Вы тут

Таленты растуць у дабрыні


Сотні дзяцей з усёй Беларусі, якія займаюцца класічнай музыкай і вакалам, паўдзельнічалі ў другім Усебеларускім конкурсе “Музыка дзіцячай душы” для дзяцей-сірот, дзяцей з інваліднасцю. А ў Мінск, на гала-канцэрт, прыехалі яго пераможцы.


Юлія Лебядзенка і Мар’яна Бабіч. Фота з архіва Беларускага дзіцячага фонду

Зала, сцэна Мінскай духоўнай акадэміі прымалі 13 таленавітых выканаўцаў 23 снежня. Імпрэзу перад Калядамі зладзіў Беларускі дзіцячы фонд, ініцыятыву дапамогі адораным дзецям падтрымліваюць кампанія Mastercard і ААТ “БПС-Сбербанк”. А каб не так хваляваліся госці, на адной сцэне з імі выступалі й старэйшыя музыканты, выканаўцы: выпускніца Венскай кансерваторыі, лаўрэатка міжнародных конкурсаў, скрыпачка й спявачка Юлія Лебядзенка, выкладчыца Акадэміі музыкі, канцэртмайстар, лаўрэат беларускіх і міжнароднага конкурсаў Святлана Стэфаненка, кіраўнік духоўнага фестывалю “Добровест”, кампазітар, паэт і выканаўца Вячаслаў Бабкоў, вакалістка, старшая выкладчыца Мінскага духоўнага вучылішча Вольга Канашэнка. Вяла ж канцэрт артыстка Марына Грыцук.

Таленавітым дзецям выступіць у Мінску — яшчэ адзін стымул для творчага росту. Як вядома, сэрцы ў іх чуллівыя, а жыццёвыя абставіны гэтых юных артыстаў вымагаюць ад іх яшчэ і ўмення пераадольваць немалыя цяжкасці. Ды, як кажуць мудрыя, няхай дабраслаўлёныя будуць усе тыя цяжкасці: бо дзякуючы ім, у пераадоленні саміх сябе ў тым ліку, і развіваемся мы ў гэтым свеце. Асвойваем інструмент цела — каб пры ягонай дапамозе падрастала, большала душа. Падтрымка ж, падказка дасведчаных майстроў на гэтым шляху вельмі патрэбная. “Скажам, Юлія Лебядзенка нават звазіла юную мінчанку Мар’яну Бабіч у Вену на музычны форум, і напярэдадні гала-канцэрта з ёй папрацавала, — удакладніла Юлія Капцэвіч, каардынатар праектаў БДФ. — Яны дуэтам спявалі “Авэ Марыя” Дж. Качыні, канцэртмайстрам была Святлана Стэфаненка. Выступаць з прафесіяналамі — важны крок на шляху ў творчасць для Мар’яны”. І навагоднія падарункі для ўсіх удзельнікаў гала-канцэрта яго арганізатары падрыхтавалі. Ад іх жа ўладальнікі Гран-пры й першых месцаў конкурсу атрымалі яшчэ імянныя стыпендыі. Сюрпрызы-падарункі для юных артыстак падрыхтавала кампанія Cosmіco. А прадоўжылася перадкаляднае свята экскурсіяй у Музей займальных навук “Экспириментус”.

Конкурс “Музыка дзіцячай душы” — толькі частка дабрачыннай праграмы “Юныя таленты”. Беларускі дзіцячы фонд вялікую ўвагу надае таленавітым дзецям з ліку сірот, дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, дзяцей з інваліднасцю. Дапамагае ім, даючы адукацыйную падтрымку, ладзячы канцэрты, выставы, конкурсы. Набываюцца музінструменты, абсталяванне, прылады, канцэртныя касцюмы, праводзяцца творчыя семінары, уручаюцца стыпендыі. У атмасферы такой дабрыні таленты, заўважана, лепш растуць і развіваюцца. Сумеснымі намаганнямі БДФ, прадстаўніцтва Mastercard у Беларусі ды ААТ “БПС-Сбербанк” летась праведзены Усебеларускі мастацкі конкурс “Свет маімі вачыма” й выстава ў Нацыянальным гістарычным музеі, фотавыстава “Пачатак дзвюх дарог” ды конкурс і канцэрт “Музыка дзіцячай душы”. “Сярод дзяцей-сірот, дзяцей з інваліднасцю ёсць надзвычай таленавітыя хлопчыкі й дзяўчынкі, — адзначае Юлія Капцэвіч. — Бывае ў свеце, што для кагосьці сцэна — гэта проста багатая забаўка. Для іх жа творчасць прыадкрывае дарогу ў вялікі свет, дапамагае адладжваць зносіны з аднагодкамі, аднадумцамі. Прыродныя здольнасці, плюс характар, працавітасць, вера ў свае сілы — усё гэта разам, бывае, творыць цуды. Дзеці “прарываюцца” ў новую жыццёвую рэальнасць, жывуць поўным, насычаным яркімі падзеямі жыццём”.

Іван Іванаў

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.