Вы тут

У Гродне знойдзены арыгіналы некалькіх франтавых малюнкаў Васіля Быкава


Пра гэта паведаміў у сацыяльных сетках Сяргей Шапран, біёграф пісьменніка. На яго думку, факт існавання такіх малюнкаў сам па сабе неверагодны, бо лічылася, што франтавыя малюнкі згарэлі з рэчмяшком у 1945 годзе. Менавіта так сцвярджаў і сам Васіль Быкаў. Але аказалася, што некалькі замалёвак захоўвалася да гэтага часу ў адным з прыватных архіваў у абласным цэнтры.


Знойдзены тры арыгінальныя копіі графічных накідаў франтавога перыяду жыцця Васіля Быкава. Гэта «Камбат 2. Старшы лейтэнант Ахрын. 1945 г.», «Камандзір гарматы старшы сяржант Прастакоў» і «У раўчуку Саколе». Магчыма, гэтыя надпісы на адваротным баку малюнкаў зроблены самім аўтарам. Накіды апублікаваны ў 1970 годзе ў часопісе «Дружба наро дов». Праўда, там іх было чатыры.

І вось цяпер ваенныя копіі трох арыгіналаў знайшліся. На жаль, сярод іх не аказалася чацвёртага малюнка, на якім адлюстравана дзяўчына з санітарнай службы. Местазнаходжанне гэтага накіда невядома. Магчыма, і ён адшукаецца, як тры іншыя, якія таксама лічыліся страчанымі.

Між тым арыгінальныя копіі, якія былі зроблены Васілём Быкавым падчас яго знаходжання на фронце, да гэтага часу захоўваліся ў асабістым архіве гродзенскага журналіста, ветэрана вайны Івана Глухава. Яны з Быкавым былі землякі, абодва франтавікі, пазнаёміліся ў «Гродзенскай праўдзе», дзе бралі ўдзел у рабоце літаратурнага аб'яднання. Ёсць думка, што малюнкі Быкаў выслаў Глухаву па яго просьбе і, магчыма, забыўся аб гэтым.

«Усплылі» яны нечакана. І тут прасочваецца цікавы ланцужок падзей. Як ні дзіўна, але не абышлося без дапамогі вышэйшых сіл. Аказваецца, гэтыя малюнкі ўбачылі свет дзякуючы святару гродзенскай Уладзімірскай царквы Андрэю Яварэцу. Менавіта яму паказаў дамашні архіў сын Івана Глухава. Затым аб унікальнай знаходцы паведамілі біёграфу пісьменніка, які і напісаў пра гэта на сваёй старонцы ў Facebook. Таксама ён дадаў, што малюнкі знаходзяцца ў сына Глухава, які жыве ў Маскве, і той можа перадаць іх разам з перапіскай у музей Васіля Быкава ў Гродне.

Як вядома, пісьменнік жыў у гэтым горадзе больш за дваццаць гадоў, працаваў стыль-рэдактарам у абласной газеце. Некаторыя яго рэчы захоўваюцца ў музейным пакоі рэдакцыі. Да нядаўняга часу ў Гродне быў і асобны музей Васіля Быкава ў цэнтры горада. Праўда, мала хто ведаў пра той невялікі пакой, экспазіцыю якога стварылі і падтрымлівалі толькі энтузіясты гэтай справы. Летась музей перастаў існаваць, а ўсе экспанаты былі перададзены ў літаратурны аддзел Дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея, які вядомы як музей Максіма Багдановіча. Яго загадчыца Алена РАПІНЧУК паведаміла, што ўсяго была перададзена каля 600 экспанатаў. Большую іх частку складае бібліятэка, але ёсць таксама цікавы і ўнікальны архіў, асабістыя рэчы пісьменніка. Гэта значна папоўніла ўжо існуючы фонд экспазіцыі Быкава. У музеі з'явіліся тры вітрыны для новых экспанатаў.

— Нам перададзены з музея «дыпламат» пісьменніка, сумка, шалік, гальштук, барэт, кашуля, фрэнч, скураны рэмень, кававарка, радыёпрыёмнік. Таксама аўтаручкі, ножык для наразання паперы, дыктафон, — пералічвае Алена. — Тут мы бачым паштоўку, якую Васіль Быкаў даслаў свайму сыну Васілю. Пісьменнік віншуе яго з днём нараджэння. Дарэчы, малодшы Васіль жыве і працуе ў Гродне. Другі сын Сяргей — у Мінску.

Таксама з цікавых экспанатаў — віншавальная тэлеграма Быкаву ад Міхася Лынькова, замежны пашпарт пісьменніка, яго прафсаюзны білет, пасведчанні, мандаты. Яшчэ ёсць яго візітоўка з адрасам па вуліцы Свярдлова. Кватэра па-ранейшаму належыць сям'і Быкава, тут жыве яго ўнук Яўген з сям'ёй.

З фонду перайшло сюды нямала рукапісаў, фотаздымкаў. А вось малюнкаў Быкава ў музеі пакуль няма, Хоць вядома, што Васіль Уладзіміравіч нярэдка браўся за аловак і нават вучыўся на мастака. У 50-х гадах пісьменнік часта сам ілюстраваў свае апавяданні. Існуе нямала яго накідаў, якімі ён дапаўняў сваю біяграфію ў кнізе «Пункціры жыцця». Але ўсе тыя малюнкі зроблены ў пасляваенны перыяд, у адрозненне ад цяперашняй знаходкі.

Праўда, у блакноце Быкава, што знаходзіцца ў музеі, можна ўбачыць разам з радкамі тэксту схематычны малюнак мясцовасці з рэчкай, мосцікам і дрэўцамі. Як растлумачыла Алена, гэта рукапісны тэкст твора «Аблава» — планы, накіды, запісы. Побач з рукапіснымі праўкамі знаходзіцца надрукаваны на машынцы твор «Знак бяды». Ёсць аўтабіяграфія, напісаная рукой пісьменніка. Асобна можна прачытаць вытрымку, якая таксама напісана ўласнаручна: «Народ, які імкнецца ў будучыню, павінен даражыць сваёй мінуўшчынай ужо хоць бы з тае прычыны, што ў ягоным мінулым выпрацоўваецца ягоная культура, яго гісторыя, ягоны лёс». Гэтыя словы, здаецца, так і просяцца, каб занесці іх на мемарыяльную дошку альбо бюст Васіля Быкава.

Гродзенскі краязнаўца і гісторык Алесь Госцеў — у ліку актыўных прыхільнікаў гэтай ідэі. Ён таксама быў знаёмы з Быкавым і нават атрымаў ад яго віншавальную паштоўку, якую беражліва захоўвае. Таксама беражліва трэба адносіцца і да памяці пісьменніка, лічыць гродзенскі краязнавец.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Весткі з мінулага

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.