Вы тут

Старшыня Мінаблвыканкама сустрэўся з парламентарыямі


Надзённыя праблемы Міншчыны ў цэлым і канкрэтных рэгіёнаў паасобку, а таксама пытанні ўзаемадзеяння парламентарыяў і выканаўчай улады былі абмеркаваны падчас сустрэчы старшыні Мінаблвыканкама Аляксандра Турчына з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі сёмага склікання ад Мінскай вобласці.


— Вы сустракаецеся са сваімі выбаршчыкамі, жыхарамі вобласці.Таму хачу папрасіць, каб вы даносілі тыя праблемы, з якімі сутыкаюцца людзі. Мне цікава, чым жывуць вашы рэгіёны. Бясспрэчна, у нас ёсць інфармацыя райвыканкамаў. Разам з тым дайсці да кожнага не хапае часу. Мінская вобласць развіваецца нераўнамерна, ёсць рэгіёны, якія адстаюць. Таму вашы дапамога і падтрымка нам вельмі патрэбныя. Хочацца, каб і наша думка была ўлічана пры рэалізацыі тых нарматыўна-прававых актаў, якімі, упэўнены, вы будзеце шчыльна займацца падчас сваёй прафесійнай дзейнасці. Раёны часта сутыкаюцца з пытаннямі, якія ім не пад сілу. Яны патрабуюць вырашэння на заканадаўчым узроўні, — адзначыў Аляксандр Турчын.

Вядома, на месцах людзі хочуць жыць у камфорце, не горш, чым у горадзе: мець усё пад рукой, побач з домам — і бальніцу, і дзіцячыя садкі, і басейн. Зразумела, грошай на ўсё не хапае. Таму, на думку губернатара, неабходна вызначыць прыярытэты і пазбаўляцца ад тых праблем, якія выклікаюць клопаты або справядлівыя нараканні людзей. І, вядома, у гэтыя працэсы неабходна ўцягваць саміх жыхароў, для таго каб яны адчувалі свой уплыў на прыняцце таго ці іншага рашэння.

— Задач шмат, — канстатаваў Аляксандр Турчын. — Але наша агульная задача — дабрабыт краіны, людзей. І тут не павінна быць рознагалосся. Мы ўсе — адна каманда. Я заўсёды гатовы сустрэцца з вамі, выслухаць канструктыўныя прапановы. На працягу наступнай пяцігодкі нам неабходна ўдвая павялічыць даходы грамадзян. Эканоміка павінна працаваць на агульны вынік. Для нас гэта важная, напружаная і карпатлівая работа.

Старшыня Мінаблвыканкама звярнуў увагу парламентарыяў на тое, каб яны бралі ўдзел у пасяджэннях райвыканкамаў, прычым не проста прысутнічалі, а праяўлялі актыўнасць у абмеркаванні праблем, даносілі іх да ўлады.

Аляксандр Турчын выслухаў таксама прапановы дэпутатаў па розных аспектах развіцця Міншчыны.

— Сённяшняя сустрэча важная не толькі з пункту гледжання глыбіні праблем кожнага рэгіёна, але і з пазіцый выпрацоўкі сістэмных рашэнняў, узаемаадносін парламентарыяў і Мінаблвыканкама. У нас адна мэта, якую мы рэалізуем кожны на сваім полі, — адзначыла старшыня Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах Палаты прадстаўнікоў Людміла Ніжэвіч.

Парламентарый лічыць, што варта звяртаць больш увагі на развіццё сферы паслуг, у тым ліку і турыстычных. Акруга, якую яна прадстаўляе, багатая на помнікі гісторыі, архітэктуры, вядомых пісьменнікаў, творчых людзей. Але далёка не ўсе пра гэта ведаюць. Яна таксама выказала пажаданне, каб Мінаблвыканкам інфармаваў дэпутатаў аб планах на найбліжэйшы год, з тым каб яны маглі данесці іх да жыхароў, сваіх выбаршчыкаў.

Дэпутат ад Барысаўскай сельскай акругі № 63, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Лілія Ананіч упэўнена, што дэпутаты ўважліва ставяцца да кожнага звароту, з якім заяўнік прыходзіць на прыём. Пры гэтым варта імкнуцца падкрэсліць, што пытанне вырашаецца ў межах заканадаўства і магчымасцяў. Часам не адразу, але чалавеку неабходна растлумачыць, з якой прычыны так адбываецца, а таксама — калі яно можа быць вырашана.

— Наша задача — ісці да людзей, інфармаваць пра тое, як сёння жыве краіна, якія прыярытэтныя кірункі, і падштурхоўваць грамадзян да таго, каб больш звярталі ўвагі на рэчы, якія яны могуць зрабіць самі, — па добраўпарадкаванні тэрыторыі або іншых пытаннях, якія залежаць у тым ліку і ад іх саміх, — сказала яна.

Напрыканцы Аляксандр Турчын папрасіў дэпутатаў уважліва адсочваць і вывучаць праблемы сваіх акруг. Раённыя цэнтры павінны быць камфортныя для пражывання. Толькі ў гэтым выпадку людзі будуць імкнуцца жыць на сваёй малой радзіме, нават калі працуюць у іншай мясцовасці.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Не побач, а разам

Выбар рэдакцыі

Палітыка

«Рэальнае жыццё нi ў якi нават самы дасканалы закон не ўмесцiш»

«Рэальнае жыццё нi ў якi нават самы дасканалы закон не ўмесцiш»

Пра першы год жыцця Вярхоўнага суда ў новым будынку — Валерый Калiнковiч.

Спорт

СААЗ рэкамендуе займацца спортам у хатнiх умовах

СААЗ рэкамендуе займацца спортам у хатнiх умовах

Сядзячы спосаб жыцця i нiзкi ўзровень фiзiчнай актыўнасцi могуць аказаць негатыўны ўплыў на здароўе.

Грамадства

Намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан: Сітуацыя з каранавірусам застаецца кантраляванай

Намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан: Сітуацыя з каранавірусам застаецца кантраляванай

У Беларусі з моманту выяўлення першага выпадку COVID-19 зарэгістравана 351 інфікаваных.