Вы тут

Набліжаецца да фіналу конкурс «100 ідэй для Беларусі»


Завяршаецца дзявяты сезон рэспубліканскага маладзёжнага праекта «100 ідэй для Беларусі». З усіх абласцей краіны на яго паступіла больш за тысячу заявак, паведамілі ў ЦК БРСМ. У кастрычніку — лістападзе мінулага года прайшло 39 занальных адборачных этапаў, у якіх узялі ўдзел больш за паўтысячы маладых людзей, у снежні — шэсць абласных, Мінскі гарадскі і адборачны этап Нацыянальнай акадэміі навук.


У фінале, які, як чакаецца, пройдзе ў лютым, возьмуць удзел сто найлепшых праектаў. Сярод іх, напрыклад, сістэма падліку пасажыраў у грамадскім транспарце, распрацаваная прадстаўнікамі Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта Эдуардам Конанавым, Дзмітрыем Заваленым і Ільём Ваўком. Аўтары прапануюць устанаўліваць у аўтобусах камеры, дзякуючы якім можна будзе праводзіць ацэнку пасажырапатоку ў залежнасці ад часу сутак, пары года і іншых фактараў. Студэнты гэтай жа ВНУ Мікіта Юшкін, Аляксандра Купцова і Рычард Красноў прэзентавалі мабільную рэкламную платформу з гейміфікацыяй. Сутнасць праекта Vіrtual Me ў тым, што дзеянні з рэальнага жыцця будуць адлюстроўвацца на аватары ў праграме.

Студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі Мікіта Кудзінаў і Ілья Іваноў прапанавалі аўтарскі праект «Жэстабот». Гэта робат, які кіруецца жэстамі рукі. Ён можа быць выкарыстаны ў якасці маніпулятара для вырашэння задач у цяжкадаступных месцах, умовах, небяспечных для жыцця і здароўя. Спецыялісты Гомельскага вагоннага дэпо РУП «Гомельскае аддзяленне Беларускай чыгункі» Аляксандр Атока і Аляксей Лях распрацавалі методыку і стэнд аўтаматызаванага магнітапарашковага кантролю цэльнакатаных колаў пры бягучым і сярэднім рамонце колавых пар. Укараненне гэтага праекта дасць магчымасць цалкам адмовіцца ад ручной работы, павысіць яе прадукцыйнасць і, як вынік, — бяспеку руху пры перавозцы грузаў і пасажыраў.

Аляксандр Атока і Аляксей Лях.

Дацэнт Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Аляксандр Глуткін — аўтар больш чым 120 навуковых і вучэбна-метадычных работ, пераможца конкурсу «100 ідэй для Беларусі» 2018 года і міжнароднага конкурсу «100 ідэй для СНД». Гэты ўдзельнік прадставіў праект «Інавацыйная гідрагелевая матрыца для вытворчасці ранавых павязак і касметычных сродкаў». Распрацоўка служыць эфектыўнай перашкодай для бактэрый, а таксама ратуе ад страты вільгаці ў арганізме, астуджае, абараняе, рэгенеруе. Пакрыццё лёгка накладваецца на рану і здымаецца з яе, не патрабуе валодання адмысловымі навыкамі. Яно на 40—50 працэнтаў танней за імпартныя аналагі.

Аляксандр Глуткін.

Вучань 11 класа слуцкай сярэдняй школы № 11 Цімафей Стамброўскі прэзентуе праект «Выкарыстанне эфекту Кармана для атрымання аднаўляльнай энергіі». Ён стварыў мадэль бяспечнага ветрагенератара, які ператварае энергію ветру ў электрычнасць. Вучаніца 10 класа гэтай жа школы Лізавета Грынюк будзе ўдзельнічаць у фінале са сваёй распрацоўкай «Аўтаматычная сістэма прытокава-выцяжной вентыляцыі з рэкуперацыяй цяпла». Прылада здольная забяспечваць памяшканне прытокам цёплага і свежага паветра, яна створана з другаснай сыравіны, з мінімальнымі выдаткамі на зборку і эксплуатацыю. Акрамя таго, распрацавана мабільная праграма, якая не толькі кантралюе работу рэкуператара, але і сочыць за ўтрыманнем вуглякіслага газу ў памяшканні.

Вучні 11 класа асіповіцкай сярэдняй школы № 4 Дзяніс Ерашэвіч і Дзмітрый Барысаў прайшлі ў фінал з праектам, звязаным з комплекснай перапрацоўкай малочнай сыроваткі. Упор зроблены на комплекснае безадходнае выкарыстанне малочнай сыравіны, мадэрнізацыю і стварэнне новага тэхналагічнага абсталявання, вырашэнне праблем энерга- і рэсурсазберажэння, экалагізацыю малочнай вытворчасці. Навучэнец мінскай гімназіі № 38 Арсеній Жылко будзе змагацца за перамогу з праектам «Біяпалімерныя скафолды на аснове пекціну і хітазана для рэгенератыўнай медыцыны». Пекцін і хітазан з'яўляюцца прыроднымі поліцукрыдамі з шырокім спектрам фізіялагічнай актыўнасці і належаць да аднаўляльных крыніц сыравіны. Праект цалкам адпавядае экалагічным патрабаванням. Акрамя таго, ён мае эканамічны эфект за кошт памяншэння выдаткаў на лячэнне і рэабілітацыю з-за скарачэння часу знаходжання пацыентаў у стацыянары.

Сяргей РАСОЛЬКА

Фота БРСМ

Загаловак у газеце: «Жэстабот» і эфект Кармана ў дзеянні

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Адным з першых у вобласцi пачалi рэстаўрыраваць велiчны палац Сапег у Ружанах.

Грамадства

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Наша краiна займае трэцяе месца ў сваiм рэгiёне па колькасцi бескантактавых транзакцый.

Грамадства

Неспадзяваныя падарожжы. Як не згубiцца ў лесе?

Неспадзяваныя падарожжы. Як не згубiцца ў лесе?

Цёплае i вiльготнае надвор'е, якое вось ужо чацвёрты тыдзень з невялiкiмi перапынкамi пануе ў Беларусi, штурхае да таго, каб пайсцi ў лес.