Вы тут

З рэдакцыйнай пошты


З пошукам жыццё цікавейшае!

...Як лічаць многія, самае цікавае месца ў першай новалукомльскай школе — гэта музей. Трэба бачыць, з якім захапленнем разглядаюць тут рарытэтныя здымкі, прадметы даўніны, розныя экспанаты. У іх — гісторыя самага маладога горада Беларусі, створаная вучнямі пад кіраўніцтвам настаўніцы Ганны Аркадзеўны Васільевай.

Вучні дэманструюць узоры школьнай формы розных гадоў.

Ядро актывістаў — савет музея Удзячнасці і Памяці (такую назву мае гістарычны куток) з пяці дзевяцікласніц. Маша Лагунова, напрыклад, брала сёлета ўдзел у конкурсе «Гісторыя школьнай формы», Дар'я Вжос знайшла шмат цікавага па гісторыі горада, Варвара Бірукова, Дар'я Дзямідчык і Паліна Дзягель вялі даследаванні на ваенна-патрыятычную тэматыку. Як кажуць дзяўчаты, работа экскурсавода дысцыплінуе, заклікае пазнаваць і ўдасканальвацца, займацца пошукам.

...Здавалася б, у біяграфіі Героя Савецкага Саюза Фёдара Азміцеля, імя якога носіць гарадскі бульвар, вядома ўсё. Але ці так гэта, спытала неяк у вучняў Ганна Аркадзеўна. І адкрыцці не прымусілі іх чакаць. Сацыяльныя сеткі паспрыялі знаёмству з праўнукам і ўнучкай героя, якія пабывалі ў горадзе на святкаванні 100-годдзя Фёдара Азміцеля, дапамаглі звязацца з яго дачкой Нінай Базай, якая жыве ў Казахстане, і атрымаць унікальны матэрыял, які, што называецца, праліў святло на асобу і вытокі подзвігу Фёдара Фёдаравіча.

Хлопчык-сірата вельмі рана спазнаў цяжкую сялянскую працу, рана праявіў свае здольнасці да ведаў. Ужо трэцяе пакаленне Азміцеляў захоўвае добрую памяць пра першую настаўніцу героя Валянціну Сцяпанаўну Памазанаву, якая доўга клапацілася аб ім і з лёгкай рукі якой хлопец паступіў на настаўніцкія курсы.

На жаль, педагагічная дзейнасць Фёдара Фёдаравіча атрымалася кароткай: яго прызвалі на армейскую службу, накіравалі ў ваеннае вучылішча НКУС. Ён стаў кадравым ваенным, а вось засвоеныя ў дзяцінстве ўрокі дабрыні дапамаглі яму на «выдатна» здаць галоўны жыццёвы экзамен. У сваім апошнім баі каля вёскі Макаўё, што на Барысаўшчыне, хлопец мог выратавацца: яму, параненаму ў ногі, прапаноўвалі дапамогу. Аднак 25-гадовы камандзір атрада «Гром» не стаў рызыкаваць жыццямі таварышаў: разам з карнікамі, што яго акружылі, ён падарваў сябе гранатай — даў магчымасць партызанам прарвацца праз трайное кальцо акружэння.

...Вясной у школе пабываў яшчэ адзін госць з Санкт-Пецярбурга. Віктар Пятроў — пляменнік першага сакратара Аршанскага падпольнага райкама камсамола, камісара 1-й заслонаўскай брыгады Барыса Пятрова, які загінуў непадалёк ад Новалукомля і пахаваны на могілках у вёсцы Старыя Лаўкі. У Волагдзе, на радзіме продкаў, ён даведаўся, што ў школьным музеі захоўваецца шмат цікавых дакументаў аб баявым шляху родзіча, лісты ад маці героя, і прыехаў у горад беларускіх энергетыкаў. Сустрэча атрымалася вельмі цёплай.

Як сімвал Беларусі-партызанкі, у музеі абсталявана зямлянка, сабраны атрыбуты ваеннага часу, што дазваляе зусім па-іншаму ўспрымаюць гісторыю краю.

Вельмі змястоўнай выглядае і экспазіцыя, прысвечаная школе: матэрыялы пра педагогаў-ветэранаў, знакамітых выпускнікоў, дасягненні калектыву. Рыхтуючыся да конкурсу «Гісторыя школьнай формы», вучні не толькі збіралі старыя здымкі ды рабілі апісанне, але і стварылі ўзоры з тканіны, якія сёння дэманструюцца ў музеі.

«Даследванне за даследванем» — такі дэвіз у юных краязнаўцаў. Ужо сабрана шмат экспанатаў этнаграфічнай тэматыкі, распрацоўваецца цыкл экскурсій. Першая будзе пра кавалёў, без якіх раней проста не існавала б вёска. Краязнаўцы мараць у школьным садзе абсталяваць свайго роду кузню, балазе ў сем'ях педагогаў і вучняў адшукаліся адпаведныя прылады працы.

...Школьнікі пераканаліся: з пошукам жыццё куды цікавейшае! Хочацца верыць, што ўрокі любові да малой радзімы, атрыманыя імі, стануць той пуцяводнай зоркай, якая не дазволіць збіцца з правільнага шляху.

Ірына Торбіна, г. Чашнікі


Дзве мовы — дзве школы

Неяк давялося наведаць нашу раённую бальніцу. Сяджу там разам з іншымі, чакаю сваёй чаргі да доктара, бачу, як да нас падыходзіць маладая пара, пытаецца, хто апошні? Усе здзіўлена глядзяць, бо пытанне прагучала па-беларуску. Ды і паміж сабой маладыя людзі размаўлялі на першай дзяржаўнай... Нехта, можа, і не разумеў іх, для мяне ж родная гаворка — як бальзам для душы.

Бываючы ў розных кутках краіны, я часам чую чыстую жывую мову нашых продкаў. Аднак на сёння гэта, згадзіцеся, вялікая рэдкасць, хоць у школах яе і вывучаюць. Я вось лічу, што ведаю беларускую, праўда, размаўляю на ёй рэдка, хіба на рабоце, бо для зносін трэба, каб валодаў роднай і твой суразмоўца. А з гэтым, на жаль, праблема.

Я працую настаўнікам пачатковых класаў, маю 17 гадоў педагагічнага стажу, вышэйшую катэгорыю, і хачу нагадаць, што ў нашай краіне існуюць як беларускамоўныя, так і рускамоўныя школы. Гэта, можа, і правільна. Але ж існуюць пэўныя цяжкасці, з якімі сутыкаемся мы, педагогі, працуючы ў беларускамоўных... Справа ў тым, што тут усе прадметы, апроч рускай мовы і літаратуры, выкладаюцца па-беларуску. Мы выдатна разумеем, што дзіцяці лягчэй засвойваць інфармацыю на той мове, якая яму бліжэйшая, на якой размаўляюць яго родныя і блізкія, сябры, равеснікі. А гэта, як правіла, змешаная — лічы, трасянка. Вось тут і адбываецца вымушанае прыхаванае дзяленне педагогаў па спосабе выкладання ў беларускамоўных школах: адны вядуць урокі на сумесі рускай і беларускай моў, каб у больш даступнай форме данесці матэрыял. (І гэта не іх віна, бо яны хочуць зрабіць так, як лепш для дзіцяці.) Іншая ж група настаўнікаў, на маю думку, больш дысцыплінаваная, вядзе ўрокі на беларускай мове, больш складаныя словы і тэрміны перакладаючы на рускую, бо хто-ніхто з дзяцей пасля школы захоча вучыцца далей, і выкладанне там будзе ісці па-руску. Возьмем, напрыклад, такія прадметы, як матэматыка, інфарматыка, хімія, біялогія, фізіка. Паспрабуйце параўнаць гучанне тэрміналогіі на дзвюх нашых мовах — і адразу зразумееце, пра што я кажу.

За гады сваёй работы не раз чуў пра тое, што бацькі пераводзяць сваіх дзяцей з беларускамоўнай школы ў рускамоўную, для таго каб ім потым было лягчэй вучыцца ў ВНУ.

Іншы раз дзеці мяняюць месца жыхарства, а з ім і школу з мовай, на якой выкладаюцца прадметы. Для вучняў гэта зноў жа вялікая праблема.

...Я лічу сябе патрыётам Беларусі: люблю сваю родную мову, стараюся прывіць гэтую любоў вучням. І таму перакананы, што ў сістэме адукацыі мы павінны прыйсці да чагосьці агульнага і адзінага, каб нашы дзеці ведалі родную мову і пры гэтым у іх не ўзнікала цяжкасцяў з яе прымяненнем пасля заканчэння школы.

Анатоль Аскірка, Быхаўскі раён


Цуды здараюцца...

На Каляды ў вёсцы Соміна адбылося вялікае свята, спонсарамі якога другі год запар выступілі вядомыя ў раёне (ды і за межамі яго) выхадцы з вёскі.

Валянцін Уладзіміравіч Абрамчук, Сяргей Сяргеевіч Капыціч, Аляксандр Юр'евіч Капыціч, Андрэй Іванавіч Кармановіч набылі пад ёлку сто навагодніх падарункаў, якіх хапіла не толькі для дзяцей вяскоўцаў, але і для юных гасцей, што на Каляды прыехалі ў Соміна.

Рамеснік з Целяхан Сяргей Рак парадаваў дзятву сваімі сувенірамі.

Не засталіся без пачастункаў і дарослыя, якія таксама прыйшлі ў клуб. Дзедам Марозам на свяце быў Павел Рыгоравіч Мялік, з роляй Снягуркі цудоўна справілася дзесяцікласніца Гортальскай школы Вольга Домась. Для дзяцей праводзіліся гульні, конкурсы...

Стараста вёскі Галіна Куцко казала, што ўсе вельмі ўдзячны мецэнатам за прыгожае свята — як сведчанне таму, што цуды на Раство сапраўды здараюцца.

Валянціна БОБРЫК. г. Івацэвічы


Варта разгарнуць «Каласы...»

Добрая навіна: самай папулярнай у 2019 годзе стала кніга Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім».

У час, калі інтэрнэт пачынае «заглытваць» свядомасць чытачоў, гэта вельмі важна. Я, напрыклад, перакананы, што свой вольны час найлепей запаўняць сур'ёзнай літаратурай, а не чытаннем розных фэйкаў ды жоўтых навін.

Што да «Каласоў...», то ў рамане таленавіта апісана само станаўленне беларусаў як нацыі, нашы абрады і звычаі, фальклор... Асаблівая заслуга аўтара ў распрацоўцы гістарычнай тэматыкі, у перадачы нацыянальнай гісторыі, духу мінуўшчыны Беларусі і яе народа.

«Каласы...» многія даследчыкі называюць галоўнай кнігай у творчасці Караткевіча, бо тут празаік узнавіў вельмі шырокую панараму жыцця, таленавіта асэнсаваў лёс краіны ў гістарычным кантэксце.

Літаратуразнаўца Анатоль Верабей назваў Караткевіча гонарам і сумленнем беларускай літаратуры, пісьменнікам, які змог цалкам раскрыць душу народа, яго нацыянальны характар, выявіць перадавыя грамадскія і эстэтычныя ідэалы. А пісьменніца Людміла Рублеўская засведчыла, што цэлае пакаленне літаратараў, да якога належыць і сама, «выйшла з творчасці Уладзіміра Караткевіча, прыняўшы сэрцам яго гістарычны рамантызм, яго трагічны і прыгожы міф пра Беларусь».

Сам пісьменнік — адна з найбольш вядомых постацяў беларускай літаратуры мінулага стагоддзя. Аднак яго творы цікавыя і чытачам наступных... Каб пераканацца ў гэтым, варта разгарнуць яго «Каласы...» ды іншыя кнігі — атрымаць асалоду ад чытання, бо напісана ўсё неабыякавым Беларусам.

Канстанцін Карнялюк, г. Віцебск


Усё праходзіць...

Што ж застаецца?

Святы ёсць дзяржаўныя, рэлігійныя, прафесійныя, міжнародныя — навукі, моладзі, студэнтаў... А ёсць яшчэ і сусветныя, сярод якіх мне хацелася б вылучыць дзень дабрыні.

...З Тамарай Канстанцінаўнай Сіняк з Беразіна мы былі знаёмыя чыста сімвалічна: віталіся пры сустрэчы і не больш за тое. Але ж неяк абедзве апынуліся ў адной лячэбнай установе. Дарога туды неяк дрэнна адбілася на маім здароўі: ціск стаў проста зашкальваць, я не магла нават у сталовую схадзіць... І як жа была расчулена, калі без усялякай папярэдняй просьбы вячэру для мяне прынесла ў пакой зямлячка.

Нехта скажа: «Якая дробязь!», але ж менавіта яны, вось такія, высвечваюць чалавечую сутнасць.

Мне наогул шчасціць на людскую дабрыню. Некалі (і амаль 30 гадоў) я ўзначальвала раённае таварыства інвалідаў. Просьбаў ад іх паступала шмат і адгукнуцца хацелася на кожную. Згадзіцеся: грэх было не наведваць цяжка хворых, у складаных сітуацыях — не афармляць падпіску на любімыя выданні, не наладжваць хоць нейкія святы...

Грошай на гэта, можна сказаць, не было зусім. І тады я ішла да патэнцыяльных спонсараў — прасіла. Найчасцей насустрач нам ішла ўладальніца магазіна «Мэта» Надзея Паўлаўна Мельнік, пенсіянеркі Лідзія Рыгораўна Казырка, Марыя Міхайлаўна Шмарлоўская, Святлана Мікалаеўна Саскавец...

Невымерным запасам дабрыні надзяліў Усявышні і загадчыцу аддзела маркетынгу нашай бібліятэкі Тамару Мікалаеўну Круталевіч. Яна — галоўны ініцыятар, арганізатар і вядучая ўсіх нашых свят, чалавек выключна бескарыслівы і сумленны.

На дзіва натуральнай, арганічнай добразычлівасцю валодае і кандыдат тэхнічных навук Генадзь Уладзіміравіч Анцыпаў з маёй роднай вёскі Капланцы. Талент быць уважлівым — як да блізкіх людзей, так і зусім незнаёмых — ён, магчыма, атрымаў у спадчыну ад бацькоў-настаўнікаў. Сціпласць і працавітасць — таксама. Да дзікіх, калючых дрэўцаў ён, напрыклад, лёгка прывівае атожылкі пладовых, і — глядзіш — гадкоў праз колькі тую дзічку ўжо не пазнаць! Яна радуе людзей сваімі смачнымі сакаўнымі пладамі.

Шкада, што вось гэтак нельга з людзьмі... Яны — фанабэрыстыя, абыякавыя да чужой бяды, прагныя да грошай — ну вядома ж, сустракаліся і сустракаюцца на шляху любога чалавека, адымаюць здароўе, псуюць настрой, перашкаджаюць... Сяргей Грахоўскі праўду пісаў:

Нялёгка быць даверлівым і шчырым,

Нялёгка крыўды даўнія забыць;

Яны звісаюць, як цяжкія гіры,

І замінаюць верыць і любіць.

Ды...

Усё праходзіць, быццам дождж няроўны,

І боль, і злосць, і дробная брыда,

А застаецца важны і галоўны

І самы светлы талент — дабрата.

Да гэтых слоў я дадам толькі адно: застаецца назаўжды.

Ніна Бурко, Бярэзінскі раён

Пошту чытала Валянціна ДОЎНАР

Прэв'ю: frc-pr.ru

Загаловак у газеце: Што людзі пішуць

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Пра стасункі, армію і падарункі.

Грамадства

Вайна пакінула яму жыццё, але забрала блізкіх. Завіталі да клічаўскага ветэрана вайны Міхаіла Фельдмана

Вайна пакінула яму жыццё, але забрала блізкіх. Завіталі да клічаўскага ветэрана вайны Міхаіла Фельдмана

Нягледзячы на свае 96, Міхаіл Фельдман выглядае на зайздрасць бадзёрым і маладжавым. 

Грамадства

Прыёмная кампанія: да чаго рыхтавацца?

Прыёмная кампанія: да чаго рыхтавацца?

Зроблены першы крок да аб'яднання экзаменаў.