Вы тут

Ці карысныя зімовыя памідоры і агуркі?


Нядаўна знаёмая, якая пераехала жыць у вёску, выставіла фота ў «Інстаграме»: як у яе ў садзе прараслі цюльпаны. Я разглядала фатаграфію і думала, што зіма выйшла сёлета нейкая нягеглая, і каб не выразаныя з паперы сняжынкі на акне, то можна было б яе і не заўважыць... І так адразу захацелася свежай зеляніны, хрусткіх агуркоў, мясістых духмяных памідораў... Я кінулася на рынак, але мой запал тут жа згас.


Не, вядома, там былі духмяныя азербайджанскія памідоры па 35 рублёў і пухірыстыя маленькія агурочкі з поўдня Расіі па 16 рублёў, але змесціва майго кашалька паказвала на тое, што не пакаштаваць мне гэтай апетытнай агародніны. І я накіравалася далей — у пошуку памідораў і агуркоў больш танных. Хадзіла, разглядаючы агародніну і садавіну, паміж гандлёвымі радамі, нібыта падарожнічала па зямным шары: Іспанія, Турцыя, Нідэрланды... Пакуль не «вярнулася» на беларускія прасторы, дзе нашы памідоры можна было набыць за 3,5 рубля, а агуркі прыкладна за 5 рублёў. Але яны выглядалі не так апетытна, як іх паўднёвыя браты...

— Канешне, нашы памідоры і агуркі не такія па колеры і водары, як вырашчаныя пад паўднёвым сонцам, але не хвалюйцеся — па складзе бялкоў, вугляводаў і мікраэлементаў яны не саступаюць летняй агародніне, — тлумачыць спецыяліст па рабоце з кліентамі фермерскай гаспадаркі «АграЛайнПлюс» Аляксандра Навадворская. — Летам нашы памідоры і агуркі такія ж яркія, салодкія, духмяныя і насычаныя, як агародніна з поўдня. А вось зімой на нашы таматы падае попыт, таму фермеры вырошчваюць іх у невялікіх аб'ёмах.

Міф пра тое, што зімовая агародніна не такая карысная, як летняя, развеялі ў Навукова-практычным цэнтры па харчаванні Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

— Агуркі і памідоры ўвесь год вырошчваюць у аднолькавых цяплічных умовах, як правіла, на спецыяльных субстратах, з выкарыстаннем пажыўных палівальных сумесяў, таму па карыснасці такая агародніна не адрозніваецца, — запэўнівае начальнік рэспубліканскага кантрольна-выпрабавальнага комплексу па якасці і бяспецы прадуктаў харчавання РУП «Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па харчаванні», кандыдат сельскагаспадарчых навук Ірына ПАЧЫЦКАЯ. — Пры гэтым, як правіла, для падаўжэння тэрмінаў захоўвання агародніны яе здымаюць да поўнага выспявання, таму яна не паспявае назапасіць у сабе ўласцівыя ёй водар і смак.

Як сцвярджае спецыяліст, зімовая агародніна, прывезеная з Іспаніі, Турцыі і іншых паўднёвых краін, па якасці супастаўная з агароднінай, што расла ў нас.

Бывае, плады, вырашчаныя ў цяплейшых умовах, больш духмяныя і салодкія. Але на рынку турэцкія памідоры ўсё роўна здаліся мне менш апетытныя, чым беларускія. Аказалася, што вялікую ролю адыгрываюць тэрміны здымання і ўмовы даспявання. Калі агародніна спее ў працэсе транспарціроўкі і захоўвання, то, як правіла, яна мае нізкія смакавыя характарыстыкі.

Некаторыя мае знаёмыя называюць зімовую агародніну «нітратнай», але насамрэч па вонкавым выглядзе або паху немагчыма вызначыць наяўнасць нітратаў, яны незаўважныя. Спецыялісты вызначаюць іх утрыманне з дапамогай спецыяльнага прыбора — нітратамера.

— Нітраты — солі азотнай кіслаты, добра растваральныя ў вадзе, прыродныя злучэнні, якія трапляюць у расліны з глебы (субстрату) або палівальных сумесяў, неабходныя для росту і развіцця расліны, — расказвае Ірына Пачыцкая. — Пры пэўных умовах гэтыя злучэнні могуць назапашвацца ў расліне і без унясення высокіх доз угнаенняў. Утрыманне нітратаў у агародніне залежыць ад мноства розных фактараў: гэта біялагічныя і сартавыя асаблівасці раслін, узровень урадлівасці глебы, тэмпература і вільготнасць глебы і паветра, інтэнсіўнасць і працягласць асвятлення, тэхналогія вырошчвання. Шкоднасць нітратаў заключаецца ў тым, што пры пэўных умовах у арганізме чалавека яны могуць пераходзіць у нітрыты, якія ўступаюць у хімічную рэакцыю з гемаглабінам крыві, утвараючы атрутныя злучэнні.

Увогуле на кожны від агародніны і садавіны існуюць нарматыўныя дакументы, якія рэгламентуюць патрабаванні да арганалептычных паказчыкаў (знешні выгляд, смак, водар, кансістэнцыя і іншыя), фізіка-хімічных паказчыкаў (памер, наяўнасць прымесяў) і абавязкова да паказчыкаў бяспекі (утрыманне таксічных элементаў, радыенуклідаў, пестыцыдаў, нітратаў). Каб не набыць небяспечную агародніну на рынку, лепей папрасіць у прадаўца заключэнне аб санітарна-ветэрынарным кантролі.

Увогуле, паводле рэкамендацый Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, штодня трэба з'ядаць 0,5 кілаграма агародніны і садавіны. Яны могуць быць свежыя ці замарожаныя, прыгатаваныя рознымі спосабамі. Напрыклад, тамат багаты разнастайнымі вітамінамі, а таксама мінераламі, фруктозай і клятчаткай, у яго склад уваходзяць ёд, магній, жалеза і цынк, карысць якіх для арганізма даказаная даўно. Ужыванне памідораў у ежу станоўча адбіваецца на стане арганізма чалавека, у прыватнасці, дыетолагі рэкамендуюць есці іх людзям з лішняй вагой, бо ў ста грамах гэтай агародніны змяшчаецца ўсяго 19 кілакалорый. Антыаксідант, які ўтрымліваюць у сваім саставе памідоры, абараняе арганізм ад анкалагічных захворванняў.

У саставе ж агуркоў — у асноўным вада. Аднак акрамя яе ў «пухірыстых» ёсць вітаміны і мінералы — А, В, С, РР, Е, К, кальцый, фосфар, магній, жалеза, натрый, хром, хлор, цырконій, марганец, нікель, крэмній, калій. У 100 грамах агурка змяшчаецца ўсяго 15 кілакалорый, а дыетолагі адзначаюць, што яны спрыяюць лепшаму засваенню бялка.

...Дома я нарэзала свежую зімовую агародніну, набытую на рынку, у надзеі адчуць вясенне-летні водар. Але, на жаль, не атрымалася. Усё ж карысць карысцю, але смакавыя якасці ніхто не адмяняў. Эх, хутчэй бы лета!..

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Загаловак у газеце: «Смак» вясны

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Адным з першых у вобласцi пачалi рэстаўрыраваць велiчны палац Сапег у Ружанах.

Грамадства

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Наша краiна займае трэцяе месца ў сваiм рэгiёне па колькасцi бескантактавых транзакцый.

Грамадства

Неспадзяваныя падарожжы. Як не згубiцца ў лесе?

Неспадзяваныя падарожжы. Як не згубiцца ў лесе?

Цёплае i вiльготнае надвор'е, якое вось ужо чацвёрты тыдзень з невялiкiмi перапынкамi пануе ў Беларусi, штурхае да таго, каб пайсцi ў лес.