Вы тут

Як беларускія кардыёлагі робяць унікальныя аперацыі і калі ў нас пабудуюць новы цэнтр


У найбліжэйшыя чатыры гады ў Беларусі будзе пабудаваны цэнтр гібрыднай кардыяхірургіі. Яго стварэнне прадыктавана самім часам — у кардыяхірургіі імкліва развіваюцца мініінвазіўныя тэхналогіі, з'яўляюцца новыя штучныя клапаны сэрца. Пры гэтым у сувязі з ростам працягласці жыцця і старэннем насельніцтва кардыялагічная дапамога патрабуецца ўсё часцей, бо першае месца ў структуры смяротнасці (55 %) па-ранейшаму займаюць хваробы сардэчна-сасудзістай сістэмы. Новы цэнтр з'явіцца на базе РНПЦ «Кардыялогія», на яго будаўніцтва будзе выдаткавана 96 мільёнаў рублёў.


sb.by

Малатраўматычныя ўмяшанні без рызыкі ўскладненняў

Сёння ў Беларусі ўсё часцей прыбягаюць да сучасных інтэрвенцыйных тэхналогій (працэдура выконваецца з дапамогай адпаведнага катэтара без класічнага хірургічнага падыходу — урач дасягае органа праз артэрыі і буйныя вены).

— Кардыялогія мяняецца імкліва. Калі дзесяць гадоў таму мы выконвалі дзясятак інтэрвенцыйных аперацый (на каранарных сасудах з пастаноўкай стэнта), то сёння іх выконваецца каля 17 тысяч у год. Летась у параўнанні з 2018-м прырост такіх аперацый склаў 18 %, — кажа галоўны пазаштатны кардыёлаг Міністэрства аховы здароўя, дырэктар РНПЦ «Кардыялогія» Аляксандр МРОЧАК.

За пяцігадовы перыяд з 2014 да 2018 года колькасць аперацый на сэрцы і каранарных артэрыях у краіне павялічылася на 18 % (да 17 962 умяшанняў), аперацый на адкрытым сэрцы — на 8 %. У 2019 годзе кардыя- і рэнтгенэндаваскулярнымі хірургамі выканана 19 040 аперацый на сэрцы і каранарных артэрыях, у тым ліку каля 3640 аперацый на адкрытым сэрцы.

Станоўчы эфект ад такіх аперацый (калі дасягаюць органа праз сасуд) у тым, што яны малатраўматычныя, пацыент хутка аднаўляецца, рызыка ўзнікнення ўскладненняў мінімізаваная, а перыяд рэабілітацыі праходзіць нашмат лягчэй. Такія аперацыі дазваляюць дапамагчы пацыентам не толькі з ішэмічнай хваробай сэрца, але са збоямі рытму сэрца.

— Калі я вучыўся ў медінстытуце, адзіным спосабам папярэдзіць арытмію была таблетка — такія прэпараты трэба было прымаць пажыццёва. Сёння развіваюцца інтэрвенцыйныя тэхналогіі ў галіне арытмалогіі. У прыватнасці, выкарыстоўваецца радыёчастотная абляцыя ачагоў арытміі (іх разбураюць з дапамогай награвання электрычным токам), што дазваляе пацыенту канчаткова справіцца з гэтай праблемай, — кажа Аляксандр Мрочак. — З'явіліся кардыястымулятары, рэсінхранізатары, імплантуемыя дыфібрылятары. Усё гэта дазваляе знізіць раптоўную смяротнасць, якая ва ўсім свеце складае 20 % ад усёй кардыялагічнай лятальнасці.

Што такое гібрыдная аперацыя?

Перспектыўным кірункам у лячэнні кардыялагічных захворванняў з'яўляюцца гібрыдныя аперацыі, калі сумяшчаюць інтэрвенцыйныя тэхналогіі і класічны хірургічны падыход. Яны дазваляюць дасягнуць большага выніку з меншай траўмай для пацыента. Гібрыдныя аперацыі былі нядаўна распрацаваны ў ЗША. Беларускія кардыяхірургі першую гібрыдную аперацыю правялі ў канцы 2018 года.

— Справа ў тым, што інтэрвенцыйныя тэхналогіі не вырашаюць усе клінічныя задачы, якія стаяць у кардыялогіі. Часта патрабуецца рэнтгенэндаваскулярнае ўмяшанне праз буйныя сасуды, а таксама класічная хірургічная аперацыя, — тлумачыць загадчык лабараторыі неадкладнай і інтэрвенцыйнай кардыялогіі РНПЦ «Кардыялогія» Валерый СТЭЛЬМАШОК.

Гібрыдныя аперацыі робяцца пры аартальных пароках сэрца, анеўрызмах груднога аддзела аорты, фібрыляцыі перадсэрдзяў, для рэваскулярызацыі міякарда.

— Каб выканаць гібрыдную аперацыю, неабходна адпаведнае абсталяванне і тэхналогіі. Сёння ў нас раздзельна існуе інтэрвенцыйная кардыялогія і класічная кардыяхірургія. У інтэрвенцыйных кабінетах няма магчымасці падключыць штучнае кровазабеспячэнне, а ў кардыяхірургічных няма ангіяграфічных установак, якія дазваляюць кантраляваць любую гібрыдную тэхналогію, — кажа Аляксандр Мрочак.

— Дзеючы аперацыйна-рэанімацыйны блок у РНПЦ «Кардыялогія» функцыянуе больш за 20 гадоў, ён маральна і фізічна састарэў. Па сістэме вентыляцыі, ахалоджвання, падачы медыцынскіх газаў, абсталяванні цеплавузла фактычны тэрмін эксплуатацыі перавышае рэсурсны больш чым у два разы, — дадае намеснік дырэктара па арганізацыйна-метадычнай рабоце РНПЦ «Кардыялогія» Аляксандр ПАЦЕЕЎ.

Новы цэнтр з'явіцца на тэрыторыі РНПЦ «Кардыялогія». Яго будаўніцтва распачата — з'явіўся катлаван і пад новы будынак забіваюць палі. З вылучаных 96 мільёнаў рублёў на само будаўніцтва пойдзе каля 28 мільёнаў, астатнія сродкі — на медыцынскае абсталяванне. Адкрыць новы цэнтр гібрыднай кардыяхірургіі плануюць у 2024 годзе.

Праводзіцца гібрыдная аперацыя. Фота: minzdrav.gov.by

Высокатэхналагічная дапамога даступная ў рэгіёнах

Як адзначыў Аляксандр Пацееў, меры, якія прымаюцца ў Беларусі для змяншэння захваральнасці і смяротнасці, даюць свае вынікі.

Летась колькасць памерлых у працаздольным узросце ад хвароб сістэмы кровазвароту знізілася на 0,8 %, ад ішэмічнай хваробы сэрца — на 2,5 %, ад інфаркту міякарда — на 6,5% пры адначасовым росце памерлых ад усіх прычын на 4,8 %. Колькасць смерцяў ад інфаркту міякарда сярод усяго насельніцтва таксама знізілася на 6 %, ад іншых формаў ішэмічнай хваробы сэрца — на 20,9 %.

У 2019 годзе выканана рэкордная колькасць трансплантацый сэрца — 53 аперацыі (у 2018-м — 42), у тым ліку адна трансплантацыя комплексу сэрца-лёгкія. Расце і колькасць трансплантацый, якія выконваюцца замежным грамадзянам. Летась такая дапамога была аказана 16 замежнікам (у 2018-м — дзесяці). Акрамя таго, штогод выконваецца больш за 25 абыходаў левага жалудачка і экстракарпаральных аксігенацый, больш за 30 імплантацый стэнтграфтаў пры анеўрызмах аорты.

Трэба адзначыць, што высокатэхналагічная кардыяхірургічная дапамога аказваецца не толькі ў РНПЦ «Кардыялогія», але і ў рэгіянальных цэнтрах.

— Летась 78 % усіх кардыяхірургічных аперацый выконвалася ў рэгіёнах. Аднак 60 % усіх найбольш складаных умяшанняў зроблена непасрэдна ў нашым РНПЦ, — адзначае Аляксандр Пацееў. — Новы цэнтр дапаможа нам забяспечыць развіццё найноўшых тэхналогій на базе РНПЦ «Кардыялогія».

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Гібрыдная хірургія, або немагчымае магчыма

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.