Вы тут

Як у Нясвіжскім замку праходзілі масавыя вучэнні МНС


Дзевяць месяцаў таму ўвесь свет абышлі кадры з Парыжа, на якіх быў зняты палаючы Сабор Парыжскай Божай Маці. Але крыху больш чым сямнаццаць год назад Беларусь ледзь не страціла адну са сваіх найвялікшых культурных славутасцяў — Нясвіжскі замак. У ноч на каталіцкае Раство 2002 года ў беларускіх ратаўнікоў быў свой «Нотр-Дам».


Фота Паўла Шніпа / mlyn.by

Яўген Язвінскі зараз працуе ў Нясвіжскім замку інжынерам па пажарнай бяспецы. Шаснаццаць год таму ён працаваў начальнікам дзяжурнай змены ў пажарна-выратавальнай часці № 1 г. Нясвіжа.

— Паведамленне пра тое, што гарыць замак, тады паступіла на пульт дзяжурнага ў 19:20 вечара, — згадвае суразмоўца. — Сюды мы прыехалі на дзвюх аўтацыстэрнах. Агонь вельмі шпарка распаўсюджваўся па драўляных будаўнічых канструкцыях. Гарэла гарышча, агонь пачынаў распаўсюджвацца на паўднёвую і ўсходнюю галерэі. Лёгкаўзгаральныя аздабленчыя матэрыялы і шматлікія пусткі спрыялі гэтаму. Тэхніка ў нас у той час была не з такім вялікім запасам вады, як цяпер.

Але мала было проста затушыць полымя. Стаяла задача зрабіць гэта як мага больш ашчадна, паколькі і сам замак, і ўсё, што было ўнутры яго, уяўляла матэрыяльную каштоўнасць — карціны, фрэскі. А ўмовы для гэтага былі надзвычай неспрыяльныя — у тую ноч слупок тэрмометра падаў да адзнакі ў мінус дваццаць. Было ветрана. Тушылі мы тады да раніцы...

Нягледзячы на ўсё, 92 ратаўнікі пры дапамозе 19 адзінак тэхнікі выйшлі ў тым змаганні пераможцамі.

Як і ў Парыжы, Нясвіжскі замак загарэўся з-за чалавечай неахайнасці. Гарантаваць таго, што гэта ніколі не адбудзецца зноў, — немагчыма. Да пажару заўжды трэба быць напагатове. Менавіта таму на тэрыторыі Нясвіжскага замка разгарнуліся буйнамаштабныя вучэнні, якія праводзіліся падраздзяленнямі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Іх сцэнарый прадугледжваў максімальна магчымы адначасовы збег многіх небяспечных з’яў.
Паводле легенды, на вадаёме побач з замкам перакулілася судна. Пакуль плыўцы і вадалазы ратуюць тых, хто знаходзіцца ў вадзе, — непадалёк на праездзе трапляюць у дарожна-транспартнае здарэнне два аўтамабілі. Абодва яны вязуць небяспечныя рэчывы — ёмістасці з аміякам і крыніцу іанізуючага выпраменьвання. Каля машын разгарнулася цэлая выратавальная аперацыя.

Спярша на мясцовасці была праведзена радыяцыйная разведка. Пасля з салонаў выцягнулі кіроўцаў, якія з’яўляліся ўмоўнымі пацярпелымі. Разлікі ратаўнікоў праклалі адмысловыя рукавы, дзякуючы якім была створана водная завеса — яна неабходная для таго, каб асадзіць небяспечныя хімічныя пары на зямлю. А крыніцу радыяцыі вельмі асцярожна перамясцілі ў спецыяльны свінцовы домік.

Фінальны этап вучэнняў распачаўся непасрэдна на тэрыторыі замка. Ён распрацоўваўся па падзеях снежня 2002 года... Меркавалася, што ўнутры помніка архітэктуры адбыўся магутны пажар на плошчы ў 150 квадратных метраў. Больш за тое, каля трыццаці наведвальнікаў аказаліся адрэзанымі агнём ад шляхоў эвакуацыі. Тут заставаўся толькі адзіны варыянт, як пакінуць задымленае памяшканне — праз акно. Туды ратаўнікі падняліся пры дапамозе аўтаматызаванага пад’ёмніка. Рэалістычнасці вучэнням дадаваў магутны туман, які яшчэ з ночы агарнуў Нясвіж і яго ваколіцы і які яшчэ больш пагаршаў бачнасць.

Але ўнутраны дворык замка не такі вялікі, каб размясціць у ім вялікую колькасць аўтавышак. Тут варта прыгадаць падзеі 9 верасня 2001 года ў Нью-Ёрку. Калі гарэлі вежы Сусветнага гандлёвага цэнтра, шмат людзей разбілася, выскокваючы праз вокны. Ратаўнікі адрэпетавалі і такі варыянт магчымага развіцця падзей. Ва ўнутраным дворыку Нясвіжскага замка быў усталяваны адмысловы «куб жыцця».

— На тэрыторыі нашага рэгіёну налічваецца каля 800 аб’ектаў з кругласутачным знаходжаннем людзей, — паведаміў начальнік Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Сяргей Лапановіч. — Яны ўсе знаходзяцца на асаблівым кантролі. У тым жа Нясвіжскім замку мы пастаянна праводзім практычныя заняткі. Гэта трэба для таго, каб у выпадку баявога выезду нашы спецыялісты валодалі ўсёй патрэбнай інфармацыяй і маглі прыняць правільнае рашэнне. Тым больш што тушэнне ўскладзена гісторыка-культурным статусам аб’екта. А на выезды прыцягваюцца ратаўнікі з усіх суседніх гарнізонаў. У нашым выпадку — гэта Клецкі, Стаўбцоўскі і Слуцкі аддзелы па надзвычайных сітуацыях, дзе таксама маецца вышынная тэхніка.

Толькі за апошнія два гады больш за сто архітэктурных помнікаў па ўсёй Мінскай вобласці абсталяваны сродкамі аўтаматычнай пажарнай сігналізацыі і апавяшчэння. Усе такія аб’екты цяпер знаходзяцца пад абаронай сістэмы «Маланка».

І хочацца, каб такія падзеі заўжды разгортваліся толькі падчас планавых вучэнняў.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Фота mlyn.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».