Вы тут

Украінская песня — зусім не чужая


Спевы народнага хору ўкраінскай песні “Криниця”, якім кіруе беларуска Маргарыта Кучук, гучаць і ў часе Калядных, Навагодніх святаў на розных пляцоўках беларускай сталіцы


Маргарыта Кучук з хорам “Криниця”

Калі гэтыя артысты спяваюць, то беларускім гледачам падаецца: хор прыехаў з Украіны. На самой жа справе ён мінскі, прычым кіруе ім беларуска. Хор спявае ў прыгожай акадэмічнай манеры. Папулярны ён ужо не толькі сярод украінцаў. Дарэчы, дзейнічае хор пры Маладзёжным грамадскім аб’яднанні “Украінскае музычнае таварыства Криниця”. Мы сустрэліся з кіраўніцай хору і старшынёй таварыства Маргарытай Кучук у Нацыянальнай бібліятэцы, калі адзначалася 20‑годдзе Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур. Маргарыта, прафесійны музыкант, дырыжор-хормайстар, расказала нам не толькі пра хор.

Сёння “Криниця” спявае шмат украінскіх народных песень у апрацоўцы вядомых кампазітараў. Сярод іх — казацкія, паходныя, песні-думкі, а таксама калядкі, купальскія, жніўныя… Ёсць у рэпертуары й гімны, прывітальныя песні (напрыклад, “Зеленеє жито”), велічальныя (“І в вас, і в нас”). Шмат песень літаратурнага паходжання. Заўсёды заваёўваюць сэрцы слухачоў творы “Дивлюсь я на небо”, “Взяв би я бандуру” (на словы Міхаіла Пятрэнкі), а таксама “Стоїть гора високая” (на словы Леаніда Глебава) і “Ой ти, дівчино, з горіха зерня” (на словы Івана Франка). Здольныя заваражыць любую публіку й песні на вершы Тараса Шаўчэнкі: “Реве та стогне Дніпр широкий”, “Заповіт”, “Наш отаман Гамалія”, “Все упованіє моє”, “Нащо мені чорні брови”.

Хор у 90‑я гады стварылі прыхільнікі ўкраінскай песні. Сярод спевакоў было спачатку нямала ўкраінцаў, якія пасля заканчэння беларускіх ВНУ заставаліся жыць у Беларусі. Яны ж пазней прывялі спяваць у хор сваіх дзяцей, якія падраслі. Тая моладзь таксама жадала падтрымліваць песенныя традыцыі, напаўняць жыццём асяродак украінскай песні й культуры. Маргарыта Кучук добра памятае: студэнткай харавога аддзялення Інстытута культуры (цяпер Беларускі дзяржуніверсітэт культуры й мастацтваў) прыйшла ў калектыў, каб падтрымаць партыю сапрана. Так і засталася ў хоры надоўга, бо, прызнаецца, украінскія песні заваражылі яе свабодай, шырынёй і смеласцю думкі.

Сёння ў хоры спяваюць украінцы, беларусы, палякі, рускія. Многіх слухачоў здзіўляе не столькі спеўны іх імпэт, колькі веданне ўкраінскай мовы, культура маўлення. Маргарыта Кучук сама беларуска, родам з гарадскога пасёлка Руба (16 км ад Віцебска). Прызналася: мову ўкраінскіх песень дапамагло ёй спасцігнуць веданне асаблівасцяў фанетыкі рускай мовы. “Памятаю, настаўніца рускай мовы і літаратуры Рубаўскай сярэдняй школы, якую я заканчвала, цудоўны філолаг Святлана Станіславаўна Замоткіна, патрабавала ад нас дасканалага рускамоўнага вымаўлення, ведання фанетычных законаў. А як прыйшла я спяваць ва ўкраінскі хор, то ўсвядоміла, што рускае вымаўленне вельмі падобнае да ўкраінскага ў тым, што тычыцца мяккіх зычных гукаў “т” і “д”. Заўсёды стараюся прыўнесці ў “голас хору” фанетычныя тонкасці ўкраінскай мовы. Многія харавыя калектывы апошнім часам бяруць у рэпертуар украінскія песні, аднак за фанетыкай не надта сочаць, пераносяць ва ўкраінскую мову фанетычныя асаблівасці беларускай. Мне тое рэжа слых. Бо я лічу фанетыку музыкай мовы”, — разважае спадарыня Маргарыта. Паколькі ў хоры шмат рускіх і беларусаў, то асаблівасці фанетыкі ўкраінскай мовы кіраўніца хору тлумачыць ім асобна, на дадатковых занятках.

Маргарыта не бачыць нічога дзіўнага ў тым, што яна, хоць і родам з Беларусі, пашырае ўкраінскую культуру. З украінцамі, іх спевамі й вышыванкамі сутыкалася ў дзяцінстве. З дыпломамі горных інстытутаў з Украіны тыя прыязджалі працаваць на прадпрыемства “Даламіт” у Рубу. Нямала ўкраінцаў жыве там і цяпер. Бацька Маргарыты часта чытаў ёй маленькай вершы Тараса Шаўчэнкі. Далучалі да братняй культуры аповесці Мікалая Гогаля “Тарас Бульба”, “Вечары на хутары паблізу Дзіканькі”. “Ды й хто ведае: можа, і ў мяне ёсць украінскія родавыя карані. Дзявочае ж прозвішча — Каладко, для ўкраінцаў характэрнае”, — жартуе Маргарыта, хоць “украінскіх слядоў” у сваім радаводзе пакуль не знайшла.

Хор “Криниця” выконвае ўкраінскія, рускія, беларускія, грузінскія песні

Украінская мова, культура сталі для Маргарыты яшчэ бліжэйшымі, калі спаткала ў хоры свайго будучага мужа. Яўген Кучук — напалову ўкраінец, напалову беларус: маці яго родам з горада Енакіева Данецкай вобласці, прыехала калісьці ў Мінск вучыцца ў Радыётэхнічны інстытут (цяпер Беларускі дзяржуніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі). Яўген спявае з прыгажуняй Маргарытай 20 гадоў. Сёння ў вольны ад працы час ён дапамагае жонцы ў харавых справах: стварае відэа- і аўдыёзапісы канцэртаў, робіць афішы, уносіць прапановы ў рэпертуар… Ёй такая дапамога якраз дарэчы, бо дыпламаваны дырыжор-хормайстар Маргарыта Кучук прагне дасканаласці, бездакорнасці ў спевах. І шмат часу патрэбна, каб дамагчыся ад самадзейных артыстаў прафесійнага выканання. “Мы хочам пашыраць аўдыторыю нашых слухачоў і прыхільнікаў, — гаворыць кіраўніца хору. — Таму й развіваемся. Апошнім часам пачалі нават асвойваць тэхніку віртуозных спеваў бельканта, якая ўзнікла ў Італіі. Яна ж вельмі падыходзіць для нашых украінскіх лірычных песень!”. Маргарыта ганарыцца, што яе падапечныя маюць сертыфікаты аб паспяховым вывучэнні тэорыі й практыкі харавога выканальніцтва ў межах міжнароднага варштата музыкаў “Сучасная харавая песня” (Нідэрланды, 2017 г.).

Летась хор “Криниця” падрыхтаваў вялікую праграму з украінскіх, беларускіх і грузінскіх песень і выступіў з ёй на міжнародным фальклорным фестывалі “Вясновыя рытмы — 2019” у Кутаісі (Грузія). Дзякуючы таму, што Маргарыта Кучук са школы сябруе з фанетыкай, ёй удаецца пашыраць рэпертуар хору — у ім цяпер ёсць украінскія, рускія, беларускія, грузінскія народныя і аўтарскія песні.

Харыстам раней часта ўдавалася ездзіць выступаць ва Украіну. Спявалі на ІІІ Бойкаўскім фестывалі ў горадзе Торку (Львоўская вобласць), на фестывалі “Каламыя‑2013” (Івана-Франкоўская вобласць), на “Сарочынскім кірмашы” (Палтаўская вобласць). Цяпер такіх выездаў няма. (То можа беларускія суполкі ва Украіне дапамогуць хору, пачнуць запрашаць яго на свае імпрэзы-фестывалі? Заадно звяртаем увагу й супрацоўнікаў Амбасады Беларусі ва Украіне: паслухайце-паглядзіце калі, што за цуд ёсць у Мінску! Прадставіць Беларусь адметным гуртом на любым украінскім фэсце — значыць, здабыць там гонар і славу Бацькаўшчыне. Да таго ж трэці Форум рэгіёнаў Беларусі ды Украіны пройдзе сёлета ў Гродне, і, як паведамляе прэс-служба Саўміна, беларускі бок распачаў падрыхтоўку да яго. То можа й хору “Криниця” ў культурнай праграме знойдзецца месца? — Рэд.)

Артысты народнага хору ўкраінскай песні “Криниця” з задавальненнем выступаюць на канцэртах, вечарынах, іншых імпрэзах, прысвечаных творчасці беларускіх і ўкраінскіх пісьменнікаў, кампазітараў, мастакоў у Мінску. Дзень Святога Мікалая, Каляды, Шчодры вечар, Вербная нядзеля, Купалле, Дзень маці, Міжнародны дзень музыкі, Дзень украінскага пісьменства й мовы, Дзень Кіева, Дзень Перамогі, Дзень незалежнасці Украіны, дзень Святога Георгія — да кожнага свята ці ўрачыстасці ёсць у спевакоў адпаведны репертуар. Выступленні ў такія знакавыя дні сталі ўжо традыцыйнымі, збіраюць шмат сяброў. За 20 гадоў, як хорам “Криниця” кіруе Маргарыта Кучук, ён даў больш за 700 сольных і зборных канцэртаў: у Беларусі, Украіне, Польшы, Нідэрландах, Грузіі. Прычым штораз, дзе б ні выступалі за мяжою спевакі, яны з гонарам кажуць, што і ўкраінская песня для Беларусі — зусім не чужая.

Ганна Лагун

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.