўваецца, шмат чаго церпіць. Зразумела, што шчанячай радасці, як напачатку, быць ужо не можа, і дзякуй Богу, бо калі б яно засталося такім, то не перарасло б у больш глыбокае пачуццё. Чалавек мяняецца, нешта пераадольвае, пераасэнсоўвае, каханне робіць тое ж самае: яно становіцца мацнейшым за кошт выпрабаванняў і стрыманасці.

— Як у вашай сям’і пабудавана выхаванне дзетак? Ведаю, што вы з Ганнай размаўляеце з імі па-беларуску, што вельмі прыемна. Ці ёсць складанасці ў прывіванні дзецям беларускай мовы, культуры і традыцый?

— У гэтым ніякіх складанасцей у нашай сям’і няма. Дзеці да пэўнага ўзросту ўспрымаюць усё як губка. Калі ў  сям’і ёсць носьбіты мовы, то і малым лягчэй успрыняць яе. Яны добра разумеюць як рускую, так і беларускую, але ж паміж сабой размаўляюць на роднай. Нашы дзеці вельмі хутка пераключаюцца з аднаго на іншае. Ды ў нас не так строга: мы не прымушаем іх размаўляць толькі па-беларуску, але паказваем, што гэта іх родная мова, вучым ставіцца да яе з павагай. Мне за мову сапраўды баліць. Шкада, што яна знікае, і таму я  вельмі хачу, каб мае дзеці ведалі беларускую мову. Будуць яны карыстацца ёй у дарослым жыцці альбо не, не ведаю, але мая задача — каб яны ведалі мову сваёй краіны, каб не забываліся і не адмаўляліся ад яе. Гэта тое ж самае, што павага да бацькоў і павага да сябе. Калі нам дадзена мова і культура, мы павінны іх захоўваць і перадаваць сваім нашчадкам. Я люблю рускую мову, англійскую, але не настолькі, каб забыць родную. Гэта мая мова, якую я выбраў свядома. Дарэчы, у дзяцінстве я рэдка чуў беларускую мову, але пасля, вывучаючы гісторыю роднага краю, зразумеў, што яна мне патрэбна. Да людзей, якія не разумеюць мовы, стаўлюся спакойна і  не пераконваю іх. Кожны павінен зрабіць выбар сам. І я, і мая сям’я не маем ніякага права іх асуджаць.

— Павел, вы з кагорты вернікаў, але  ж, наколькі я ведаю, так было не заўсёды. Калі вы свядома прыйшлі да Бога, калі палюбілі яго і зразумелі, што ён жыве разам з вамі?

— Напэўна, тады, калі ў маім жыцці былі складанасці ў сям’і. Мы сутыкнуліся з перыядам, калі ўсё пайшло не так, і свядома з жонкай Ганнай пачалі шукаць выйсце. Мы хадзілі па розных цэрквах і аднойчы патрапілі на чарговую, дзе я ўпершыню пачуў слова, якое было патрэбна мне. За гэтым словам — словам ад Бога — я і пацягнуўся, бо дагэтуль не ведаў, што яно існуе. Для мяне раней служба ў царкве была абрадам незразумелым. Хоць я таксама мог прыйсці ў царкву, прастаяць службу тры, чатыры гадзіны, але каб я гэта свядома разумеў — такога сказаць не магу. Я рады, што пачуў слова, звернутае і напісанае Богам для чалавека.

— Можна казаць, што рэлігія дапамагае вам любіць жыццё?

— Не рэлігія, а Бог. І калі не дапамагае, то падтрымлівае — дакладна.

— Звычайна ў нашым грамадстве кажуць, што Бог любіць усіх. А вы можаце казаць на аснове сваёй сям’і, што Бог любіць вас?

— Не трэба далёка хадзіць і  ўспомніць, што я два разы трапляў у аварыю. Таму магу гаварыць: Бог любіць мяне, бо я выйшаў адтуль жывы, без усялякіх наступстваў. Нават калі аварыі і  былі папярэджаннямі, то вынік  — маё знаходжанне разам са сваёй сям’ёй сёння  — ёсць паказчык яго любові да мяне.

— Вы верыце ў Бога і жывяце па яго законах, але нельга гаварыць, што ваша прафесія прымальная для вернікаў…

— Няма людзей бяз граху на гэтай зямлі. Калі я веру ў Госпада — гэта не значыць, што я самы чысты чалавек на свеце, бо вера — святло, да якога я павінен ісці і імкнуцца. А да акцёрскай прафесіі ў нашым грамадстве ёсць стаўленне, магчыма, яшчэ з сярэднявечных часоў: маўляў, гэта забароненая прафесія для царквы. У гэтым моманце, вядома, ёсць свае складанасці. У кожнай ролі я спрабую пабачыць нешта добрае, шчырае, нават калі гэта адмоўны персанаж. У мяне няма такога чыстаплюйства — паказваць толькі станоўчыя вобразы. Самае галоўнае, што ў выніку захоўвае гэтая гісторыя. Шмат людзей гаварылі мне: навошта іграць чорта, калі верыш у Госпада. Але ж я выконваю ролю чорта, які ў выніку атрымлівае па заслугах. Герой не бярэ верх у прадстаўленай гісторыі, ён абавязкова будзе пакараны. У гэтым спектаклі дабро перамагае зло, што для мяне — галоўны вынік. Ведаеце, калі гаварыць, што не трэба іграць Ірада альбо Іуду, то варта падумаць, хто ўсё ж такі будзе выконваць гэтыя адмоўныя ролі. Для мяне важна, каб у спектаклі ідэя рэжысёра, калі я акцёр, была станоўчай. Па гэтым пытанні складанасці ёсць насамрэч і ў кіно, і ў тэатры. Не магу сказаць, што я самы бязгрэшны чалавек, але ж Бог і ў прафесіі мне дапамагае страсянуцца і некалі задумацца.

— Мінулы год быў дастаткова цяжкі для вашай сям’і, але ў вас ужо пяцёра дзяцей, гэта, на мой погляд, — вялікае шчасце. З якімі мэтамі і марамі ўваходзіце ў Новы год?

— Мы, калі шчыра, не загадваем. Калі будуць нейкія выпрабаванні, то будзем з імі спраўляцца. Не хочацца заганяць сябе ў рамкі і думаць, што будзе, а што — не. Галоўнае — жыць кожнай хвілінай, кожным момантам. А калі будзем думаць, што наперадзе складаны год і што рабіць, нічога добрага не атрымаецца. З’явяцца праблемы — будзем вырашаць. Кажуць, што з усім будзе кепска: і  з тэатрам, і з кіно, і з заработнай платай. Але ж я не хачу верыць у гэта. Праблем хапае заўсёды. Адзінае, што магу сказаць, — зраблю ўсё, каб маім дзецям і жонцы было добра.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.