Вы тут

Андрэйчанка: Кожная камісія мусіць падрыхтаваць як мінімум адзін законапраект


Пра гэта старшыня ніжняй палаты парламента Уладзімір Андрэйчанка сказаў перад уручэннем нагрудных знакаў і пасведчанняў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, якое адбылося ўчора ў Авальнай зале Дома ўрада.


«Думаю, што добрым унёскам у заканадаўчую скарбонку будзе падрыхтоўка кожнай камісіяй як мінімум аднаго законапраекта за чатыры гады. Калі атрымаецца больш, то гэта будзе толькі вітацца. Гэта павінны быць запатрабаваныя ініцыятывы, якія ідуць ад жыцця», — падкрэсліў Уладзімір Андрэйчанка.

Больш ініцыятывы і настойлівасці

Кіраўнік ніжняй палаты акрэсліў максімальны тэрмін знаходжання законапраектаў у парламенце — год. Ён заклікаў дэпутатаў не зводзіць сваю заканадаўчую дзейнасць да тэхнічных або дробных правак.

Яшчэ адно пажаданне — удзел у рабоце над законапраектамі да іх унясення ў Палату прадстаўнікоў. «Прыцягвайце да гэтай работы практыкаў, бізнес, грамадскія аб'яднанні, навукоўцаў, выкарыстоўвайце свой прафесіяналізм, міжнародны вопыт, вынікі работы ў акругах і аналіз зваротаў грамадзян, пытанні і прапановы выбаршчыкаў, якія былі агучаны ў ходзе перадвыбарнай кампаніі», — параіў старшыня.

Зараз у Палаце прадстаўнікоў знаходзіцца 40 законапраектаў. Кіраўнік дзяржавы паставіў задачу за паўгода падрыхтаваць праекты абноўленых Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчага кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Уладзімір Андрэйчанка папрасіў узяць удзел у гэтай рабоце ўсіх парламентарыяў.

Самую сур'ёзную ўвагу спікер заклікаў звяртаць на аналіз правапрымяняльнай практыкі, вынікам якога павінны стаць запатрабаваныя папраўкі ў законы.

Старшыня Палаты прадстаўнікоў нагадаў і аб праве дэпутатаў звяртацца ў Канстытуцыйны суд па праверку канстытуцыйнасці нарматыўных актаў. «Грамадзяне такога права не маюць. Людзі накіроўваюць пытанні ў парламент. За 2019 год унесена 37 прапаноў. Папрашу парламентарыяў старанна аналізаваць гэтыя звароты. Калі прапановы, якія ўносяць грамадзяне, заслугоўваюць увагі, то Палата прадстаўнікоў павінна звярнуцца ў Канстытуцыйны суд», — упэўнены кіраўнік ніжняй палаты.

Быць у адкрытым доступе

У міжнароднай дзейнасці дэпутатам варта нацэльвацца не толькі на развіццё прафесійных і палітычных кантактаў, лічыць спікер. «У цэнтры ўвагі павінны быць таксама пытанні рэалізацыі экспартнага патэнцыялу нашай краіны, прыцягнення замежных інвестыцый, умацавання міжкультурных сувязяў, абароны і прасоўвання нацыянальных інтарэсаў».

Пры гэтым важна не забываць аб прадпрыемствах і арганізацыях у сваіх рэгіёнах. «Выбаршчыкі павінны бачыць рэальную аддачу ад работы абраных дэпутатаў», — акцэнтаваў увагу Уладзімір Андрэйчанка.

Адносна работы ў выбарчых акругах кіраўнік ніжняй палаты расставіў наступныя акцэнты: умець слухаць, чуць людзей, дапамагаць ім у вырашэнні іх праблем, пазбягаць фармалізму.

«Прынцыповае значэнне мае павышэнне адкрытасці парламенцкай дзейнасці, — дадаў ён. — Варта актыўна супрацоўнічаць са сродкамі масавай інфармацыі. Трэба выкарыстоўваць рэсурсы персанальных сайтаў дэпутатаў, сацыяльныя сеткі, пашыраць магчымасці для зваротнай сувязі».

Не баяцца інфармацыйнай прасторы

На гэтай жа сустрэчы ў дэпутатаў адбылася і своеасаблівая вучоба — народных абраннікаў пазнаёмілі з інфармацыйна-пошукавай сістэмай «Эталон», іншымі дзяржаўнымі інфармацыйнымі рэсурсамі, а таксама з выклікамі і рызыкай, якія звязаныя з сучаснай інфармацыйнай прасторай.

Дырэктар Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Алег Макараў расказаў народным абраннікам пра цывілізацыйныя трэнды, законы і тэхналогіі ў галіне інфармацыі і дэзынфармацыі. «На сённяшні дзень пры якасным вырабе фальшывага кантэксту нават экспертным шляхам немагчыма даказаць, што гэта хлусня, і адрозніць яе ад праўды, — папярэдзіў ён. — Больш за тое, на гэтыя тэхнічныя магчымасці накладваецца ўразлівасць грамадскай свядомасці. Іншымі словамі, калі такая інфармацыя запускаецца ў сетку і распаўсюджваецца, супрацьстаяць ёй чалавеку або грамадству вельмі складана».


У тэму

Міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч падчас чарговага пасяджэння ўдзельнікаў праекта БелТА і Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў «Экспертнае асяроддзе» «Dеерfаkеs (глыбокія фэйкі): новы выклік інфармацыйнай бяспецы» выказаўся за тое, каб унесці ў заканадаўства такія паняцці, як fаkе і dеерfаkе.

Міністр лічыць, што гэтую тэму ў кантэксце забеспячэння інфармацыйнай бяспекі трэба абмяркоўваць з усімі зацікаўленымі ў парламенце. На думку Аляксандра Карлюкевіча, неабходна ацаніць маштабы з'явы, патэнцыйныя пагрозы і падумаць, як выкласці гэта ў заканадаўчай базе. Ён выказаўся за тое, каб «ужо сёння рыхтаваць праекты, дзе будуць прапісаны такія паняцці, як fаkе і dеерfаkе».

«Людзям неабходна растлумачыць, да чаго гэта прывядзе. Трэба сказаць, што ў нас не прынята, што можа насіць супрацьпраўны характар. Такім чынам будзе выказана пазіцыя не толькі дзяржавы, але і здаровай часткі грамадства. Калі мы сёння не падрыхтуемся да гэтага, то заўтра можам спазніцца», — упэўнены Аляксандр Карлюкевіч.

Ён адзначыў, што ўплыў СМІ і сацыяльных сетак у сучасным свеце ўзрастае і ў сувязі з гэтым у Беларусі варта задумацца аб радыкальных хуткасцях у эвалюцыі айчынных медыя.

  • Fаkе ў перакладзе з англійскай «фальшывы» — падробка ў самым шырокім сэнсе.
  • Dеерfаkеs — тэхналогіі штучнага сінтэзу чалавечай выявы, заснаваныя на выкарыстанні нейрасетак і штучнага інтэлекту, якія дазваляюць ствараць высокарэалістычныя фота- і відэавыявы людзей альбо ажыццяўляць мадыфікацыю фота-, аўдыё- і відэаматэрыялаў.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Прэв'ю: БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Культура

Мікалай Пінігін: Каб ведаў як, сам напісаў бы класную сучасную п'есу

Мікалай Пінігін: Каб ведаў як, сам напісаў бы класную сучасную п'есу

На рахунку рэжысёра і мастацкага кіраўніка Купалаўскага тэатра Мікалая Пінігіна больш за семдзесят спектакляў, і па некаторыя з іх хоць зараз ідзі на вуліцу Энгельса. 

Грамадства

Расказваем пра тое, як на Брэстчыне раней гатавалі варэнне і як гэта робяць цяпер

Расказваем пра тое, як на Брэстчыне раней гатавалі варэнне і як гэта робяць цяпер

Аказваецца, у нашых вёсках амаль да другой паловы ХХ стагоддзя не мелі звычкі нарыхтоўваць яго, не ведалі, як варыцца.