Вы тут

Як развівацца, калі грошай не хапае? Глядзім на прыкладзе Чавусаў


Ад Магілёва да Чавус гадзіна язды на аўтобусе, на асабістым транспарце можна «даляцець» і хутчэй. Утульны гарадок з дастаткова добра развітай інфраструктурай, ёсць рака, чыгунка — што яшчэ трэба для стабільнага жыцця? Але без датацый справа ўсё роўна не абыходзіцца. Няма буйных вытворчасцяў, а значыць, і актыўных паступленняў у бюджэт. Ці лёгка сёння напаўняць «мясцовую скарбонку» і як развівацца, калі грошай не хапае, — на гэтую тэму паразважаў старшыня Чавускага райсавета, кіраўнік Магілёўскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў Анатоль Мацюлін.


Прэзідэнтам краіны пастаўлена задача да 2025 года павялічыць ВУП да 100 мільярдаў долараў. І без павелічэння выручкі на аднаго работніка, пошуку новых відаў прадукцыі, адкрыцця новых вытворчасцяў тут не абысціся. Для гэтага трэба актыўна працаваць, уцягваць у абарот нявыкарыстаную маёмасць, шукаць спосабы прыцягнуць грошы ў бюджэт. У Чавускім раёне робяць стаўку на развіццё сельскай і лясной гаспадаркі.

— У нас ёсць прыдатныя пляцоўкі, але пакуль, на жаль, няма праектаў, якія б сур'ёзна паўплывалі на становішча. Ёсць патэнцыйныя інвестары, але яны яшчэ прыглядаюцца, вывучаюць попыт. Напрыклад, ТАА «Саўэкспарт» наладжвае ў раёне вытворчасць гофракардону, — удакладняе Анатоль Мацюлін.

Сёння вітаюцца альтэрнатыўныя спосабы прыцягнення грошай у бюджэт. І ў гэтым вялікія надзеі ўскладаюцца на актыўную частку мясцовага насельніцтва.

— Развіццё прадпрымальніцтва, самазанятасці — гэта адзін з даходных артыкулаў сельскіх Саветаў, і мы гэтым цяпер шчыльна займаемся, — кажа старшыня райсавета. — Яшчэ адзін са спосабаў папоўніць бюджэт — прыцягнуць сродкі звонку. Кожны год грошай на добраўпарадкаванне выдзяляецца ўсё менш. І мы матывуем людзей удзельнічаць у навядзенні парадку на роднай зямлі. Прычым у першую чаргу адштурхоўваемся ад інтарэсаў жыхароў пэўнай тэрыторыі. Напрыклад, узнікла неабходнасць будаўніцтва дадатковай аўтапаркоўкі (іх часта не хапае там, дзе старая забудова) або дзіцячай пляцоўкі. На такія ініцыятывы людзі ахвотна здаюць грошы, і дзяржава не застаецца ўбаку. Мы купляем абсталяванне, а тэрыторыю акультурвае насельніцтва. Тут і ініцыятыва, і скарачэнне бюджэту, і добраўпарадкаванне.

Няма работы — няма падаткаў

Вялікі рэзерв — гэта не занятыя ў эканоміцы людзі. Але як іх зацікавіць?

— Апошнія тры гады мы адкрываем па 80 рабочых месцаў у год, але вялікага попыту няма, — сведчыць Анатоль Мацюлін. — На камісіях па садзейнічанні занятасці разглядаем кожнага чалавека, які звальняецца, клапоцімся, каб ён не застаўся без даходаў. Бо пры гэтым скарачаюцца даходы ў мясцовы бюджэт: няма падатку ні ад работніка, ні ад прадпрыемства. Павінна быць адна матывацыя — працаваць. Толькі ў гэтым выпадку ў раёна будзе магчымасць мацнець і развівацца.

Для сельскіх тэрыторый тыповая сітуацыя: прадпрыемствы, якія раней паспяхова працавалі на эканоміку раёна, або абанкруціліся, або сталі філіяламі абласнога, рэспубліканскага падпарадкавання. З аднаго боку, гэта моцна падкасіла даходную частку раённых бюджэтаў. З другога — сіламі раёна наўрад ці атрымалася б зрабіць пераўзбраенне старых прадпрыемстваў і паставіць іх на новыя рэйкі. А ў тым выглядзе, у якім яны існавалі, нават размовы не можа быць пра канкурэнцыю на міжнародным рынку. Ды і варыцца ў сваім соку яны доўга таксама не змаглі б.

— Мінулы год быў цяжкі, мы не выканалі бюджэт, даводзілася яго пераглядаць, — канстатуе Анатоль Мацюлін. — Сельскагаспадарчыя арганізацыі недабралі ўраджай. Падвёў і некалі асноўны падаткаплацельшчык — завод ЖБВ, які мае патрэбу ў пераўзбраенні. Шукаем інвестара. Патрэбны прарыўны праект, каб вярнуць завод да жыцця і павысіць даходы, бо цяпер ён у стратах. Затраты на сыравіну, электраэнергію і іншыя рэчы растуць. Патрэбныя аўтаматызацыя, энергазберагальныя мерапрыемствы.

Большасць раёнаў Магілёўскай вобласці, і Чавускі не выключэнне, арыентуецца сёння на развіццё сферы паслуг. І гандаль — адна з тых крыніц, якія адчувальна папаўняюць бюджэт. На жаль, тут таксама ёсць падводныя камяні. Сёння, напэўна, не засталося ніводнага райцэнтра, дзе б не працаваў вядомы сеткавік. Спажыўцы задаволеныя, але раёны, на жаль, багацейшыя не становяцца.

— Асноўныя падаткі, за выключэннем падаходнага, гэтыя прадпрыемствы плацяць па месцы рэгістрацыі, — заўважае суразмоўца. — А наш галоўны гандлёвы партнёр і падаткаплацельшчык — райспажыўкааперацыя — сёння прыкметна падсаджваецца.

Што можа зрабіць дэпутат

Калі дэпутат — кіраўнік прадпрыемства, ён можа паўплываць на павелічэнне даходнай часткі бюджэту сваёй дзейнасцю. Наогул народныя абраннікі зацікаўлены прыйсці на «хворае» прадпрыемства, разам з людзьмі разабрацца, чаму зніжаюцца даходы ў бюджэт, паразважаць, як вырашыць гэтую праблему, бо яна цягне за сабой шэраг іншых. Цяжэй, напрыклад, становіцца ўтрымліваць сацыяльныя аб'екты на перыферыі, дзе колькасць жыхароў імкліва скарачаецца.

У Чавускім раёне сем сельсаветаў. Там таксама асноўны даход — мясцовыя падаткі. А на сяле іх яшчэ менш, чым у райцэнтры. Таму вітаецца грамадская актыўнасць.

— Сацыяльныя стандарты там забяспечваюцца, а вось на нешта большае трэба шукаць грошы, — кажа дэпутат. — Старасты, старшыя вулічных камітэтаў разам з насельніцтвам вызначаюць, што для іх важна. Напрыклад, вырашылі зрабіць зону адпачынку. Грошай няма, значыць, трэба ўласнай працай з дапамогай арганізацый ці прадпрыемстваў вырашыць пытанне. Гэта не тое самае, што зрабіць заяўку ў бюджэт і табе яе прафінансуюць. Калі людзі самі папрацуюць, яны і цаніць гэта будуць лепш.

Сёння галоўная наша роля — навучыцца чуць чалавека і заахвоціць яго працаваць з ініцыятывай. Нават згуртаваць народ трэба ўмець. Адна справа, калі чалавек ідзе на прыём з асабістым пытаннем, і іншая, калі з грамадскім. Чаму менавіта гэты чалавек, а не мы выступілі ад імя жыхароў? Яму больш давяраюць?

Спаборніцтва паміж дамамі

Лішніх грошай у бюджэце няма, але нічога не перашкаджае іх прыцягнуць звонку. Напрыклад, дэпутат Гагарынскай акругі (мікрараён ільнозавода ў Чавусах) Алена Максімовіч паўдзельнічала ў праекце «Эфектыўнае ўзаемадзеянне, сучаснае кіраванне — устойлівы вынік», які праводзіла абласная асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў, і атрымала грошы на дзіцячую пляцоўку. Але перад тым яна разам з прадстаўнікамі мясцовага самакіравання, лічы — актыўнымі гараджанамі, распрацавала план спаборніцтва паміж шматпавярховікамі, жыхары якіх вырашылі паўдзельнічаць у добраўпарадкаванні! Людзі фарбавалі агароджы, уваходныя групы дамоў, рабілі кветнікі. І як прыз атрымалі дзіцячую пляцоўку. Нядаўна дэпутат выйграла 10 тысяч долараў на развіццё мікрараёна. На гэтыя грошы будуць зроблены спартыўная пляцоўка і міні-сцэна, на якой можна будзе праводзіць культурныя мерапрыемствы.

— Раней жыхары чакалі, што нехта прыйдзе і ўсё ім зробіць, а потым, натхнёныя сваёй абранніцай, сабралі тысячу рублёў і самі ўзяліся за справу — зрабілі лавачкі, упрыгожылі тэрыторыю, а мы напоўнілі яе гульнявым абсталяваннем. Гэта яркі прыклад узаемадзеяння прыватнай ініцыятывы з уладай. І далей будзем развіваць гэтую тэндэнцыю. Раней амаль у кожным мікрараёне Чавус быў завод, які будаваў жыллё для сваіх рабочых і ўсю інфраструктуру. Цяпер заводаў няма, а парадак трэба падтрымліваць. І зрабіць гэта без дапамогі насельніцтва немагчыма.

Раз у квартал праводзім суботнікі, разам з людзьмі шукаем сродкі на ўтрыманне тэрыторый. Мы вучым жыхароў, як вызначаць стратэгію развіцця, аб'ядноўвацца, прыцягваць рэсурсы. Стварылі сайт асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў, які напаўняем карыснай інфармацыяй. І сітуацыя пакрысе мяняецца.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фо­та ў прэв'ю да­дзе­на Ча­вус­кім рай­са­ве­там

У тэму

Незадоўга да навагодняга свята на сесіі Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў па традыцыі ішла размова пра сродкі на наступны год

Старшыня абласнога парламента Уладзімір Цярэнцьеў падкрэсліў, што бюджэт на 2020-ы застанецца сацыяльна накіраваны — на 66,6 %. Найбольшае фінансаванне атрымаюць сферы адукацыі — 31,5 %, аховы здароўя — 24,9 %, сацыяльнай палітыкі — 5,9 %.

Між іншым усе бюджэты раёнаў і гарадоў паўночнай вобласці краіны датацыйныя, за выключэннем Віцебскага раёна. Сярэдні ўзровень датацыйнасці па вобласці складае 31,8 %, раёнаў — 42,8 %, гарадоў абласнога падпарадкавання (Віцебск, Наваполацк) — 16 %.


Уласныя даходы мясцовых бюджэтаў Віцебскай вобласці вызначаныя ў памеры 1519,5 мільёна рублёў, або з ростам 4,2 % да даходаў 2019 года.

У структуры даходаў бюджэту вобласці прагназуюцца паступленні падатковых даходаў — 1397,6 мільёна рублёў (92 % ад уласных даходаў), непадатковых — 121,9 мільёна рублёў (8 %).

Асноўную долю ў структуры даходаў мясцовых бюджэтаў Віцебскай вобласці складаюць: падаходны падатак з фізічных асоб — 551,6 мільёна рублёў, падатак на дабаўленую вартасць — 470,3 мільёна рублёў, падаткі на ўласнасць — 143,9 мільёна рублёў, падатак на прыбытак — 112,3 мільёна рублёў.

З рэспубліканскага бюджэту перадаюцца бязвыплатныя паступленні — 928,2 мільёна рублёў (37,9 %).

Бюджэт вобласці на 2020 год сфарміраваны з дэфіцытам — 20,8 мільёна рублёў у сувязі з планаваным прыцягненнем крэдыту з рэспубліканскага бюджэту на фінансаванне расходаў капрамонту, набыццё і замену ліфтаў, а таксама дзякуючы размяшчэнню эмісійных каштоўных папер Аршанскім райвыканкамам і Віцебскім гарвыканкамам на будаўніцтва фермы ў вёсцы Чурылава ды дзіцячага садка і школы ў мікрараёне «Білева-2» адпаведна.

Аб'ём бюджэту вобласці па расходах вызначаны ў памеры больш чым 2,4 мільярда рублёў, што больш, чым у 2019-м, на 6,5 %.

Перад тым як на сесіі зацвердзілі бюджэт, адбылося сумеснае пасяджэнне прэзідыума аблсавета і аблвыканкама. Кіраўніцтва апошняга патрабуе разумна траціць бюджэтныя грошы, пралічваць, наколькі эфектыўна будуць акупляцца выдаткі на будаўніцтва аб'ектаў сацыяльнага прызначэння.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гомельскія вучоныя расшыфравалі геном жука-караеда

Гомельскія вучоныя расшыфравалі геном жука-караеда

Каля 80 тысяч гектараў хваёвых лясоў Беларусі за апошнія тры гады пацярпелі ад высыхання — іх пашкодзіў жук-караед.

Грамадства

Пісьменніца Ганна Альхоўская: Часам дзеля будучыні дзяцей і трэба скасаваць шлюб

Пісьменніца Ганна Альхоўская: Часам дзеля будучыні дзяцей і трэба скасаваць шлюб

Развітацца з мужам і не помсціць яму, а пачаць новае жыццё.