Вы тут

А вам надакучыў ужо мокры снег з дажджом?


На календары ўжо стары Новы год, а на вуліцы па-ранейшаму вільготна і не па-студзеньску цёпла. І на гэтым тыдні надвор'е застанецца няўтульным, паведамляюць нам спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.


Цёплыя няўстойлівыя паветраныя масы, якія паступаюць з Заходняй Еўропы абумовяць надвор'е ў краіне 15 і 16 студзеня. У сераду ўдзень месцамі, пераважна па поўначы краіны, невялікія кароткачасовыя ападкі ў выглядзе мокрага снегу і дажджу. Уначы і раніцай месцамі слабыя туман і галалёд, на асобных участках дарог галалёдзіца. Вецер паўднёвы, паўднёва-заходні парывісты. Уначы будзе ад мінус 3 градусаў да плюс 3 градусаў, а ўдзень — да 7 цяпла!

У чацвер у асобных раёнах пройдуць невялікія кароткачасовыя ападкі, у асноўным дождж. Уначы і раніцай месцамі слабыя туман і галалёд. Вецер паўднёва-заходні парывісты. Уначы будзе ад мінус 2 градусаў да 3 цяпла, а ўдзень — ад 1 да 6 цяпла.

Паводле папярэдніх прагнозаў айчынных сіноптыкаў, у пятніцу пераважна без ападкаў. Месцамі туман, уначы і раніцай слабы галалёд. Тэмпература паветра ўначы ад мінус 4 градусаў да 2 цяпла, ўдзень — ад нуля да 5 градусаў з плюсам. У суботу таксама без ападкаў, толькі месцамі туман і галалёд. Уначы чакаецца ад плюс 1 градуса да мінус 6 градусаў. Максімальная тэмпература ўдзень ад мінус 2 да 4 цяпла.

У студзені паўметровых снежных гурбаў мы не ўбачым, лічыць начальнік службы метэаралагічных прагнозаў рэспубліканскага Гідраметэацэнтра Аляксандр БЯГАНСКІ. «Цяпер тэмпературны фон вышэй за кліматычную норму на 3,6 градуса. Сярэднясутачная тэмпература знаходзіцца ў межах, блізкіх да нуля, або нават вышэй за 0 градусаў. Адпаведна ўстойлівае снежнае покрыва не фарміруецца».

У найбліжэйшы час, паведаміў спецыяліст, надвор'е істотна мяняцца не будзе. Пачатак другой дэкады студзеня прагназуецца з павышанымі тэмпературамі і вялікай колькасцю ападкаў. У асноўным у выглядзе дажджу і мокрага снегу. Тэмпература ад слаба адмоўнай уначы, да ўпэўненага плюса днём.

У асобныя дні трэцяй дэкады чакаюцца кароткачасовыя ападкі — дождж і мокры снег. Да канца месяца колькасць ападкаў павялічыцца. Што датычыцца тэмпературы, то ў гэты перыяд яна чакаецца блізкай да кліматычнай нормы.

«Снег яшчэ будзе, — адзначыў спецыяліст. — Паўметровых гурбаў чакаць не даводзіцца, бо тэмпература высокая. Аднак гэта не адмяняе таго факту, што пры больш актыўных атмасферных франтах можа выпадаць мокры або сухі снег. Але час яго ўтрымання будзе залежаць ад тэмпературы паветра».

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.