Вы тут

Для акунання на Вадохрышча падрыхтавана 87 месцаў


Сёлетняя зіма не радуе нас марозным надвор'ем. Не маюць аптымістычных прагнозаў сіноптыкі і на 19 студзеня, калі праваслаўныя адзначаюць Вадохрышча — час, які паводле народных назіранняў павінен быць самы халодны зімой. Пакуль на вадаёмах краіны няма лёду, а ўдзень тэмпература паветра стабільна з «плюсам». Але гэта не нагода адмаўляцца ад звычаю акунуцца ў купель 19 студзеня. У сталіцы і рэгіёнах сёлета для гэтага падрыхтавана 87 месцаў — побач з 52 выратавальнымі станцыямі і 35 пастамі. У сталіцы два з іх, напрыклад, абсталяваны ўсім неабходным: палаткамі з ацяпленнем і гандлёвымі пунктамі, дзе можна набыць гарбату, іншыя гарачыя напоі і ежу. Пры гэтым выратавальнікі апасаюцца, што з-за адсутнасці лёду людзі будуць акунацца там, дзе ім бліжэй і зручней, а не ў спецыяльна абсталяваных месцах. З гэтай нагоды прыняты адпаведныя меры бяспекі.


Падрыхтавана 87 месцаў для акунання

— Усе маторныя лодкі і катары з улікам таго, што ёсць магчымасць іх праходу па вадзе, прыведзены ў стан поўнай гатоўнасці, каб мы маглі быць побач падчас стыхійных купанняў і пры неабходнасці аказаць дапамогу. Усе падраздзяленні Беларускага рэспубліканскага таварыства выратавання на водах (АСВОД) пераведзены на ўзмоцнены варыянт нясення службы. З 18 да 20 студзеня бяспеку будзе забяспечваць 400 штатных работнікаў АСВОД, — паведаміў старшыня рэспубліканскага таварыства выратавання на водах Анвар Ігамбердыеў.

Ён падкрэсліў, што ў арганізаваных месцах для акунання можна разлічваць на дапамогу выратавальнікаў і ўрачоў хуткай дапамогі, міліцыя будзе ахоўваць грамадскі парадак, у палатках можна сагрэцца і атрымаць гарачую гарбату.

— Штогод мы падлічваем, колькі людзей прыходзіць паўдзельнічаць у абрадзе акунання. У 2018 годзе было больш за 151 тысячу чалавек, летась — больш за 161 тысячу. Сёлета з улікам надвор'я чакаем менш людзей — каля 96—100 тысяч. Усё ж такі акунанне асацыюецца з палонкай, пры наяўнасці лёду яно выглядае больш экстрэмальным, і ў такіх умовах ахвотных больш, — падзяліўся назіраннямі Анвар Ігамбердыеў.

У Мінскай вобласці ўсіх ахвотных гатовы прыняць на 17 выратавальных аб'ектах — чакаецца, што месцы побач з імі наведае каля дзевяці тысяч чалавек, паведаміў старшыня Мінскай абласной арганізацыі АСВОД Сяргей Патрыкееў. У сталіцы гараджан запрашаюць у прыстасаваныя месцы восем выратавальных станцый.

Летась у краіне ад усіх відаў утаплення загінула 364 чалавекі, сярод іх 24 непаўналетнія. Штогод выратоўваць удаецца каля паўтысячы чалавек, чвэрць з іх — дзеці і падлеткі. За апошнія пяць дзесяцігоддзяў колькасць загінулых ад утаплення істотна знізілася: у 70—80-я штогод у Беларусі танула больш за паўтысячы чалавек.

— У 16 гадзін 18 студзеня мы чакаем усіх ахвотных на станцыі «Камсамольскае возера», а ў 18 гадзін — на станцыі «Дразды». Хочам, каб людзі адчулі свята, таму ў гэты час запрошаны прадстаўнікі царквы, якія правядуць адпаведныя абрады. Каб пазбегнуць стыхійных акунанняў, мы сёлета вырашылі, што нашы выратавальнікі будуць працаваць кругласутачна, — расказвае выканаўца абавязкаў старшыні Мінскай гарадской арганізацыі АСВОД Дзмітрый Стаселька.

Паводле яго інфармацыі, на станцыях «Камсамольскае возера» і «Дразды» сёлета ўпершыню ўстаноўлены пнеўмакаркасныя палаткі з ацяпленнем, побач размешчаны гандлёвыя пункты, дзе можна купіць гарачыя напоі і бутэрброды.

— Попыт нараджае прапанову. Некалькі гадоў таму не было ні палатак, ні гандлю. Мы звярнуліся да адміністрацыі Цэнтральнага раёна Мінска, яны дапамаглі з арганізацыяй, — адзначыў Анвар Ігамбердыеў.

Правілы бяспечнага акунання

Тэмпература вады ў беларускіх вадаёмах у гэтыя дні каля 1,5-2 градусаў. Заставацца надоўга ў ёй спецыялісты не раяць. Акунацца пажадана да шыі (апусканне ў ваду з галавой можа выклікаць спазм сасудаў галаўнога мозга), у вадзе не рэкамендуецца знаходзіцца больш за хвіліну. Максімальная колькасць акунанняў — тры па 15—20 секундаў.

Фота Алены ДАЎЖАНОК.

— Акунанне не павінна быць спантанным рашэннем. Да яго трэба рыхтавацца і маральна, і фізічна. Пажадана пачаць загартоўвацца за некалькі тыдняў і нават месяцаў. Калі ж гэтага не адбылося, перад працэдурай абавязкова варта разагрэцца, зрабіць некалькі фізічных практыкаванняў. А пасля выхаду з вады выцерці цела сухім ручніком, апрануцца ў цёплае сухое адзенне і выпіць цёплую гарбату. У такім выпадку стрэс для арганізма будзе мінімальны, — тлумачыць намеснік галоўнага ўрача па арганізацыйна-метадычнай рабоце РЦ «Хуткая медыцынская дапамога» Алег Варабей.

Медыкі не раяць акунацца на Вадохрышча людзям сталага веку і дзецям, а таксама тым, хто мае цяжкія хранічныя і нядаўна перанёс запаленчыя хваробы, пацыентам з захворваннямі сардэчна-сасудзістай і дыхальнай сістэм. Лепш звярнуцца да свайго ўрача і параіцца, ці не прынясе такая працэдура шкоды вашаму здароўю.

Акрамя гэтага, памятайце, што пры падыходзе да вады трэба заставацца ў абутку, бо, нягледзячы на адсутнасць снегу і лёду, зямля вельмі халодная. Перад акунаннем важна не замерзнуць, таму трэба як мага даўжэй заставацца ў адзенні. У вадзе варта сачыць за сваім самаадчуваннем і за тымі, хто побач з вамі, асабліва звяртаючы ўвагу на дзяцей і пажылых людзей.

Калі вадаёмы пакрыюцца лёдам...

Прадстаўнікі АСВОД нагадваюць, што меры перасцярогі на вадзе варта захоўваць і пры з'яўленні лёду. Рыбакам раяць апранаць выратавальныя камізэлькі, якія не дазволяць сысці пад ваду пры правальванні пад лёд. А таксама быць асцярожнымі пры расстаўленні сетак і памятаць, што ў іх можна заблытацца самому.

— У Верхнядзвінскім раёне на Асвейскім возеры перакулілася лодка з рыбакамі, аднаго з іх удалося выратаваць, двое, на жаль, загінулі. Цяпер манеўрана-пошукавая група шукае целы. Калі б яны былі ў выратавальных камізэльках, яны б выжылі, — кажа Анвар Ігамбердыеў.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Каб на Вадохрышча не патануць і не прастудзіцца...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.