Сенатар Таццяна Рунец правяла ў Мінску свой першы асабісты прыём грамадзян у якасці старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах.
І першы ж наведвальнік з Магілёва агучыў пытанне, якое нават пры дэтальным разглядзе ў час прыёму акрэсліла дастаткова злабадзённую праблему.
Сутнасць звароту ў наступным. Прыватнае прадпрыемства магіляўчаніна з'яўляецца афіцыйным перавозчыкам па маршруце Магілёў—Гомель. Для гэтага задзейнічаны сем мікрааўтобусаў умяшчальнасцю ад 16 да 21 чалавека (чатыры аўтобусы 2018 года выпуску). Транспартнае прадпрыемства спраўна плаціць з прыбытку ўсе неабходныя зборы і падаткі.
І ўсё было б нічога, пакуль не з'явіліся, мякка кажучы, нядобрасумленныя канкурэнты. Яны нахабным чынам крадуць кліентаў і, канешне, не плацяць нічога ў бюджэт. Паводле слоў заяўніка, робіцца ўсё надзвычай адкрыта. Нелегальныя перавозчыкі за 7—10 хвілін да адпраўлення мікрааўтобуса законапаслухмяных канкурэнтаў падганяюць сваю маршрутку з добра бачным надпісам «Магілёў—Гомель» на прыпынак грамадскага транспарту побач з вакзалам, забіраюць пасажыраў і наперад. У выніку афіцыйны перавозчык апынуўся на мяжы банкруцтва. Бо нават калі ў яго мікрааўтобус набудуць білет два чалавекі, трэба выязджаць у рэйс. А гэта немалыя страты.
Так, былі звароты ў інстанцыі горада і вобласці, у пракуратуру, Камітэт дзяржкантролю, падатковую інспекцыю, ДАІ, Транспартную інспекцыю з просьбай не даць несумленным канкурэнтам зруйнаваць прадпрыемства. Аднак сам факт запісу прадпрымальніка на прыём да старшыні Пастаяннай камісіі па эканоміцы, бюджэце і фінансах сведчыць пра тое, што пытанне засталося нявырашанае. Ён не верыць у тое, што на мясцовым узроўні яго можна зварухнуць з месца. Таццяна Рунец пастаралася ўнікнуць у розныя аспекты праблемы, задала шмат дакладных пытанняў па тэме. Прызналася, што падобная праблема існуе і ў Мінску, дзе таксама вырашаецца цяжка і марудна. Але пытанне цікавае, і яна бярэ яго пад кантроль.
Тут трэба мець на ўвазе, што сёння ўсе прыватныя структуры ў той ці іншай ступені існуюць ва ўмовах канкурэнцыі. У прынцыпе гэта нармальная, правільная і станоўчая з'ява. Менавіта канкурэнцыя спрыяе развіццю эканомікі, асабліва сферы паслуг, у цэлым зніжэнню цэн. Адсутнасць канкурэнцыі вядзе да застою. А куды ж вядзе нядобрасумленная канкурэнцыя? У ценявую эканоміку і як мінімум ва ўхіленне ад падаткаў.
Таццяна Рунец паабяцала грунтоўна разам са спецыялістамі разабрацца як у магілёўскай, так і ў іншых праблемах, з якімі ў той дзень да яе звярнуліся людзі. Іх пытанні датычыліся зямельных спрэчак з мясцовай уладай, паслуг ЖКГ, рамонту сацыяльнага жылля. Старшыня Пастаяннай камісіі запэўніла, што звароты грамадзян не застануцца па-за ўвагай і мясцовых органаў улады, куды спярша звярнуліся людзі і дзе іх не пачулі. Сенатар адзначыла, што прыёмы грамадзян дазваляюць з першых вуснаў даведвацца пра тыя праблемы, з якімі сутыкаюцца людзі. У гэтым вялікая каштоўнасць такой формы работы.
Леанід Тугарын
Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.
Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны.
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.