Вы тут

Драмтэатры з Гродна і Віцебска прыедуць з гастролямі ў Брэст


Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы правядзе абменныя гастролі з тэатрамі Гродна і Віцебска, паведаміла БЕЛТА намеснік генеральнага дырэктара па інфармацыі і арганізацыі гледача БАТД Кацярына Казбяровіч.


Гастролі Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра пройдуць 24 студзеня. На сцэне Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы гледачы ўбачаць камедыю Себасцьяна Цьеры "Грошы як дождж" у пастаноўцы заслужанага артыста Беларусі рэжысёра Сяргея Курыленкі. Прэм'ера спектакля адбылася ў жніўні мінулага года. У аснове сюжэта ляжыць гісторыя аб адной сямейнай пары, якой давялося прайсці выпрабаванне багаццем.

Брэсцкая трупа ў гэты ж дзень пакажа на сцэне Гродзенскага драмтэатра адну з апошніх сваіх работ, - гратэскавую камедыю "Мяшчанскае вяселле" паводле п'есы нямецкага драматурга Бертальда Брэхта. Яркі спектакль з элементамі клаўнады паставіў запрошаны рэжысёр, лаўрэат розных тэатральных прэмій Ігар Казакоў. Пастаноўку, якой БАТД адкрываў гэты тэатральны сезон, упершыню пакажуць на выездзе.

Затым у рамках абменных гастроляў з Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатрам імя Якуба Коласа, якія адбудуцца з 26 па 27 лютага, "Мяшчанскае вяселле" ўбачаць гледачы ў Віцебску. Акрамя гэтага брастаўчане пакажуць французскую камедыю галоўнага рэжысёра БАТД Цімафея Ільеўскага "Дарагі скарб" і дзіцячы спектакль паводле казкі фінскай пісьменніцы Туве Янсан "Мумi-троль і камета" ў пастаноўцы рэжысёра Дзяніса Фёдарава.

Трупа віцебскага тэатра таксама вязе ў Брэст два вячэрнія спектаклі: камедыю "Мая жонка - падманшчыца" ў пастаноўцы Міхаіла Краснабаева і іранічную мілую драму паводле п'есы Фёдара Палачаніна "Шчасце ў доўг", пастаўленую заслужаным артыстам Беларусі Вячаславам Грушовым. Юным гледачам прызначана музычная казка "Вядзьмарка і дыназаўрык". Спектаклі пройдуць на беларускай мове.

"Апошні раз з тэатрам імя Якуба Коласа мы абменьваліся гастролямі ў кастрычніку 2017 года. У Гродне выступаем практычна штогод, як і гродзенскія калегі ў нас. Спадзяёмся, што новыя пастаноўкі БАТД спадабаюцца гледачам гэтых абласных цэнтраў", - сказала Кацярына Казбяровіч.

Прэв'ю: mediaryazan.ru

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.