Вы тут

Сягнуць у існасць музыкі разам з Дзмітрыем Цітовым


Мора можа аказацца блізкім на­ ват халоднай парой, і не трэба кудысьці ехаць. Да фартэпіяна далучаецца домра — і гукі злі­ ваюцца ў цудоўную хвалю, што накочваецца музычным ветрам. І здаецца, што ты апынуўся на цёплым марскім беразе, дзе ве­ цер плешча домравыя хвалі- мелодыі. І які ж салодкі гэты брыз з домры!


Выканаўца ды інтэрпрэтатар

Асабліва калі сыходзіцца пачуццёвасць і ідэйнасць. Канцэрт домравай музыкі «Руская калекцыя», прадстаўле­ны ў малой зале Белдзяржфілармоніі, — старт аўтарскага праекта «Folk strings» маладога беларускага выканаўцы на домры і мандаліне Дзмітрыя Цітова. Дзмітрый — выпускнік Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, з 2017 года — саліст канцэртна-гастрольнага аддзела Белдзяржфілармоніі. Лаўрэат спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, дыпламант шматлікіх прэстыжных рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, ён заваяваў папулярнасць не толькі ў нашай краіне, але і за мяжой. Дзмітрый выступаў у Польшчы, Эстоніі, Германіі, Славеніі, Італіі, Чэхіі. Вядомы як выканаўца і інтэрпрэтатар. Яго артыстычная кар’ера развіваецца паспяхова. Дзмітрый супрацоўнічае з  такімі музыкантамі, як Рыкарда Сандавал (Венесуэла — Францыя), Каці Ласо (Калумбія), Маціяс Калет (Францыя), Вінсэнт Бір-Дэмандэр (Францыя), Сабіна Марзэ-Вале (Францыя)… Актыўна Дзмітрый займаецца грамадскай дзейнасцю.

— Праект «Folk strings» накіраваны на папулярызацыю домры, мандаліны, балалайкі, — адзначыў аўтар праекта Дзмітрый Цітоў. — Нас падтрымлівае філармонія. Але ў далейшым спадзяёмся знайсці спонсараў. Плануем запрасіць вядучых мандаліністаў з Расіі, Германіі, Францыі, Швейцарыі. Ужо ёсць дамовы.

Прага заспакаення

Спазнаць домру — як знайсці аазіс суцяшэння і праніклівасці. Фантазія пачынае віраваць, калі Дзмітрый Цітоў кранае струны домры… Славуты «Салавей» Аляксандра Аляб’ева — Анры В’ётана ў пералажэнні для домры Сяргея Лукіна зачараваў залу, паглыбіўшы ў мастацкую інтэрпрэтацыю. Першы ўзмах рукі музыканта — і акорды падарылі цеплыню і празрыстасць. Фартэпіяна (акампанемент — Анастасія Варановіч) — быццам ласкавы вецер, што ўздымае легкакрылага матылька — пяшчотную домру. Чаргаванне штрыхоў прымушала схамянуцца, задумаўшыся пра мінулае. Абвастралі асалоду ўзлёты з пасажамі. Улоўліваліся кантрасты гукаў і акордаў, іх напружанасць ці аслабленасць, гучнасць — домра несла характар мелодыі, трансліравала ідэю.

У пералажэнні Аляксандра Цыганко­ ва «Старога рамансу» Георгія Свірыда­ ва з музычных ілюстрацый да аповесці А. С. Пушкіна «Завіруха» домра паўстала як маленькая драма, а скрозь гукі праступалі перажыванні. Пачуцці — самае каштоўнае, што ў нас ёсць. І Дзмітрый Цітоў дэманстраваў гэта ўсёй сваёй існасцю. Не было складанасці счытаць яго ўнутранасць: велічыня, палітра, фортэ маралі. У кульмінацыйным фарцісіма — віхор напружання: домра, пакорлівая выканаўца ў руках чуйнага майстра, палкая, кіпучая, дорыць у гэтым рамансе феерверк: сузіранне надзеі, імкненне да вышыні, прага заспакаення. У той момант сышлося ўсё: агонь, святло, барацьба, думка, свабода, парыў, колер...

У водаварот нот

Здаецца, валадарыў тады менавіта колер. Які колер у домры? «Колеры ўздзейнічаюць на душу: яны могуць выклікаць пачуцці, абуджаць эмоцыі і думкі, якія нас супакойваюць ці хва­ лююць, засмучаюць ці радуюць», — казаў Іаган Вольфганг Гётэ. Колер домры Дзмітрыя Цітова сшыты з тонаў пяшчоты і паўтонаў шчырасці: шырокія каскады магутных гукаў у суправаджэнні рознакаляровых асляпляльных пераліваў святла падалі ўніз, запаўнялі залу. І слухачы заміралі, прыслухоўваючыся да водавароту нот домры. Яна быццам сыпала пацеркі. Усім на памяць. Іскрыстыя, як каштоўныя камяні… І адчуванне таемнасці. А ўяўленне малявала карціны, што пераліваюцца пэўным колерам. Атмасфера, якая ахутала залу, здаецца, была колеру неба: на сінім гарызонце домра пакідала белую лінію — след ад самалёта, сама імкнучыся наперад, набіраючы хуткасць, падобна да магутнага рухавіка. І кульмінацыя  — наймацнейшае фортэ, напружанне на твары Цітова, і расслабленне — растварэнне энергіі ў зале.

Споведзь сэрца

Глыбока сягаючы ў існасць музыкі, Дзмітрый Цітоў, здаецца, адухаўляе яе знутры, як бы зліваючыся з домрай. Тут неперадавальнае хваляванне сэрца. Калі глядзіш на музыканта, здаецца, бачыш увасабленне ідэі перараджэння. Пера­ жыванні на твары, мімічны пошук вялі ўсё вышэй да вяршынь домравай гар­ моніі. Цітоў іграе душой, няйнакш. Гэта была ўсхваляваная споведзь шчырага акрыленага сэрца. Апантанасць ігры Цітова праяўлялася ва ўсім: у схіле галавы, позірку вачэй, дынамічнай міміцы. Усё выдавала поўнае паглыбленне ў твор і растварэнне ў мелодыі, якую пакорліва вяла домра. Якая яна? Успышка маланкі ці ззянне вясёлкі?

— Домра — мая душа. Калі я купіў інструмент, даў яму імя, мы з ім ужо на «ты», праводзім кожны дзень разам гадзін па 5 як мінімум. Прывыклі адзін да аднаго. Ды ўсё ж ён у мяне мужчынскага роду. Характар — як у звона: такі ж магутны і моцны, можа даць гуку столькі, коль­ кі трэба. Нават калі я ўжо не магу — ён зможа. Інструмент прафесійны (1992 го- да), рабіў яго маскоўскі майстар, таму да­ рагі (тры тысячы долараў). Ёсць у мяне інструменты, якія каштуюць і болей.

Дзейнасць Дмітрыя Цітова розна­ баковая. Ставячы задачу развіваць выканальніцтва на домры, мандалі­ не, музыкант працуе над пашырэннем рэпертуару. Услед за Сяргеем Лукіным і  Аляксандрам Цыганковым Дзмітрый стварае музыку. І на канцэрце можна было паслухаць творы ў пералажэнні Дзмітрыя Цітова, у прыватнасці «Кан­ цэрт для каларатурнага сапрана з ар­ кестрам. І частка» Рэйнгальда Гліэра. Здаецца, хвалі сталі плаўныя, памяркоўныя, але дынамічныя. І домра — карабель, які плыве па іх, гайдаючыся пад брызам. Фартэпіяна — няспешны спадарожнік. Шчырая прамоўца домра збірала ў зале засяроджаныя погляды. Узяць хвалю, паддацца брызу. Тэмпераментны Дзмітрый перажывае з мелодыяй, ідзе ўслед. І позірк яго нясецца далёка. І вочы даюць волю ўяўленню. Толькі аддайся лірыцы, клічу і палёту. Абстрактнасці тут не месца. Канкрэтныя вобразы нараджаліся ў такт домры: вось туман, потым — воблака, шэрань. Уяўленне малявала натхнёна, і спыняць яго не было моцы, ды і ці патрэбна? Хацелася давяраць гэтым вобразам, бо домра несла шчырасць і клікала ў пры­ емнае падарожжа. І замілаванне разня­ вольвала, даючы новую магчымасць для пражывання такта з вобразамі.

Дзе тоіцца разгадка...

У «Вялікім адажыа» з балета «Раймонда» Аляксандра Глазунова домра набыла новае гучанне: легкадумная, непастаянная, часам задумлівая. Сілай свайго тэмпераменту домра дапамагае сягнуць у  глыбіні, дзе тоіцца разгадка, палягчэнне. Яна — сплаў гарачых пачуццяў, душэўных парываў, як птушка, якая раскрывае крылы, каб узляцець.

«Рускі танец» Пятра Чайкоўскага з балета «Лебядзінае возера» акрэсліўся рэчытатывам домры. Здаецца, яна здольна вымаліць што заўгодна, дастукацца сваёй тонкасцю, вытанчанасцю.

Віртуозна праляцела «Рапсодыя на рускія тэмы» Аляксандра Цыганкова. У  домры ўсяго тры струны. А колькі замілавання! Трыумф мелодыі, шквал перажыванняў. «Біс і брава» — гэта найменшае, што можа выказаць душа ад радасці сугучча! Сола домры — непаўторная фарба, яна — як шчабятушка, весялуха, нястомная, няўрымслівая. Домра — саліст вытанчаны, без якога мелодыя не зіхацела б, не звінела…

Прэм’ерай канцэрта стала сачыненне сучаснага рускага кампазітара Яфрэма Падгайца «Поры года ў Маскве» (памяці Вівальдзі) у 4 частках: канцэрт для домры і камернага аркестра (акампанемент — Наталля Кірпічэнка). Здагадацца, дзе якая пара года па характары мелодыі — задача няпростая і вель­ мі творчая. І домра была загадкавай. Гульня, трэлі, флірт. І якая гэта пара года? Быццам капяжы... Настойлівае вядзенне, пералівы... Потым — танец, у якім домра задае тэмпарытм, ад якога дрыжыкі па ўсім целе, — вясна? Дзесь­ ці пасажы нагадвалі завіруху. Зіма? Потым — быццам падскокі на крыш­ тальных трамплінах. Пазыўныя акор­ дамі. Маркота. Пальцы правай рукі Дзмітрыя гойсаюць як агеньчыкі. Левая кісць адбівае брас. Віртуознасць і май­ стэрства стварыў дуэт: фартэпіяна слу­ хала домру, Наталля Кірпічэнка ішла за Дзмітрыем Цітовым.

Выдых са струнамі

Апавядальніца домра ператварае мелодыю ў душашчыпальнае зіхаценне. Паказаць найтанчэйшыя дэталі — гэта яе канёк. Прадэманстраваць сумёт — як нельга лепш домра. Намаляваць сняжынкі — зноў яна асноўны пэндзаль. І яе ноты вядучыя. Яе перажыванні галоўныя ў партыі. Асцярожныя крокі ў  фартэпіяна, што стварае напружанне, і  чаканае расслабленне — ад домры. Гісторыя пераадолення страху, перамогі сябе. І ў домры — падтрымка, надзея. Яна тая, каму не баішся даверыць набалелае. І заспакаенне ў фінале.

У «Санаце для домры і фартэпіяна. IV частка» Аляксандра Цыганкова  — лёгкасць. Тут домра найбольш харызматычная, выразная, гібкая. Запал музыканта перадаваўся струнам. Удых з фартэпіяна — выдых са струнамі. Вочы заплюшчваюцца ў асалодзе сузірання прыгожага. І фантанаванне грандыёзнае разам з акампанементам. Кульмінацыяй канцэрта стала «Інтрадукцыя і чардаш» Аляксандра Цыганкова. Дзмітрый быццам узлятаў за акордамі домры. Шырыня і веліч пачуццяў увасабляліся ў віртуоз­ ных пераборах. Як асляпляльны прамень прарэзвае цемру — сола домры ў акампанеменце фартэпіяна. І любы змрок мусіў растаць. У кульмінацыі прамень азарыў так, што вачам стала балюча, але сэрцу — прыемна.

Наступны канцэрт праекта «Folk strings» запланаваны на 5 сакавіка 2020 года і будзе прысвечаны мандаліне. Па запрашэнні Дзмітрыя Цітова выступяць музыканты з Санкт-Пецярбурга. Думаецца, стыхія мандаліны не менш адметная, чым домры, і нас чакае мандалінавы акіян эмоцый…

Наталля СВЯТЛОВА, фота аўтара

Загаловак у газеце: Колер домравага брызу

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.