Вы тут

У Брэсце адкрылі новае аддзяленне штодзённага знаходжання для інвалідаў


У тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ленінскага раёна Брэста адкрылася аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў, паведаміла БелТА загадчыца аддзялення Крысціна Ждановіч.


Новае падраздзяленне ТЦСАН прызначана для інвалідаў першай і другой груп, а таксама для інвалідаў трэцяй групы, якія дасягнулі пенсійнага ўзросту. Аддзяленне размясцілася на першым паверсе цэнтра. Пад яго патрэбы адвялі адаптаваныя памяшканні з безбар'ерным асяроддзем. Да паслуг наведвальнікаў - кухня, спартыўная зала, памяшканні для гуртковай працы.

Першыя заняткі тут пачаліся 9 студзеня. На сёння аддзяленне наведваюць 24 чалавекі. На днях паступілі яшчэ дзве заявы з просьбай аб залічэнні. У асноўным гэта інваліды з псіхічнымі парушэннямі ва ўзросце да 40 гадоў, ёсць таксама дзевяць інвалідаў па слыху старэй за 60. Штат аддзялення сфарміраваны з дасведчаных спецыялістаў, якія ведаюць асаблівасці працы з дадзенай катэгорыяй наведвальнікаў: гэта кіраўнік гуртка, інструктары па працоўнай тэрапіі і лячэбнай фізкультуры, спецыяліст па сацыяльнай рабоце.

"Каля паўгода ішла падрыхтоўчая праца. Мы праводзілі анкетаванне нашых падапечных, вывучалі іх перавагі, каб сфарміраваць напрамкі дзейнасці", - адзначыла загадчык аддзялення. Запатрабаванымі апынуліся камп'ютарныя курсы, фізічная актыўнасць, у тым ліку прагулкі па горадзе, розныя творчыя заняткі, якія маюць не толькі забаўляльнае, але і тэрапеўтычнае значэнне. У клубе "Хатні" падапечных навучаюць элементарным навыкам арганізацыі ўласнай прасторы і самаабслугоўвання. У клубе "Пазнай-ка" знаёмяць з цікавымі фактамі з гісторыі, геаграфіі, іншых сфер дзейнасці.

Аддзяленне працуе пяць дзён у тыдзень з 8.00 да 17.00. Паслугі знаходжання ў ім падаюцца бясплатна. Адны падапечныя наведваюць выключна тыя заняткі, якія ім цікавыя, іншыя праводзяць тут практычна ўвесь дзень. Новае аддзяленне стала восьмым па ліку падраздзяленнем у ТЦСАН Ленінскага раёна. За апошнія пяць гадоў штат цэнтра практычна падвоіўся.

Да гэтага часу ў Брэсце функцыянавалі тры аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў пры тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Маскоўскага раёна. На пастаяннай аснове іх наведваюць 96 чалавек.

Прэв'ю:  bvn.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.