Вы тут

Прэмія Прэзідэнта — за праект «Іўеўскі каларыт»


Такую высокую ўзнагароду работнікі раённага цэнтра культуры атрымалі за захаванне, развіццё і папулярызацыю рэгіянальных культурных традыцый праз рэалізацыю праекта «Іўеўскі каларыт». Падзея гэта значная для ўсяго раёна, бо ў кожным аграгарадку ёсць часцінка «Іўеўскага каларыту» — ці то гурток, ці музычны калектыў, ці майстры. Таксама ў рамках праекта праходзяць брэндавыя святы, сярод якіх і папулярны «Іўеўскі памідор».


Пад уплывам падзеі

Намесніка дырэктара Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу Наталлю Мудрык самі работнікі культуры называюць генератарам ідэй. У праекце «Іўеўскі каларыт» значная частка яе намаганняў. Сфарміраваны ён нядаўна, усяго тры гады таму, але ствараўся не на пустым месцы. Праўда, напачатку, калі 35 гадоў таму малады спецыяліст прыехала сюды працаваць па размеркаванні, яна не думала, што застанецца тут. Занадта спакойным здалося тут жыццё пасля шумных Гродна і Мінска. Але самае галоўнае — не было стабільнай зарплаты для работнікаў культуры.

— Таму ў першую чаргу я занялася тым, каб зарабіць грошы і плаціць работнікам, — расказвае Наталля. — Давялося круціцца, але грошы мы зарабілі — арганізоўвалі дыскатэкі з жывым эстрадным калектывам. Потым праз год быў створаны першы аматарскі калектыў — гэта быў хор, а яшчэ праз два гады — народны драматычны тэатр. Гэта былі два самыя першыя праекты, у якіх я і сама ўдзельнічала, і гэта былі моцныя калектывы нават у межах вобласці.

Як згадвае суразмоўніца, з таго часу паступова пачалася рэарганізацыя культурных устаноў, акцэнт рабіўся на ўцягванне ў культурнае жыццё шырокага кола жыхароў. У вялікіх вёсках ствараліся творчыя калектывы, многія з якіх існуюць і да сённяшняй пары. Пазней пачалі з'яўляцца і вясковыя святы, майстры розных кірункаў, музейныя пакоі, выставачныя залы. Культурнае жыццё набывала новы імпульс. Толькі за тры гады дзеяння праекта мерапрыемствы наведалі каля 20 тысяч чалавек.

Летась з работай Іўеўскага цэнтра культуры азнаёміўся кіраўнік дзяржавы падчас візіту ў Іўеўскі раён. Аляксандр Лукашэнка паглядзеў фрагмент спектакля дзіцячага тэатральнага калектыву, выступленне ансамбля народнай музыкі «Чабарок», наведаў цэнтр рамёстваў. А днямі кіраўніцтва раённага цэнтра культуры прымала з рук Прэзідэнта краіны ганаровую ўзнагароду.

— Калі чэсна, мы не спадзяваліся атрымаць яе, — кажа з хваляваннем Наталля Мудрык. — Мы не чакалі, не думалі, але гэта вельмі хвалюючая падзея, гэта атмасфера свята, такі для нас эмацыянальны імпульс, быццам скінута дзесяць гадоў, адкрылася новае дыханне, хочацца нешта рабіць, па-іншаму глядзець, гэта надае новых сіл. Мы ўдзячны за такую ацэнку нашай працы, і увесь калектыў гэта адчувае.

Наталля добра памятае тую хвіліну, калі ёй патэлефанавалі з Мінска. І хоць яна сама ўдзельнічала ў падрыхтоўцы дакументаў праекта «Іўеўскі каларыт», але ў той час наваліліся пераднавагоднія клопаты, рыхтаваліся спектаклі дзіцячага тэатра «Зялёны фургон», вялася падрыхтоўка да работы сядзібы Зімніка ў вёсцы Залейкі... І раптам на парозе дома яе спыніў тэлефонны званок.

— Мяне запыталі: «Вы ведаеце, што сталі лаўрэатамі прэзідэнцкай прэміі?» Я кажу — не, не ведаю. Муж па маім разгубленым твары зразумеў, што нешта адбылося, я проста «завісла». Бо змагла толькі паўтараць: так, так, так... — і на тым канцы адразу зразумелі, што са мной нешта творыцца, таму папрасілі ператэлефанаваць на другі дзень, калі я змагу прыйсці да памяці. Але яшчэ і цяпер мы ўсе пад уплывам гэтай падзеі, — расказвае суразмоўніца.

Святы круглы год

Можна сказаць, што ў Іўі склаўся свой стыль работы. Тут значнае месца адводзіцца брэндавым святам. А вось як яны ўзнікалі, расказала дырэктар Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу Святлана Ракець. Напачатку штуршок дало абласное кіраўніцтва, маўляў, кожны аграгарадок павінен мець сваё адметнае свята. Наступны крок залежаў непасрэдна ад работнікаў культуры. Яны адпраўляліся ў экспедыцыі, вывучалі мясцовасць, шукалі старажылаў, каб вызначыць самую цікавую і ўнікальную асаблівасць. Пачаўся збор матэрыялаў, што і лягло ў аснову гэтых брэндавых свят. Многія з іх ужо былі, іх проста «мадэрнізавалі». Так стварылася амаль круглагадовае кола свят, якія пачынаюцца са снежня і цягнуцца да студзеня — кожны месяц у раёне праходзіць нейкае яркае брэндавае мерапрыемства.

Вось толькі некаторыя з іх. Вясновае свята «Повязь часоў» стала брэндам аграгарадка Дайліды. Гэта сапраўдны горад майстроў. Летам праходзяць «Ліпнішкаўскія сенакосы», дзе прысвойваецца ганаровы тытул «Касец года». Жанчыны ўдзельнічаюць у конкурсах па пляценні вянкоў, лялькаў-траўніц і гатаванні страў на траве. Шляхецкі фэст «Жамчужная зорка — палац Умястоўскіх» праходзіць у аграгарадку Жамыслаўль. Падчас свята рыхтуецца святочнае тэатралізаванае шэсце па старым Жамыслаўскім парку. Нектарны напой з кветак можна пакаштаваць на свяце «Квяточны калейдаскоп» у аграгарадку Лаздуны. А на свяце «Морынская залатая рыбка» наўрад ці хто-небудзь застанецца без духмянай юшкі ці іншых рыбных далікатэсаў.

А хто сёння не ведае пра славуты «Іўеўскі памідор»? Па словах арганізатараў, сюды прыязджаюць да пяці тысяч гасцей. Летась тут нават прайшла памідорная бітва — новая адметнасць свята. Таксама каманды-ўдзельніцы складалі букет з памідораў. У Іўі лічаць, што брэндавае мерапрыемства мае ўсе падставы стаць не толькі абласным, але і рэспубліканскім — нездарма горад называюць памідорнай сталіцай краіны.

Не брэндам адзіным...

«Іўеўскі каларыт» — гэта не толькі святы, але і традыцыйныя рамёствы. Адно з брэндавых свят прысвечана менавіта народным майстрам. Але далучыць да народнай творчасці тут імкнуцца кожнага. Майстар-класы праводзяцца нават падчас нарад і семінараў. А работы майстрых па саломапляценні Веры Чурэйны і Зоі Старасцінай адзначаны самай прэстыжнай на Гродзеншчыне прэміяй у сферы культуры імя Аляксандра Дубко.

Акрамя саломкі ў раёне развіты вышыўка, дрэваапрацоўка, выцінанка. А традыцыйная лялька мае рэгіянальныя асаблівасці. Гэта сімвал горада — княгіня Ева. Так звалася жонка вялікага князя Гедыміна. Згодна з паданнем, яна аблюбавала гэта месца, дзе і ўтварыўся будучы горад.

— Работы нашых майстроў карыстаюцца попытам, — расказвае Наталля Мудрык. — Летась яны ездзілі ва Украіну падчас свята «Беларусь — Украіне» і атрымалі там высокую ацэнку. Цяпер выконваем заказ — саламяныя капелюшы для Воранаўскага раёна. Таксама саламяныя вырабы і брэндавыя сувеніры прадаюцца ў папулярнай сядзібе Зімніка ў вёсцы Залейкі.

Дарэчы, на сядзібе дзеда Зімніка і бабы Завірухі штогод праходзяць навагоднія і калядныя святы, куды прыязджаюць госці з усяе краіны. Прадстаўленні арганізаваны дзіцячым тэатральным калектывам і прэтэндуюць на тое, каб стаць брэндам Гродзеншчыны.

Зразумела, што далёка не ўсе мерапрыемствы даюць нейкі прыбытак, — у культуры пакуль не выпадае разлічваць на рэнтабельнасць. Як атрымліваецца так паспяхова развіваць сваю этнічную і сучасную культуру ў раёне, які да таго ж яшчэ і не прамысловы, а мае выключна сельскагаспадарчы кірунак?

— Шмат залежыць ад кадраў, — лічыць Наталля Мудрык. — Трэба сказаць, што ў нас большасць спецыялістаў, якія працуюць, маюць профільную адукацыю, таксама важны фактар — гэта вопыт работы. Хоць мы стараемся ўтрымаць моладзь, усе ж такі тут застаюцца тыя, для каго гэтая зямля стала роднай. Тут іх дом, сям'я, дзеці, яны тут жывуць і стараюцца свой талент аддаць малой радзіме. Яны накіраваны на тое, каб не проста працаваць, а рабіць гэта якасна.

Людзі бачаць, што работнікі культуры не проста адбываюць рабочы час, а стараюцца ўдасканаліць сваю частку «Іўеўскага каларыту». І гэта дае свой плён. Нездарма ў раёне дзесяць народных калектываў, з іх тры тэатры. Кожны творчы калектыў мае сваю багатую гісторыю і нямала ўзнагарод. І цяпер усе яны — удзельнікі «Іўеўскага каларыту» — аб'яднаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, бо здолелі не толькі захаваць сваю культурную спадчыну, але і пашырыць яе.


Калектыў «Звязды» таксама віншуе работнікаў раённага Цэнтра культуры і вольнага часу і ўсіх удзельнікаў «Іўеўскага каларыту» з высокай узнагародай, жадае новых творчых задумак і іх плённага ўвасаблення ў жыццё!

Маргарыта Ушкевіч

Загаловак у газеце: «Для нас гэта такі эмацыянальны імпульс, быццам скінута дзесяць гадоў і адкрылася новае дыханне...»

Выбар рэдакцыі

Спорт

Малады батутыст Іван Літвіновіч: Я зламаў сківіцу сваім жа каленам

Малады батутыст Іван Літвіновіч: Я зламаў сківіцу сваім жа каленам

Як хлопец з Вілейкі абыгрывае славутых кітайцаў.

Грамадства

Ці можна выхоўваць дзіця ў сацыяльных сетках?

Ці можна выхоўваць дзіця ў сацыяльных сетках?

Анлайн-жыццё падлеткаў усё часцей становіцца прычынай сямейных канфліктаў.

У свеце

Чым адметны Аман?

Чым адметны Аман?

Султан неаднаразова выступаў пасярэднікам у рэгіянальных і міжнародных канфліктах.

Грамадства

Качанава: Сустрэчы з працоўнымі калектывамі - гэта магчымасць рэальна ацаніць сітуацыю на месцах

Качанава: Сустрэчы з працоўнымі калектывамі - гэта магчымасць рэальна ацаніць сітуацыю на месцах

Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава наведала ААТ «Кандытарская фабрыка «Слодыч».